падазрэ́нне, ‑я, н.
1. Меркаванне аб несумленнасці чыіх‑н. паводзін і намераў. Лабановіч часцей заўважаў нейкія таемныя цені пад вокнамі свае кватэры. Пачаў прыглядацца. Ясна, што ён быў на падазрэнні, і за ім сачылі. Колас. [Банадзюк:] — Арыштавалі мяне па падазрэнню ў заражэнні коней сапам... Пестрак.
2. Здагадка, дапушчэнне. — Можа [Ліза] закахалася? — выказала аднойчы сваё падазрэнне маленькая вяртлявая Таня. Арабей. // Меркаванне аб магчымасці якога‑н. захворвання. Падазрэнне на шкарлятыну. □ Іван Аляксеевіч нават пачуў, як .. [асістэнт] сказаў, што ёсць падазрэнне на наяўнасць у правым воку глаўкомнай вадкасці. Мяжэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пло́скасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць плоскага.
2. Роўная, гладкая паверхня. // У геаметрыі — паверхня, якая мае толькі два вымярэнні і характарызуецца тым, што прамая лінія, праведзеная паміж любымі дзвюма кропкамі яе, поўнасцю сальецца з гэтай паверхняй.
3. перан. Пэўны погляд на рэчы, адносіны; пункт погляду, падыходу. Пытанне, па сутнасці, магло ставіцца ў дзвюх розных плоскасцях: ёсць ці няма наогул пралетарскай літаратуры. Перкін.
4. Спец. Крыло самалёта. [Ярохін] залез пад самалёт і, хаваючыся ад дажджу пад яго плоскасцямі, пачаў капаць нажом зямлю. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытанцо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Падскокваць, рабіць рухі нагамі, быццам танцуючы. [Паўлік] ходзіць па хаце і прытанцоўвае. Лужанін. Раздзеўшыся, [пасажыры] пускалі ваду і, пакуль хапала духу, мыліся і прытанцоўвалі пад ледзяным пругкім струменем, які сек цела. Карпаў. // Суправаджаць што‑н. танцамі, танцавальнымі рухамі. Ішоў Вацлаў Санкоўскі і, як ні ў чым не бывала, зухавата ўзяўшыся ў бокі, прытанцоўваў і спяваў польскія прыпеўкі. Пестрак. [Гардзіенка] па-заліхвацку весела і заўзята пачаў прытанцоўваць, узяўшыся ў бокі, то прысядаць, то выкідваць ногі ўперад. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытво́рства, ‑а, н.
1. Няшчырыя, ілжывыя паводзіны з мэтай увесці ў зман. Увогуле ўзаемаадносіны паміж людзьмі на заводзе.. [Славіку] падабаліся. Няма той інтэлігенцкай ветлівасці, як на студыі, але няма і прытворства. Шамякін. Халуста пакрысе пачаў рабіцца такім, якім ён быў заўсёды на людзях, і Беразоўскі не мог зразумець, дзе пачынаецца і канчаецца яго прытворства. Чарнышэвіч.
2. Тое, што і прытворнасць. — Мы яшчэ не паспелі пазнаёміцца, а ўжо быццам як сварыліся. — Няўжо? — здзіўлена ўсклікнуў Хрупак, і Залуцкі адчуў у яго здзіўленае прытворства. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
Вызваліць ад упакоўкі. — Ці не лепш было б усё ж распакаваць .. [прыёмнік] загадзя і .. пусціць у эксплуатацыю на вечары? Якімовіч. // Расклаўшы, выняўшы што‑н. спакаванае, апаражніць (чамадан, сумку і пад.); вызваліць ад упакоўкі. Пакуль Іра сядзела на дзяжы, я распакаваў чамадан і пачаў раздаваць падарункі. Сабаленка. [Вадзім Іванавіч] распакаваў свой рукзак і на здзіўленне ўсім дастаў адтуль не турысцкую амуніцыю, а паходную радыёстанцыю. Шыловіч. Урэшце [зямляк] устаў, распакаваў свой пак, дастаў раманаўскі кажух, зімовую шапку — ды на сябе. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распаласава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго-што.
Разм. Разарваць, разрэзаць на палосы, уздоўж. Кінуў [Раманка] палена, жыўцом распаласаваў на грудзях сарочку і пусціўся да ракі. Пташнікаў. Мяшкі хтосьці распаласаваў нажом. Паўлаў. // Нанесці глыбокую рану ў выглядзе паласы; рассячы, разарваць. Ледзь адбіўся ад .. [ваўкоў] Хвошч, дваім распаласаваў віламі жываты, а тады сам пакаўзнуўся ў лужыне. Лупсякоў. Як агледзець вокам, выхапіў [Зазыба] у канвойнага шаблю і пачаў секчы ёю з усяго пляча махноўцаў — спярша распаласаваў свайго канвойнага. Чыгрынаў. / у перан. ужыв. Залатым зігзагам маланка распаласавала неба. Стаховіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
растапы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
Разм.
1. Няўклюдна расставіць, развесці, рассунуць у бакі (рукі, ногі і пад.). Стафанковіч.. шырока растапырыў ногі і ўзліў сабе на галаву ражку цёплай вады. Чорны. [Ілонка] падняла ўверх свае рукі і растапырыла пальцы. Хомчанка. Качаня растапырыла кволенькія крыльцы і наўскасяк зляцела ў кусты. Пальчэўскі. // Раздзьмуць, адтапырыць. Стаенны прыгажун захроп, шырока растапырыўшы ноздры, павёў вушамі і пачаў грабці нагою зямлю. Кулакоўскі. // перан. Раскінуць, распасцерці ў бакі (вецце, галіны і пад.). А затое елка, нібы сваха, Лапы растапырыла свае. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скаро́дзіць, ‑роджу, ‑родзіш, ‑родзіць і скарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; незак., што і без дап.
1. Разрыхляць бараной зямлю. Вадзіць каня на начлег я пачаў з год васьмі, скародзіць і араць, — калі яшчэ не ставала сілы ўскласці плуг на калёсы. Русецкі. // Апрацоўваць пры дапамозе бараны ўсходы пасеянага, пасаджанага. — Тады запрагайце, хлопцы, коней і гайда ячмень скародзіць! — распарадзілася Нінка. Сяркоў.
2. Пакідаць баразну, след. [Янук] скародзіў .. [нагамі] снег, упіраючыся ў кожны выступ зямлі. Лупсякоў. / у перан. ужыв. Зноў завялі сець, зноў пачалі скародзіць мора. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скарэ́жаны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад скарэжыць.
2. у знач. прым. Скрыўлены, сагнуты, скарабачаны. Абапал дарог усюды віднеліся адзнакі нядаўніх баёў — чорныя варонкі, скарэжаныя машыны. Мележ. Рыжая карова трэслася з холаду і тыцкалася пысай у мёрзлыя грады, дзе яшчэ аставаліся рэшткі скарэжанага на марозе капусніку і бурачніку. Чорны. Галаўнёў азірнуўся. Блізка ад яго стаяў скарэжаны танк. Дудо.
3. перан.; у знач. прым. Разм. Зменены да непазнавальнасці, скажоны. Скарэжаны твар [Міхі] стаў спакойным, праяснеў, і хворы пачаў дыхаць роўна і глыбока. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
славу́тасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць славутага.
2. Слава, шырокая папулярнасць, вядомасць. Горад хутка разросся і набыў славутасць. «Маладосць». Зоя Лагодзіч адразу ўскіпела: — Мы [Толю] ўсыплем. Не паглядзім на славутасць. Асіпенка.
3. Вядомы, праслаўлены чалавек. Я адразу пачаў ствараць фантастычныя праекты, як зраблю навуковае адкрыццё ды стану славутасцю. Карпюк. «Зусім магчыма, — разважала маці, — што хлопчык некалі зробіцца славутасцю. Гучнае імя для яго тады будзе як знаходка!» Арабей.
4. Месца ці прадмет, выдатныя чым‑н. І яшчэ адна славутасць ёсць у Ігарцы — мярзлотная станцыя. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)