Кавярзе́нь1 (звыч. у мн. л. кавярзні) ’лапаць’ (Бяльк., БРС, Касп., Мат. Маг.; віц., Нар. сл.; ТСБМ), кавярзеньчык ’лапатак’ (Бяльк., Яруш.). Рус. дыял. каверзни, коверзни (коверзень) ’летнія лапці, лапці з трыснягу; стаптаныя лапці; вяровачныя, падплеценыя вяроўкай і да т. п/; пск., наўг., цвяр. — адзіны арэал з бел. Аб старажытнасці ўтварэння меркаваць цяжка, паколькі назва магла быць вузкалакальнай, пашыраючыся з часам у выніку экспансіі рэаліі. Паводле Вахраса (Наим. об., 78), больш старажытнай формай неабходна лічыць рус. верзень, вьрзьнь. Здаецца, што кавярзень, кавярзні неабходна выводзіць ад кавярзаць ’плесці лапці’, якое з коверзати ’тс’, вытворнага ад верзати ’плесці і да т. п.’; словы гэтыя, відаць, ужываліся паралельна. Што датычыць фанетыкі (ко‑ і ка‑ як у дзеясловах, так і ў назоўніках), то гэтыя факты неабходна тлумачыць або ўздзеяннем акаючых гаворак (Вахрас, там жа, 78), або тым, што словы былі ўтвораны па розных мадэлях. Адносна меркавання Малчанавай, Маг. культ., 177, што падобны тып лапцей і тэрмін прыйшлі да беларусаў ад рускіх старавераў, якіх многа пражывала ў Віцебскай губерні, можна адзначыць, што кавярзень ’лапаць’ сустракаўся ў Смаленскіх інтэрмедыях XVII–XVIII стст., гл. Шакун, З дасл., 140, і што кавярзаць ’плесці, няўмела плесці і да т. п.’ вядомыя на больш шырокай тэрыторыі. Магчыма, пра спрадвечна славянскі характар разглядаемых слоў сведчыць і славен. kvŕga ’звіліна, нарасць’, серб.-харв. kvȑga ’нарасць’, якое Куркіна (Этимология–72, 79–80) параўноўвае з рус. каверза і пад. Параўн. яшчэ серб.-харв. kavr̀gati ’неаднолькава і няроўна прасці’, якое і Пятлёва (Дыс., 28) прапануе разглядаць як ка‑вргати. Звяргае на сябе ўвагу серб.-харв. kávrga ’назва невялікага чалавека’ і асабліва ’посуд з ліпавай кары для крыніцы’.

*Кавярзе́нь2, къвярзе́нь ’зусім няўмелы і неахайны’ (З нар. сл.). Паходзіць ад кавярзаць з адпаведным значэннем; структурна тоесным з’яўляецца каверзень ’аб дрэнным, каверзным чалавеку’ (смал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́сці ’накіроўваць рух каго- або чаго-небудзь’; ’будуючы, пракладваць у пэўным парадку’; ’мець пэўны напрамак’; ’хіліць на што-небудзь, адольваць’; ’хіліць убок ад хваробы, ап’янення’ (КТС, БРС, Касп.); ’цягнуць’ (БРС); ’валаводзіць’, весьці брэдню ’трызніць’ (Касп.), вясьці злосьць ’доўгі час злавацца, гневацца, помсціцца’ (КЭС, лаг.), навагр. весьці дзіця ’нарадзіць дзіцё’ (Кл., КТС). Ужываецца таксама з прэфіксамі: аб‑, вы‑, да‑, з‑, на-, пера-, пры‑, раз-, у‑ і інш. у розных значэннях. Сюды ж весціся ’адбывацца, ажыццяўляцца, праводзіцца’; ’жыць, пладзіцца’; ’быць звычаем, падтрымлівацца’; ’цягнуцца кім- або чым-небудзь’ (КТС, БРС); ’цягнуцца патроху’; ’шанцаваць у жыцці’ (КЭС). Прасл.: укр. вести ’весці; спяваць, цягнуць голасам; размаўляць; прасці, выводзіць нітку; камандаваць, распараджацца’, вестися ’весціся’, рус. вести ’весці, суправаджаць, памагаць ісці; рабіць, здзяйсняць; кіраваць, быць загадчыкам’, арханг. ’дзьмуць, пранікаць усюды (аб ветры)’, валаг. ’раставаць (аб снезе); уздымацца (аб цесце)’, арханг. вести свадьбу ’спраўляць вяселле’, польск. wieść ’весці, быць на чале; быць уваходам куды-небудзь’, wieść się ’шанцаваць, паходзіць’, каш. vjesc, в.-луж. wjesć ’весці’, wjésć so ’паводзіць сябе; мецца’, чэш. vésti ’суправаджаць, паказваць дарогу; кіраваць, быць загадчыкам, быць на чале; мець кірунак’, vésti se ’мецца, шанцаваць’, славац. viesť ’даваць кірунак, накіроўваць’; ’суправаджаць, прыводзіць’; ’весці эскортам’; ’весці каналам (ваду, нафту)’; ’кіраваць (машынай, караблём)’; ’пракладваць’ і ’кіраваць, весці дзейнасць’; ’выконваць пэўную работу’; ’праводзіць (цяпло, электрычнасць)’; ’весці размову, дэбаты’ і інш., viesť sa ’мецца, шанцаваць’, славен. vȇsti ’весці; дапамагаць; служыць чаму-небудзь’; ’выгадна прадаць’, vȇsti se ’трымаць, паводзіць сябе’, серб.-харв. во̀дити ’весці’, макед. води, балг. водя, ст.-слав. ведѫ, вести ’тс’. Выступае ў асновах *ved‑/*vod‑ і *vad‑. Мае адпаведнікі ў балтыйскіх мовах: літ. vèsti, vedù ’весці; кіраваць, быць на чале чаго-небудзь; жаніцца з кім-небудзь; прыносіць, нараджаць’, лат. vest, vedu ’весці’; ’вадзіць (машыну)’, vesties ’шанцаваць, добра ісці (аб рабоце)’, ст.-прус. weddē ’вяду’, а таксама ў ірл. fedid ’вядзе’, ст.-перс. vādajeiti ’вядзе, цягне’. Такім чынам, прасл. vedti (dt > tt > st) утворана пры дапамозе суф. ‑ti ад асновы ved‑, якая ўзыходзіць да і.-е. кораня *u̯edh‑ (Фік, 1, 4, 129; Уленбек, 269). Гл. таксама Фасмер, 1, 284; ЭСРЯ, 1, В, 74–75; Голуб-Копечны, 413; Брукнер, 619; Махэк₂, 685; БЕР, 1, 170.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)