ЦЫТО́ВІЧ Іосіф Парфіравіч (1811 ? — 7.8.1870),
бел. публіцыст і педагог. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. З 1835 настаўнік моў у Віцебскім і Полацкім духоўных вучылішчах, з 1844 — у дваранскім вучылішчы і гімназіі, наглядчык пав. вучылішча ў Панявежы (цяпер г. Паневяжыс, Літва). У 1843 надрукаваў у пецярбургскім час. «Маяк» арт. «Словы два пра мову і пісьменнасць Белай Русі», дзе, згадваючы росквіт айчыннай кніжнасці ў часы Літоўскага статута і Ф.Скарыны, ставіў пытанне пра неабходнасць развіцця бел. л-ры, у якасці прыкладу «гнуткасці і паслухмянасці» бел. мовы апублікаваў верш «Чалом, чалом, ацец, татулька!..». У нарысе «Адзін дзень у Беларусі» (1845) падкрэсліваў каштоўнасць стараж. бел. мовы для навукі, заклікаў да вывучэння гісторыі і фальклору Беларусі. Аўтар працы «Некалькі слоў адносна развіцця рускай мовы ў Жмудзі або Самагіціі» (1851, рукапіс зберагаецца ў архіве Рус. геагр. т-ва, С.-Пецярбург). У пытаннях грамадскага жыцця прытрымліваўся кансерватыўных поглядаў.
Тв.:
У кн.: Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст. Мн., 1977.
Літ.:
Киселёв Г. Разыскивается классик... Мн., 1989. С. 61—67;
Каўка А. Тут мой народ. Мн., 1989. С. 153—155.
Г.В.Кісялёў.
т. 17, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)