Галалёдзіца. Параўн. рус. гололе́дица, укр. гололе́диця (гэта слова не адзначана ў Шанскага, 1, Г, 120), славац. дыял. holoľadica, славен. gololedica. Можна меркаваць, што гэта ўтварэнне суфіксам *‑іса ад *gololedъ ’тс’ (агляд літ-ры гл. у Шанскага, там жа). Іначай, але, здаецца, не вельмі пераканаўча Гараеў (107) і Праабражэнскі (1, 141) звязваюць *gololedica з голоть (голодь) і далей з укр. ожеле́диця, ожеледь (якія быццам маюць і.-е. сувязі). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 431–432. Сюды ж і галалёд ’галалёдзіца’ (агляд форм і геаграфіі слоў галалёдзіца, галалёд гл. у Яшкіна, 45). Параўн. рус. гололед, славен. gololèd, далей польск. gołoledź. Слаўскі (1, 314) лічыць і *gololedъ і *gololedica праславянскімі фармацыямі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гаць ’гаць, грэбля’ (БРС, Нас., Шат., Бяльк., Сцяшк., Яшкін), ’твань; плаціна’ (Касп.). Вытворныя: га́тка (Нас., Сцяшк.), га́тчына (Нас.). Параўн. рус. гать, укр. гать, польск. gać, чэш. hať, серб.-харв. га̑т, гата і г. д. Прасл. *gatъ, *gatь. Агляд матэрыялу ў Трубачова, Эт. сл., 6, 108–109. Вытворнае (*gu̯ā‑t‑ ’праход і да т. п.’) да і.-е. *gu̯ā‑ ’ісці, праходзіць’; параўн. ст.-інд. gātú‑ ’праход, дарога’, авест. gātu‑ ’месца’. Гл. Слаўскі, 1, 246; Махэк₂, 162; Трубачоў, Эт. сл., 6, 108–109. Сюды ж і вытворнае *gatiti: бел. га́ціць, рус. га́ти́ть, укр. гати́ти, польск. gacić, серб.-харв. га́тити і г. д. (гл. Трубачоў, там жа, 105–106).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гламазда́ ’расцяпа’ (БРС), ’нехлямяжы’ (Касп.), ’бесталковы чалавек’, ’бесталкоўшчына’ (Нас.), ’няўмека’ (Сцяшк. МГ), глымызда́ ’гламазда, няварты чалавек, лішні ў хаце’ (Бяльк.). Вельмі цёмнае слова. Няма дакладных адпаведнасцей ні ў рус., ні ва ўкр. мовах. Можна, аднак, параўнаць з серб.-харв. glamàzati ’гаварыць багата і не да ладу; абдурваць’, чэш. hlomoziti ’шумець, крычаць’ (гэтыя словы Слаўскі, 1, 281, лічыць гукапераймальнымі і роднаснымі польск. glamać). Вытворныя: гламаздзе́нь ’бесталковы мужчына’ (Нас.), гламаздзі́ць ’набіваць галаву, забіваць бакі; навальваць адно на другое’ (Нас.). Параўн. яшчэ гламава́ты. Падрабязны агляд слав. матэрыялу (у тым ліку і ўласныя імёны тыпу ст.-рус. Гломазда) і спробу этымалогіі дае Трубачоў, Эт. сл., 6, 137–138.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гнеў ’гнеў’ (БРС). Параўн. рус. гнев, укр. гніе, чэш. hněv, в.-луж. hněw, н.-луж. gniw, балг. гняв, макед. гнев, ст.-слав. гнѣвъ і г. д. Прасл. *gněvъ. Гэта вытворнае ад дзеяслова gněvati (sę) ’гнявіць, гневацца’ (гл. Трубачоў, Эт. сл., 6, 170). Паходжанне самога дзеяслова не вельмі яснае. Агляд версій гл. у Трубачова, там жа, 168–170. Параўн. яшчэ Мартынаў, ЭИРЯ, Н, 1962, 55–57. Фасмер (1, 420), улічваючы рус. дыял. гнев ’гніль’, ц.-слав. гнѣвъ ’тс’, лічыў магчымай роднасць з *gniti ’гніць’. Да *gněvъ адносяцца і шматлікія вытворныя яшчэ праславянскай эпохі: гне́ўны, гняві́ць і інш. (прасл. *gnevьnъ, *gněviti і г. д.; агляд гл. у Трубачова, там жа, 168–170).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
На́дта ’вельмі’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), на́дто ’тс’ (Сцяшк. Сл.; ТС), на́тта, на́тто ’тс’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. надто ’акрамя таго’ (XVI ст.), ст.-рус. надъ ’тс’, укр. надто ’занадта; звыш таго’, рус. надто ’надзвычай’, ’верагодна, відаць’, польск. nadto ’надзвычай, занадта’, ’акрамя таго’, ст.-польск. nadto ’звыш’, славін. nout‑to ’акрамя таго’, чэш. nadto ’звыш таго, да таго ж, у дадатак’, ст.-чэш. ’звыш таго, акрамя таго’. Празрыстае сінтагматычнае спалучэнне прыназоўніка *nad і займенніка *to (ESSJ SG, 2, 436), які выступае ў форме наз.-він. скл. (Карскі 2–3, 72, 92); Шуба разглядае беларускія формы з пункту погляду сучаснай мовы як невытворныя, страціўшыя суадносіны з адпаведнай прыназоўнікава-іменнай канструкцыяй (Шуба, Прыслоўе, 148).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Напрану́ць ’накрыць’: Напрані яе радном (гродз., З нар. сл.), напрануцца, напрянуцца ’накрыцца’: Лісцяйкам напрянуся (Кос.), Napranùŭsia każuchóm (Пятк.); напрануць, напрянуць ’надзець, апрануць’ (Нас., Бяльк., Пал., Мат. Гом., Ян.), напрянуцца ’адзецца, апрануцца’, ’укрыцца’ (Нас., Мат. Маг.), рус. дыял. напрянуть ’надзець, накінуць’, укр. напрянути ’пакрыць, накрыць, нацягнуць’, незак. напрядати. Відаць, да прасл. *prędati, шматзначнага дзеяслова, які сярод іншых меў значэнне ’рабіць рэзкія рухі’ (параўн. рус. конь прядет ушами), ’накідваць’, гл. прадаць ’бегаць’ (Растарг.), прануць ’стукнуць, ударыць’ (Нас.); збліжэнне з *prętati ’хаваць’ праз стадыю ’прыбіраць’, ’нараджаць і хаваць нябожчыка’, ’апранаць’, да якога Мяркулава (Этимология–1974, 67) адносіць бел. напрануць, напрануцца, можа быць другасным, параўн. апранаць. Гл. таксама напра́тка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Няра́ха ’неахайны чалавек’ (астрав., ул. інф.), нераха ’няўклюда, неахайны чалавек’ (Ян., ТС), ніриха, нірэха ’неахайны чалавек’ (Сл. ПЗБ), а таксама нярахлівы, нірихлівы ’неахайны’ (Сл. ЦРБ, Сл. ПЗБ), перахавалі ’неахайны, некультурны’ (ТС), рус. неряха ’неахайны чалавек; няўмелы, дурны чалавек’, н.-луж. njerech ’беспарадак, смецце’, ’неахайны чалавек’, njerešny ’бесталковы; нячысты’. Лічыцца вытворным ад прасл. дыял. *ręchъ, экспрэсіўнага ўтварэння ад *rędъ (гл. рад), параўн. н.-луж. rěch ’парадак; чысціня’, рус. ряха ’франціха’, ряхаться ’выстройвацца, прыбірацца’, нарядный ’прыбраны’ і пад. (Шустар-Шэўц, 14, 1014; Фасмер, 3, 66). Дапушчэнне балтыйскага паходжання (Смулкова, Лекс. балтызмы, 39) не мае падстаў, гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 146. Значэнне ’няўклюда’ можа быць звязана з рехацца ’поркацца’ (ТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
От, ото ’вось’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ, Жд., Янк. 2, Янк. Мат., Ян., Кліх). Укр. от, ото, рус. от, ото, вот, серб.-харв. ото, чэш. oto, польск. oto, што сведчыць аб праславянскім характары слова. Адпаведна толькі ўсходнеславянскія паралелі з пратэтычным в‑: бел. авот (Бяльк.), рус. вот. Паводле Фасмера (1, 358), зыходзіць да спалучэння выклічніка o (аблаутнае, да e) з займеннікам to(d). Адсюль роднаснасць otъ, oto з eto (гл. гэты). ESSJ, SG, 2, 551 супраць, паколькі ўтварэнні з e‑ маладзей. Параўн. іншыя, яшчэ больш неверагодныя гіпотэзы: Фартунатаў, AfslPh, 12, 97 (з і.-е. *ho > лац. hoc), Зубаты, LF, 36, 338 (з ovo + to).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Павалока 1 ’лёгкая дымка, якая зацягвае, пакрывае што-н.; пялёнка на вачах; памутненне’ (ТСБМ, Нас.), па́валака ’пялёнка (на вадзе)’ (Нас., Касп.), ’пакрывала, прасціна’, ’валакно ад льна або пянькі’ (Нас.). Рус. павало́ка ’каштоўная заморская баваўняная або шаўковая тканіна, пакрывала, накідка’, дыял. поволо́ка ’верх, покрыўка кажуха’, укр. поволо́ка ’рамні, шнуркі на абутку; след ад валачэння нечага’, ст.-рус. паволока ’від каштоўнай тканіны’, серб.-ц.-слав. павлака, польск. powłoka ’накрыўка’, чэш. pavlaka ’каштоўная пурпуровая тканіна’, серб.-харв. па̏влака, по̏влака ’смятанка, пенкі’. Ад валачы́ (гл.). Прэфіксы po‑ і pa‑ (з падаўжэннем) (гл. Фасмер, 3, 182; Махэк, 439).
Павало́ка 2 ’прымак’ (Мат. Гом.). Да валачыць, валачыцца, параўн. і валачуга (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лобус 1 ’сцёблы і лісце гуркоў’ (стол., ДАБМ), лобуз, лобудзь ’цяўнік, націнне’, лобузіна ’асобная націна’, лобузнік, лобузье ’націнне’ (Сл. Брэс., ТС). Укр. лобузіння ’цяўнік, сцёблы з летняй гародніны’, рус. лобоз ’гібкі дубец’, лобоза ’спірэя, Spirea ulmaria’, польск. łobuzie, łobazie, łobozg. Прасл. дыялектызм lobuz‑ъ > lobuz‑ьje (Слаўскі, 5, 129). Да лабаза́, лабазнік, лабу́ззе, лабузя́к.
Лобус 2 ’хлопец, дзяцюк’ (арго, Рам. 9), ашм. ’гарэза’ (Сл. ПЗБ). З польск. łobus, łobuz ’гарэза’, ’вісус’, ’хуліган’, ’гультай’, ’нягоднік’, якое, паводле Слаўскага (5, 127), з’яўляецца адным з нешматлікіх выпадкаў параўнання чалавека з дрэвам, калодай, дубцом, — параўн. укр. хлистик, лобас, рус. хлыст, бел. драг. лі́мах, бел. пень і інш. Да лобус 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)