ФЕРАМАГНЕ́ТЫК,

рэчыва, у якім пры т-ры ніжэй Кюры пункта існуе ферамагнітны парадак магн. момантаў атамных носьбітаў магнетызму (гл. Ферамагнетызм). Да Ф. адносяцца некат. чыстыя металы групы жалеза (жалеза, кобальт, нікель) і рэдказямельныя металы (гадаліній, тэрбій, дыспрозій, гольмій, эрбій), а таксама іх сплавы і злучэнні; сплавы і злучэнні хрому і марганцу з неферамагн. элементамі (т.зв. гейсеравы сплавы).

Паводле значэння каэрцытыўнай сілы Ф. падзяляюцца на магнітамяккія (гл. Магнітамяккія матэрыялы) і магнітацвёрдыя (гл. Магнітацвёрдыя матэрыялы). Магнітамяккія Ф. выкарыстоўваюцца для вырабу магнітаправодаў, элементаў памяці ЭВМ, магн. лінзаў і інш.; магнітацвёрдыя — для вырабу пастаянных магнітаў. Ферамагн. металы і сплавы з добра выяўленымі магнітастрыкцыйнымі ўласцівасцямі выкарыстоўваюцца ў прыладах пераўтварэння эл.-магн. энергіі ў механічную і наадварот.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 16, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ЗІКА ВЫСО́КІХ ЦІ́СКАЎ,

раздзел фізікі цвёрдага цела, у якім даследуюцца ўласцівасці цел, стан рэчыва пад высокім ціскам.

Вывучае квантавыя эфекты ў цвёрдых целах, у т. л. звышправоднасць, пераходы метал—дыэлектрык; пераходы вадароду і некаторых інш. дыэлектрыкаў у метал. стан; ажыццяўляе сінтэз монакрышталёў алмазу і кубічнага нітрыду бору (атрыманне полікрышталічных алмазаў звышвысокай трываласці). Дасягненні Ф.в.ц. выкарыстоўваюцца для вытв-сці абразіўнага, рэжучага і буравога інструменту і апаратуры для атрымання звышвысокіх ціскаў.

На Беларусі навук. даследаванні па Ф.в.ц. пачаліся ў 1958 і вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі, БДУ. Распрацаваны тэхналогіі атрымання сінт. алмазаў, кубічнага нітрыду бору, у т. л. полікрышт. (белбору), кампазітаў на іх аснове.

В.​Б.​Шыпіла.

т. 16, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІМО́НАВА Любоў Аляксандраўна (н. 12.10.1948, Мінск),

бел. пісьменніца. Дачка А.А.Філімонава. Скончыла Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1971). У 1972—84 працавала ў выд-ве «Мастацкая літаратура», на Бел. тэлебачанні. З 1996 займаецца выдавецкай дзейнасцю. Друкуецца з 1967 (вершы на рус. мове). З 1972 піша па-беларуску. У паэт. зб-ках «Стазвоны» (1974), «Гучныя фарбы» (1978), «Імправізацыя» (1988) лірычныя перажыванні і элегічны роздум пра чалавека, прыроду, грамадства і іх узаемазалежнасць. У кн. апавяданняў «Пад шолах ветразяў» (1981) арган. спалучэнне лірызму і гумару. Перакладае на бел. і рус. мову творы англ., груз., польскіх, туркм., франц. пісьменнікаў. Укладальнік і адзін з перакладчыкаў анталогіі дзіцячай туркм. л-ры «Кветкі Каракумаў» (1990).

т. 16, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНА́НСАВЫ КАПІТА́Л, грашова-гандлёвы капітал, ліквідныя актывы,

капітал, які ўтвараецца ў выніку зліцця банкаўскага капіталу з прамысловым. У пач. 20 ст. ў развітых капіталіст. краінах узмацнілася канцэнтрацыя і цэнтралізацыя банкаўскага капіталу пад уздзеяннем працэсу канцэнтрацыі вытв-сці. Банкі з пасрэднікаў плацяжоў ператвараліся ў грашовых манапалістаў, укараняліся ў прамысл. прадпрыемствы і станавіліся іх саўладальнікамі. Адначасова прамысл. манаполіі стваралі ўласныя банкі, скуплялі кантрольныя пакеты акцый інш. банкаў. Значную ролю ў зрошчванні банкаўскага і прамысл. капіталаў мела асабістая унія (сканцэнтраванне ў адных руках кіруючых пасад у банкаўскіх і прамысл. манаполіях), сістэма ўдзелу (кіраванне манаполіяй чужымі капіталамі, большымі за ўласныя). Ф.к. не абмяжоўваецца рамкамі нац. эканомікі і стварае міжнар. Ф.к.

А.​М.​Гарбаценкаў.

т. 16, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЮАРЫ́Т (ад лац. fluor цячэнне), плавікавы шпат,

мінерал класа фтарыдаў, фтарыд кальцыю, CaF2. Мае кальцыю 51,3%, фтору 48,7%. Часам прымесі рэдказямельных элементаў (ітрафлюарыт, цэрафлюарыт) дасягаюць 35—40%. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае куб. крышталі, іх зросткі, зярністыя, валакністыя, масіўныя агрэгаты, зямлістыя масы. Колер жоўты, зялёны, фіялетавы, чорны, бясколерны і інш. Цв. 4. Шчыльн. 3,2 г/см³. Трапляецца ў магматычных пародах, гідратэрмальных жылах, даламітах, вапняках. Выкарыстоўваецца ў металургіі, як крыніца фтору і яго злучэнняў, у вытв-сцях шкляной. эмалевай, штучнага крыяліту, плавікавай к-ты, у цэм. прам-сці; празрыстыя крышталі — у вытв-сці аптычных лінз, прызмаў; афарбаваныя — для дэкар. і ювелірных вырабаў. Радовішчы ў Расіі, ЗША, Украіне, Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Мексіцы і інш.

Флюарыт.

т. 16, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ФРАНЦІРО́РЫ І ПАРТЫЗА́НЫ»

(Les Francs-Tireurs et Partisans),

найбуйнейшая ваен. арг-цыя руху Супраціўлення ў Францыі ў 1941—44 у час 2-й сусв. вайны. Створана па ініцыятыве Франц. камуніст. партыі для ўзбр. барацьбы супраць ням.-фаш. акупантаў і мясц. калабарацыяністаў, увайшлі «Спец. арг-цыя», «Батальёны моладзі» і атрады рабочых-эмігрантаў; з пач. 1942 назва «Ф. і п.». Іх дзеяннямі кіравалі Нацыянальны і дэпартаменцкія ваен. к-ты. Дзейнічалі рухомымі групамі па 3—4 чал., для буйных баявых аперацый злучаліся ва ўзводы, роты і батальёны. З лют. 1944 у складзе Франц. унутр. сіл пры захаванні паліт. і арганізац. самастойнасці. Летам 1944 «ф. і п.» (250 тыс. чал.) актыўна ўдзельнічалі ў вызваленні Францыі.

т. 16, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́ТРА,

вырабленыя шкуркі млекакормячых (пушных звяроў і інш.) з валасяным покрывам, а таксама вырабы з іх. Якасць Ф. залежыць ад віду сыравіны, умоў жыцця і паходжання жывёлы, яе ўзросту, полу, часу забою і спосабаў апрацоўкі.

Асн. паказчыкі якасці Ф. — носкасць, цеплаахоўнасць, мяккасць, эрганамічныя (маса) і эстэт. уласцівасці (бляск, колер). Найб. носкасць мае Ф. выдры (да 20 сезонаў — прынята за 100%), собаля — 80%, норкі — 70%, нутрыі — 25%, труса — 5%. Найб. цеплаахоўнае Ф. пясца, паўн. аленя, янотападобнага сабакі, расамахі. Асабліва цяжкае Ф. ў расамахі, ваўка, выдры, бабра. Валасяное покрыва Ф. бывае грубае, паўмяккае, мяккае, шаўкавістае і вельмі мяккае; бляск шаўкавісты і шклопадобны. Паводле колеру Ф. падзяляюць на аднаколернае раўнамернае і нераўнамернае, рознакаляровае і з занальнай афарбоўкай.

т. 16, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ХАПА́НКА»,

бел. нар. гульня. На зямлі (падлозе) чэрцяць круг — «гняздо», абапал яго на адлегласці — 2 паралельныя лініі. Гульцы (10—20 чал.) выбіраюць вядучага і 2 «капітанаў», дзеляцца на пары, якія ў «гняздо» кладуць адзін невял. прадмет (шышку, мячык, хустку. шапку і інш.) і, надаўшы адзін аднаму якія-небудзь імёны, паведамляюць іх «капітанам». «Капітаны» па чарзе выбіраюць сабе гульцоў. Каманды выстройваюцца на процілеглых лініях. Вядучы называе адзін з прадметаў з «гнязда». Гульцы каманды, што паклалі гэты прадмет, бягуць да «гнязда». Хто першы схапіў прадмет, уцякае за сваю лінію. Гулец другой каманды спрабуе яго дагнаць. Калі гэта яму ўдаецца, прадмет вяртаецца ў «гняздо». Выйграе каманда, гульцы якой забяруць большую колькасць прадметаў.

Я.​Р.​Вількін.

т. 16, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАСА́НШЫН Талгат Саліхавіч (н. 10.2.1942, г. Яраслаўль, Расія),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі і тэарэт. цеплатэхнікі. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1993). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1966). У 1966—70 у Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі. З 1974 у Магілёўскім ун-це харчавання (у 1974—85 заг. кафедры, з 1985 прарэктар). Навук. працы па даследаванні цеплафіз. уласцівасцей рэчываў і матэрыялаў для энергетыкі і халадзільнай тэхнікі. Распрацаваў методыкі разліку і прагназіравання цеплафіз. уласцівасцей вуглевадародаў і спіртоў на базе іх малекулярнай структуры.

Тв.:

Теплофизические свойства предельных одноатомных спиртов при атмосферном давлении. Мн., 1992;

Количественные корреляции «строение-свойство» для плотности первичных нормальных спиртов // Теплофизика высоких температур. 1997. Т. 35, № 6.

т. 16, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́НШЭЛВУД (Hinshelwood) Сірыл Норман (19.6.1897, Лондан — 9.10.1967),

англійскі фізікахімік; адзін са стваральнікаў тэорыі ланцуговых рэакцый. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1929) і яго прэзідэнт (1955—60). Замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Бейліёл-каледж Оксфардскага ун-та (1924), дзе працаваў з 1921 (з 1937 праф.). З 1964 у Імперскім каледжы навукі і тэхналогіі (Лондан). Навук. працы ў галіне хім. кінетыкі. Выявіў механізм гамагеннага монамалекулярнага раскладання многаатамных малекул, з’явы мяжы ўзгарання вадароду ў сумесі з кіслародам і растлумачыў іх на аснове тэорыі ланцуговых рэакцый. Вывучаў працэсы росту бактэрый у пажыўных асяроддзях, выявіў залежнасць скорасці росту клетак ад наяўнасці ў навакольным асяроддзі вуглякіслага газу, амінакіслот і інш. Нобелеўская прэмія 1956 (з М.М.Сямёнавым).

С.Н.Хіншэлвуд.

т. 17, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)