ГАЛО́ДНЫ (Міхаіл) (сапр.Эпштэйн Міхаіл Сямёнавіч; 24.12.1903, г. Арцёмаўск, Украіна — 20.1.1949),
рускі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Вышэйшым літ.-маст. ін-це імя В.Я.Брусава. Аўтар зб-каў «Палі» (1922), «Дарогі» (1925), «Вершы і песні» (1930), «Вершы пра Грамадзянскую вайну» (1932), «Песні і балады Айчыннай вайны» (1942), «З новых вершаў» (1946), тэкстаў песень «Партызан Жалязняк», «Песня пра Шчорса». На рус. мову пераклаў каля 30 твораў Я.Купалы (у т. л. паэму «Курган» і інш.), асобныя вершы А.Александровіча. На бел. мову творы Галоднага перакладалі Александровіч, П.Броўка, П.Глебка, А.Дудар, Я.Журба, А.Звонак, К.Кірэенка, В.Маракоў, П.Пестрак, М.Хведаровіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРТ, Харт (Harte) Фрэнсіс Брэт (25.8.1836, г. Олбані, штат Нью-Йорк, ЗША — 5.5.1902), амерыканскі пісьменнік. Быў золаташукальнікам, журналістам. Вядомасць яму прынеслі «Каліфарнійскія апавяданні» (1857—71), у якіх адлюстраваў каліфарнійскую «залатую ліхаманку», быт і норавы разнашэрснага племені старацеляў. Навелы Гарта адметныя спалучэннем мясц. каларыту, фалькл. элементаў, гумару з рэалістычным поглядам на свет і рамантычным яго ўспрыманнем. Аўтар аповесці «Мліс» (1860), раманаў (у т. л. «Габрыэл Конрай», 1875—76), зб. «Усходнія і заходнія вершы» (1871), кн.літ. пародый «Раманы ў сціслым пераказе» (1867) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1966;
Находка в Сверкающей Звезде: Рассказы;
История одного рудника: Повесть. М., 1991;
Гэбриель Конрой: Роман. М, 1993
Літ.:
Лидский Ю. Писатель-реалист Брет Гарт. Киев, 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУСО́ЙТЫ (Джусоеў) Нафі Рыгоравіч
(н. 27.2.1925, в. Ногкаў, Паўд. Асеція),
асецінскі пісьменнік і літ.-знавец. Д-рфілал.н. (1968). Паэтычны дэбют — зб. «Сэрца салдата» (1949), у якім складаны свет думак, пачуццяў, душэўных перажыванняў сав. воіна ў гады ваен. выпрабаванняў. У кнігах паэзіі «Лірыка» (1955), «Думы Асеціі» (1959), «Безыменная кніга» (1967), гіст. раманах «Кроў продкаў» (1965), «Дванаццаць ран як адна...» (1970), «Слёзы Сырдона» (1979), п’есе ў вершах «Світальная зара» (1977), аповесці «Сонцаварот» (1965) — мінулае і сучаснае асецінскага народа, складаныя чалавечыя лёсы, хараство роднай зямлі. Даследуе гісторыю асецінскай л-ры. Літ. прэмія імя К.Хетагурава 1979. Пераклаў на асецінскую мову асобныя творы Я.Купалы. На бел. мову асобныя творы Дж. пераклаў Г.Кляўко.
Тв.:
Рус.пер. — Реки вспять не текут: Повести М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫ́ЛЫ ((Gigli) Беньяміна) (20.3.1890, г. Рэканаці, Італія — 30.11.1957),
італьянскі спявак (тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў мастацтва бельканта 1-й пал. 20 ст. З 1914 спяваў на оперных сцэнах Італіі (у т. л. «Ла Скала») і інш. краін, з 1954 у канцэртах. Валодаў голасам рэдкай прыгажосці, аднароднага гучання ва ўсіх рэгістрах, што дазваляла яму выконваць партыі лірычнага і драм. тэнара: Немарына, Эдгар («Любоўны напітак», «Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Радамес («Аіда» Дж.Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні). Вядомы як выканаўца неапалітанскіх песень. Здымаўся ў муз. фільмах, у т. л. «Авэ Марыя», «Ты маё шчасце», «Джузепе Вердзі», «Паяцы», «Голас у тваім сэрцы» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ БЕЛЕ́ ((Du Bellay) Жаашэн) (1522, Лірэ, каля г. Шале, Францыя — 1.1.1560),
французскі паэт. Адзін з кіраўнікоў літ. групы «Плеяда», у маніфесце якой «Абарона і праслаўленне французскай мовы» (1549) сфармуляваў шляхі абнаўлення франц. паэзіі — заснаванне новых жанраў, узбагачэнне моўных сродкаў, наследаванне ант. паэтам і інш. Аўтар зб. санетаў «Аліва» (1549—50) і зб. од «Лірычныя вершы» (1549). У 1553—57 жыў у Рыме, дзе стварыў свае лепшыя зб-кі санетаў «Старажытнасці Рыма» і «Шкадаванні», зб. од і элегій «Сельскія гульні» (усе апубл. 1558), якія перадаюць італьян. ўражанні паэта — яго адмоўнае стаўленне да каталіцкага Рыма, погляд на гісторыю развіцця чалавецтва, асуджэнне войнаў, туга па радзіме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЧ (Іван Фёдаравіч) (н. 17.10.1936, с. Цялежынцы Таціеўскага р-на Кіеўскай вобл.),
украінскі паэт. Скончыў Кіеўскі ун-т (1962), Вышэйшыя сцэнарныя курсы (Масква, 1964). Філасафічнасць, асацыятыўна-ўмоўная вобразнасць, метафарычнасць — рысы паэзіі Д. (зб-кі «Сланечнік», 1962, «Балады будняў», 1967; «Корань і крона», 1974, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1976; «Зялёныя вароты», 1980, Дзярж. прэмія СССР 1983; «Пісьмо да каліны», 1990, і інш.). Пераклаў на ўкр. мову вершы Р.Барадуліна, А.Бачылы, Г.Бураўкіна, Н.Гілевіча, А.Звонака, М.Танка. На бел. мову вершы Д. перакладалі Барадулін, Бураўкін, А.Вярцінскі, Гілевіч, А.Грачанікаў, У.Караткевіч, Я.Сіпакоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРО́ЙЗЕН ((Droysen) Іаган Густаў) (6.7.1808, г. Трэптаў, цяпер г. Тшабятаў, Польшча — 19.6.1884),
нямецкі гісторык. Праф. Берлінскага (у 1835—40 і з 1859), Кільскага (з 1840) і Іенскага (з 1851) ун-таў. Удзельнік антыдацкага паўстання ў Шлезвіг-Гольштэйне і чл. Франкфурцкага парламента ў Рэвалюцыю 1848—49 у Германіі, выступаў за аб’яднанне герм. зямель вакол Прусіі. Увёў у гіст. навуку паняцце элінізм (разумеў яго як працэс «распаўсюджвання грэч. дзяржаўнасці і адукаванасці» сярод стараж.-ўсх. народаў). Заснавальнік пруска-малагерм. гіст. школы. Аўтар прац «Гісторыя Аляксандра Вялікага» (1833), «Гісторыя элінізму» (т. 1—2, 1836—43 ; 2 выд, т. 1—3, 1877—78), «Гісторыя прускай палітыкі» (т. 1—14, 1855—86) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — История эллинизма. [Т.] 1—3. Ростов н/Д. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДО́Н, Удон (Houdon) Жан Антуан (20.3.1741, г. Версаль, Францыя — 15.7.1828), французскі скульптар; адзін з буйных майстроў еўрап. скульптурнага партрэта 18 ст. Вучыўся ў Ж.Б.Пігаля. У 1764—68 пенсіянер Франц. акадэміі ў Рыме. У 1805—23 выкладаў у парыжскай Школе прыгожых мастацтваў. Надаючы вял. значэнне анатоміі як аснове скульптуры, выканаў анат. Фігуру «Экаршэ» (1767), якая стала навуч. дапаможнікам многім пакаленням скульптараў. Стварыў галерэю вобразаў вядомых гіст. асоб: бюсты Кацярыны II (1773), Ж.Ж.Русо (1778), А.Г.Мірабо (1791), Напалеона I (1806), помнік Дж.Вашынгтону (1778), бюст (1778) і статую (1781) Вальтэра і інш. Натуральнай прастатой і лірычнасцю вызначаюцца жаночыя і дзіцячыя партрэты («Партрэт жонкі», 1787).
Літ.:
Арнасон Г.Г. Скульптура Гудона: Пер. с англ.М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУК ((Hooke) Роберт) (18.7.1635, в-аў Уайт, Вялікабрытанія — 3.3.1703),
англійскі прыродазнавец, вучоны-энцыклапедыст, архітэктар. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1663). Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1653—54), дзе ў 1655—60 быў асістэнтам Р.Бойля. З 1665 праф. Лонданскага ун-та, адначасова ў 1677—83 сакратар Лонданскага каралеўскага т-ва. Адкрыў закон, які названы яго імем (гл.Гука закон). Пабудаваў паветр. помпу (1659), сканструяваў і ўдасканаліў многія прылады, напр., мікраскоп, з дапамогай якога ўстанавіў клетачную будову тканак (увёў тэрмін «клетка»). Устанавіў (разам з К.Гюйгенсам) пастаянныя пункты тэрмометра — раставанне лёду і кіпення вады. У «Трактаце аб руху Зямлі» (1674) выказаў гіпотэзу прыцягнення і даў агульную карціну руху планет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ТЭН ((Hutten) Ульрых фон) (21.4.1488, замак Бург-Штэкельберг, каля г. Шлюхтэрн, Германія — 29.8.1523),
нямецкі пісьменнік-гуманіст, публіцыст, ідэолаг рыцарства. З франконскага рыцарскага роду. У 1505—11 і пазней вучыўся ў шэрагу ням. і італьян. ун-таў. З 1519 прыхільнік рэлігійнай Рэфармацыі і М.Лютэра. Пісаў пераважна на лац. мове. Адзін з аўтараў антысхаластычнай і антыцарк. ананімнай сатыры «Пісьмы цёмных людзей» (1515—17). Аўтар памфлетаў, дыялогаў, пісем, у якіх стварыў ідэальны маст. вобраз Армінія, прапагандаваў ант. спадчыну, выступаў за рэформу імперыі (моцная вярх. ўлада імператара), адзінства Германіі, стварэнне незалежнай ад Рыма царквы, развіццё культуры на гуманіст. аснове і інш. Ідэйны правадыр рыцарскага паўстання 1522—23. Пасля яго паражэння ўцёк у Швейцарыю, дзе і памёр.
Тв.:
Рус.пер. — Диалоги. Публицистика. Письма. М., 1959.