ФРОНТ [франц. front ад лац. frons (frontis) лоб, пярэдні бок],
1) аператыўна-стратэг. аб’яднанне ўзбр. сіл, якое ствараецца звычайна з пачаткам вайны для вырашэння аператыўна-стратэг. задач на кантынент. тэатры ваен. дзеянняў. Як правіла, задачы выконвае ва ўзаемадзеянні з інш. Ф., аб’яднаннямі і злучэннямі розных відаў узбр. сіл, а ў некат. выпадках і самастойна. У 1-ю сусв. вайну ў Расіі было 5 Ф.; у вял.Айч. вайну ў СССР — больш за 10. На тэр. Беларусі ў розныя часы дзейнічалі; Зах., Цэнтр., Бел., Калінінскі, потым — 1-ы, 2-і, 3-і Бел.; 1-ы і 2-і Прыбалт. франты. У арміях ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі і інш. аператыўна-стратэг. аб’яднаннямі былі групы армій, у Японіі — Ф., якія выконвалі аператыўныя задачы.
2) Лінія, на якой разгорнуты перадавыя падраздзяленні (лінія межавання з праціўнікам на тэатры ваен. дзеянняў).
3) Раён (паласа, зона) тэрыторыі, дзе вядуцца баявыя дзеянні (у разуменнях «Ф.» і «тыл»).
4) Бок баявога парадку (аператыўнага пастраення) войск, павернуты да праціўніка і інш. 5) Бок строю, у які ваеннаслужачыя павернуты тварам (машыны — пярэдняй часткай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛІФА́Т,
сістэма мусульманскай тэакратыі, а таксама прынятая ў л-ры назва араба-мусульманскай дзяржавы на чале з халіфам. Ядром першага Х. была мусульм. дзяржава, створаная Мухамедам у пач. 7 ст. ў Зах. Аравіі. У выніку арабскіх заваяванняў яна ператварылася ў вялізную краіну — Арабскі Х., які ўключаў Аравійскі п-аў, Ірак, Іран, б.ч. Закаўказзя, Сярэднюю Азію, Сірыю, Палесціну, Егіпет, Паўн. Афрыку, б.ч. Пірэнейскага п-ва. Да 10 ст. гэты Х. распаўся як адзіная дзяржава, а мусульмане-суніты працягвалі разглядаць яго як ідэю духоўнага аўтарытэту багдадскіх халіфаў над усімі вернікамі. Пасля канчатковага знішчэння мангаламі Араб. Х. як дзяржавы (1258) носьбітамі Х. лічыліся нашчадкі Абасідаў у Егіпце. У выніку заваявання Егіпта ў 16 ст. туркамі Х. узначальвалі тур. султаны. Існавалі таксама Х. Фатымідаў (909—1171), Амеядаў у Іспаніі (гл.Кардоўскі халіфат), але іх халіфы не карысталіся аўтарытэтам у астатнім мусульм. свеце. У 1924 Х. скасаваны ўладамі Тур. Рэспублікі, і мусульм. багасловы дагэтуль не прыйшлі да згоды, хто павінен узначаліць Х.
Літ.:
Фильштинский И.М. История арабов и Халифата (750—1517 гг.). 2 изд. М., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЛА́МАЎ Іван Пятровіч (н. 4.10.1928, хутар Фядотава Пералюбскага р-на Саратаўскай вобл., Расія),
бел. мастак, дызайнер. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя В.І.Мухінай (1953). З 1953 працаваў у Мінгарпраекце, з 1957 гал. архітэктар НДІбуд-ва і архітэктуры, у 1965—85 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працуе ў галіне дэкар.-прыкладнога мастацтва, канструявання мэблі, афармлення інтэр’ера. Сярод работ: камплекты мэблі для 2- і 3-пакаёвых кватэр (адпаведна 1958, 1961), для кухні (1967); маст. канцэпцыя афармлення інтэр’ераў і абсталявання Міжнар. маладзёжнага цэнтра «Юнацтва» («Рыбацкі склеп») на Заслаўскім вадасховішчы пад Мінскам (1975), Палаца культуры Мінскага трактарнага з-да (1976), рэстарана «Мінск» у г. Патсдам (Германія, 1977), Уфімскага авіяц. ін-та (1979), добраўпарадкавання нас. пунктаў Мазырскага р-на Гомельскай вобл. (1981; усе праекты ажыццёўлены ў сааўт.). Аформіў кнігі І.Елатомцавай «Мастацкая кераміка Савецкай Беларусі» (1966), «Манументальны летапіс эпохі» (1969), «Да тайнаў творчасці» (1973), «Нарысы па гісторыі беларускай савецкай станковай скульптуры» (1974), «Станковая скульптура. Паняцце пра жанры» (1975). Аўтар жывапісных твораў («Псіхея», 1988, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІВА́,
горад ва Узбекістане, у Харэзмскім вілаеце. Размешчаны ў Харэзмскім аазісе, на канале Палван. Каля 50 тыс.ж. (1999). Прам-сць: лёгкая (бавоўнаачышчальная, дывановая, швейная). вытв-сць керамікі і сувеніраў. Х. — горад-музей архітэктуры Харэзма (пераважна 19 — пач. 20 ст.): цытадэль Куня-арк, рабад Дышан-кала, запаведнік Ічан-кала (палац Таш-Хаўлі) і інш.
Паводле археал. звестак, засн. на рубяжы нашай эры. Назву атрымала ад стараж. калодзежа Хейвак (да 18 ст. горад наз. Хівак). дзе ў старажытнасці праходзіў гандл. шлях. што звязваў Усход і Захад. З пач. 4 ст.н.э. разам з Харэзмам у складзе перс. дзяржавы. Горад быў абнесены крапасной сцяной. У 712 заваявана арабамі, у 1221 — манголамі, у 1388 — Цімурам. З 16 ст. да 1920 — сталіца Хівінскага ханства. У 1740 Х. зруйнавана Надзір-шахам. У 1873 узята рас. войскамі і разам з усім Хівінскім ханствам стала пратэктаратам Рас. імперыі. З 1920 сталіца Харэзмскай народнай савецкай рэспублікі. З 1924 райцэнтр у складзе Узб. ССР [з 1938 у Харэзмскай вобл. (вілаеце)].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІРАСІ́МА, Хіросіма,
горад у Японіі, на ПдЗ в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Хірасіма. 1109 тыс.ж. (1995). Порт у дэльце р. Ота. Важны трансп., прамысл. і культ.цэнтр. Аэрапорт. Прам-сць: судна- і станкабудаванне, аўтамаб., ваен., гумава-тэхнічная, дрэваапр., папяровая, тэкст., харч., паліграфічная. Ун-т. Парк Міру (1951—52) — арх.-паркавы сімвалічны ансамбль са шматлікімі скульптурамі, кенатафам, Вечным агнём, Фантанам малітвы, мемарыяльным музеем Міру. Каркас Прамысл. выставачнай залы (адзіны будынак, ацалелы ў час бамбардзіроўкі; вядомы як Атамны Дом). Фестываль Міру (6 жніўня).
Засн. ў 1580—1610 як прызамкавы горад і порт. Зручнае размяшчэнне спрыяла развіццю гандлю, рамяства, прам-сці. У 2-ю сусв. вайну падвергнуты атамнай бамбардзіроўцы (6.8.1945) амер. авіяцыяй. Ад выбуху загінула больш за 200 тыс.чал., разбурана каля 75 тыс. будынкаў; многія жыхары памерлі пасля вайны ад хвароб, звязаных з радыяцыяй. Адбудавана, на месцы выбуху атамнай бомбы ў Х. ўзведзены мемарыяльны комплекс Міру. З 1959 у Х. адбываюцца міжнар. канферэнцыі аб забароне атамнай зброі.
Літ.:
Искендеров А.А. Феодальный город Японии XVI столетия. М., 1961;
Брукнер К. Садако хочет жить!: Пер. с нем. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ДЗЬКА Ігнат (29.9.1794, в. Заблошчына Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1.8.1861),
пісьменнік, мемуарыст. Канд. філасофіі (1814). Вучыўся ў Віленскім ун-це (1810—14). Чл.т-вашубраўцаў і масонскай ложы ў Мінску. Чл.Віленскай археалагічнай камісіі (з 1855). Большую частку жыцця правёў у маёнтку Дзевятня (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.). Пісаў на польскай мове. У ранніх апавяданнях («Прыгонны», 1829, і інш.) крытычна ставіўся да існуючых парадкаў, пазней перайшоў на кансерватыўныя пазіцыі Пісаў вершы («Дамок майго дзядулькі», «Баруны»). Аўтар «Літоўскіх малюнкаў» (1840—62), «Мемуараў скарбніка» (1844), «Літоўскіх паданняў» (1852—60), у якіх апісаў бел. мясціны, жыццё і побыт насельніцтва Беларусі. У сваёй творчасці выкарыстоўваў бел. паданні, песні, жарты, анекдоты. Напісаў псіхал. навелу «Двор на Антокалі» (1850), «Новыя дзённікі скарбніка» (1862, пра старажытнасці краю). Падтрымліваў сувязі з Я.Тышкевічам, У.Сыракомлем, Ю.Крашэўскім, А.Кіркорам і інш. Пакінуў запіс у «Альбоме» А.Вярыгі-Дарэўскага. У 1862 У.Сыракомля выдаў нарыс «Жыццё і творы Ігната Ходзькі».
Тв.:
Бел.пер. — Успаміны квестара: (фрагменты з аповесці) // Край=Kraj: Дыялог на сумежжы культур. Магілёў, 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́КІНГ (Hawking) Стывен Уільям (н. 8.1.1942, г. Оксфард, Вялікабрытанія),
англійскі фізік-тэарэтык. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1974), Нац.АН ЗША (1992). Скончыў Оксфардскі (1962) і Кембрыджскі (1966) ун-ты. З 1965 у Кембрыджскім ун-це (з 1977 праф.). Навук. працы па агульнай тэорыі адноснасці, тэарэт. астрафізіцы і касмалогіі. Даказаў тэарэму аб сінгулярнасці прасторы-часу (тэарэма Х.—Пенроўза, 1960-я г.). Паказаў, што на пач. этапах эвалюцыі Сусвету маглі ўтварацца чорныя міні-дзіры (памерам з элементарную часціцу). У сярэдзіне 1970-х г. распрацаваў тэорыю «выпарэння» чорных дзір за кошт квантавых эфектаў і нараджэння пар часціц і антычасціц (выпрамяненне Х.). Аўтар шэрагу навук.-папулярных кніг. З 1962 паралізаваны, з 1985 страціў магчымасць маўлення, выкарыстоўвае камп’ютэрны галасавы сінтэзатар. Прэміі А.Эйнштэйна 1978, Вольфа 1988.
Тв.:
Рус.пер. — Крупномасштабная структура пространства-времени. Новокузнецк, 1998 (разам з Дж.Элісам);
Природа пространства и времени. Ижевск, 2000 (разам з Р.Пенроўзам);
Краткая история времени: От большого взрыва до черных дыр. СПб., 2001;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ЦІМКА,
комплекс археал. помнікаў (гарадзішча, 4 селішчы і курганны могільнік) каля в. Хоцімка Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Вядомы таксама пад назвай Стары Шклоў. Гарадзішча абследавалі М.Балінскі і Т.Ліпінскі (1850), вывучалі В.Р.Тарасенка (1948), Г.В.Штыхаў (1964), В.М.Ляўко (1979). Пляцоўка памерам 70 × 60 м, з трох бакоў абмываецца р. Серабранка, з Пн і ПнУ прасочваюцца рэшткі вала выш. 1,8 м. Знойдзены ганчарная кераміка, шкляныя бранзалеты, жал. вырабы эпохі Кіеўскай Русі і ВКЛ. Селішчы 12—16 ст. даследавала Ляўко (1978—79). Знойдзены кераміка стараж.-рус. часоў і 14—16 ст., фрагменты гаршковай кафлі, каменнае ядро, жал. нажы, бронзавыя арнаментаваная накладка і фрагмент нацельнага крыжа, шкляныя бранзалеты, манеты 16—17 ст. і інш.У курганным могільніку 3 насыпы выш. 1,5 м. Ва ўрочышчы Зязюлін Роў знойдзены каменны ідал 10 ст. (гл.Шклоўскі ідал). Мяркуюць, што тут знаходзілася язычніцкае капішча. На думку Ляўко, у эпоху Кіеўскай Русі цэнтрам усіх навакольных паселішчаў з’яўлялася гарадзішча, якое было ці феад. сядзібай, ці пунктам збору даніны на дняпроўскім шляху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫТО́ВІЧ Іосіф Парфіравіч (1811 ? — 7.8.1870),
бел. публіцыст і педагог. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. З 1835 настаўнік моў у Віцебскім і Полацкім духоўных вучылішчах, з 1844 — у дваранскім вучылішчы і гімназіі, наглядчык пав. вучылішча ў Панявежы (цяпер г. Паневяжыс, Літва). У 1843 надрукаваў у пецярбургскім час. «Маяк» арт. «Словы два пра мову і пісьменнасць Белай Русі», дзе, згадваючы росквіт айчыннай кніжнасці ў часы Літоўскага статута і Ф.Скарыны, ставіў пытанне пра неабходнасць развіцця бел. л-ры, у якасці прыкладу «гнуткасці і паслухмянасці» бел. мовы апублікаваў верш «Чалом, чалом, ацец, татулька!..». У нарысе «Адзін дзень у Беларусі» (1845) падкрэсліваў каштоўнасць стараж.бел. мовы для навукі, заклікаў да вывучэння гісторыі і фальклору Беларусі. Аўтар працы «Некалькі слоў адносна развіцця рускай мовы ў Жмудзі або Самагіціі» (1851, рукапіс зберагаецца ў архіве Рус.геагр.т-ва, С.-Пецярбург). У пытаннях грамадскага жыцця прытрымліваўся кансерватыўных поглядаў.
Тв.:
У кн.: Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977.
Літ.:
Киселёв Г. Разыскивается классик... Мн., 1989. С. 61—67;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́ГЛА,
штучны каменны матэрыял (выраб) правільнай формы, звычайна ў выглядзе прамавугольнага паралелепіпеда. Вырабляецца з мінер. сыравіны, пасля абпалу або апрацоўкі парай набывае каменепадобныя ўласцівасці (трываласць, вада- і марозаўстойлівасць).
Адрозніваюць Ц. будаўнічую (гліняную абпаленую і вапнава-пясчаную, або сілікатную цэглу, атрыманую аўтаклаўнай апрацоўкай), вогнетрывалую (шамотную, магнезітавую, дынасавую і інш., якая ідзе на муроўку прамысл. печаў, комінаў) і тугаплаўкую (вогнетрываласць не менш за 1350 °C; выкарыстоўваецца для брукавання дарог, тратуараў, абліцоўкі гідратэхн. збудаванняў, муроўкі фундаментаў і інш.). Буд. Ц. бывае суцэльная і пустацелая, звычайная, абліцовачная, лёгкая і спец. прызначэння (кіслотаўстойлівая Ц., дарожны клінкер і інш.). Цагляны друз выкарыстоўваюць як запаўняльнік для бетонаў. Выкарыстанне абпаленай Ц. вядома з глыбокай старажытнасці (з 3—2-га тыс. да н.э.) у Стараж. Егіпце, Індыі, Месапатаміі, пазней — у Стараж. Рыме, з 17 ст. — ва «ўзорыстай» архітэктуры Расіі.
На Беларусі Ц. вырабляюць з даўніх часоў (з 12 ст. захавалася цагляная Гродзенская Барысаглебская царква). У 1973 у Мінскім НДІбуд. матэрыялаў распрацавана тэхналогія вырабу сілікатнай лёгкай цэглы. Цагельныя з-ды Беларусі вырабляюць пераважна гліняную і сілікатную Ц.