ГЛАБА́ЛЬНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ,

раздзел экалогіі, які вывучае агульнабіясферныя заканамернасці прыродных працэсаў і іх змены пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння. Інтэнсіўна развіваецца з сярэдзіны 20 ст., калі пачалі праяўляцца глабальныя экалагічныя праблемы. Разглядае іх на ўзроўні біясферы ў цэлым або дастасавальна да асобных яе падсістэм (гідрабіясферы, аэрабіясферы, глебы і інш.). Практычнае значэнне маюць даследаванні глабальнага забруджвання навакольнага асяроддзя, яго рэальных і патэнцыяльна магчымых наступстваў і ўплываў на стан розных экасістэм. На Беларусі асобныя аспекты глабальнай экалогіі рэалізуюцца праз абагульненне інфармацыі для сістэмы глабальнага маніторынгу (станцыі назіранняў у Бярэзінскім біясферным запаведніку).

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФЕКЦЫ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, паразітарныя хваробы раслін,

хваробы, якія выклікаюцца патагеннымі арганізмамі. Паводле характару ўзбуджальніка падзяляюцца на грыбныя, бактэрыяльныя, вірусныя, мікаплазмавыя, нематодныя хваробы (гл. адпаведныя арт.). Пры наяўнасці адпаведных умоў (пэўнай т-ры, вільготнасці паветра і глебы) інфекцыя можа перадавацца ад заражаных раслін да здаровых праз с.-г. прылады і інвентар, паветра, ваду і інш., а таксама жывёламі і чалавекам. Хваробы могуць праяўляцца ў выглядзе адзінкавых выпадкаў ці мець масавае пашырэнне. Меры барацьбы прафілактычныя — накіраваны на папярэджанне хвароб; селекцыйна-генет. — прадугледжваюць вывядзенне сартоў, устойлівых да захворванняў; знішчальныя (хім., фіз., мех., біял. і інш.).

т. 7, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСГАРМО́НІЯ сексуальная,

агульная назва розных расстройстваў сексуальных узаемаадносін паміж мужчынам і жанчынай (сексуальнымі партнёрамі). Можа праяўляцца ўласна сексуальнымі расстройствамі і парушэннем псіхал. сувязей паміж партнёрамі.

Прычынай з’яўляюцца нярэдка спалучэнне асобаснай і фізічнай неадпаведнасці мужчыны і жанчыны, індывід. адрозненні партнёраў у фіз. і культ. развіцці, асабліва сексуальных паводзін і псіхал. аблічча, наяўнасць у аднаго або абодвух партнёраў уяўных ці сапраўдных сексуальных расстройстваў і інш. Узмацняюць Д. паяўленне новых захапленняў, здрада, алкагольныя эксцэсы. Калі Д. чыста псіхал. характару (без сексуальных парушэнняў), найб. часта парушаюцца лібіда (палавая цяга), эрэкцыі (у мужчын), радзей развіваецца заўчаснае семявывяржэнне. Лячэнне Д. накіравана на ліквідацыю ўласна сексуальных расстройстваў, правядзенне псіхатэрапіі з партнёрамі.

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНАТЫПІ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ, генетычны фон,

комплекс генаў, якія ўплываюць на праяўленне ў фенатыпе (структурах і функцыях арганізма) канкрэтнага гена або генаў. Тэрмін «генатыпічнае асяроддзе» ўведзены С.С.Чацверыковым (1926). Разам з уяўленнем аб плеятрапіі адлюстроўвае сістэмнасць і адзінства генатыпа, існаванне розных, часта складаных узаемадзеянняў паміж генамі, якія ўваходзяць у яго склад. Рэальна генатыпічнае асяроддзе ўяўляе сабой увесь генатып (за выключэннем генаў, што аналізуюцца), кожны ген можа праяўляцца па-рознаму ў залежнасці ад таго, у якім, генатыпічнае асяроддзе ён знаходзіцца. Паняцце генатыпічнае асяроддзе ўжываецца пры аналізе эвалюцыйнага працэсу, тлумачэнні існавання т.зв. генаў-мадыфікатараў і палігенаў, у селекцыі, асабліва пры вывучэнні колькасных прыкмет, для эфектыўнага адбору на працягу многіх пакаленняў.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕАХО́ЎНЫЯ СРО́ДКІ,

радыепратэктары, прыродныя і сінтэтычныя злучэнні, якія памяншаюць шкоднае ўздзеянне іанізавальнага выпрамянення на арганізм чалавека або жывёлы. Выкарыстоўваюцца ў надзвычайных выпадках (радыяцыйныя аварыі, ядз. выбух) і для аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі анкалагічных хворых. Проціпрамянёвы эфект Р.с. можа праяўляцца ў выжыванні пасля апрамянення смяротнай дозай і інш.; ён звязаны са змяншэннем паступлення ў асобныя тканкі і ўзмацненнем выдалення радыенуклідаў, якія трапілі ў арганізм (напр., прэпараты стабільнага ёду для аховы шчытападобнай залозы ад радыеактыўнага ёду), звязваннем утвораных пры апрамяненні свабодных радыкалаў, перакісаў (цыстамін, гамафос і інш.), зніжэннем інтэнсіўнасці абмену рэчываў і інш. Р.с. з’яўляюцца таксама прадукты пчалярства (мёд, пропаліс і інш.), скурны пігмент меланін, вітаміны, адаптагены (прэпараты элеўтэракоку, жэньшэню і інш.).

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫМАРФІ́ЗМ (ад ды... + грэч. morphē форма),

наяўнасць у асобін аднаго віду жывёл ці раслін адной мясцовасці 2 формаў, якія адрозніваюцца морфафізіялагічнымі прыкметамі; разнавіднасць полімарфізму.

У жывёл найчасцей адзначаецца палавы Д., пры якім самцы і самкі адрозніваюцца паміж сабой памерамі, формай, афарбоўкай, паводзінамі (напр., адсутнасць рагоў у самак і наяўнасць іх у самцоў). Сезонны Д. абумоўлены зменамі тэмператур, пры якіх існуе арганізм (напр., бурая летняя і белая зімовая афарбоўка футра ў зайца-беляка). Можа праяўляцца і як прыватны выпадак чаргавання пакаленняў (у паразітычных чарвей, некат. насякомых) У раслін адрозніваюць Д., што праяўляецца ва ўсім вонкавым выглядзе або ў будове асобных органаў. Сезонны Д. у раслін — наяўнасць веснавой і асенняй формаў (напр., у братаўкі).

Да арт. Дымарфізм: жук-алень (1 — самка; 2 — самец).

т. 6, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕ́НЛІВАСЦЬ у біялогіі,

уласцівасць жывых арганізмаў існаваць у розных формах (варыянтах); адзін з найб. важных фактараў эвалюцыі. Можа праяўляцца ў асобных арганізмах, клетках у працэсе індывід. развіцця або ў межах групы арганізмаў у шэрагу пакаленняў пры размнажэнні. Па механізмах узнікнення і характары змянення прыкмет адрозніваюць некалькі тыпаў З. Спадчынная З. (генатыпічная) абумоўлена ўзнікненнем новых генатыпаў у выніку мутацый або перакамбінацыі алеляў, што прыводзіць да змянення фенатыпу; аснова селекцыі. Няспадчынная З. (мадыфікацыйная) — вынік змяненняў фенатыпу пад уздзеяннем умоў існавання арганізма, без змены генатыпу (гл. Мадыфікацыя, Фенакопія). Антагенетычная З., у т. л. ўзроставая — заканамерныя змяненні ў ходзе індывід. развіцця арганізма. Палавая З. звязана з адрозненнем асобін рознага полу. Індывідуальная З. (паліморфная) — наяўнасць індывід. адрозненняў арганізмаў аднаго віду незалежна ад узросту і полу. Міжпапуляцыйная З. звязана з асаблівасцямі генатыпу і фенатыпу розных папуляцый аднаго віду.

В.​В.​Грычык.

т. 7, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВІЛА АПЯРЭ́ДЖВАННЯ, правіла пастаянства месца пражывання,

заканамернасць, адпаведна якой паўн. вільгацелюбівыя расліны ў межах паўд. граніцы свайго арэала размяшчаюцца на паўн. схілах і на дне лагчын, а паўд. па меры руху на Пн пераходзяць на паўд. схілы, якія лепш праграваюцца. Вызначана рас. батанікам В.​В.​Алёхіным (1951).

Найб. праяўляецца П.а. на паўд. і паўн. межах лясной зоны. Напр., на паўд. схілах з сярэдняй тайгі далёка на Пн пранікаюць ельнікі-чарнічнікі і ельнікі-кіслічнікі. У Якуціі на паўн. схілах растуць холадатрывалыя лясы лістоўніцы даурскай, а паўд. схілы пакрыты хваёвымі лясамі. Адхіленні маюць адносны характар і звязаны з вуглом падзення сонечных праменяў. П.а. мае практ. значэнне для картаграфавання сучаснага і адноўленага расліннага покрыва, дазваляе прагназіраваць склад расліннасці на неабследаваных месцах і аднаўляць яе папярэдні склад там, дзе яна знішчана. П.а. можа праяўляцца і ў адносінах да жывёл.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕНДЫЦЫ́Т,

запаленне чэрвепадобнага адростка (апендыкса) сляпой кішкі ў чалавека. Хварэюць людзі ўсіх узростаў. Асноўнай прычынай апендыцыту лічаць пераход мікраарганізмаў, што пастаянна прысутнічаюць у адростку, у стан хваробатворных (напр., пры затрымцы ў сляпой кішцы і апендыксе калавых масаў), запаўненне апендыкса дробнымі глістамі, закупорка яго прасвету іншароднымі целамі ці камячкамі цвёрдага калу і парушэнне такім чынам яго апаражнення. Апендыцыт часам бывае пры парушэнні кровазвароту ў сценках апендыкса пры раздражненні нерв. сістэмы. Спрыяюць развіццю апендыцыту вяласць кішэчніка, сістэматычнае ўжыванне ў ежу вял. колькасці мясных прадуктаў, перагрузка стрававальна-кішачнага тракту бялкамі. Асн. прыкметы вострага апендыцыту — рэзкі або паступовы з хуткім нарастаннем боль унізе (справа) жывата, млявасць, ірвота, павышэнне т-ры (не заўсёды) да 37,5—38,5 °C. Небяспечны амярцвеннем адростка (гангрэнозны апендыцыт), расплаўленнем і прабадзеннем яго сценак (прабадны, або перфарацыйны, апендыцыт) з пераходам запалення на брушыну і развіццём цяжкага перытаніту. Неабходна неадкладнае хірург. выдаленне апендыкса. Хранічны апендыцыт можа праяўляцца пастаяннымі або перыядычнымі болямі ў вобласці сляпой кішкі, запорамі, млявасцю. Небяспечны пераходам у вострую форму. Рэкамендуецца хірург. лячэнне.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГАНТЫ́ЗМ [ад грэч. gigas (gigantos) гігант],

клінічны сіндром, абумоўлены вял. ростам ці выражаным павелічэннем асобных частак цела. Гігантамі лічаць мужчын, якія вышэй за 200 см, жанчын, што вышэй за 180 см (1—3 выпадкі на 1 тыс. чал.). Гігантызм як паталагічны стан узнікае з прычыны гіперпрадукцыі самататропнага гармону (гармон росту) ці павышанай адчувальнасці да яго рэцэптараў эпіфізарных храсткоў у дзіцячым і юнацкім узросце пры незакончаным акасцяненні шкілета. Прычыны гігантызму: пухліны гіпофіза, запаленчыя, траўматычныя і іншыя пашкоджанні гіпаталама-гіпафізарнай вобласці. Павелічэнне росту адбываецца пераважна ў 10—16-гадовым узросце, потым можа праяўляцца акрамегалія, павелічэнне ўнутр. органаў (спланхнамегалія). Пры гігантызме парушаецца абмен рэчываў, з’яўляюцца псіханеўралагічныя расстройствы (агульныя слабасць, стамляльнасць, зніжэнне памяці, мускульнай сілы, болі галавы і ў канечнасцях), у мужчын — затрымка развіцця палавых органаў і другасных палавых прыкмет, у жанчын — першасная аменарэя ці спыненне менструальнага цыкла, бясплоднасць. Пры частковым (парцыяльным) гігантызме адбываецца рэзкае павелічэнне асобных частак ці палавіны цела (трапляецца рэдка). Лячэнне: прамене- і гармонатэрапія, хірургічнае.

Г.​Г.​Шанько.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)