Снет ‘дошка, якая закрывае бакавы ўваход у калодны вулей’ (Маш.; чэрв., З нар. сл., ТС), сні͡ет ‘верхняя накрыўка борці’, ‘накрыўка ў вуллі, наверсе востра абчасаная’ (Маш.), ‘(у борці зверху) дубовая дошка даўжынёй да 1,5 м, шырынёй 15 см і таўшчынёй 8–10 см’ (Пятк. 1), снедзь ‘дошка для закрывання лятка, уваходу’ (ТС, Мат. Гом.), сні͡едь ‘тс’ (Сержп. Борт.), сні͡ед ‘тс’ (Сержп. Грам.), снет, снёт, сніт, сне́то, снето́к ‘дзверцы ў стаячым вуллі’ (ЛА, 1), сніт ‘лінія, па якой распілоўвалася дрэва ўдоўж ці ўпоперак’ (беласт., Сл. ПЗБ), сніці́на ‘снет’ (зэльв., Сл. ПЗБ). Сюды ж, відаць, сні́тка ‘невялікая луста, скібка’ (Скарбы). Укр. сніт ‘дошка, цурбан’, рус. снеть (снедь — са знакам пытання ў Даля) ‘дошка, якая закрывае бакавы ўваход у вулей’, польск. śniat, śniad ‘ствол дрэва’, ‘на адсечаным дрэве тое месца, дзе яно адсечана ад кораня’, ‘дошчачка для закрывання даўжэі ў борці’, каш. sńat ‘калода, дрэва’, н.-луж. snět ‘кусок дрэва (толькі ва ўласных імёнах)’, чэш. snět ‘ствол дрэва’, дыял. ‘галінка’, ‘звязка або слой бярвенняў у плытагонаў’, славац. sneť, snietka ‘галінка’. Прасл. *snětъ < і.-е. *snoi̯to‑, што ўзыходзіць да і.-е. кораня *snei̯t‑ ‘рэзаць’, кантынуантамі якога з’яўляюцца таксама гоц. sneiꝥan, ст.-ісл. sniđa ‘рэзаць, жаць’, ст.-в.-ням. snīdan (сучаснае schneiden) ‘рэзаць’, ст.-ісл. sneiđ ‘адрэзаны кавалак’, швед. дыял. sneis ‘тонкая галінка’. Гл. Покарны, 974; Фасмер, 3, 698; Махэк₂, 564; Шустар-Шэўц, 1328; SEK, 4, 341; ЕСУМ, 5, 336.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спі́ца ‘адзін з драўляных або металічных стрыжняў, які злучае калодку кола з вобадам’ (ТСБМ, Бяльк., Маш., Маслен., Дэмб. 2, Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ТС), ‘стрыжань’ (ТСБМ), ‘шыла для пляцення лапцей’ (ТСБМ, Бяльк., ЛА, 4, Сл. ПЗБ), ‘стрэмка’, ‘драўляны цвік, якім змацоўваюць бярвенні’, ‘калок, які забіваюць у хвою пад борць; спічак, на якім трымаецца ў вуллі вашчына і пад.’ (ТС). Укр. спи́ця, шпи́ця, рус. спи́ца, ст.-рус. стъпица ‘ткацкі чаўнок; кол’, стьпи́ца, польск. szpica, śpica, в.-луж. stpica, stwica, чэш. špice, н.-луж. špica, ст.-чэш. stpica, славац. spica, серб.-харв. спи̏ца, славен. špíca ‘спічак, стрыжань’. Прасл. дыял. *stъpica ‘тонкі кавалак дрэва’, ‘спіца ў коле’ роднаснае лат. stups, stupe ‘памяло’, stupas ‘пух; дробныя галінкі’, ст.-інд. stupes ‘чуб’, грэч. στοπός ‘палка, ручка, сцябло’; праславянскі дыялектызм набліжаюць да літ. stìpinas ‘спіца’, мн. л. stipinaĩ ‘падпоркі ў саней’, stiprùs ‘моцны, здаровы’, лат. stiprs ‘тс’, с.-в.-ням. stīf ‘жорсткі; прамы’. Гл. Траўтман, 287; Махэк₂, 621; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1108; Фасмер, 3, 735; Шустар-Шэўц, 1362. Параўнанне ці вывядзенне з ням. Spitze ‘вастрыё’ (Міклашыч, 317; Карскі, Белорусы, 157) або з ням. spitz ‘востраканцовы’ (Праабражэнскі, 2, 365) Фасмер (тамсама) лічыць беспадстаўным; гл. таксама Скок, 3, 310; Бязлай, 4, 98–99. Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 330) дапускае змяшэнне *stъpica ‘спіца ў калясе’, ‘калок’ з запазычаннем з нямецкай. Сюды ж спі́цка ‘касцяное шыла для падплятання лапцей’ (Касп., ЛА, 4), спіца́к ‘тс’ (ЛА, 4), ‘малаток для драблення камянёў’ (Скарбы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́значыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. і з дадан. сказам. Распазнаць, высветліць што‑н. невядомае, няяснае. Вызначыць прычыну. □ Вартавы драмаў, утуліўшы галаву ў калені, і вызначыць, хто ён — немец ці наш, было цяжка. Лупсякоў. // Разабрацца ў чым‑н., усвядоміць сабе. Вызначыць сваё становішча. // Дакладна ўстанавіць што‑н. Вызначыць цэны. Вызначыць адлегласць. □ [Ганна Аляксандраўна:] — Пакуль доктар не вызначыць хваробы, ён не пачынае лячыць. Ваданосаў. Маракі казалі, што па тым, як сядзяць чайкі, можна вызначыць напрамак ветру з дакладнасцю да градуса. М. Стральцоў.

2. Выявіць сутнасць, раскрыць змест чаго‑н.; ахарактарызаваць. Вызначыць творчы метад пісьменніка. Вызначыць прадмет палітэканоміі.

3. Загадзя прызначыць, назначыць. Штаб атрада не вызначыў ..[Міколу] на гэту аперацыю — у групу падбіраліся перш за ўсё тыя партызаны, якія добра ведалі мясцовасць. Якімовіч. // Намеціць наперад кірункі, шляхі развіцця. Любіў Міхаіл Іванавіч Брагінец у выхадны дзень прайсціся ў поле ці лес, пабыць адзін на адзін са сваімі думкамі і парамі, падагуліць зробленае, вызначыць далейшыя планы. Гурскі.

4. З’явіцца прычынай чаго‑н., абумовіць сабою што‑н. У гэты перыяд адбылася падзея, якая вызначыла мой далейшы жыццёвы шлях. Крапіва.

5. Абазначыць якім‑н. чынам. Вызначыць мяжу слупкамі. □ Доўга яны [жанчыны] вазіліся ля сукенкі, прымаючы ўсе магчымыя захады, каб як мага яскравей вызначыць талію. Корбан.

6. Выдзеліць, прызначыць што‑н. для каго‑, чаго‑н. Вызначыць сродкі на будаўніцтва. □ Крушынскі вызначыў для каваля кавалак зямлі. Бядуля.

7. Вынесці рашэнне, пастанову. Вызначыць меру пакарання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Шуснуць, нырнуць, шмыгнуць хутка куды‑н., рэзка падацца куды‑н. Хлопец закусіў вусны і шаснуў у гэты неадольны гушчар, які абмінала нават звяр’ё. Быкаў. [Юлька] скокнула з адхоннага берага на плыт, ды крыху раней, чым Ягор Навалёк падаў руку, — каўзанулася на акораным бервяне і, войкнуўшы, шаснула ў ваду. Карамазаў.

2. З шумам, хутка ўпасці, зляцець, паваліцца. Храснула апошні раз [дрэва] і з страшэнным хрустам шаснула на грэблю. Маўр. Сашка дык і не разабраўся спачатку: нешта зверху шаснула, куры ў двары закрычалі што было сілы і сыпанулі, як гарох, ва ўсе бакі. Даніленка.

3. Моцна стукнуць па чым‑н. Адрэзаны кавалак дошкі хруснуў, шухнуўся ўніз, шаснуў па шчэбеню. Ставер.

4. З шумам, свістам хутка праляцець. Кулі роем шаснулі над галовамі. Б. Стральцоў.

5. Разануць. Падумала была [Марфа] шаснуць нажом у хаце, але не стала — панясе цэлы [кавалак сала]. Чыгрынаў.

6. Хутка запісаць. — А ну, — кажа мне дзядзька Паўлюк, — шасні гэта, Лявон, на паперку. Гэта ж, брат, казка! Брыль.

7. Разбіць. Баба міскі шаснула Ды рукамі пляснула. Бічэль-Загнетава.

8. Лінуць. [Аўдотка] шаснула ваду ў надоенае малако. Вітка.

9. Утварыць шоргат, глухі шум. Раптам нешта шаснула ў кустах. Бядуля. У рацэ і над ракою Шаснуў вецер неспакойны. Панчанка. Вусцішна Зосі адной паміж лесу.. Дзе што шасне, яна ўздрыганецца, адагнецца, прыглядаецца ў той бок, пакуль не заўважыць, што там птушка з галінкі на галінку пералятае. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ка́пка1 ’кропля’ (ТСБМ, Яруш., Сцяшк., Юрч., гродз. З нар. сл.; КЭС, лаг.; Гарэц., Бяльк.); ’рагі на шкле’ (Нік. Очерки), ’трошкі, крышку’ (Яўс., Янк. 1), ’кропка, ’лямачка’ (Гарэц.), ’кавалак скуры, што прышываецца да дзіравага бота’ (КЭС, лаг.). Укр. капка ’кропля’, ’плямачка, крапінка’, рус. КАССР капка ’капля’. Прымыкае да зах. і паўдн.-слав. пашырэння гэтай лексемы. Прасл. kapъ‑ka < kapati (Трубачоў, 9, 150) > капа́ць (гл.).

Ка́пка2 ’пячурка ў печы, куды кладуць сушыць анучы, рукавіцы’ (Бяльк.), ’ямка ў печы, куды зграбаюць вуголле’ (віл. Шатал.), ко́пка ’тс’ (ТС); у зах.-палес. гаворках у гэтых значэннях ужываецца куча і ку́чка (якія там звычайна называюць ’загародку ў хляве для жывёлы’, ’буданчык’ і нават ’старую малую хаціну’), а копка вымаўляецца з [б], у такім выпадку першаформы гэтай лексемы — кабка, кобка, якія маюць адпаведнікі ў іншых слав. мовах: чэш. kobka, koba ’камера’, ’сені’, ’загародка для свіней у хляве’, ст.-чэш. kobka ’крама’, ’мясная крама’, славац. кобка ’камера’, ст.-польск. kob ’свінух’ (в.-польск. з XV ст.), kub ’тс’ (пач. XVII ст.), суч. польск., вял.-польск. куяўск. kubel ’загародка для кормнікаў’, а таксама ўкр. коба ’капюшон’, кобеля ’кошык’, ’торба; сумка’ і чэш. kabéla, в.-луж. kobjeł, kobjełka, kobjałka, н.-луж. kobʼela, ст.-польск. kobiela, суч. польск. kobiałka ’тс’. Усе яны ўзыходзяць да с.-в.-ням. kobel, якое першапачаткова адзначала ’кошык’, цяпер жа ’клетка’, ’свінух’, ’будка для фурмана’ — памяншальная форма ад koben, kobe ’хлеў’, ’хаціна’, ’будан’ (Махэк₂, 233; Слаўскі, 2, 293–295 і 297–298; Трубачоў, 11, 87).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пачы́нак1 ’пачатак’ (светлаг., Мат. Гом.), ’новае поле на месцы ляда’, ’закладка новага поля на лядзе, а пасля і пасялення’, ’расцяроба гушчэвіны, падсека’, ’булачка з хлебнага цеста’ (навагр., Сцяшк. Сл.). Укр., рус. почи́нок ’пачатак’, пск. ’першы кавалак хлеба, адрэзаны ад буханкі’, ст.-рус. починъкъ ’пачатак’, ’навасёлак’, польск. poczynek ’учынак’, н.-луж. pocynk ’тс’, ’справа, дзеянне’, pocynki ’звычкі’, в.-луж. počink ’паводзіны’, ’дзеянне’, чэш. počinek ’пачатак’, ’першая купленая рэч’, ст.-слав. починъкъ ’пачатак’. Да прасл. po‑čęti, бел. пача́ць, пачына́ць (гл.).

Пачы́нак2, драг. почы́нок, астр., браг., пачы́нка ’пража, наматаная на верацяно або знятая з яго’ (ТСБМ, Мядзв., Серб., Бір., Бес., Маш., Варл., Дэмб. 2; гродз., Шн. 2), ’дзве ручайкі, перавітыя на адно верацяно’ (лях., карэліц., Янк. Мат.; слуц., Нар. словатв., дзярж., ст.-дар., Нар. сл.; Уладз., Федар. 6, Др.-Падб., Янк. 1, Сцяшк., Гарэц., Чач., Сл. Брэс.), ’вялікае верацяно, на якое перамотваюць пражу з малых верацёнаў’ (Нас., Шат., Сл. ПЗБ; браг., навагр., З нар. сл.), ’верацяно з пражай’ (Касп., Мат. Гом., Ян., ТС), ’клубок нітак, наматаны з адной вітушкі’ (дзярж., Нар. сл.). Укр. почи́нок ’поўнасцю запоўненае верацяно’, рус. кур. почи́нок ’тс’, польск. паморск., сілез. poczynek ’вялікае верацяно з пражай’, ’звітая пража з аднаго або з некалькіх верацён’. Усходнеславянска-польскае. Да пача́ць > пачына́ць (гл.): напрадзеная пража была нібыта асноваю будучага палатна, пачаткам — для асновы яе з пачынкаў звівалі ў клубкі, а для ўтоку — у маткі на матавіле. Аб суфіксе ‑ак гл. Сцяцко, Афікс. наз., 23.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вол (БРС, Янк. Мат., Бяльк., Бес., КТС, Ліс.), вюл ’вол’ (Дразд.). Рус. вол, вола́, укр. віл, вола́, ст.-рус. волъ, ст.-слав. волъ, польск. wół, в.-луж., н.-луж. woł, каш. vȯł, чэш. vůl, славац. vol, серб.-харв. во̑, славен. vòl, макед. вол. Старая аснова на ‑u; параўн. ст.-рус., ст.-слав. прыметн. волоуи. Прасл. volъ. Агульнапрынятай этымалогіі няма. Мейе (242) і Вальдэ (857) звязваюць з вялікі, г. зн. ’вялікая жывёліна’ ў адрозненне ад грэч. μῆλον ’дробная жывёла’, ірл. míl, якія роднасныя малы. Менш верагодна збліжэнне Младэнава (75) з польск. wołać ’зваць’, прычым ён указвае на аналагічнае бык. Махэк₂ (703) параўноўвае з ням. schwellen ’набухаць’, што таксама няпэўна, як і супастаўленне Гараева (54) з ням. Bulle ’бык, вол’. Непрымальная версія Праабражэнскага (1, 95) з волох, г. зн. ’раманская жывёліна’. Грубор (JF, кн. 8, 13 і наст.), якога падтрымлівае Трубачоў (Происх., 43 і наст.), выводзіць слав. volъ ад і.-е. *u̯el‑ ’ціснуць’, спасылаючыся на старажытную тэхніку пакладання, г. зн. volъcastratus, compressis tęstikulus. Менш пераканаўчая версія Якабсона (БЕР, 174), які ўзводзіць вол да *vel‑ ’валяць’ (волъ — ’жывёліна, якая павалена для кастрацыі’, паколькі валяць ’кастрыраваць’ з’яўляецца толькі рускай інавацыяй). Як праславянскую апафанічную ступень да прабалт. *velti (літ. vélti ’валяць, катаць, біць, мяць’, лат. vel̂t ’тс’) рэканструюе слова Мартынаў (БЛ, 9, 11 і наст.): *volъ ’той, хто нешта валяе, коціць, б’е’, паколькі валы выкарыстоўваліся старажытнымі славянамі для малацьбы снапоў, прычым вол цягнуў за сабой цяжкі кавалак дрэва, які выконваў функцыю біча або цэпа’. Параўн. літ. volė̃ ’драўляная калатуша’, рус. вал ’валёк’. У семантычных адносінах параўн. літ. árti ’араць’, árklas ’плуг’, arklỹs ’конь’ (Гл. таксама Фасмер, 1, 335 і наст.; Шанскі, 1, В, 146; Скок, 3, 610).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

го́рла, ‑а, н.

1. Храстковая трубка, якая змяшчаецца ў пярэдняй частцы шыі і з’яўляецца пачаткам стрававода і дыхальных шляхоў. Прапаласкаць горла. Пяршыць у горле. □ Сыр стаў у горле, і Гарбача пачала мучыць ікаўка. Мурашка. // Пярэдняя частка шыі, у якой змяшчаецца гэта храстковая трубка. [Алік] ляжаў і чакаў, што вось-вось нехта наваліцца на яго, схапіць за горла, пачне душыць. Шашкоў. Каўнер ціснуў горла, замінаў гаварыць. Мележ.

2. Верхняя звужаная частка пасудзіны. Горла бутэлькі.

3. Вузкі праход з заліва або ўнутранага мора ў адкрытае мора. // Рукаў у вусці ракі. // перан. Пра ўсякі вузкі праход у чым‑н. Прайшоўшы праз вузкае горла маста, .. паток пяхоты разыходзіцца ад Нёмана веерам. Брыль.

•••

Браць (узяць) за горла гл. браць.

Вырваць з горла гл. вырваць.

Горла перагрызці гл. перагрызці.

Горлам браць гл. браць.

Драць (ірваць, надрываць) горла гл. драць.

Засесці ў горле гл. засесці.

Заткнуць горла гл. заткнуць.

З горла лезе (валіцца, прэ) гл. лезці.

Клубок у горле гл. клубок.

Ком у горле гл. ком.

Кусок (кавалак) у горла не лезе (не ідзе) гл. кусок.

На ўсё горла — вельмі моцна, з усёй сілы (крычаць, спяваць і пад.).

Па горла — а) вельмі моцна (заняты, перагружаны і пад.). Завален работай па горла; б) вельмі многа (спраў, клопатаў і інш.). На прадвесні ў Хаіма Плаўніка работы было па горла. С. Александровіч.

Прамачыць горла гл. прамачыць.

Прыстаць з нажом да горла гл. прыстаць.

Слёзы падступілі да горла гл. сляза.

Станавіцца папярок горла гл. станавіцца.

Стаяць калом у горле гл. стаяць.

Стаяць папярок горла гл. стаяць.

Сыты па горла гл. сыты.

У горла не лезе гл. лезці.

Як косць (кветка) у горле гл. косць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.

1. Распусціць, расслабіць канцы чаго‑н. звязанага. Развязаць хустку. □ [Стафанковіч] паклаў клунак на другі стол, які стаяў пасярод пакоя. Развязаў рагі прасцірадла, пачаў выцягваць з яго крысо сапраўды добрага футра. Чорны. // Вызваліць ад завязку ўпакоўкі што‑н. завязанае, звязанае. Развязаць мех з бульбай. □ [Яцук] развязаў свой рукзак, вывалак кілаграмовы кавалак сала. Лупсякоў. // Зняць тое, чым былі звязаны хто‑, што‑н., вызваліць ад вяровак і пад. — Мы развязалі арыштаваных, нам трэба было адразу ж рушыць адсюль. Чорны. [Тата] развязаў казлу ножкі і пусціў яго на падлогу. Брыль. Вартавы развязаў палоннаму вочы. Шамякін.

2. перан. Разм. Рашыць, вырашыць што‑н. заблытанае. — Зараз! — адмахнуўся Казік і зноў схіліўся над задачай, якую ніяк не мог развязаць да канца. Шыловіч. — О-о! — жартліва ўсклікнуў Яўген, Рыгоравіч. — Справа тут складаная, прычын сямейная, мне не пад сілу развязаць яе. Хадкевіч.

3. перан. Даць чаму‑н. развіцца, разгарнуцца, праявіцца ў поўнай меры. Развязаць ініцыятыву мас.

4. Разгрузіць ад скаплення транспарту (дарогу), збудаваўшы развязку (у 3 знач.).

•••

Развязаць вайну — пачаць вайну.

Развязаць вочы каму — прасвятліць каго‑н. палітычна, духоўна і пад.

Развязаць рукі каму — даць свабоду дзеянняў, вызваліць ад залежнасці, абмежавання ў чым‑н.

Развязаць язык каму — а) прымусіць разгаварыцца, расказаць сакрэт, тайну. — Каб развязаць табе язык, я дам табе паспытаць вось гэтага, — сказаў афіцэр. Ён узяў ад салдат шомпалы і, скруціўшы іх дротам па тры разам, загадаў старому класціся на снег. Галавач; б) разгаварыцца, пачаць шмат гаварыць (пасля маўчання). Віно развязала язык і Віктару. Асіпенка.

Хоць пуп развяжы — колькі хочаш, уволю (есці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Надоба ’хатнія рэчы, неабходныя гаспадыні’ (карэл., Сцяшк.), ’убранне’ (стаўбц., Нар. сл.), на́даб (надыб) ’патрэба’ (Бяльк.), надобʼе (надобʼя) ’госці’ (чэрв., Нар. лекс.), nadobak, nadobinka, nadobnina ’аздобная рэч, патрэбная рэч’ (Федар.), nadóbnina ’драўніна для вырабу сельскагаспадарчых прылад’ (Арх. Федар.), надобейка ’нагода, падзея’ (Песні сямі вёсак). Укр. надоба ’неабходнасць, патрэба’, надібоккавалак дрэва або жалеза, прыдатны для справы’, ’гаспадарчыя прылады’, надібʼя ’рэчы, маёмасць’, рус. надоба ’патрэба, неабходнасць’, надобье ’тс’, надобень ’неабходная ў доме рэч’, польск. nadoba ’хараство, прыгажосць’, ’начынне’, nodobie ’прылады’, nadobek ’любы пусты посуд (гаршчок, бутэлька)’, чэш. nádoba ’начынне, посуд’, nádobá ’прылады’, славац. nádoba ’посуд’, в.-луж. nadoba ’прылады, начынне; даход; багацце’, н.-луж. nadoba ’веліч; дабрабыт; начынне’. Вытворнае ад *doba, гл. даба; першасная форма, відаць, надабе (гл.), што ўяўляе спалучэнне прыназоўніка на з формай дав., месн. скл. адз. л. ад названага назоўніка са значэннем ’на часе, у (патрэбны) час’, адкуль развілася форма надоба ’патрэба, неабходнасць’ і іншыя, больш канкрэтныя значэнні, што ўскосна пацвярджаецца і больш ранняй фіксацыяй прыслоўя ў помніках пісьменнасці. У якасці чэхізма ў Скарыны разглядаецца надобье ’пасуда’ (Булыка, Лекс. запазыч., 206), што неабавязкова, паколькі такая форма і семантыка прадстаўлены ў гаворках. З большымі падставамі ў якасці запазычання, відаць, з польскай мовы можна разглядаць вытворнае ст.-бел. надобный ’прыгожы, зграбны’ (з XVI ст., Жураўскі, SOr, 10, 40; Булыка, Лекс. запазыч., 194), бо, як паказвае семантычная паралель польск. śliczny, чэш. sličný ’падобны, прыгожы’, такое развіццё значэння характэрна для заходнеславянскіх моў (Машынскі, Kultura, II, 1, 101). Зрэшты, некаторыя этымолагі адрозніваюць аманімічныя зыходныя словы і іх вытворныя ад кораня dob‑: doba ’спосаб, від’ (сюды адносяць і падобны, надобны, аздобны і г. д.) і doba ’часавы перыяд’, да якога трэба аднесці астатнія пералічаныя формы (Махэк₂, 121–122; Бязлай, 1, 105). У адпаведнасці з гэтым у якасці зыходнай формы для надоба ’прылада; пасуда’ дапускаецца зборны назоўнік *nadobьje ’патрэба, неабходнасць’, з якога шляхам сінгулярызацыі ён быў утвораны (Махэк₂, 387; Шустар-Шэўц, 13, 980).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)