расхадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.

1. Адчуць сябе лепш, размяўшыся ў хадзе, рухах. А расхадзіцца ўсё ж [Коля] не можа: млеюць ногі, водзіць у бакі шумлівая галава... Якімовіч. Устала, каб расхадзіцца, і адчула яшчэ вастрэйшы боль. Пальчэўскі.

2. Уцягнуцца ў хаду, перастаць адчуваць ад яе стомленасць.

3. Пачаць хадзіць многа, сюды-туды. Было чуваць, як расхадзілася.. [цётка Ганна] на двары, усё клі[чучы]: — Сымон, Сымон! Лынькоў.

4. перан. Дайсці да крайняй ступені ў праяўленні чаго‑н., у якіх‑н. дзеяннях. Неўзабаве Вольчына чарада — асабліва [хлопчыкі] — расхадзіліся так, што скакалі і на печы і на палацях, і пад палацямі лазілі. Мележ. — Нешта ты расхадзіўся Можа, лепей было б, каб памаўчаў? Галавач. // Пачаць моцна праяўляцца (пра якія‑н. недамаганне. У .. [Ганны Граноўскай] да таго расхадзіліся нервы, што часта ўздрыгвалі вейкі. Гурскі. // Разбушавацца (пра з’явы прыроды). Вецер усё мацнеў, нарэшце расхадзілася шалёная завіруха. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здра́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каму-чаму.

1. Перайсці на бок ворага; прадаць (у 2 знач.). Народ цябе, як брата, прыме, Калі Радзіму ты любіў, Калі не здрадзіў ты Радзіме. Буйло. Саша ўзненавідзела свайго брата, калі ёй здалося, што той здрадзіў і прадаўся фашыстам. Кучар.

2. Парушыць вернасць каму‑, чаму‑н. Як лёгка ісці, калі наперадзе крочыць чалавек, якому ты верыш ва ўсім, які ніколі не здрадзіць. Савіцкі. Так упершыню ў той дзень Адам здрадзіў кухару і стаў вучнем барадатага шаўца. Нядзведскі. // Парушыць сямейную вернасць, вернасць у каханні. Я хачу не згубы, Толькі крыху радасці Ды каб тая, любая, Да пары не здрадзіла!.. Лявонны.

3. перан. Перастаць дзейнічаць, праяўляцца, служыць каму‑н. Платон анямеў; ногі здрадзілі, і ён ухапіўся аберуч за край мучной скрыні. Ракітны. // Рэзка змяніцца (пра псіхічны стан чалавека). Спакой здрадзіў жанчыне: яна амаль скочыла да стала, схапіла таямнічы канверт, дрыжачымі рукамі выхапіла з яго, як з агню, пісьмо. Шамякін.

•••

Здрадзіць сабе — зрабіць што‑н. насуперак сваім перакананням.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таі́цца, таюся, тоішся, тоіцца; незак.

1. Скрываць што‑н. ад іншых, не расказваючы, не выказваючы што‑н.; праяўляць скрытнасць. За час свайго замужжа Ганна прывыкла таіцца, хаваць у душы і пакутны боль, і тугу, і надзеі. Мележ. Вера кінула таіцца перад Надзяй сваёй службай, расказвала ёй аб парадках у камендатуры. Лынькоў. З нашага дзесятага класа болей ніхто не быў закаханы, і мы з трывогай глядзелі на гэтых двух [Славу і Вераніку], якія так упарта таіліся адзін ад другога. Навуменка. І от пасля першай гэтай гаворкі.., у якой, што тут таіцца, была пэўная доза с[е]нтыментальнасці, сяброўкі пачалі набываць кожная свой звыклы выгляд. Чорны.

2. Хавацца, скрывацца. [Бацька] таіўся да гэтага часу, цураўся сваёй сям’і... Дамашэвіч. За кожнай кудлатай елкай, магчыма, тоіцца вораг. Жычка.

3. Існаваць у скрытым выглядзе; не праяўляцца яўна. На гэтых прасторах вады, пад цёмнаю навіссю панурых лясоў таяцца грозныя замыслы паўстаўшага сялянства. Колас. І не ведаў ніхто, што ў вачах гэтых бура тоіцца, Што ўвесь ён [Саша] напоен нянавісцю спаленых сёл. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пока́зываться

1. в разн. знач. пака́звацца;

пока́зываться на у́лице пака́звацца на ву́ліцы;

в волоса́х пока́зывается про́седь у валаса́х пака́зваецца сівізна́;

вот и лес пока́зывается из-за приго́рка вось і лес пака́зваецца з-за паго́рка;

2. (видеться, чудиться) здава́цца;

ему́ всю ночь пока́зывался тот челове́к яму́ ўсю ноч здава́ўся той чалаве́к; см. показа́ться;

3. страд. пака́звацца; праяўля́цца, выка́звацца, выяўля́цца; све́дчыцца; см. пока́зывать;

не пока́зываться на глаза́ не пака́звацца на во́чы.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

зні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. знік, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць існаваць, быць у наяўнасці. Страх знік. Туман знік. □ Млявасць знікла, галава не кружылася, ногі не падгіналіся. Якімовіч. Зніклі завірухі, К нам вясна прыйшла. Журба. // Згубіцца, падзецца невядома куды. Толькі дзіўная праява — Сніцца Пецю сон цікавы. Трэба ў школу, а тут зніклі Зноўку дзесьці чаравікі. Кляўко. // Перастаць выяўляцца, праяўляцца. У вачах зніклі іскры гарэзнасці, не чуваць вясёлага смеху. Алешка.

2. Схавацца з віду, з поля зроку; стаць нябачным. Зніклі ў хвалях жыта вузкія сцяжынкі, Каласы набраклі бурштыновым сокам. Панчанка. Двое невядомых ужо зніклі ў цемры, а Федзя ўсё стаяў і стаяў ля вугла царквы, баючыся крануцца з месца. Ваданосаў. // Непрыкметна ці хутка пакінуць якое‑н. месца. Драгун з мястэчка знік. Нават сям’ю вывез. Навуменка.

3. Перастаць з’яўляцца дзе‑н. на працягу доўгага часу. — Яму абавязкова на нейкі час трэба знікнуць ад паліцэйскага вока. Гартны. Сам Яўхім знік і некалькі дзён не паказваўся ў Антося. Чарнышэвіч.

•••

Знікнуць з вачэй — перастаць быць у полі чыйго‑н. зроку, не паказвацца каму‑н. на вочы.

Знікнуць з гарызонта — перастаць з’яўляцца сярод якіх‑н. людзей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узня́цца, -німу́ся, -німешся, -німецца і уздыму́ся, узды́мешся, узды́мецца; -ня́ўся, -няла́ся, -ло́ся; -німі́ся і уздымі́ся; зак.

1. Перамясціцца ўверх ці прыняць больш высокае становішча.

У. на гару.

У. на сцэну.

Рукі ўзняліся.

У. па службовай лесвіцы (перан.: дасягнуць больш высокага грамадскага становішча).

2. Узвысіцца над кім-, чым-н.

Скалы ўзняліся над вадой.

У. над групавымі спрэчкамі (перан.: стаць вышэй каго-н.).

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца над гарызонтам (пра месяц, воблакі і пад.); распаўсюдзіцца над чым-н. (пра туман, дым і пад.).

Узняўся месяц.

Над катлом узнялася пара.

4. Тое, што і падняцца (у 2 знач.).

У. з ложка.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узляцець, падняцца ў паветра.

Качкі ўзняліся ў паветра.

Самалёт узняўся ў неба.

6. перан., на што. Пачаць актыўныя дзеянні.

Народ узняўся на барацьбу з ворагам.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узнікнуць, пачаць праяўляцца ў дзеянні.

Узнялася паніка.

Узняўся пратэст.

Узняўся вецер.

8. Павялічыцца ў росце; вырасці, стаць дарослым; уздуцца, успучыцца.

Узняліся травы.

Узняліся дзеці, пайшлі на свой хлеб.

Узнялася шчака.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Стаць больш высокім, павялічыцца; дасягнуць вышэйшага ўзроўню развіцця.

Узняліся цэны.

Узнялася тэмпература.

Узняўся настрой (стаў больш бадзёрым, палепшыўся).

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наладзіцца, палепшыцца, развіцца.

Узнялася гаспадарка.

11. перан. Раззлавацца, страціць раўнавагу. —

Што вы робіце! — узняўся на дзяцей бацька.

|| незак. узніма́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца і уздыма́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз. узды́м, -у, м. (да 1—7, 9, 10 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прыглушы́ць, ‑глушу, ‑глушыш, ‑глушыць; зак.

1. каго-што. Зрабіць менш чутным, гучным. У адну секунду Алёшка быў на волі і бег, запыхаўшыся, .. паўз тратуар, каб мяккай зямлёй прыглушыць цяжкія ўдары ног. Лынькоў. Той майскі дождж — колькі ён ратаваў добрых людзей! Прыглушыў шум крокаў, змыў сляды. Шамякін. // Паслабіць або спыніць дзейнасць чаго‑н. Непрыкметна падкаціўшы .. [«Кацюшу»], артылерысты ва ўпор прыглушылі нахабніка [бранявік]. Брыль. Добры мой шафёр, Я прашу ад сэрца, Прыглушы матор, Хай ён так не рвецца. Пушча. Ад’ехаўшы крыху, Бронік прыглушыў радыёпрыёмнік, цішэй зрабіў музыку і спытаў цераз плячо: — Далёка крочым, дзеду? Ракітны.

2. перан.; што. Прымусіць аслабнуць, зменшыцца; стрымаць (пачуццё, адчуванне). Чытаў суткамі, нібы хацеў прыглушыць каханне да сваёй Валі, якое, я ведаў цяпер добра, жыло ва мне. Гаўрылкін. І мы чакалі, злавалі і лаялі сябра, каб хоць крыху прыглушыць голад. Асіпенка.

3. перан.; каго-што. Разм. Не даць магчымасці праяўляцца, развівацца каму‑, чаму‑н. Прыглушыць ініцыятыву. □ Новы рытм семінарскага жыцця прыглушыла нямецкая акупацыя. С. Александровіч.

4. каго. Выклікаць страту прытомнасці (ударам, паветранай хваляй і пад.). Мужчыны, вартаўнікі, прыглушылі .. [зачумленага] дручкамі і закапалі амаль жывога. Брыль. // Забіць, знішчыць каго‑, што‑н. Надвячоркам нехта прыглушыў двух немцаў. Адамчык. // перан. Выклікаць пасіўнасць, абыякавасць. Кандрат Назарэўскі бачыў, як прыглушылі падзеі малую сястру. Чорны.

5. што. Разм. Патушыць, пагасіць. Займаўся дзень, калі мы прыглушылі апошнія ўспышкі агню. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́цца, чуюся, чуешся, чуецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць чутным, устрымацца на слых. Ганна маўчала. А можа і гаварыла, ды вельмі ціха, не чуліся яе словы на адлегласці. Кулакоўскі. Госці азіралі вестыбюль, перагаварваліся, часам чуўся вясёлы малады смех. Арабей.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Успрымацца органамі пачуццяў; адчувацца. Снег быў мяккі і і зусім не чуўся пад нагамі. Паслядовіч. [Поплаў] быў такі забалочаны, што тут на дарозе чуўся адтуль пах гнілога карэння балотных раслін. Чорны. // перан. Праяўляцца, даваць сябе адчуць. Туга па радзіме, невыказны боль па яе лугах і рэках, барах і нябёсах выразна чуюцца ў такіх вершах [Броўкі], як «Маці», «Роднае». Бярозкін. [Голас] зусім не падобны быў на другі, мяккі і звонкі, хоць і ў ім таксама чулася засмучэнне. Васілевіч. // у знач. пабочн. Адчувацца, думацца. Быццам бы і слухала [Хадося] Міканораву гаворку, а сама — чулася — была далёкая ад гаворкі гэтай, абыякавая была. Мележ.

3. як або якім чынам. Адчуваць сябе, быць у пэўным стане. Затое ж, калі забярэцца Цімошка з кароўкамі ў лес, то ўжо там чуецца ён вольна. Колас. І з кожным годам.. [Ганна Макараўна] чулася ўсё больш і больш адзінокай. Марціновіч. / у безас. ужыв. Лёгка чулася нам, — ці мы ў лузе граблі, Ці калгасныя з ёй вартавалі палі. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маўча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Нічога не гаварыць, не падаваць голасу. Васіль маўчаў, не абзываўся ніводным словам. Лынькоў. Косцік і Шурка ласа елі .. і маўчалі, быццам гутарка іх не датычыла. Брыль. // перан. Не парушаць цішыні, спакою якімі‑н. гукамі. Гарадок прытоена маўчаў. Ні пражэктара, ні стрэлу. Лынькоў. У адным з вагонаў рыпнуў гармонік. Зараз жа да вагона падбег нейкі старшы і загадаў маўчаць. Чорны. Спіць і лес ва ўсім адзенні І маўчаць лугі, дубровы. Колас. // перан. Не дзейнічаць, не працаваць. Матор маўчаў, піла цыркуляркі не круцілася. Гамолка. Бягуць к тэлефону — дарма. Маўчыць тэлефон. Колас.

2. Захоўваць што‑н. у таямніцы, не расказваць аб чым‑н. Кравец рабіў так, як і сказаў яму Несцяровіч, — маўчаў. Чорны. Аб гэтай справе лепш маўчаць, каб не станавіцца ў нязручную і смешную позу. Лынькоў.

3. перан. Не даваць знаць пра сябе; не праяўляцца. [Вера:] Трэба знайсці вінаватага. [Чарнавус:] А ён, падлюга, хітры, — маўчыць і не адгукаецца. Крапіва. // Не пісаць пісем, не адказваць на пісьмы. [Нахлябіч] яшчэ раз пісаў, а .. [сын] усё маўчаў. Чорны.

4. Не выказваць адкрыта сваіх думак, намераў. Нельга маўчаць аб недахопах. □ Пятроў схамянуўся: яму раптам здалося, што далей ён можа як-небудзь зрабіць намёк на тое, аб чым лепш маўчаць. Брыль. // перан. Зносіць што‑н., не скардзячыся, не пратэстуючы. Я маўчу, маўчу, трываю, Але скора загукаю: «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!» Колас.

•••

Пра гэта гісторыя маўчыць гл. гісторыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гусці́, гуду, гудзеш, гудзе; гудзём, гудзяце, гудуць; пр. гуў, гула, ‑ло; заг. гудзі; незак.

1. Утвараць роўны, густы, працяжны гук, гул. Усю ноч гула за вёскай малатарня. Брыль. Маторы гулі роўна, манатонна, штурмуючы тоўшчу воблакаў. Новікаў. // Завываць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Не змаўкаючы, гула завіруха. Мележ. Часам вецер наганяў хмары, і тады гула мяцеліца. Арабей. // Звінець крыламі (пра пчалу, чмяля і пад.). Гудуць, бзыкаюць, перавальваючыся з гронкі на гронку грэчкавага цвету, пчолы. Ермаловіч. // безас. Пра адчуванне шуму, гулу. Галава хілілася да стала, нібы налітая свінцом. У вушах цяжка гуло. Лынькоў. // Поўніцца мноствам галасоў. Школа, паўнютка набітая людзьмі, гула, як пчольнік. Сабаленка. А клуб аж гудзе, — у ім столькі людзей, Спраўляе свой слаўны Ігнат юбілей. Хведаровіч. // Манатонна гаварыць, расказваць. [Салдат] гуў сабе пад нос павольна, з одумам, слова за словам. Чорны. // Крыкам, галасамі выказваць не задавальненне (пра ўсіх, многіх). Мікуцічане гудуць. Выплываюць розныя крыўды, непаразуменні, успамінаюцца старыя прарэхі сялянскага жыцця, аб грэблі перастаюць зусім гаварыць. Колас. // перан. Пашырацца, распаўсюджвацца. Вялікая, радасная вестка гула, перакатвалася. М. Ткачоў. // перан. Бурна працякаць, інтэнсіўна праяўляцца. Работа ў калгасе кіпіць і гудзе. // перан. Хутка, спорна расці. Гудзе, буяе ў садзе квецень У звонкім ззянні кропель-рос. Кляўко.

2. Утвараць працяжны, рэзкі гук (пра сігнал, гудок). Гудзе завадскі гудок. □ Гулі паравозы, вішчалі тармазы, ляпалі прылады аўтасчэпкі. Васілёнак.

3. Разм. Бесперапынна ныць, ламаць (пра болі ў касцях, у целе). Рука ў лубках гудзе надаедлівым болем. Брыль. Скроні гулі і балелі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)