прыглушыць, ‑глушу, ‑глушыш, ‑глушыць; зак.

1. каго-што. Зрабіць менш чутным, гучным. У адну секунду Алёшка быў на волі і бег, запыхаўшыся, .. паўз тратуар, каб мяккай зямлёй прыглушыць цяжкія ўдары ног. Лынькоў. Той майскі дождж — колькі ён ратаваў добрых людзей! Прыглушыў шум крокаў, змыў сляды. Шамякін. // Паслабіць або спыніць дзейнасць чаго‑н. Непрыкметна падкаціўшы .. [«Кацюшу»], артылерысты ва ўпор прыглушылі нахабніка [бранявік]. Брыль. Добры мой шафёр, Я прашу ад сэрца, Прыглушы матор, Хай ён так не рвецца. Пушча. Ад’ехаўшы крыху, Бронік прыглушыў радыёпрыёмнік, цішэй зрабіў музыку і спытаў цераз плячо: — Далёка крочым, дзеду? Ракітны.

2. перан.; што. Прымусіць аслабнуць, зменшыцца; стрымаць (пачуццё, адчуванне). Чытаў суткамі, нібы хацеў прыглушыць каханне да сваёй Валі, якое, я ведаў цяпер добра, жыло ва мне. Гаўрылкін. І мы чакалі, злавалі і лаялі сябра, каб хоць крыху прыглушыць голад. Асіпенка.

3. перан.; каго-што. Разм. Не даць магчымасці праяўляцца, развівацца каму‑, чаму‑н. Прыглушыць ініцыятыву. ▪ Новы рытм семінарскага жыцця прыглушыла нямецкая акупацыя. С. Александровіч.

4. каго. Выклікаць страту прытомнасці (ударам, паветранай хваляй і пад.). Мужчыны, вартаўнікі, прыглушылі .. [зачумленага] дручкамі і закапалі амаль жывога. Брыль. // Забіць, знішчыць каго‑, што‑н. Надвячоркам нехта прыглушыў двух немцаў. Адамчык. // перан. Выклікаць пасіўнасць, абыякавасць. Кандрат Назарэўскі бачыў, як прыглушылі падзеі малую сястру. Чорны.

5. што. Разм. Патушыць, пагасіць. Займаўся дзень, калі мы прыглушылі апошнія ўспышкі агню. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)