мо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. мок, мокла; незак.
1. Станавіцца мокрым, вільготным; намакаць. Каля панурага старажытнага будынка караля мок пад дажджом маршчыністы стары.., зазываючы паесці гарачых сасісак. Мележ. З бярозы цурком палілася вада, мокла вопратка. Пташнікаў.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Псавацца ад празмернай вільгаці. Дошкі Грачоў прывёз для новых сенцаў, і частку іх склаў у двары, пад сцяной хлеўчука. Частку, каб не моклі, перацягаў на гарышча. Ракітны.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ляжаць у вадзе або іншай вадкасці для набыцця новых якасцей. У цэбры ля студні мокла лаза. Пестрак. Ну, што, здаецца, кусок дрэва, Той чорны дуб, што ў рэчцы мок, А вось жа выйшаў кад[а]ўбок, Майстэрства дзіва. Колас.
•••
Мокнуць у гарэлцы — многа і часта піць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пад’е́зд, ‑у і ‑а, М ‑дзе, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пад’язджаць — пад’ехаць.
2. ‑а. Месца, шлях, па якім пад’язджаюць куды‑н. Гарышны паклаў свой багаж на лавачку, паглядзеў на пад’езд да ракі, на гадзіннік і апусціўся на лавачку і сам. Ракітны. Ціток абышоў усю.., круговіну лесу, агледзеў, як дбалы гаспадар, усе пад’езды і выезды. Лобан.
3. ‑а. Уваход (звычайна крыты) у будынак. Каля цэнтральнага пад’езда Дома ўрада стаялі грузавыя машыны. Якімовіч. Людзі кідаліся ў двары, у парадныя пад’езды. Лынькоў. Герояў Сацыялістычнай Працы яшчэ не так многа, і калі ўжо ў вашым доме жыве герой, дык яго, як і чэмпіёна свету, ведаюць усе: і ў якім пад’ездзе ён жыве, і па якім паверсе, і якая нават кватэра... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
параўня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак., з кім-чым.
1. Рухаючыся, аказацца на адной лініі з кім‑, чым‑н. [Фурманка] параўнялася з Цітковай хатай, потым гукі яе шырока рассыпаліся па валасным двары. Лобан. Параўнялася Палікарпаўна з дваром сваёй напарніцы Маланні і не ўтрымалася, заглянула ў акно. Кулакоўскі. Кожную раніцу, як толькі сонца параўняецца з вяршалінамі ліпы, што стаіць у канцы агарода, Тамара бярэ збан з малаком і нясе яго бабцы Кацярыне. Сіняўскі.
2. Стаць роўным, аднолькавым. І вось ён, век той чалавечы, — І параўняліся ўжо вы. Як станеш побач — плечы ў плечы І галава да галавы. Гаўрусёў.
3. Стаць нароўні з кім‑, чым‑н. у якіх‑н. адносінах. Нашы хлопцы, як заўсёды, У працы беззаганныя, Толькі цяжка параўняцца З дзеўчынай стараннаю. Русак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пране́сціся, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. пранёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; заг. пранясіся; зак.
1. Вельмі хутка праехаць, праляцець; прамчацца. Жнівеньскім вечарам па вёсцы з грукатам, узнімаючы пыл, пранеслася тачанка. П. Ткачоў. Цэлая эскадрылля цяжкіх бамбавозаў нізка пранеслася над хатай. Кулакоўскі. // Пра ўяўны рух прадметаў, міма якіх рухаецца чалавек. // Хутка прайсці, прабегчы. Пранесціся па двары. // перан. Прамільгнуць (пра думкі, успаміны і пад.). Маланкай пранеслася здагадка: яго [Чыжыка] заваліла. Лупсякоў.
2. Хутка прайсці, мінуць (пра час).
3. Разнесціся, раздацца, прагучаць (пра гукі). Ціхі ўздых пранёсся над палянай і знік, праглынуты імхамі. Лынькоў. — Паўстанцы, стройся! — пранеслася баявая каманда па лясах і балотах... Чарот. // перан. Хутка распаўсюдзіцца, разнесціся (пра чуткі, весткі і пад.). Па батарэі пранеслася чутка, што нас [курсантаў] будуць пасылаць малодшымі камандзірамі ў іншыя батарэі, дывізіёны. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыму́сіць, ‑мушу, ‑мусіш, ‑мусіць; зак., каго.
Сілаю або нейкім іншым уздзеяннем дамагчыся, каб нешта было зроблена, выканана; абавязаць, патрэбаваць зрабіць што‑н. — Мяне ніхто не можа прымусіць, калі я гэтага не захачу сам, — чаканячы кожнае слова, прамовіў Ваханаў. Колас. Дзядзька спаткаў.. [вучняў] у сенях каля парога, прымусіў яшчэ на двары паабціраць венікам ногі. Брыль. Як ні ўпіраўся Сашка, бабка Вікця прымусіла ўнука выпіць шклянку густога, смачнага малака. Даніленка. Сілаю ў чалавека можна толькі адабраць, але прымусіць, каб ён даў табе што-небудзь, нельга. Карпаў. // Выклікаць пэўныя дзеянні, учынкі, стан у каго‑н. Яны абодва ніколі не кралі — голад прымусіў Мішку злавіць гэтую курыцу. Лупсякоў. Гудок на фабрыцы прымусіў.. [Зыдора] паддаць ходу. Чорны. Усякі выпадак, нават нязначны, можа прымусіць цябе хвалявацца, думаць, разважаць... Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стадо́ла
1. Стар. Язычаскае мольбішча, храм у язычнікаў.
2. Хлеў для коней (Чашн. Касп.); вялікі даржнік, скацінны хлеў (Нас.); хлеў на заезным двары (Крыч. Бяльк.); вялікі хлеў для збажыны ў панскіх гаспадарках (Віц. Нік. 1892, 35); павець (Маг. губ. вед., 1854, № 48, 865); халодны будынак (Слаўг.).
3. Еўня ў гумне; гумно (Смален.).
□ в. Застадолле Сен. (Касп., 33), с. Стадолішча Смален. вобл., в. Стадолічы Лельч.
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
БЯГО́МЛЬ,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. За 30 км ад Докшыц, 37 км ад чыг. ст. Параф’янава на лініі Маладзечна—Полацк. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Віцебскам, Барысавам, Докшыцамі. 3,4 тыс. ж. (1995).
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1582 як сяло ў Мінскім пав ВКЛ. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бягомль у складзе Рас. імперыі. Уваходзіў у Докшыцкі, з 1802 у Барысаўскі пав. Мінскай губ. З 1861 мястэчка, цэнтр воласці Барысаўскага пав. У канцы 19 ст. Бягомль — сяло, 470 ж., 43 двары, валасное праўленне, царква, школа, бальніца. У 1918 акупіраваны войскамі Германіі, з 1919 — польскімі войскамі. З 17.7.1924 цэнтр Бягомльскага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. 2.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Бягомлі і раёне 3,3 тыс. чал. У ліп. 1941 — вер. 1942 дзейнічала Бягомльскае патрыятычнае падполле. 20.12.1942 партызаны разграмілі ў Бягомлі ням. гарнізон і аднавілі на тэр. раёна сав. ўладу (гл. Бягомльская аперацыя 1942). З сак. 1943 у Бягомлі дзейнічаў партыз. аэрадром. Бягомль вызвалены 1.7.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 1960 у Докшыцкім р-не. У 1970 у Бягомлі 2,9 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы машынабудавання, па вытворчасці буд. матэрыялаў, дрэваапрацоўчыя. Сярэдняя, дапаможная і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнікі партыз. славы, ахвярам фашызму. Бягомльскі музей народнай славы.
М.В.Батвіннік, В.Л.Насевіч (гісторыя).
т. 3, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫ́БІН,
гарадскі пасёлак, цэнтр Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. (з 1989), на р. Проня, на скрыжаванні аўтадарог на Магілёў, Горкі. Цэнтр Міхееўскага с/с і саўгаса. За 22 км на ПдУ ад Горак, 64 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 2580 ж., 1103 двары (1997).
У 16 ст. ў Мсціслаўскім ваяв. ВКЛ. Пацярпеў у час Паўн. вайны 1700—21. З 1772 у Рас. імперыі ў Магілёўскай губ. У 1784 цэнтр маёнтка Цеханавецкіх (да 1864), 657 ж., 181 двор, 25 крам, млын, царква. У 1830 заснавана вінакурнае прадпрыемства. У 1845 адбылося выступленне сялян супраць прыгоннага права. У 1880 цэнтр воласці Чавускага пав., 1080 ж., 250 дамоў, 30 крам, царква, валасное праўленне, лячэбніца, 2 млыны, школа, штогод праводзіўся кірмаш. З 1919 у Гомельскай губ., з 1922 у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у БССР, у 1924—31 і ў 1935—59 цэнтр Дрыбінскага раёна, потым у Горацкім р-не, цэнтр сельсавета. У ліп. 1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія стварылі тут лагер смерці, дзе загубілі 2469 чал. У 1943 спалілі 300 двароў, загубілі 380 жыхароў. Пасля вайны вёска адноўлена. У 1971—1817 ж, 531 двор. З 1989 зноў цэнтр Дрыбінскага р-на.
Маслазавод. Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры, бальніца, аптэка, паліклініка, аддз. сувязі. Царква, малітоўны дом. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі 2 стаянкі каменнага веку. Вядзецца буд-ва сац. інфраструктуры раённага цэнтра.
В.М.Князева.
т. 6, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІ́НГШПІЛЬ (ням. Singspiel ад singen спяваць + Spiel гульня),
нямецкая і аўстр. разнавіднасці камічнай оперы, дзе муз. нумары чаргуюцца з размоўнымі дыялогамі. Паўн.-ням. З. склаўся ў 18 ст. пад уплывам англ. баладнай оперы. Напачатку гэта быў драм. спектакль з муз. ўстаўкамі нар.-песеннага характару. Развіццё яго звязана з творчасцю кампазітара І.А.Хілера («Лотхен пры двары», 1767; «Паляванне», 1770) і паэта Х.Вейсе. Сярод інш. аўтараў ням. З. — Й.А.Бенда, К.Г.Нефе, І.Ф.Рэйхард. Тэксты для З. пісаў І.В.Гётэ. Станаўленне аўстр. З. звязана з уплывам італьян. камедыі дэль артэ, франц. камічнай оперы і найбольш з традыцыямі нар. аўстр. імправізацыйнай камедыі, у т. л. т-ра марыянетак. У ім муз. драматургія больш развіта і набліжана да опернай, узмоцнены арк. і вак. партыі, расшыраны функцыі ансамбляў, асабліва ў фіналах. Сярод ранніх аўстр. З. «Крывы чорт» І.Гайдна (1751). Росквіт жанру звязаны з творамі К.Дзітэрсдорфа, В.Мюлера і асабліва В.А.Моцарта («Выкраданне з сераля», 1782; «Чароўная флейта», 1791), якія зрабілі вял. ўплыў на развіццё аўстра-ням. опернай культуры. Пазней моцартаўскія традыцыі працягвалі Л.Бетховен («Фідэліо»), Ф.Шуберт, К.М.Вебер, А.Лорцынг, О.Нікалаі, у венскай аперэце І.Штраус-сын і інш. У 20 ст. рысы З. адрадзіліся ў жанрах мюзікла, Songspiel (у К.Вейля).
Літ.:
Аберт Г. В.А.Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1, кн. 2. М., 1980;
Слободкин Г.С. Венская народная комедия XIX в. М., 1985.
т. 7, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЛЬЯ,
вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на р. Ілія, на аўтадарозе Сосенка—Краснае. Цэнтр сельсавета. За 37 км на ПдУ ад г. Вілейка, 75 км ад Мінска, 29 км ад чыг. ст. Уша. 1803 ж., 602 двары (1997).
Вядома з 1475 як двор браслаўскага намесніка Б.А.Саковіча. У 16—18 ст. належала Збаражскім, Глябовічам, Друцкім-Сакалінскім, Савіцкім, М.Клеафасу Агінскаму і інш. З 1564 мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі, у 19 ст. ў Вілейскім пав. Віленскай губ. У 1886—318 ж., 40 двароў, 2 царквы, школа, 2 кірмашы на год. З 1921 у складзе Польшчы. У 1931 цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Ільянскага раёна Вілейскай вобл., вёска. У Вял. Айч. вайну з 3.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў І. і раёне 1495 чал. У 1942 у выніку 2 масавых распраў над мірным насельніцтвам загінула 750 чал. У пач. ліп. 1944 вёска спалена карнікамі. У 1957 у Вілейскім р-не. У 1971—2179 ж., 530 двароў.
Лясніцтва, хлебазавод, дрэваапр. цэх. Ільянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, вучэбна-вытв. камбінат, сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, вет. аптэка, Дом быту, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — гасцініца (канец 19 — пач. 20 ст.), касцёл Сэрца Ісуса (1908), Ільінская царква (пач. 20 ст.). Помнік археалогіі — рэшткі шкляной мануфактуры (канец 18 — пач. 19 ст.).
т. 7, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)