О́КАМ (Ockham, Occam) Уільям (каля 1285, Окам, Вялікабрытанія — 10.4.1349), англійскі філосаф, паліт. публіцыст, прадстаўнік наміналізму, манах-францысканец. Вучыўся і выкладаў у Оксфардскім ун-це. У 1323 абвінавачаны ў ерасі, зняволены на 4 гады ў Авіньён, адкуль уцёк у Мюнхен, дзе жыў пры двары імператара Людвіга Баварскага, праціўніка папы. Змагаўся супраць панавання царквы над дзяржавай (прыхільнік размежавання сфер іх юрысдыкцыі), прадугадаў многія ідэі Рэфармацыі. Лічыў, што рэальна існуюць толькі адзінкавыя субстанцыі і іх абс. ўласцівасці, а па-за мысленнем ёсць толькі тэрміны, т.зв. універсаліі, якія абазначаюць розныя класы імён (інтэнцыі). Сфармуляваў прынцып дваістай ісціны для кан’юнкцыі і дыз’юнкцыі і ідэю пра тое, што значэнне тэрміна поўнасцю вызначаецца яго функцыяй у выказванні. Першасным пазнаннем лічыў інтуітыўнае, а паняцці, якія не зводзяцца да інтуітыўных і вопытных ведаў, павінны выключацца з навукі («сутнасці не павінны памнажацца без неабходнасці»). Окалізм (тэрмінізм) значна паўплываў на далейшае развіццё логікі і філасофіі, асабліва на Ж.Бурыдана, Мікалая з Атрэкура, Ф.Бэкана, Т.Гобса, Дж.Лока.
В.В.Краснова.
т. 11, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)