КАПАТКЕ́ВІЧЫ,
гарадскі пасёлак ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Пціч. За 35 км ад Петрыкава, 18 км ад чыг. ст. Пціч на лініі Калінкавічы—Лунінец, аўтадарогамі злучаны з г.п. Акцябрскі і з аўтадарогай Калінкавічы—Пінск. 3,6 тыс. ж. (1998).
З сярэдзіны 16 ст. сяло ў Мінскім ваяв. ВКЛ, належала Яланскім. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мазырскага пав. У 1863 секвестраваны, з 1868 належалі ген. Цылаву. У 1886—368 ж., 58 двароў, правасл. і рымска-каталіцкая цэрквы, яўр. школа і малітоўны дом, млын, 3 крамы. У 1897—1768 ж. У 1924—31 і 1935—62 цэнтр Капаткевіцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў К. і раёне 2897 чал., 17.1.1942 адбыўся Капаткевіцкі бой 1942. У 1931—35 і з 1962 у Петрыкаўскім р-не. У 1972—2,6 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, малітоўны дом евангелістаў, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму, помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 8, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)