ПА́ЎЛЮС ((Paulus) Фрыдрых) (23.9.1890, г. Гуксхаген, Германія — 1.2.1957),
германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал (1943). У арміі з 1910. Скончыў кадэцкі корпус (1911). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1935—39 нач. штаба танк. войск. У 2-ю сусв. вайну нач. штаба 4-й арміі ў час Польск. кампаніі 1939, нач. штаба 6-й арміі ў перыяд Франц. кампаніі 1940, 1-ы обер-кватармайстар (нач. аператыўнага ўпраўлення) Генштаба сухап. войск (з вер. 1940), са студз. 1942 каманд. 6-й арміяй на сав.-герм. фронце. Трапіўшы ў акружэнне ў раёне Сталінграда, 31.1.1943 капітуляваў з паўд. групай сваёй арміі (гл. Сталінградская бітва 1942—43). У сав. палоне пасля 20.7.1944 (няўдалы замах у Германіі на А.Гітлера) уступіў у антыфаш. Саюз ням. афіцэраў і Нацыянальны камітэт «Свабодная Германія». У 1946 сведка абвінавачання на Нюрнбергскім працэсе. Пасля вызвалення з палону (1953) жыў у г. Дрэздэн. Аўтар твора «Я знаходжуся тут па загадзе» (апубл. ў 1960).
т. 12, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)