ХО́ДЗЬКА Ігнат (29.9.1794, в. Заблошчына Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1.8.1861),
пісьменнік, мемуарыст. Канд. філасофіі (1814). Вучыўся ў Віленскім ун-це (1810—14). Чл. т-ва шубраўцаў і масонскай ложы ў Мінску. Чл. Віленскай археалагічнай камісіі (з 1855). Большую частку жыцця правёў у маёнтку Дзевятня (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.). Пісаў на польскай мове. У ранніх апавяданнях («Прыгонны», 1829, і інш.) крытычна ставіўся да існуючых парадкаў, пазней перайшоў на кансерватыўныя пазіцыі Пісаў вершы («Дамок майго дзядулькі», «Баруны»). Аўтар «Літоўскіх малюнкаў» (1840—62), «Мемуараў скарбніка» (1844), «Літоўскіх паданняў» (1852—60), у якіх апісаў бел. мясціны, жыццё і побыт насельніцтва Беларусі. У сваёй творчасці выкарыстоўваў бел. паданні, песні, жарты, анекдоты. Напісаў псіхал. навелу «Двор на Антокалі» (1850), «Новыя дзённікі скарбніка» (1862, пра старажытнасці краю). Падтрымліваў сувязі з Я.Тышкевічам, У.Сыракомлем, Ю.Крашэўскім, А.Кіркорам і інш. Пакінуў запіс у «Альбоме» А.Вярыгі-Дарэўскага. У 1862 У.Сыракомля выдаў нарыс «Жыццё і творы Ігната Ходзькі».
Тв.:
Бел. пер. — Успаміны квестара: (фрагменты з аповесці) // Край=Kraj: Дыялог на сумежжы культур. Магілёў, 2000.
Г.А.Каханоўскі.
т. 17, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)