РО́ЗНІЧНЫЯ ЦЭ́НЫ,
грашовае выражэнне кошту тавараў (паслуг), якія непасрэдна рэалізуюцца насельніцтву ў малых, адзінкавых колькасцях для асабістага спажывання. Паводле эканам. прыроды характару фарміравання падзяляюцца на дзярж., камісійныя і свабодныя. Дзяржаўныя Р.ц. вызначаюцца дзярж. органамі цэнаўтварэння. Камісійныя Р.ц. дзейнічаюць пры продажы с.-г. прадукцыі калгасаў, саўгасаў, сельскага насельніцтва і фарміруюцца ў залежнасці ад закупачнай цаны, якая вызначаецца па пагадненні абодвух бакоў, трансп. і інш. расходаў. Свабодныя Р.ц. фарміруюцца пад уплывам адпускной цаны прадпрыемства-вытворцы ці імпарцёра, аплачанай аптовай надбаўкі, гандлёвай надбаўкі, якая самастойна вызначаецца гандл. прадпрыемствам, улічваюцца выдаткі абарачэння, выплата падаткаў і інш. расходы, неабходны прыбытак. Ваганні Р.ц. цесна звязаны з попытам і прапановамі.
т. 13, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТАРЫ-КЛУБ (Rotary Club),
Ротары інтэрнэшанал, інтэрнацыянальная грамадская арг-цыя прадстаўнікоў дзелавога свету і інтэлігенцыі. Засн. ў 1905 у г. Чыкага (ЗША) амер. адвакатам П.П.Харысам. Дзейнічае ў 150 краінах, уключае каля 26 500 клубаў, аб’ядноўвае больш за 1 млн. членаў (2000). Новыя члены Р.-к. выбіраюцца паводле прынцыпу: адзін прадстаўнік ад кожнага віду бізнесу ці прафесіі. Афіц. дэвіз Р.-к. — «Служэнне грамадству вышэй за асабістыя інтарэсы». Асн. кірункі дзейнасці: фін. і арганізац. падтрымка гуманіт., сац. і мед. праграм, выдзяленне міжнар. стыпендый і грантаў для рэалізацыі міжнар. практычных праектаў. Р.-к. дзейнічае ў Мінску з 1992 (зарэгістраваны ў 1994).
т. 13, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ІСПА́НСКІ ДАГАВО́Р 1812 Аб саюзе супраць Францыі.
Падпісаны 20 ліп. ў г. Вял. Лукі (Расія) рас. канцлерам М.П.Румянцавым і ўпаўнаважаным ісп. картэсаў (парламента) Сеа Бермудэсам. Былі абвешчаны дружба, згода і саюз паміж дзяржавамі, выказаны іх цвёрды намер сумесна весці барацьбу супраць агульнага ворага — франц. імператара Напалеона І. Аляксандр І прызнаў законнасць картэсаў, што сабраліся ў г. Кадыс і прынятай імі Кадыскай канстытуцыі 1812. Аднаўляліся гандл, адносіны паміж краінамі. Паводле дагавора Расія і ісп. патрыёты ўзгаднілі ваен. намаганні ў барацьбе з Напалеонам, што ў пэўнай ступені ўскладніла перакідку франц. войск з Іспаніі ў Расію і Цэнтр. Еўропу ў час вайны 1812 і кампаніі 1813.
т. 13, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МНІК (Rîmnic),
рака ў Румыніі (прыток р. Сірэт), пры якой 22.9.1789 адбылася бітва ў час рус.-тур. вайны 1787—91. Рус.-аўстр, войскі (25 тыс. чал., з іх 7 тыс. рускіх) пад агульным камандаваннем А.В.Суворава перамаглі ўчацвёра большую тур. армію (каля 100 тыс. чал.) вял. візіра Юсуф-пашы, якую знянацку атакавалі і разбілі ў 4 лагерах паміж рэкамі Рымна і Р. Рускія і аўстрыйцы страцілі каля 700 чал., туркі, паводле розных звестак, ад 6 да 20 тыс. забітымі і параненымі. Перамога каля Р., за якую Сувораў атрымаў тытул графа Рымнікскага — узор разгрому намнога большых сіл праціўніка ў выніку рашучых, імклівых дзеянняў войск і палкаводца.
т. 13, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЗУС-ФА́КТАР, Rh-фактар,
адзін з антыгенаў, які ёсць у эрытрацытах чалавека і малпы макака-рэзус. Выяўлены ў 1940 К.Ландштайнерам і аўстр. вучоным А.Вінерам у крыві людзей з дапамогай сывараткі жывёл, імунізаваных эрытрацытамі макакі-рэзуса (адсюль назва). Паводле хім. прыроды — ліпапратэід. Перадаецца ў спадчыну і застаецца нязменным на працягу жыцця. Р.-ф. ў еўрапеоідаў назіраецца ў 85%, у мангалоідаў — 99%. Па наяўнасці або адсутнасці Р.-ф. вылучаюць рэзус-станоўчыя і рэзус-адмоўныя арганізмы. Пры пераліванні рэзус-адмоўным асобам рэзус-станоўчай крыві або пры рэзус-канфліктнай цяжарнасці (маці — рэзус-адмоўная, плод — рэзус-станоўчы) магчымы ўскладненні (напр., гемалітычная хвароба нованароджаных).
т. 13, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНСКАЯ ДЭМІЛІТАРЫЗАВА́НАЯ ЗО́НА Існавала ў 1919—36. Устаноўлена пасля 1-й сусв. вайны паводле Версальскага мірнага дагавора 1919
(гл. таксама карту да гэтага арт.),
ахоплівала тэр. Германіі на левым беразе р. Рэйн і паласу шырынёй 50 км на яе правым беразе. У зоне забаранялася размяшчаць герм. войскі, будаваць ваен. ўмацаванні і г.д. Яе мірны статус пацверджаны Лакарнскімі дагаворамі 1925. У сак. 1936 нацысцкі ўрад А.Гітлера абвясціў пра аднаўленне поўнага суверэнітэту Германіі над Р.д.з. і ўвёў туды войскі, што прывяло да ліквідацыі зоны ў парушэнне ўмоў Версальскага і Лакарнскіх дагавораў. Пасля поспеху гэтай акцыі нацысты распачалі падрыхтоўку да аншлюсу Аўстрыі.
т. 13, с. 566
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКАПІТУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. recapitulatio паўтарэнне),
паўтарэнне ў эмбрыягенезе сучасных арганізмаў прыкмет, якія меліся ў дарослых продкаў (напр., жаберных адтулін у зародкаў наземных пазваночных). Р. як вынік пэўных суадносін антагенезу і філагенезу развіў у эвалюцыйным вучэнні Ч.Дарвін. У канцэпцыі біягенетычнага закону Э.Гекеля (1866) Р. разглядалася як непасрэдны вынік эвалюц. фарміравання антагенезу: прыкметы дарослых продкаў пасля змянення іх арганізацыі пры дапамозе прыбаўлення новай стадыі ў канцы антагенезу пераходзілі ў эмбрыянальны стан і паўтараліся ў нашчадкаў у якасці зародкавых. А.М.Северцаў паказаў, што Р. характэрна толькі для асобных органаў (а не цэлых стадый развіцця ўсяго арганізма, як лічыў Гекель) пры іх эвалюц. пераўтварэннях паводле спосабу анабаліі.
т. 13, с. 569
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЙМАНС ((Simons) Генры Калверт) (1899—1946),
амерыканскі вучоны-эканаміст. Адзін з заснавальнікаў Чыкагскай школы ў палітэканоміі, прыхільнікі якой выступалі за захаванне «чыстай канкурэнцыі» і лічылі непажаданым дзярж. ўмяшанне ў эканам. жыццё. З 1939 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па праблемах развіцця грашова-крэдытнай сістэмы, бюджэтна-фін. і падатковай палітыкі. Аўтар твораў «Эканамічная палітыка для свабоднага грамадства» (1948), «Федэральная пачатковая рэформа» (1950) і інш. Прапанаваў банкаўскую рэформу (1930-я г.), якая прадугледжвала скарачэнне грашовага абароту, спыненне абясцэньвання грошай і прадухіленне банкруцтва банкаў. Распрацаваў праект рэформы, паводле якой асн. крыніцай федэральных даходаў станавіўся падаходны падатак з грамадзян (20% ад усіх відаў даходаў) і скарачаліся ўскосныя падаткі.
т. 14, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНСА́РА (санскр., літар. — блуканне, кругаварот, пераход праз пэўныя станы),
вучэнне ў індыйскіх рэлігіях (індуізм, джайнізм, будызм) і філасофіі пра пераўвасабленне, перараджэнне душы. Вытокі ідэі С. ў анамістычных уяўленнях аб роднаснасці ўсяго жывога і магчымасці пераходу паміж яго формамі (перараджэнне магчыма не толькі ў вобразе чалавека, але і бога, жывёлы) і ў ідэі аб перыядычным узнікненні і знішчэнні ўсяго, што існуе ў свеце. Ажыццяўляецца С. паводле законаў кармы: пасля смерці душа можа пераўвасобіцца ў сваёй ранейшай форме існавання або ў больш ці менш спрыяльных формах у залежнасці ад здзейсненых пры жыцці ўчынкаў. С. проціпастаўляецца нірване як канчатковаму выхаду з ланцуга перараджэнняў, духоўнаму выратаванню.
т. 14, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́НТУШ ((Santos) Жазе Эдуарду Душ) (н. 28.8.1942, Луанда),
ангольскі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў Бакінскі ін-т нафты і газу (1969). З 1961 чл. Народнага руху за вызваленне Анголы (МПЛА), з 1974 чл. яго Палітбюро, у 1977—79 сакратар ЦК МПЛА. У 1970—74 удзельнічаў ва ўзбр. барацьбе супраць партуг. панавання ў Анголе, ген. арміі. З 1975 міністр замежных спраў Нар. Рэспублікі Ангола (НРА), з 1976—1-ы нам. прэм’ер-міністра НРА, у 1978—79 міністр планавання. У 1979 абраны старшынёй МПЛА, што паводле канстытуцыі НРА зрабіла яго прэзідэнтам НРА. На першых усеагульных свабодных выбарах у вер. 1992 абраны прэзідэнтам Анголы.
т. 14, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)