ВІ́ТГЕНШТЭЙНЫ, Сайн-Вітгенштэйны (Sain-Wittgenstein),

старажытны род імперскіх графаў у Германіі. Меў шмат адгалінаванняў. У 1761 у час Сямігадовай вайны 1756—63 Хрысціян Людвіг Казімір Вітгенштэйн з людвігсбург-карлсбургскай галіны роду трапіў у палон і перайшоў на службу Расіі. З яго нашчадкаў найб. вядомы П.​Х.​Вітгенштэйн — военачальнік у час вайны 1812. Яго сын князь Людвіг Леан (Леў Пятровіч; 1799—1866) у 1828 ажаніўся са Стафаніяй Радзівіл (1809—32), дачкой Дамініка і адзінай законнай наследніцай згаслай нясвіжскай галіны Радзівілаў. З гэтым шлюбам да Вітгенштэйна перайшла значная частка вялізных радзівілаўскіх маёнткаў: б. Слуцкае і Капыльскае княствы, мяст. Глыбокае, Мір, Карэлічы, Смалявічы і інш. (каля 1,2—1,3 млн. дзесяцін зямлі, 40—120 тыс. душ). Людвіг Леан пакінуў сына Пятра, які ў 1887 памёр без нашчадкаў, і дачку Марыю, што выйшла замуж за герм. князя Хлодвіга Карла Віктара Гогенлоэ (1819—1901), будучага імперскага канцлера Германіі. Апошняму перайшлі бел. ўладанні Вітгенштэйна, якія потым былі распрададзены. Прадстаўнікі роду працягвалі служыць Рас. імперыі да 1917.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕЙСТ, Кляйст (Kleist) Эвальд фон (8.8.1881, г. Браўнфельс-на-Лане, Германія — кастр. 1954), германскі военачальнік, адзін з нацысцкіх ваен. злачынцаў. Ген.-фельдмаршал (1943). З таго ж дваранскага роду (вядомы з 13 ст.), што і Г. фон Кляйст. Скончыў ваен. акадэмію (1913). У арміі з 1900, у 1-ю сусв. вайну на штабных, потым камандзірскіх пасадах у кавалерыі. У 2-ю сусв. вайну камандаваў танк. корпусам, танк. групай у час агрэсіі супраць Польшчы (1939), Францыі (1940) і на Балк. (1941), 1-й танк. арміяй на паўд. участку сав.-герм. фронту, з 1942 групай армій «А» на Паўн. Каўказе і Паўд. Украіне. У 1944 за паражэнні ням.-фаш. войск у Крыме, на Паўд. Бугу і нязгоду з ваен. стратэгіяй А.​Гітлера звольнены ў адстаўку. У канцы вайны трапіў у палон да брыт. войск. Як ваен. злачынец у 1946 перададзены ў Югаславію, у 1948 — у СССР. Асуджаны сав. ваен. трыбуналам, памёр у лагеры.

т. 8, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАФАЕ́Т (La Fayette, Lafayette) Мары Жазеф Мацье (Motier) дэ (6.9.1757, замак Шаваньяк, Францыя — 20.5.1834), французскі паліт. дзеяч, военачальнік. Ген.-маёр арміі ЗША (1780). На вайск. службе з 1771. З 1777 удзельнік вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83, вызначыўся ў вырашальных баях каля Йорктаўна (1781). З 1789 дэп. Генеральных штатаў ад дваран. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 да 1792 адзін з яе лідэраў, адзін з ініцыятараў і аўтараў Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна, з 14.7.1789 камандзір Нац. гвардыі. Выступаў за канстытуцыйную манархію, супраць радыкалізму якабінцаў. Пасля няўдалай спробы захаваць франц. манархію ў жн. 1792 намагаўся эмігрыраваць у Нідэрланды, аднак трапіў у аўстр. і прускі палон. Вызвалены ў 1797, вярнуўся ў Францыю ў 1800. Пасля 1815 адзін з лідэраў ліберальнай апазіцыі, чл. палаты дэпутатаў (з 1818). У час рэвалюцыі 1830 зноў камандаваў парыжскай Нац. гвардыяй, садзейнічаў узвядзенню на прастол Луі Філіпа. Падтрымліваў польск. эмігрантаў і польскі нац.-вызв. рух, адзін з заснавальнікаў Амерыканска-польскага к-та па аказанні дапамогі паўстанню 1830—31.

т. 9, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛЮС (Paulus) Фрыдрых (23.9.1890, г. Гуксхаген, Германія — 1.2.1957),

германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал (1943). У арміі з 1910. Скончыў кадэцкі корпус (1911). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1935—39 нач. штаба танк. войск. У 2-ю сусв. вайну нач. штаба 4-й арміі ў час Польск. кампаніі 1939, нач. штаба 6-й арміі ў перыяд Франц. кампаніі 1940, 1-ы обер-кватармайстар (нач. аператыўнага ўпраўлення) Генштаба сухап. войск (з вер. 1940), са студз. 1942 каманд. 6-й арміяй на сав.-герм. фронце. Трапіўшы ў акружэнне ў раёне Сталінграда, 31.1.1943 капітуляваў з паўд. групай сваёй арміі (гл. Сталінградская бітва 1942—43). У сав. палоне пасля 20.7.1944 (няўдалы замах у Германіі на А.​Гітлера) уступіў у антыфаш. Саюз ням. афіцэраў і Нацыянальны камітэт «Свабодная Германія». У 1946 сведка абвінавачання на Нюрнбергскім працэсе. Пасля вызвалення з палону (1953) жыў у г. Дрэздэн. Аўтар твора «Я знаходжуся тут па загадзе» (апубл. ў 1960).

т. 12, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ТНА Вітаўт Казіміравіч (24.4.1893, в. Мацканяй Уценскага пав., Літва — 12.6.1937),

савецкі военачальнік, камкор (1935). Скончыў школу прапаршчыкаў (1917), ваен.-акад. курсы (1923). З 1915 у арміі, з 1918 у Чырв. Арміі. З мая 1918 ваен. камісар Віцебскай губ. З вер. 1918 на Усх. фронце камісар дывізіі, камандзір палка, брыгады. Са снеж. 1919 на Зах. фронце, нач. 27-й дывізіі. Удзельнічаў у баях супраць войск Калчака, у сав.-польскай вайне 1920, задушэнні антысавецкіх паўстанняў у Кранштаце і Паволжы. З 1923 нач. пяхотнай школы, ва ўпраўленні ваен.-навуч. устаноў РСЧА, камандзір корпуса. З 1927 ваен. аташэ ў Японіі, Фінляндыі, Германіі, у 1934—36 — у Вялікабрытаніі. У 1931—34 камандаваў корпусам і Прыморскай групай войск на Д.​Усходзе. У 1936 арыштаваны па т.зв. справе «паралельнага трацкісцкага цэнтра» ў групе «кіраўнікоў ваеннай змовы» на чале з М.​М.​Тухачэўскім, 11.6.1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1957. Аўтар прац па гісторыі грамадз. вайны.

П.​А.​Селіванаў.

т. 13, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў Іван Яфімавіч (30.9.1896, г. Трубчэўск Бранскай вобл., Расія — 7.4.1958),

савецкі военачальнік. Ген. арміі (1944), Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1918. Скончыў ваен. вучылішча (1917), курсы ўдасканалення камсаставу (1926, 1931). Удзельнік грамадз. вайны. У вял. Айч. вайну камандзір стралк. дывізіі на Паўд. фронце (ліп.—кастр. 1941), каманд. войскамі Прыморскай арміі (кастр. 1941 — ліп. 1942 і ліст. 1943 — лют. 1944), 44-й арміі (жн.—кастр. 1942), Чарнаморскай групы войск Закаўк. фронту (кастр. 1942 — сак. 1943), Паўн.-Каўк. фронту (май—ліст. 1943), 33-й арміі Зах. фронту (сак.—крас. 1944), Беларускага фронту другога (крас.—чэрв. 1944), 4-га Укр. фронту (жн. 1944 — сак. 1945) і нач. штаба 1-га Укр. фронту (крас.—чэрв. 1945). Адзін з кіраўнікоў абароны Адэсы (1941) і Севастопаля (1941—42). Пасля вайны на камандных і штабных пасадах у Сав. Арміі, у т. л. каманд. войскамі Туркестанскай ваен. акругі (1945—52) і 1-ы нам. галоўнакаманд. Сухапутнымі войскамі (1955—56).

т. 13, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІРНО́Ў Канстанцін Мікалаевіч (31.5.1854 — пасля 1908),

расійскі военачальнік. Ген.-лейт. (1904). З дваран Мінскай губ. Скончыў 2-е Канстанцінаўскае ваен. (1872) і Міхайлаўскае артыл. (1873) вучылішчы, Міхайлаўскую артыл. (1879?) і Мікалаеўскую Генштаба (1883) акадэміі. У пач. рус.-яп. вайны 1904—05 прызначаны камендантам крэпасці Порт-Артур (з падпарадкаваннем усіх сухап. войск у Порт-Артуры). Але рэальная ўлада над войскамі належала нач. Квантунскага ўмацаванага р-на ген.-лейт. А.​М.​Стэселю. Разам з ген.-лейт. Р.​І.​Кандраценкам С. ствараў і ўмацоўваў сістэму абароны, кіраваў адбіццём шэрагу штурмаў крэпасці. На ваен. савеце 29.12.1904 выказаўся за працяг барацьбы, але 2.1.1905 Порт-Артур быў здадзены Стэселем (гл. таксама «Порт-Артура абарона»). Пасля вайны разам з ген. Стэселем, В.​Рэйсам і А.​В.​Фокам аддадзены пад суд за капітуляцыю крэпасці, апраўданы. 18.3.1908 выкліканы на дуэль Фокам (прыхільнікам капітуляцыі), якога С. абвінаваціў у здрадзе. На дуэлі С. цяжка паранены, з крас. 1908 у адстаўцы. Далейшы лёс невядомы.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 15, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЎРО́Ў Іван Ягоравіч (27.3.1916, в. Шабуні Віцебскага р-на — 25.4.1992),

савецкі военачальнік. Ген. арміі (1973). Праф. (1977). Скончыў бранятанкавае вучылішча (1938), Ваен. акадэмію механізацыі і матарызацыі Чырв. Арміі (1941), Акадэмію Генштаба (1948); Вышэйшыя акад. курсы пры ёй (1968). У Чырв. Арміі з 1935. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Бранскім, Паўд.-Зах., Паўд., Данскім, Цэнтр., 4-м Укр., 1-м і 2-м Прыбалт. франтах: нач. штаба танк. батальёна, нам. нач. і нач. штаба танк. брыгады (1941—43), нач. аператыўнага аддзела штаба ўпраўлення камандуючага бранятанк. і механіз. войскамі фронту, нач. аператыўнага аддзела штаба танк. арміі, нач. штаба танк. корпуса. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Крыма, баёў у Прыбалтыцы. У 1957—60 нам. галоўнакамандуючага Групай сав. войск у Германіі, у 1963—67 нам. камандуючага, камандуючы ваен. акругамі. У 1973—78 нач. Ваен. акадэміі Генштаба, з 1978 у апараце галоўнакамандуючага Аб’яднанымі ўзбр. сіламі дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора. Чл. ЦК КПСС у 1971—76. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1970—74.

І.Я.Шаўроў.

т. 17, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́КАЎЛЕЎ Усевалад Фёдаравіч (16.4.1895, в. Акроева Волатаўскага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 2.4.1974),

савецкі военачальнік. Ген.-лейт. (1940). Скончыў Пецяргофскую школу прапаршчыкаў (1916), курсы «Выстрал» (1928), курсы камандзіраў-адзінаначальнікаў пры Ваен.-паліт. акадэміі (1930), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У Чырв. Арміі з 1918. У студз.—сак. 1938 нам. камандуючага войскамі БВА, потым камандуючы Забайкальскай, Калінінскай ваен. акругамі. У сав.-фінл. вайну 1939—40 каманд. і нам. каманд. 7-й арміяй. З ліп. 1940 нам., 1-ы нам. каманд. войскамі Кіеўскай Асобай ваен. акругі. У Вял. Айч. вайну нач. тылу Паўд.-Зах. фронту, нам. нач. Генштаба, каманд. 4-й і 52-й арміямі на Ленінградскім і Волхаўскім франтах, пам. каманд. Сцяпным фронтам. З кастр. 1943 па май 1945 камандуючы войскамі БВА (у студз.—вер. 1945 Беларуска-Літоўская ваенная акруга; гл. Дадатак). У 1946—47 нам., потым каманд. войскамі Стаўрапольскай ваен. акругі.

т. 18, кн. 1, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТО́Н (Cato),

адгалінаванне стараж.-рым. роду Порцыяў. Найб. значныя прадстаўнікі:

Катон Старэйшы (ці Цэнзар) Марк Порцый (Marcus Porcius Cato Maior, Cato Censorius; 234, Тускулум, каля сучаснага г. Фраскаці, Італія — 149 да н. э.), дзярж. дзеяч, пісьменнік, заснавальнік рым. літ. прозы. З саслоўя коннікаў. Удзельнік 2-й Пунічнай вайны. У 198 прэтар у Сардзініі. У 195 консул, задушыў паўстанне мясц. плямён у Іспаніі. Напярэдадні 3-й Пунічнай вайны патрабаваў разбурэння Карфагена — моцнага гандл. канкурэнта Рыма. Аўтар працы «Пачаткі», прысвечанай гісторыі Рыма ад яго заснавання да 2-й Пунічнай вайны, трактата «Земляробства» пра эканоміку і стараж. звычаі Італіі і інш.

Катон Малодшы (ці Утыцкі) Марк Порцый (Marcus Porcius Cato Minor, Cato Uticensis; 95—8.4.46 да н. э.), рымскі дзярж. дзеяч, военачальнік. Праўнук К. Старэйшага. Удзельнік задушэння паўстання Спартака 74—71 да н. э. Нар. трыбун у 62, прэтар у 54. Праціўнік трыумвіраў, асабліва Юлія Цэзара, супраць якога напісаў 2 паліт. памфлеты. У час. грамадз. вайны 49—45 на баку Г Пампея; пасля паражэння пампеянцаў пры Фарсале (48) супраціўляўся Цэзару ў Афрыцы, пасля іх разгрому пры Тапсе (46) скончыў самагубствам.

т. 8, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)