гарадскі пасёлак у Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Міранка. За 26 км ад Карэліч, 211 км ад Гродна, 17 км ад чыг. станцыі Гарадзея на лініі Мінск — Баранавічы, на аўтадарозе Навагрудак — Мінск. 2,6 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў гіст. крыніцах пад 1395. З 1486 належаў Іллінічам. З 15 ст.наз. горадам. Каля 1510 быў пабудаваны замак. З 1555 цэнтр Мірскага графства. Пасля 1568 перайшоў да сваякоў Іллінічаў — кн. Радзівілаў. З 1589 у складзе іх Нясвіжскай ардынацыі як асобнае графства. З 1579 карыстаўся няпоўным магдэбургскім правам. У 17 ст. важны цэнтр рамяства і гандлю, у 18 ст. дзейнічалі палатняныя і суконныя мануфактуры. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У вайну 1812 каля М. адбыліся Мірскі бой 1812 (9—10 ліп.) і бой 10—11 лістапада. У 1828 у выніку дынастычнага шлюбу перайшоў да кн. Вітгенштэйнаў, з 2-й пал. 19 ст. ўласнасць кн. Святаполк-Мірскіх (гл.Мірскія). У 1886 2 царквы, 7 сінагог, мячэць, паштовая станцыя, заезны дом, 74 крамы. У 1897—5401 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Мірскага раёна. У Вял.Айч. вайну з 26.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў М. і раёне больш за 2560 чал. Дзейнічала Мірскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Адбыўся Мірскі бой 1944. З 1956 у Карэліцкім р-не.
Прадпрыемствы харч. (спіртзавод, птушкафабрыка) прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінатбыт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мірскі замкава-паркавы комплекс (16 ст.), Мірскі Мікалаеўскі касцёл (1605), Мірская Троіцкая царква (1533—50). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл.Мірская кераміка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прам-сці па вытв-сці сінт. матэрыялаў і вырабаў з іх, заснаваная на хім. перапрацоўцы прадукцыі нафтаперапрацоўчай прамысловасці і газавай прамысловасці. Асн. прадукцыя Н.п.: сінт. каўчук, хім. валокны, прадукты асн.арган. сінтэзу (этылен, прапілен, поліэтылен, спірты, альдэгіды і інш.), гумава-тэхн. вырабы (гл.Гумаазбеставая прамысловасць), розныя віды шын. Прадукцыя Н.п. выкарыстоўваецца ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі.
Да 1-й сусв. вайны (1914—18) вытв-сцьпрамысл.арган. прадуктаў грунтавалася на перапрацоўцы каксоўнага каменнага вугалю і харч. сыравіны. Выкарыстанне нафты як важнейшай крыніцы хім. сыравіны стала магчымым у пач. 20 ст. ў выніку ўкаранення ў прам-сць новых метадаў яе перапрацоўкі — крэкінгу і піролізу. Прамысл.вытв-сць нафтахім. прадуктаў з крэкінг-газаў распачалі ў ЗША: у 1918 наладжана вытв-сць ізапрапілавага спірту, у 1920 — аліфатычных хім. прадуктаў. У б.СССР станаўленне Н.п. адбывалася ў 1929—40-я г.: у 1932 упершыню ў свеце арганізавана прамысл.вытв-сцьсінт. каўчуку, у 1949 — сумесная вытв-сць фенолу і ацэтону кумольным метадам. Стан і тэмпы развіцця Н.п. вызначаюць прагрэс многіх галін нар. гаспадаркі, дзе рэалізуецца прыбытак і эканомія сыравіны і энергіі за кошт выкарыстання нафтапрадуктаў. Найб. развітая Н.п. у ЗША, Японіі, Германіі, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Кітаі, Канадзе, Мексіцы.
На Беларусі Н.п. пачала развівацца ў пасляваен. час. Адно з першых прадпрыемстваў галіны — Барысаўскі завод «Гуматэхніка» створаны ў 1947. У 1952 у Бабруйску пабудаваны з-д па вытв-сці натуральнага каўчуку, з 1959 Бабруйскі з-д гумавых тэхн. вырабаў (гл.«Беларусьгуматэхніка»), У 1972 засн. буйнейшы ў Еўропе Беларускі шынны камбінат, які выпускае шыны больш як 140 тыпапамераў для аўтамабіляў, трактароў, камбайнаў і скрэпераў. Высакаякасны віскозны корд для шын вырабляе Светлагорскі завод сінтэтычнага валакна. Найбуйнейшыя прадпрыемствы галіны: Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», а таксама Баранавіцкі і Брэсцкі з-ды бытавой хіміі. Гл. таксама Нафтахімія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., пры зліцці рэк Вязынка і Гуйка (утвараюць р. Рыбчанку), на Вілейска-Мінскай воднай сістэме. На аўтадарозе Мінск—Маладзечна. За 32 км ад Маладзечна, за 41 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Радашковічы. Вузел аўтадарог на Аляхновічы, Пралескі, Рагаву. 5,7 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1447, калі віленскі кашталян заснаваў тут касцёл. З 1499 уласнасць кн. В.М.Вярэйскага, Гаштольдаў, Боны Сфорца, Глябовічаў, Агінскіх, Радзівілаў. З 1539 да сярэдзіны 19 ст. штогод праводзіліся кірмашы. У 1549 горад, 150 двароў, 18 корчмаў, майстэрні, Радашковіцкі замак. У 1569 Р. атрымалі магдэбургскае права, у 1792 — герб: на сярэбраным полі паясная выява св. Стафана, пабітага камянямі. З 1793 у Рас. імперыі, заштатны горад Вілейскага пав. Мінскай губ., з 1842 цэнтр воласці Віленскай губ. У 1897—2615 ж., гар. і рэальнае вучылішчы, бровар. У 1921—39 у складзе Польшчы, горад Віленскага ваяв. У 1922—28 працавала Радашковіцкая беларуская гімназія. З канца 1939 у БССР. З 1940 гар. пасёлак і да 1960 цэнтр Радашковіцкага раёна. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Р. і раёне загубілі 6433 чал.; у 1941 у абарончых баях каля Р. вызначыліся экіпажы самалётаў Героя Сав. Саюза М.Ф.Гастэлы, Героя Рас. Федэрацыі А.С.Маслава і інш. З 1960 у Маладзечанскім р-не.
Працуюць Радашковіцкі завод «Белмастацкераміка», хлебазавод, міжгасп. прадпрыемства керамічных вырабаў, камбінатбыт. паслуг; сярэдняя і мастацтваў школы, школа-інтэрнат, 3 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, Дом дзіцячай творчасці, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Помнікі: землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, М.Ф.Гастэлу, яго экіпажу, сав. лётчыкам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, Я.Купалу, Ядвігіну Ш. Помнікі архітэктуры: Радашковіцкі касцёл, царква пач. 20 ст.Археал. помнік — гарадзішча жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎ,
вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Іслач, каля аўтадарогі Мінск—Гродна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПдУ ад г. Валожын, 39 км ад Мінска, 16 км ад чыг. ст. Беларусь. 2106 ж., 765 двароў (2001). З-дбуд. вырабаў, лясніцтва. Сярэдняя школа, філіял муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінатбыт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква хрысціян веры евангельскай «Божая ласка». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік на магіле бел. кампазітара М.Р.Грушвіцкага. Помнікі архітэктуры: Ракаўская Спаса-Праабражэнская царква, Ракаўскі касцёл дамініканцаў, капліца св. Ганны (2-я пал. 19 ст.). Стараж. цэнтр ганчарнага промыслу (гл.Ракаўская кераміка). Каля вёскі гарадзішча жал. веку. У наваколлі Р. санаторый Нац.АН Беларусі, санаторый-прафілакторый «Іслач», дзіцячы санаторый «Пралеска», 9 дзіцячых устаноў адпачынку і аздараўлення, геал. помнік прыроды Ракаўскі кангламерат.
Вядомы з 15 ст. Уласнасць Кежгайлаў, Завішаў, Сангушкаў, Салагубаў, Агінскіх. Пры Сангушках горад, гандл.цэнтр. У канцы 16 — пач. 17 ст. працавала друкарня. У 1686 заснаваны дамініканскі, у 1702 — базыльян кляштары. У 1701 атрымаў прывілей на 2 кірмашы ў год. З 1793 у Рас. імперыі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Мінскага пав., 1006 ж., 159 двароў, царква, школа, сінагога, з-ды с.-г. прылад, ганчарны, цагельня, піваварня, 2 млыны, 29 крам. У 1897—3641 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Маладзечанскага пав. Віленскага ваяв. Са снеж. 1939 у Вілейскай вобл.БССР. У 1940—54 гар. пасёлак, да 1960 у Радашковіцкім р-не Маладзечанскай вобл. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты спалілі Р., загубілі больш за 2 тыс.чал. У 1960—62 і з 1965 у Валожынскім, у 1962—64 у Маладзечанскім р-нах Мінскай вобл.
Літ.:
Рагойша В. Заходнебеларускае мястэчка як асяродак беларуска-польскага культурнага сумежжа (на прыкладзе Ракава) // Куфэрак Віленшчыны. 2000. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСО́НЫ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Расонскага р-на Віцебскай вобл., на беразе воз. Расона. За 170 км ад Віцебска, 45 км ад чыг. ст. Дрэтунь на лініі Полацк — Невель. Аўтадарогамі злучаны з Полацкам, Верхнядзвінскам, Невелем. 5,4 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1552 як вёска Расоны («7 дымоў») у складзе Полацкага ваяв.ВКЛ. Уласнасць Ф.І.Корсака. З 1772 у Рас. імперыі ў Полацкай, з 1796 Беларускай, з 1802 Віцебскай губ. У 1877 у вёсцы 12 дымоў. Працавалі прыватныя агульнаадук. вучылішчы (з 1866 жаночае, з 1869 мужчынскае), 2 царквы, карчма. У 1905 у Вазнясенскай вол. Полацкага пав У 1924 у Р. 135 ж., 26 двароў. У 1924—62 і з 1965 цэнтр Расонскага раёна, у 1924—30 і 1935—37 у Полацкай акрузе, з 1938 у Віцебскай вобл. 15.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Р. і раёне загубілі 3750 чал.; дзейнічала Расонскае патрыятычнае падполле; 19.9.1942 партызаны разграмілі ў Р. варожы гарнізон (гл.Расонскі бой 1942); цэнтр Расонска-Асвейскай партызанскай зоны. Вызвалены 12.7.1944 часцямі 2-га Прыбалт. фронту ў ходзе Рэчыцка-Дзвінскай аперацыі 1944. У 1944—54 у Полацкай вобл. З 14.7.1958 гар. пасёлак, у 1962—65 у Полацкім р-не.
Працуюць малочны і сценавых матэрыялаў з-ды, прамкамбінат, лясгас, райаграпрамтэхніка, камбінатбыт. паслуг; сярэдняя школа, 4 дашкольныя ўстановы, Дом школьніка, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, 2 паліклінікі. Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан. Магіла ахвяр фашызму, мемар. комплекс у гонар сав. воінаў і партызан, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі: на месцах знішчэння сав. людзей у 1941—42 і расстрэлу падпольшчыкаў; партызанам; у гонар партызанскіх брыгад; вызвалення раёна ад ням.-фаш. захопнікаў. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.), Расонская сядзіба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАЯ АРХІТЭКТУ́РА,
праектаванне і буд-вапрамысл. прадпрыемстваў і вытв. збудаванняў. Сродкамі П.а. ствараецца матэрыяльна і эстэтычна арганізаванае асяроддзе, неабходнае для ажыццяўлення чалавекам вытв. працэсу. Пры праектаванні аб’ектаў. П.а. ўлічваюцца рацыянальнае размяшчэнне прадпрыемстваў у сістэме горада, арх.-планіровачная арг-цыя і забудова саміх прадпрыемстваў і комплексаў, арг-цыякульт.-быт. абслугоўвання і камфортных умоў працы ў сферы вытв-сці, добраўпарадкаванне тэрыторый, а таксама эфектыўнасць капіталаўкладанняў.
Станаўленне і развіццё П.а. звязана з развіццём прамысл. вытв-сці і нар. гаспадаркі на ўсіх гіст. этапах. Да 18 ст.вытв. працэс быў засн на ручной працы, вытв. пабудовы не вылучаліся ў самаст. тып будынкаў. У эпоху прамысловага перавароту (з 1760-х г). калі вытв. працэс быў звязаны з выкарыстаннем машыннай тэхнікі, узнікла неабходнасць у буйных памяшканнях для машын, абсталявання, рабочых. Першыя прамысл. будынкі былі прамавугольныя ў плане, з нясучымі цаглянымі ці каменнымі сценамі і драўлянымі перакрыццямі (ф-кі ў Вялікабрытаніі). Пераважалі утылітарныя вырашэнні: падоўжаныя масіўныя сцены, якія часам чляніліся пілястрамі, упрыгожваліся паясамі фігурнай муроўкі. Выкарыстанне ў канцы 18—19 ст. каркасных канструкцый з металу і жалезабетону паспрыяла стварэнню вытв. будынкаў з рацыянальнай планіроўкай унутр. аблегчанымі сценамі, павелічэнню колькасці паверхаў і памераў светлавых праёмаў, што істотна змяніла вонкавае аблічча вытв. будынкаў. У П.а. пач. 20 ст. пашыраліся новыя канстр. сістэмы, якія давалі магчымасць перакрываць без апор вял. пралёты, выкарыстоўваліся новыя буд. і аддзелачныя матэрыялы. Лепшыя аб’екты П.а. (напр., турбінная ф-ка фірмы «АЭГ» у Берліне, 1909—12, арх. П.Берэнс, ф-ка «Фагус» у г. Альфельд, Германія, 1911—16, арх. В.Гропіус) з выразным рытмам калон, каркаснымі канструкцыямі, вялікапралётнымі перакрыццямі, новымі прыёмамі члянення вял. паверхняў сцен палосамі зашклення ў метал. пераплётах істотна паўплывалі на архітэктуру 20 ст. Сучасныя прамысл. будынкі і збудаванні вылучаюцца буйным маштабам, аб’ёмна-планіровачным вырашэннем і сілуэтам, становяцца важным арх. акцэнтам у гар. забудове.
На Беларусі з 9 ст. вядомы выраб прадметаў з дрэва, каменю, гліны, жалеза і інш., заснаваны на ручной працы. Першымі т.зв.вытв. збудаваннямі былі дамы-майстэрні: драўляныя пабудовы ў традыцыях нар. дойлідства, якія ўключалі жылую, вытв. і гасп. часткі (у Полацку, Віцебску, Магілёве, Гродне і інш.). Развіццё П.а. звязана з паяўленнем у 1-й пал. 18 ст. мануфактур (шкляныя ў Налібаках Стаўбцоўскага і Урэччы Любанскага р-наў, шаўковых паясоў у Слуцку, суконная ў Нясвіжы; усе Мінская вобл.). У 2-й пал. 18 ст. драўляныя 1-павярховыя будынкі мануфактур пастаўлены ў Гродне, Паставах і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст., калі ў П.а. пачалі выкарыстоўвацца новыя буд. матэрыялы (чыгун, пракатнае жалеза, бетон, жалезабетон), пабудаваны шэраг прадпрыемстваў (пераважна на берагах рэк або побач з чыгункай), у т. л.Добрушская папяровая фабрыка, Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна», суконная ф-ка ў в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. і інш. У пач. 20 ст. рэканструяваны старыя (папяровая ф-ка «Папірус» і хрусталёвы з-д у Барысаве, шклозавод «Старава» ў Бабруйскім пав.) і пабудаваны новыя прадпрыемствы. Пошук новых арх. форм вёўся ў кірунку стварэння арх. вобраза лаканічнымі і простымі маст. сродкамі, абапіраючыся на традыцыі. Адна з першых прамысл. пабудоў — станкабуд. з-д «Энергія» (1920) у Мінску. 1930-я г. адметныя буд-вам новых прадпрыемстваў і тэхнал. пераабсталяваннем старых. Больш шырокае ўжыванне металу і жалезабетону дазволіла якасна змяніць формы і арх. аблічча прамысл. будынкаў. Шматпралётныя карпусы з адносна вял. пралётамі, выразнай арх. кампазіцыяй і дакладнай арг-цыяй унутр. прасторы, з выяўленнем функцыян. і канстр. зместу будавалі без лішніх дэкар. дэталей у афармленні фасадаў (ф-кі панчошна-трыкат. імя КІМ у Віцебску, штучнага валакна ў Магілёве, кандытарская «Камунарка» ў Мінску, з-д «Гомсельмаш» у Гомелі). Пасляваен. аднаўленне і рэканструкцыя вяліся паралельна з увядзеннем новых будынкаў, абсталяваных новай тэхнікай. Пабудаваны аўтамаб. і трактарны заводы-гіганты ў Мінску, буйныя прадпрыемствы радыётэхн., прыладабуд., паліграф. прам-сці. Прамысл. аб’екты ўключаліся ў асн. горадабуд. вузлы і структуру старых і новых гарадоў, дапаўнялі і ўзмацнялі арх.-вытв. кампазіцыю гар. забудовы. У 1950-я г. паляпшалася аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне вытв. будынкаў, узведзены першы на Беларусі паўназборны шматпавярховы вытв. будынак — гал. корпус Мінскага гадзіннікавага завода. У кампазіцыі выкарыстоўваліся элементы класічнай спадчыны (Мінскі паліграфічны камбінат, з-д электронных выліч. машын у Мінску). Пашырыліся блакіроўка прамысл. будынкаў, уніфікацыя і тыпізацыя іх канструкцый, стварэнне карпусоў пад адным дахам (дывановы камбінат, з-ды электрамех. і электралямпавы ў Брэсце, комплекс харч. прадпрыемстваў у раёне Дражні ў Мінску). У 1960—70-я г. пабудаваны буйныя аб’екты вытв. аб’яднанняў «Палімір» у Наваполацку, «Хімвалакно» ў Магілёве, «Азот» у Гродне, «Беларуськалій» у Салігорску, «Гідрааўтаматыка» ў Гомелі і інш. На базе існуючых прадпрыемстваў створаны сучасныя вытв. комплексы з макс. блакіроўкай і кааперацыяй службаў і камунікацый, з эфектыўным выкарыстаннем тэрыторый, неабходнымі эстэт. і сан.-гігіенічнымі ўмовамі. Вял. перавагу мела аб’яднанне дробных прадпрыемстваў у камбінаты, замена старых 1-павярховых пабудоў сучаснымі шматпавярховымі будынкамі са свабоднай унутр. прасторай, што давала магчымасць мадэрнізаваць тэхнал. працэс, ствараць выразныя планіровачныя структуры і арх. прадстаўнічасць. Ствараюцца аб’яднаныя прамысл. комплексы — прамысл. вузлы, упарадкоўваюцца існуючыя прамысл. раёны. У павышэнні эстэт. і арх. выразнасці будынкаў і збудаванняў важнае месца належыць маст. выяўленню ўласцівасцей матэрыялаў і канструкцый, сістэме чляненняў сцен фасадаў, фактуры і колеру канстр. і аддзелачных матэрыялаў, колераваму вырашэнню інтэр’ераў. У арх.-кампазіцыйным вырашэнні выкарыстоўваецца прыём кантрасту падоўжаных 1-павярховых аб’ёмаў і шматпавярховых кампазіцыйных дамінантаў інж.-лабараторных карпусоў (Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік», Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Мінскі завод халадзільнікаў, Мінскі тонкасуконны камбінат і інш.). Новыя прамысл. будынкі гарманічна ўключаюцца ў прыродны ландшафт. Вядучая арг-цыя па праектаванні прамысл.буд-ва на Беларусі — ін-т«Белпрампраект» (засн. ў 1949). Значны ўклад у П.а. зрабілі архітэктары С.Баткоўскі, Э.Бацян, І.Боўт, У.Караль, С.Корчык, У.Некрашэвіч, Н.Шпігельман і інш.
Літ.:
Ким Н.Н. Промышленная архитектура. 2 изд. М., 1988;
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986.
І.І.Боўт.
Да арт.Прамысловая архітэктура. Будынкі суконнай фабрыкі ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна Брэсцкай вобл. З малюнка Н.Орды. 19 ст.Да арт.Прамысловая архітэктура. Будынак гадзіннікавага завода ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКІ РАЁН.
На ПдУ Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1 тыс.км². Нас. 18,6 тыс.чал. (1998), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Лоеў. Уключае 80 сельскіх нас. пунктаў, 9 сельсаветаў: Бывалькаўскі, Карпаўскі, Каўпенскі, Малінаўскі, Пярэдзелкаўскі, Ручаёўскі, Страдубскі, Сяўкоўскі, Уборкаўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, знаходзіцца ў зоне пастаяннага радыяцыйнага кантролю.
Тэр. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня плоская, 90% яе на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 148,5 м (за 4 км на ПдЗ ад в. Бывалькі). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, вохра і вохрыстыя гліны, гліны тугаплаўкія, гліны і суглінкі легкаплаўкія, буд. і шкловыя пяскі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C., ліп. 19 °C. Ападкаў 571 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб. рака Дняпро з прытокамі Сож, Брагінка, Песачанка. На р. Брагінка Дняпроўска-Брагінскае вадасховішча. Невял. азёры ў даліне р. Дняпро. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (42,7%), дзярнова-падзолістыя (25,3%), поймавыя (алювіяльныя, 13%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8%). Пад лесам 33,6% тэрыторыі, з іх 62,4 % штучныя насаджэнні. Найб. плошчы лясных масіваў на ПдЗ, у міжрэччы рэк Дняпро і Сож. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і дубовыя. Пад балотамі 2,8% тэрыторыі. Помнікі прыроды: рэсп. значэння Лоеўскае геалагічнае агаленне, мясц. — дубровы Міхалёўка, Свіраж, Вербуж і Суткоўскі парк.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 50,3 тыс.га, з іх асушаных 17,4 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 6 калгасаў, 6 саўгасаў, 12 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна- і конегадоўля. Вырошчваюць збожжавыя культуры, кармавыя травы, бульбу. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў і харч. прам-сці. Райцэнтр звязаны аўтадарогамі з Рэчыцай і Брагінам; суднаходства па рэках Дняпро і Сож. У раёне 9 сярэдніх, 6 базавых, 2 пач., 2 муз. школы, вучэбна-вытв.камбінат, Лоеўскае пед. вучылішча, 14 дашкольных устаноў, 27 дамоў культуры і клубаў, 30 б-к, 5 бальніц, 18 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом (19 ст.) у в. Пярэдзелка. Выдаецца газ. «Серп і молат».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛ,
горад, цэнтр Мядзельскага р-на Мінскай вобл., паміж азёрамі Мястра і Баторын. За 160 км ад Мінска, 35 км ад чыг. ст. Княгінін на лініі Маладзечна—Полацк, на аўтадарозе Мінск—Нарач. 7,7 тыс.ж. (1998).
Паводле археал. даследаванняў у 11 ст. памежны горад Полацкай зямлі. Да 20 ст. падзяляўся на Стары і Новы М. Стары М. упамінаецца ў 1454 з нагоды буд-ва тут касцёла; уладанне Саковічаў, Радзівілаў, Францкевічаў, Райскіх, Грабоўскіх, Кошчыцаў, Дваржэцкіх, Козел-Паклеўскіх. У 1500 у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03 разбураны і разрабаваны. З 1736 мястэчка Віленскага ваяв. У 1754 пабудаваны касцёл і кляштар. У 1762 атрымаў магдэбургскае права. З 1793 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1886—254 ж., царква, яўр. малітоўны дом, царк.-прыходская школа, бровар, піваварня, карчма. Новы М. вядомы з 1463. У 1519 у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1512—22 разбураны. Драўляным мостам злучаўся з каралеўскім замкам на востраве воз. Мястра (гл.Мядзельскі замак). З 1588 уладанне Сапегаў, Бжастоўскага, М.Аскеркі, Ф.Праўскага. У сярэдзіне — 2-й пал. 16 ст. выраблялася Мядзельская кафля. З 1793 у Рас. імперыі, казённае мястэчка. У 1885—713 ж., 95 двароў, цэнтр воласці Вілейскага пав., царква, касцёл, сінагога, капліца, нар. вучылішча, 4 крамы, 4 заезныя корчмы, паштовая станцыя, фельчарскі пункт. З 1921 М. у Польшчы, цэнтр гміны Дунілавіцкага (з 1925 Пастаўскага) пав. Віленскага ваяв., 825 ж., 170 двароў, 2 касцёлы, царква, мячэць, гарбарня, аптэка, млын. З 1939 у БССР, з 1940 вёска, цэнтр Мядзельскага раёна Вілейскай вобл. і сельсавета. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 420 чал., 3079 вывезлі на работы ў Германію. Вызвалены 4.7.1944 у ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 1959 гар. пасёлак, з 1998 горад.
Працуюць хлебазавод, камбінаткаап. прам-сці, лясгас, майстэрня па рамонце быт. тэхнікі. Мядзельскі музей народнай славы. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры: Мядзельскі Станіславаўскі касцёл кармелітаў і плябанія (18 ст.). Помнікі археалогіі: гарадзішча і селішча, курганны могільнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЧ,
горад, цэнтр Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл., каля вытоку р. Свіслач (бас.р. Нёман); чыг. ст. Свіслач на лініі Ваўкавыск—Свіслач, знаходзіцца за 3 км ад гар. пасёлка. За 90 км на Пд ад Гродна. Аўтадарогамі злучана з гарадамі Гродна, Ваўкавыск, г.п. Поразава. 7,8 тыс.ж. (2001).
Упершыню ў пісьмовых крыніцах С. згадваецца ў канцы 15 — пач. 16 ст. як велікакняжацкая маёмасць. У сярэдзіне 16—19 ст. прыватная ўласнасць. Належала Заслаўскім (з 1542), Крышпінам (з пач. 17 ст.), Тышкевічам (2-я пал. 18 ст. — 1831). У 18 ст. граф В.Тышкевіч заклаў парк і ў ім пабудаваў палац. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, з 1801 цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. На мяжы 18—19 ст. дзейнічаў Свіслацкі тэатр Тышкевічаў. У 1-й пал. 19 ст. працавала папяровая мануфактура, пабудаваны гандл. рады. У 1804 Тышкевіч заснаваў Свіслацкую гімназію. У 1851 гімназія пераўтворана ў 5-класнае дваранскае вучылішча, якое скончыў К.Каліноўскі; з 1876 Свіслацкая настаўніцкая семінарыя. У 1833 у С. 1256 ж., 146 драўляных і 1 мураваны дом, 48 крам. У 1897—3099 ж., 526 дамоў (502 драўляныя, 24 мураваныя), 6 гарбарных, піваварнае, 2 медаварныя прадпрыемствы, сельская лячэбніца. У канцы 19 ст. штогод праводзіўся кірмаш. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З канца 1939 у Беластоцкай вобл.БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Свіслацкага раёна. У Вял. АЙЧ. вайну з чэрв. 1941 да 17.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 4859 чал. Дзейнічалі падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. З 20.9.1944 у складзе Гродзенскай вобл.
Працуюць харчкамбінат, камбінаткаап. прам-сці, з-д жалезабетонных вырабаў, сумеснае прадпрыемства «Свіда»; 2 сярэднія школы, 2 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, б-ка, бальніца, царква, касцёл, сінагога, мячэць, Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнікі: землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, К.Каліноўскаму, Р.Траўгуту. Помнікі архітэктуры — парк (18 ст.), будынак гімназіі (1802—03).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ВЫ,
горад, цэнтр Пастаўскага р-на Віцебскай вобл., на р. Мядзелка. Чыг. ст. на лініі Віцебск—Вільнюс (Літва); вузел аўтадарог на Браслаў, Глыбокае, Шаркаўшчыну, Мядзел, курортны пас. Нарач і інш. За 250 км ад Віцебска. 21,1 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1552 як прыватнае мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. Належалі магнатам Дэшпатам-Зяновічам. У 1628 у П. 66 двароў. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у П. засталося 5 двароў. У 2-й пал. 18 ст. П. перайшлі да надворнага падскарбія ВКЛ А.Тызенгаўза, па ініцыятыве якога тут пабудаваны ф-кі, ткацкія майстэрні, млын, гарбарня, арх. комплекс з жылых дамоў, гандл. радоў і палаца. З 1775 у П. адбываліся сесіі гродскага пав. суда. У 1780-я г. створана свецкая школа з сярэдняй ступенню навучання. У 1782—85 у П. дзейнічала тэатр. школа Тызенгаўза, пераведзеная з Гродна. З 1791 П. — горад, цэнтр Завілейскага пав. Віленскага ваяв. З 1793 у складзе Рас. імперыі, горад, да 1796 цэнтр павета, пасля мястэчка, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. 22.1.1796 П. атрымалі герб: у блакітным полі рыбацкая сетка, уверсе 3 залатыя рыбы, галовамі на дол. У 1-й пал. 19 ст. працавалі папяровая ф-ка (засн. ў 1728), сукнавальня, 2 млыны, штогод праводзіліся 7 кірмашоў; засн. арніталагічны музей і карцінная галерэя (у 1840 больш за. 60 палотнаў). Пасля пабудовы ў 1897 чыг. лініі Крулеўшчына—Пабрадзе (Літва) П. — станцыя, 2397 ж. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 П. ў складзе Польшчы, павятовы горад Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР, 3,4 тыс.ж. З 15.1.1940 цэнтр раёна ў Вілейскай вобл. У Вял.Айч. вайну з 6.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія знішчылі ў горадзе і раёне 3688 чал. Горад вызвалены 5.7.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту ў ходзе Шаўляйскай аперацыі 1944. З 20.9.1944 у Маладзечанскай, з 20.1.1960 у Віцебскай абл. 10,6 тыс.ж. у 1959, 15,1 тыс.ж. у 1970.
У 1552 пабудаваны драўляны касцёл Маці Божай (адноўлены ў 1760, не захаваўся). Паводле інвентара 1628 цэнтрам П. была гандл. плошча (стаялі касцёл з плябаніяй, карчма, 6 двароў гандляроў і рамеснікаў). Па-за межамі мястэчка існаваў сядзібны комплекс. Пасля 1640 на востраве (на ПнУ ад цэнтра), утвораным выгінам р. Мядзелкі і каналам, пабудаваны кляштар францысканцаў з касцёлам (не захаваліся). У 2-й пал. 18 ст. А.Тызенгаўз правёў карэнную рэканструкцыю мястэчка на падставе рэгулярнага плана. Яго цэнтрам стала гандл. плошча, у планіроўцы якой удзельнічаў італьян. архітэктар Дж.Сака. Пабудаваны палац, на У ад яго разбіты парк пейзажнага тыпу (гл.Пастаўскі палацава-паркавы комплекс), на рынку — ансамбль мураваных дамоў рамеснікаў, урача, аўстэрыя, гандл. рады і інш. (гл.Пастаўскі архітэктурны ансамбль). Ад плошчы адыходзілі ў радыяльных напрамках 4 вуліцы. Рэгулярныя кварталы на перыферыі мелі драўляную забудову, на З і Пд ад яе размяшчаліся гуменныя пляцы. У 19 ст. мураваныя дамы ўзводзілі пераважна ў цэнтр. частцы. У 2-й пал. 19 ст. пабудаваны Пастаўскі касцёл, Пастаўская Мікалаеўская царква, вадзяны млын. Рака ў межах горада ўтварае 2 вадаёмы, дзеліць яго на зах. і ўсх. раёны. У зах. раёне гістарычна склаўся адм. -грамадскі і культ. цэнтр з пл. Леніна (б. Гандлёвая), ад якой адыходзяць асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская, Савецкая, 17 Верасня, Чырвонаармейская. У паўн.-зах. частцы горада будуюць 2—3-павярховыя капітальныя жылыя дамы. Ва ўсх. раёне размешчана прамысл. зона. Зона адпачынку — азёры Задзеўскае і Пастаўскае, парк. Горад забудоўваецца паводле карэкціроўкі генплана 1994 (БелНДІПгорадабудаўніцтва), перавага аддаецца малапавярховай сядзібнай забудове, асн. напрамкі развіцця горада — паўд.-зах. і ўсходні.
Працуюць з-ды: «Беліт», навучальнага абсталявання, Пастаўскі кансервавы завод, малаказавод, хлебазавод, ільнозавод, сумеснае прадпрыемства «Імпульс», камбінат камунальных прадпрыемстваў, лясгас, камбінатбыт. абслугоўвання і інш. У горадзе ПТВ-165, 2 б-кі, Пастаўскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: вадзяны млын (2-я пал. 19 ст.), касцёл, царква. Каля П. паселішча эпохі позняга неаліту і ранняга бронз. веку (канец 3-га — пач. 2-га тыс. да н.э.).