ФУ́ТРА,
вырабленыя шкуркі млекакормячых (пушных звяроў і інш.) з валасяным покрывам, а таксама вырабы з іх. Якасць Ф. залежыць ад віду сыравіны, умоў жыцця і паходжання жывёлы, яе ўзросту, полу, часу забою і спосабаў апрацоўкі.
Асн. паказчыкі якасці Ф. — носкасць, цеплаахоўнасць, мяккасць, эрганамічныя (маса) і эстэт. уласцівасці (бляск, колер). Найб. носкасць мае Ф. выдры (да 20 сезонаў — прынята за 100%), собаля — 80%, норкі — 70%, нутрыі — 25%, труса — 5%. Найб. цеплаахоўнае Ф. пясца, паўн. аленя, янотападобнага сабакі, расамахі. Асабліва цяжкае Ф. ў расамахі, ваўка, выдры, бабра. Валасяное покрыва Ф. бывае грубае, паўмяккае, мяккае, шаўкавістае і вельмі мяккае; бляск шаўкавісты і шклопадобны. Паводле колеру Ф. падзяляюць на аднаколернае раўнамернае і нераўнамернае, рознакаляровае і з занальнай афарбоўкай.
т. 16, с. 508
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)