ХО́ЦІМКА,
комплекс археал. помнікаў (гарадзішча, 4 селішчы і курганны могільнік) каля в. Хоцімка Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Вядомы таксама пад назвай Стары Шклоў. Гарадзішча абследавалі М.Балінскі і Т.Ліпінскі (1850), вывучалі В.Р.Тарасенка (1948), Г.В.Штыхаў (1964), В.М.Ляўко (1979). Пляцоўка памерам 70 × 60 м, з трох бакоў абмываецца р. Серабранка, з Пн і ПнУ прасочваюцца рэшткі вала выш. 1,8 м. Знойдзены ганчарная кераміка, шкляныя бранзалеты, жал. вырабы эпохі Кіеўскай Русі і ВКЛ. Селішчы 12—16 ст. даследавала Ляўко (1978—79). Знойдзены кераміка стараж.-рус. часоў і 14—16 ст., фрагменты гаршковай кафлі, каменнае ядро, жал. нажы, бронзавыя арнаментаваная накладка і фрагмент нацельнага крыжа, шкляныя бранзалеты, манеты 16—17 ст. і інш. У курганным могільніку 3 насыпы выш. 1,5 м. Ва ўрочышчы Зязюлін Роў знойдзены каменны ідал 10 ст. (гл. Шклоўскі ідал). Мяркуюць, што тут знаходзілася язычніцкае капішча. На думку Ляўко, у эпоху Кіеўскай Русі цэнтрам усіх навакольных паселішчаў з’яўлялася гарадзішча, якое было ці феад. сядзібай, ці пунктам збору даніны на дняпроўскім шляху.
т. 17, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)