МІ́СТЫКА, містыцызм (ад грэч. mistikos таямнічы),

рэлігійна-філас. плыні, якія прызнаюць магчымасць непасрэдных зносін і яднання чалавечай душы з Богам (абсалютам) на прынцыпах звышпачуццёвага сузірання і індывід. экстатычнага перажывання. У гэтым плане М. супрацьпастаўляецца схаластыцы, якая звязвае шлях спасціжэння Бога з логікай разважання, г. зн. з прынцыпамі рацыяналізму.

Вытокі М. ў стараж. таямнічых рэліг. арг-цыях і культах, якія па-рознаму праяўляліся ў розных рэліг. сістэмах і тэалагічных дактрынах народаў свету. У Стараж. Грэцыі існавалі містычныя культы орфікаў, Дыянісія. Ісіды, Мітры; у Стараж. Кітаі М. праяўлялася у даасізме, у Стараж. Індыі — у будызме і брахманізме, у Іране — у суфізме. Найб. пашырэнне М. атрымала ў эпоху сярэднявечча. У філас.-тэарэт. плане М. абгрунтавана ў працах неаплатонікаў і раннехрысц. багасловаў (Арыген, Афінагор, Аўгусцін і інш.), якія распрацоўвалі паняцце трансцэндэнтальнага абсалюту, спрабавалі высвятляць праблемы духоўна-містычнага «яднання» чалавека і гэтага абсалюту. Адрозніваюць М. артадаксальную і неартадаксальную. Артадаксальная М. прызнавалася хрысціянскай царквой. Яе прадстаўнікі (Бернар Клервоскі, Гуга Сен-Вікторскі і інш.) пры тлумачэнні шляху спасціжэння Бога зыходзілі з вучэння Аўгусціна аб звышпачуццёвым азарэнні чалавечай душы па літасці божай. Неартадаксальная М. (Іаан Скот Эрыўгена, Мікалай Кузанскі і інш.) прызнавала тоеснасць прыроды душы і Бога і ў нейкай ступені змыкалася з пантэізмам, які адвяргаўся царквой. Выступленне прыхільнікаў гэтай плыні за індывід. шляхі богапазнання ў канчатковым выніку прыводзіла да апазіцыі ў адносінах да іерархічных рэліг. ін-таў, свяшчэнных і царк. аўтарытэтаў (напр., містычны пантэізм Т.​Мюнцэра, які спалучаўся з элементамі рацыяналізму і атэізму). У Расіі, акрамя рэліг. арг-цый, М. прапагандавалася славянафіламі, масонамі, філосафамі-ідэалістамі (У.​Салаўёў, М.​Бярдзяеў). Ідэі М. распаўсюджваюцца ў неатамізме, персаналізме, экзістэнцыялізме, прагматызме, неапратэстантызме.

Т.​І.​Адула.

т. 10, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)