СМІРНО́Ў Канстанцін Мікалаевіч (31.5.1854 — пасля 1908),

расійскі военачальнік. Ген.-лейт. (1904). З дваран Мінскай губ. Скончыў 2-е Канстанцінаўскае ваен. (1872) і Міхайлаўскае артыл. (1873) вучылішчы, Міхайлаўскую артыл. (1879?) і Мікалаеўскую Генштаба (1883) акадэміі. У пач. рус.-яп. вайны 1904—05 прызначаны камендантам крэпасці Порт-Артур (з падпарадкаваннем усіх сухап. войск у Порт-Артуры). Але рэальная ўлада над войскамі належала нач. Квантунскага ўмацаванага р-на ген.-лейт. А.​М.​Стэселю. Разам з ген.-лейт. Р.​І.​Кандраценкам С. ствараў і ўмацоўваў сістэму абароны, кіраваў адбіццём шэрагу штурмаў крэпасці. На ваен. савеце 29.12.1904 выказаўся за працяг барацьбы, але 2.1.1905 Порт-Артур быў здадзены Стэселем (гл. таксама «Порт-Артура абарона»). Пасля вайны разам з ген. Стэселем, В.​Рэйсам і А.​В.​Фокам аддадзены пад суд за капітуляцыю крэпасці, апраўданы. 18.3.1908 выкліканы на дуэль Фокам (прыхільнікам капітуляцыі), якога С. абвінаваціў у здрадзе. На дуэлі С. цяжка паранены, з крас. 1908 у адстаўцы. Далейшы лёс невядомы.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 15, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)