ФЕРАМАГНЕ́ТЫК,
рэчыва, у якім пры т-ры ніжэй Кюры пункта існуе ферамагнітны парадак магн. момантаў атамных носьбітаў магнетызму (гл. Ферамагнетызм). Да Ф. адносяцца некат. чыстыя металы групы жалеза (жалеза, кобальт, нікель) і рэдказямельныя металы (гадаліній, тэрбій, дыспрозій, гольмій, эрбій), а таксама іх сплавы і злучэнні; сплавы і злучэнні хрому і марганцу з неферамагн. элементамі (т.зв. гейсеравы сплавы).
Паводле значэння каэрцытыўнай сілы Ф. падзяляюцца на магнітамяккія (гл. Магнітамяккія матэрыялы) і магнітацвёрдыя (гл. Магнітацвёрдыя матэрыялы). Магнітамяккія Ф. выкарыстоўваюцца для вырабу магнітаправодаў, элементаў памяці ЭВМ, магн. лінзаў і інш.; магнітацвёрдыя — для вырабу пастаянных магнітаў. Ферамагн. металы і сплавы з добра выяўленымі магнітастрыкцыйнымі ўласцівасцямі выкарыстоўваюцца ў прыладах пераўтварэння эл.-магн. энергіі ў механічную і наадварот.
Р.М.Шахлевіч.
т. 16, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)