мінерал класа аксідаў, аксід марганцу MnO2. Мае да 99% MnO2. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі стоўбчатыя, іголкавыя, зросткі радыяльна-прамяністыя і шаставатыя, масы зямлістыя і сажыстыя, ааліты, коркі і інш. Характэрны псеўдамарфозы (гл.Дэндрыт). Колер чорны, сталёва-шэры, бывае з сіняватай пабегласцю. Цв. 6—6,5 (поліяніт), 2—6 (рыхлыя і шчыльн. агрэгаты). Шчыльнасць адпаведна да 5,2 г/см³ і 4,7—5 г/см³. Крохкі. Паходжанне асадкавае, гіпергеннае, радзей нізкатэмпературнае гідратэрмальнае. Гал. мінерал марганцавых руд. Выкарыстоўваецца ў сухіх гальванічных элементах, у шкляной, керамічнай, хім., мед., лакафарбавай, скураной галінах прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕАХРАІ́ЗМ (ад грэч. pleōn больш шматлікі + chrōma колер),
уласцівасць аптычна анізатропных цел (напр., крышталёў) мець розную афарбоўку ў белым палярызаваным святле ў розных напрамках. Звязаны з паглынаннем (абсорбцыяй) прамянёў спектра рознай даўжыні хвалі. Аптычна аднавосевыя крышталі характарызуюцца 2 колерамі (дыхраізм), двухвосевыя — 3 колерамі (трыхраізм). Моцны П. мае аднавосевы крышталь турмаліну. Анізатрапіяй паглынання валодаюць і асобныя малекулы; іх пераважная арыентацыя выклікае П. рэчыва, якое змяшчае іх (напр., фарбавальнікі). З’ява П. выкарыстоўваецца ў паляроідах. У мінералогіі ідэнтыфікуюць мінералы па колерных табліцах за кошт асаблівасцей крышталёў плеахраіраваць у палярызаваным святле. Гл. таксама Анізатрапія, Крышталяоптыка, Палярызацыя святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПАКІ́ВІ (фін. rapakivi ад гара адкіды, гразь + kivi камень; гнілы камень),
парфірападобны двухпалявашпатавы граніт павышанай шчолачнасці. Яго авоідная структура ўтворана буйнымі акруглымі ўкрапаннікамі артаклазу, акаймаванымі алігаклазам, абумоўлівае адносна хуткае разбурэнне пароды. Складаецца з артаклазу (каля 40%), алігаклазу (каля 20%), кварцу (каля 30%), цёмнай слюды (каля 8%) і другарадных мінералаў (каля 2%). Колер буравата-ружовы, чырванаваты, радзей зеленаваты, чорны. Шчыльнасць каля 2,65 г/см³, порыстасць 0,3%, супраціўленне сцісканню 100—200 МПа. З’яўляецца субплатформавым утварэннем, якое ўзнікла ў асацыяцыі з постарагенным магматызмам; буйныя масівы Р. акаймоўваюць стараж. платформы. Выкарыстоўваецца як абліцовачны і бутавы камень, сыравіна для мікраклінавага канцэнтрату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНГІ́НА (франц. sanguine ад лац. sanguis кроў) у графіцы, матэрыял для малявання ў выглядзе алоўка без аправы. Натуральная С. (мінерал крывава-чырв. колеру) выкарыстоўвалася ў наскальных размалёўках палеаліту. Тэхніка малюнка С. склалася ў еўрап. мастацтве эпохі Адраджэння, найб. пашырылася ў 17—18 ст. у натурных малюнках. У наш час С. вырабляюць з кааліну і аксідаў жалеза з невял. дабаўленнем сувязных рэчываў. У малюнку дае цёплы мяккі колер (ад чырвона-рудога да цёмна-карычневага і фіялетавага), багатую тонавую гаму, дазваляе выкарыстоўваць растушоўку, штрыхі рознай інтэнсіўнасці (асабліва пры змочванні), лакальныя плямы; не патрабуе фіксацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАПАЛІ́Т (ад грэч. skapos слуп + lithos камень),
група мінералаў, каркасных алюмасілікатаў, (Na, Ca, K)4 [Al3 (Al, Si)3 Si6 O24] (Cl, CO3, SO4, F, OH). Мінералы гэтай групы ўтвараюць бесперарыўны ізаморфны рад ад марыяліту Na4 [Al3 Si9 O24]Cl да меяніту Ca4 [Al6 Si6 O24]∙CO3. Маюць прымесі жалеза, магнію, тытану, марганцу. Крышталізуюцца ў тэтраганальнай сінганіі. Утвараюць слупкаватыя крышталі, зярністыя і паралельна-шаставатыя агрэгаты і інш.Колер белы, шэры, шэра-зялёны, мядова-жоўты, ружовы, блакітны да фіялетавага. Празрыстыя і паўпразрыстыя. Бляск шкляны. Цв. 6. Шчыльн. 2,6—2,75 г/см³. Паходжанне метамарфічнае. Пародаўтваральныя мінералы. Буйныя празрыстыя крышталі выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе. Радовішчы ў Расіі, Танзаніі і інш.