САУ́ДАЎСКАЯ АРА́ВІЯ, Каралеўства Саудаўская Аравія (араб. Аль-Мамляка аль-Арабія ас-Саудыя),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі на Аравійскім паўвостраве. Мяжуе на Пн з Іарданіяй, Іракам, Кувейтам, на ПдУ з Катарам і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, на Пд з Йеменам і Аманам. На ПдЗ абмываецца Чырвоным м., на ПнУ — Персідскім зал. Пл. 2,24 млн.км² (паводле інш. звестак ад 1,6 млн.км² да 2,4 млн.км²; межы С.А. праходзяць па пустынях і дакладна не вызначаны). Нас. 22 023 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Эр-Рыяд. Краіна падзяляецца на 13 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння каралеўства (23 вер.).
Дзяржаўны лад. С.А. — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы і духоўны кіраўнік — кароль, які адначасова з’яўляецца прэм’ер-міністрам, галоўнакамандуючым узбр. сіламі і вярх. суддзёй. Выканаўчы орган — Савет Міністраў, членаў якога назначае кароль. Дзейнічае Кансультатыўны савет (90 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады), які выпрацоўвае рэкамендацыі ўраду па пытаннях сац.-эканам. развіцця краіны, дае заключэнні па прававых актах і міжнар. пагадненнях.
Прырода. Большую частку краіны займае пласкагор’е выш. ад 200—300 м на У да 1000—1300 м на З, складзена з крышт. парод. Уздоўж Чырвонага м. горы Асіра і Хіджаза з г. Джабаль-Сауда (3353 м), прыбярэжная раўніна Тыхама.
Каля Персідскага зал. нізіна Эль-Хаса. Ва ўнутр. раёнах пустыні Вялікі Нефуд, Малы Нефуд, Руб-эль-Халі. Вял. запасы нафты — 35,8 млрд.т (25% сусв. запасаў, 1-е месца ў свеце) і прыроднага газу (5-е месца ў свеце) на У, каля ўзбярэжжа і на шэльфе Персідскага зал. Ёсць жал., свінцова-цынкавыя, медныя, залатыя і сярэбраныя руды, каменная соль і інш. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд трапічны. Лета гарачае, сухое, зіма цёплая. Сярэдняя т-растудз. 10—20 °C, ліп. 30—35 °C. Ападкаў каля 100 мм за год, у гарах да 400 мм. Бываюць пясчаныя буры (самумы). Рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Гасп. значэнне маюць падземныя воды. Расліннасць пустынная і паўпустынная, разрэджаная. Характэрны паўхмызнякі (палын, астрагал) і травы; у аазісах — дрэвавая расліннасць (аравійская акацыя, міра, фінікавая пальма, фруктовыя дрэвы і інш). Для жывёльнага свету характэрны грызуны, змеі, яшчаркі, драпежныя птушкі. Сустракаюцца антылопы, газелі, дзікі асёл, гепарды, шакалы, гіены. Ёсць ачагі саранчы. Нац. парк Асір.
Насельніцтва. Каля 95% складаюць арабы, у т. л. каля 82% — саудаўскія арабы, каля 13% — арабы з Йемена, Амана, Іарданіі і інш. Жывуць таксама іранцы, афрыканцы, выхадцы з Пакістана і Індыі, групы еўрапейцаў і амерыканцаў. Карэннае насельніцтва падзяляецца на плямёны, ёсць качэўнікі-бедуіны і паўкачэўнікі. Сярэднегадавы прырост больш за 3%. Сярэдняя шчыльн. каля 10 чал. на 1 км², у аазісах і прамысл. раёнах да 50—100 чал на 1 км², у пустынях каля 1 чал. на 1 км². У гарадах 85% насельніцтва. Найб. гарады (млн.ж., 1998): Эр-Рыяд — 2,6, Мекка — 1,5, Джыда — 1,5, Медына — 0,5. У прам-сці, буд-ве і здабычы нафты занята 25% працаздольнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 5%, у кіраванні —40%, у абслуговых галінах —30%. У краіне працуе некалькі мільёнаў замежных рабочых.
Гісторыя. Аравійскі п-аў з’яўляецца радзімай семіцкіх плямён. Ужо ў 2-м тыс. да н.э. большасць паўвострава засялялі стараж.-араб. плямёны. У 1-м тыс. да н.э. тут складаліся першыя дзяржавы: Мінейскае, Сабейскае, Хім’ярыцкае царствы. У 4—6 ст.н.э. ў Аравіі фарміравалася адзіная араб. народнасць адначасова з узвышэннем вобл. Хіджаз на З Аравіі. У пач. 7 ст. ў Хіджазе ўзнікла новая рэлігія — іслам, які здолеў аб’яднаць араб. плямёны. У выніку арабскіх заваяванняў створана вял. дзяржава — Арабскі халіфат (гл. Халіфат) са сталіцай у Медыне. Каля 660 халіф Муавія I перанёс сталіцу халіфата з Медыны ў Дамаск, пасля чаго Аравія страціла становішча цэнтра дзяржавы. У пач. 16 ст. туркі-асманы ўсталявалі кантроль над зах. р-намі Аравіі — Хіджазам і ч. Асіра, а ў 19 ст. англічане падпарадкавалі паўд. і ўсх. ўзбярэжжа. Але цэнтр. вобласці захавалі сваю незалежнасць. У пач. 18 ст. ў Недждзе, у аазісе Дэрыя, каля сучаснага Эр-Рыяда ўзнік эмірат на чале з дынастыяй Саўдыдаў, якую засн. Сауд (п. 1725). Яго сын Мухамед ібн Сауд у 1745 падтрымаў рэліг. рэфарматара Мухамеда ібн Абд-аль-Вахаба, заснавальніка рэліг.-паліт. руху вахабізму. Пад сцягам вахабізму Саўдыды аб’ядналі Неджд і заваявалі б.ч. Аравіі. У 1811—18 войскі правіцеля Егіпта Мухамеда Алі разграмілі дзяржаву вахабітаў. У 1842 Саўдыды аднавілі свой эмірат са сталіцай у Эр-Рыядзе (праіснаваў да 1891). У 1902 адзін з Саўдыдаў Абд-аль-Азіз адваяваў Эр-Рыяд і абвясціў сябе правіцелем вахабіцкай дзяржавы пад імем Ібн Сауда [1902—53]. У 1906 ён усталяваў уладу над усім Недждам, заваяваў Эль-Хасу (1913), Асір (1920) і Хіджаз (1925). У 1932 усе ўладанні Ібн Сауда абвешчаны каралеўствам С.А. З 1938 амер. кампанія «Арамка» пачала тут здабычу нафты, прыбыткі ад якой сталі пасля 2-й сусв. вайны асновай эканам. росквіту С.А. Потым каралеўствам кіравалі сыны Ібн Сауда: Сауд [1953—64], Фейсал [1964—75], Халед [1975—82] і Фахд [з 1982].
З 1964 пры Фейсале пераважная ўвага аддавалася развіццю нафтавай прам-сці, будаўніцтву інфраструктуры і г.д., усталяваны кантроль над здабычай нафты; пазіцыі С.А. ўзмацніліся ва ўсім мусульм. свеце. Яе ўрад аказвае вял.фін. дапамогу інш.мусульм. краінам. Ірана-іракская вайна 1980—88 падштурхнула Саўдыдаў да пошуку і замацавання сувязей з княствамі Перс. заліва. Яны сталі ініцыятарамі стварэння ў 1981 Савета супрацоўніцтва араб. дзяржаў Перс. заліва, які аказваў дапамогу Іраку ў вайне з Іранам. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 С.А. выступіла супраць іракскай акупацыі Кувейта і далучылася да шматнац. кааліцыі супраць Ірака. У знешняй палітыцы С.А. арыентуецца на ЗША і зах. краіны. С.А. — чл.ААН (з 1945), Лігі араб. дзяржаў (з 1945), Савета супрацоўніцтва араб. дзяржаў Перс. заліва (з 1981). Дыпламат. адносіны паміж С.А. і Рэспублікай Беларусь усталяваны 6.6.1997.
Гаспадарка. С.А. — індустр.-агр. краіна. Эканоміка змешанага тыпу, з важнай роляй і дзярж., і прыватнага сектараў. Гал.прамысл. кампаніі ў сумесным уладанні дзяржавы і замежных карпарацый. З 1970 краіна развіваецца па пяцігадовых планах. У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 186 млрд.дол., па 8500 дол. на чал. Структура ВУП: прам-сць 47%, сельская гаспадарка 6%, сфера паслуг 47%. Аснову эканомікі складае нафтагазавая прам-сць. У 1998 здабыта 443 млн.т нафты (3-е месца пасля ЗША і Расіі; больш за 10% сусв. здабычы). Здабыча нафты эфектыўная, яна залягае неглыбока (да 2—3 тыс.м), маласярністая, свідравіны высокадэбітныя. Асн. радовішчы: Гавар, Абкайк, Сафанія, Маніфа і інш. на У краіны. Большая ч. прыроднага газу здабываецца на радовішчах Гавар, Сафанія, Зулуф. Працуюць 8 нафтаперапр. з-даў у Рас-Тануры, Рас-Хафджы, Джыдзе, Дахране, Эр-Рыядзе, Янбу, прадпрыемствы па звадкаванні газу на экспарт у Рас-Тануры, Абкайку, Янбу. Пераважная ч. нафты і прыроднага газу здабываецца дзярж. кампаніяй «Арамка» з удзелам амер. капіталу, кантроль над ёй ажыццяўляе дзярж.арг-цыя «Петрамін». Здабычу нафты вядуць таксама япона-араб. нафтавая кампанія АОС і амер. кампанія «Тэксака». На базе нафтагазавай сыравіны развіваецца вытв-сць аміяку, мачавіны, серы, полівінілхларыдаў, хім. угнаенняў, змазачных маслаў у Дамаме, Янбу, Джыдзе, Абкайку, Эль-Джубайлі. Вядзецца здабыча (пераважна замежнымі кампаніямі) золата, серабра, медзі, цынку, свінцу, кам. солі і інш.Вытв-сць электраэнергіі 110,1 млрд.кВт∙гадз (1998). Буйныя электрастанцыі ў Джыдзе, Эр-Рыядзе, Дамаме, Дахране, Мецы, Эт-Таіфе і інш. Электраэнергія шырока выкарыстоўваецца для апраснення марской і мінер. падземнай вады. З інш. галін прам-сці найб. развіты: металургічная (металург. камбінат у Эль-Джубайлі, сталеплавільны з-д у Дамаме, вытв-сць пракату ў гарадах на У краіны, алюмінію ў Янбу і Дамаме), машынабуд. і металаапр. (зборка грузавых і легкавых аўтамабіляў у Джыдзе і Эр-Рыядзе, вытв-сць кабелю і акумулятараў у Эр-Рыядзе, суднабудаванне ў Дамаме), цэм. (Джыда, Хуфуф, Эр-Рыяд, Янбу), тэкст. (вытв-сць свяшчэнных пакрывал для паломнікаў-мусульман, трыкатажу, швейных вырабаў; Джыда, Дамам), папяровая (Джыда, Дамам, Эр-Рыяд), буд. матэрыялаў, ваен., шкляная, запалкавая. У харч. прам-сці вылучаюцца малочная, мясная, кандытарская, алейная, вытв-сць безалкагольных напіткаў, перапрацоўка фінікаў. Саматужная і паўсаматужная вытв-сць адзення і абутку, шарсцяных тканін, сярэбраных і залатых упрыгожанняў, прадметаў рэліг. культу. Марское рыбалоўства (у 1999 вылаўлена 54,1 тыс.т рыбы), здабыча крабаў, крэветак, жэмчугу, каралаў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 130 млн.га зямлі, у т. л. каля 4,5 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі (каля палавіны арашаецца), каля 125,5 млн.га пад пашай (паўпустыні і пустыні). Багарнае земляробства магчыма толькі ў гарах, найб. на ПдЗ (правінцыя Асір). Пануе буйное землеўладанне, якое спалучаецца з дробным землекарыстаннем. Гал. культура — пшаніца, валавы збор у 1998 2,4 млн.т, ураджайнасць 40,9 ц з 1 га. Вырошчваюць таксама ячмень, проса і сорга, кукурузу, люцэрну (на корм жывёле), агародніну. Трапічнае і субтрапічнае садоўніцтва (цытрусавыя, гранаты, міндаль, інжыр, персікі і інш.), вінаградарства, вырошчванне фінікавых пальмаў (штогадовы збор фінікаў каля 400 тыс.т) і кававых дрэў. Жывёлагадоўля пашавая, пераважна качавая і паўкачавая; у асн. гадуюць буйн. раг. жывёлу, вярблюдаў, авечак, коз. У 1999 пагалоўе склала (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 0,3, авечак 8, коз 4,4, вярблюдаў 0,4. Птушкагадоўля (у 1999—125 млн. курэй). У 1998 С.А. пакрывала свае патрэбы ў харч. прадуктах за кошт уласнай вытв-сці на 70%, у т. л. пшаніцай, фінікамі, мясам птушкі на 100%, інш. збожжавымі на 50%, агароднінай на 83%, фруктамі на 66%, малочнымі прадуктамі на 55%, мясам на 48%. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. аўтадарог 162 тыс.км, у т. л. 69,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; чыгунак 1390 км, магістральных нафтаправодаў 6,4 тыс.км, газаправодаў 2,2 тыс.км. У краіне 1,7 млн. легкавых аўтамабіляў, 1,2 млн. грузавых і аўтобусаў, 72 аэрапорты з цвёрдым пакрыццём лётнага поля, у т. л. 3 міжнар. (Эр-Рыяд, Джыда, Дахран). Гал. парты: Дамам, Эль-Джубайль, Дуба, Джыда, Джызан, Рас-Танура, Янбу. Экспарт у 1999 склаў 48 млрд.дол., імпарт 28 млрд.дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (90%) і звадкаваны газ (каля 9%), у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. прадукты, хімікаты, трансп. сродкі, тэкстыль. Гал.гандл. партнёры: ЗША (15% экспарту, 21% імпарту), Японія (адпаведна 17% і 9%), Францыя (4% і 5%), Рэспубліка Карэя (11% экспарту), Вялікабрытанія (9% імпарту), Германія, Сінгапур, Індыя, Італія і інш. Колькасць турыстаў у 1998 больш за 3,8 млн.чал., у т. л. больш за 2 млн. паломнікаў па святых месцах ісламу (Мекка і Медына), даход ад турызму 1,46 млрд. долараў. С.А. — краіна-донар. Яна аказвае эканам. дапамогу многім слабаразвітым краінам (пераважна мусульманскім), удзельнічае ў фінансаванні міжнар. фондаў развіцця. Грашовая адзінка — саудаўскі рыял.
Літ.:
Васильев А.М. История Саудовской Аравии (1975 г. — конец XX в.). 2 изд. М., 1999;
Holden D, Richard G. The House of Saud. New York, 1981;
Zacey R. The Kingdom: Arabia and the House of Saud. New York, 1981.
У.С.Кошалеў (гісторыя), П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Саудаўскай Аравіі.Да арт.Саудаўская Аравія. Горад Эль-Катыф.Да арт.Саудаўская Аравія. Аўтадарога Мекка—Таіф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЬСКАЯ ГАСПАДА́РКА,
адна з найважнейшых галін матэрыяльнай вытв-сці, якая забяспечвае насельніцтва харч. прадуктамі, а прам-сць сыравінай. Займаецца вырошчваннем с.-г. культур і гадоўляй с.-г. жывёлы. Падзяляецца на раслінаводства, жывёлагадоўлю і кормавытворчасць. Уключае таксама некаторыя віды першаснай перапрацоўкі раслін і жывёльных прадуктаў, гадоўлі жывой цяглавай сілы. У шэрагу краін да С.г. адносяць і лясную гаспадарку. Дакладнае спалучэнне галін забяспечвае рацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных і прац. рэсурсаў. Гал. сродак вытв-сці ў С.-г. — зямля, якая ў час выкарыстання пры ўмове правільных да яе адносін не змяншае сваёй вартасці, г.зн. не амартызуе, а, наадварот, можа яе павялічваць. Значная частка С.-г. валавой прадукцыі выступае ў далейшым вытв. працэсе як сродак вытв-сці. С.г. моцна залежыць ад умоў навакольнага асяроддзя, што абумоўлівае асаблівасці арганізацыі вытв. працэсу.
Чалавецтва займаецца С.г. прыкладна 10—15 тыс. гадоў. Збіральніцтва, паляванне і рыбная лоўля вызначалі поўную залежнасць людзей ад прыроды. Вынікам развіцця грамадскіх адносін з’явілася ўзнікненне ў неаліце с.-г. дзейнасці, што ў далейшым абумовіла пэўную незалежнасць людзей ад умоў навакольнага асяроддзя. Першай галіной С.г., якая забяспечвала такую незалежнасць, лічыцца жывёлагадоўля. На базе збіральніцтва ўзнікла раслінаводства, калі чалавек пачаў апрацоўваць простымі прыладамі глебу для задавальнення сваіх патрэб. На працягу доўгага часу ў адпаведнасці з мясц. ўмовамі ўзнікалі, удасканальваліся і змяняліся сістэмы земляробства ад прымітыўных да інтэнсіўных, паляпшаліся карысныя якасці жывёлы. Пры малаінтэнсіўнай нізкапрадукцыйнай вытв-сці С.г. мела натуральны характар. З ростам інтэнсіўнасці многія галіны набылі таварны характар, узніклі зоны спецыялізацыі.
Плошча с.-г. угоддзяў на Зямлі каля 4,8 млрд.га, або 34% сушы (1999). У большасці краін асн. галіна С.г. — збожжавая гаспадарка. Збожжавыя і зернебабовыя культуры (пшаніца, кукуруза, рыс і інш.) займаюць амаль палову пасяўных плошчаў свету. Асн. пасевы пшаніцы знаходзяцца ў Еўропе, Паўн. Амерыцы і Азіі, кукурузы — у Паўн. Амерыцы, рысу — у краінах Азіі. Сусв.вытв-сць за год у сярэднім каля 400 млн.т. З тэхн. культур пашыраны бавоўнік. лён-даўгунец, цукр. трыснёг і цукр. буракі, сланечнік, масліны, бульба і інш. Большасць тэхн. культур вырошчваецца ў краінах, што развіваюцца, якія і выступаюць на сусв. рынку як гал. экспарцёры; з эканамічна развітых краін па вытв-сці тэхн. культур вылучаюцца толькі ЗША. У апошнія гады 20 ст. шырокую вядомасць набылі танізуючыя культуры (чай, кава, какава). Сусв.вытв-сць кавы за год складае 6 млн.т, чаю і какавы — па 2,5 млн.т. Асн. вытворцы кавы — Бразілія, Калумбія, Кот-д’Івуар, Уганда, Бурундзі. Па вытв-сці чаю вылучаюцца Кітай, Індыя, Шры-Ланка, Бангладэш, В’етнам. У сучаснай С.г. важнае месца займаюць агародніцтва, вінаградарства і садоўніцтва. Сусв. вядомасць мае вытв-сць пладовых культур у Міжземнамор’і, Каліфорніі, Фларыдзе. Большая частка вінаграднікаў сканцэнтравана ў краінах Зах. Еўропы і Паўн. Афрыкі. У сусв. гандлі вял. значэнне набылі бананы, плантацыі якіх знаходзяцца пераважна ў краінах Лац. Амерыкі, вільготных трапічных раёнах Афрыкі і Азіі. Сярод галін жывёлагадоўлі найб. развіццё атрымалі буйной рагатай жывёлы гадоўля, свінагадоўля і авечкагадоўля. У 2000 буйн. раг. жывёлы было каля 1,4 млрд. галоў, свіней — 0,9 млрд. галоў, авечак — каля 1,1 млрд. галоў. У сусв. гандлі прадукцыяй жывёлагадоўлі першыя месцы займаюць развітыя краіны. Гал. краіны-экспарцёры ялавічыны — Аўстралія, Германія, Францыя, Новая Зеландыя, Нідэрланды, ЗША; свініны — Нідэрланды, Бельгія, Данія, Канада; бараніны — Новая Зеландыя, Аўстралія, Вялікабрытанія; мяса птушкі — Францыя, ЗША, Нідэрланды; воўны — Аўстралія, Новая Зеландыя, Аргенціна, Уругвай, Паўд.-Афр. Рэспубліка. Індустрыялізацыя і урбанізацыя прывялі да зніжэння ўдз. вагі насельніцтва, занятага ў С.г., да 44% (1998). У 1960—90-я г. ў прамыслова развітых краінах у сярэднім доля занятых у С.г. знізілася з 13 да 7%, а ў краінах, што развіваюцца — з 65 да 57%. Адпаведна доля С.г. ва ўнутр. валавым прадукце скарацілася з 7 да 4% і з 46 да 21%. З агульнай колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва ў С.г. заняты: у Азіі і Афрыцы больш за 60%, у Паўд. Амерыцы і Акіяніі каля 19%, у Еўропе і Паўн. Амерыцы — 9—10%. З пач. 1960-х г. на сусв. рынку с.-г. прадукцыі гал. таварапатокі і аб’ёмы вытв-сці рэгулююцца міжнар. арг-цыямі.
На С.г. істотна ўплывае навук.-тэхн. прагрэс, які ўдзельнічае праз перабудову ў інш. сферах гаспадаркі, мадэрнізацыю і індустрыялізацыю самой галіны. У 1920—30-я г. прагрэс у с.-г. вытв-сці адбываўся праз трактарызацыю; у 1940—50-я г. — праз селекцыю і хімізацыю; у 1960-я г. — праз «зялёную» рэвалюцыю. З 1980-х г. пачалося развіццё біятэхналогіі і камп’ютэрызацыі. У сучасны перыяд 78% зямной паверхні маюць сур’ёзныя прыродныя абмежаванні для развіцця земляробства, 13% плошчаў маюць нізкую прадукцыйнасць, 6% — сярэднюю і толькі 3% — высокую. У пач. 21 ст., нягледзячы на навук.-тэхн. прагрэс і глабалізацыю эканомікі, С.г. застаецца на нізкім узроўні развіцця. Найб. перадавыя тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў эканам. развітых краінах Еўразіі, Паўн. Амерыкі, Аўстраліі і Новай Зеландыі.
На Беларусі с.-г. дзейнасць узнікла, як мяркуюць, у канцы неаліту (канец 5—4-е тыс. да н.э.). У 13—14 ст. сфарміраваліся асн. формы феад. і сял. землеўладання, катэгорыі феадалаў і сялян. Асн. галіной было раслінаводства. Вырошчвалі жыта, авёс, грэчку, гарох, лён-даўгунец, каноплі. Неад’емнай часткай С.-г. заставаліся разнастайныя промыслы: пчалярства, рыбалоўства, паляванне, рамёствы. З’яўленне фальваркаў, арыентаваных на вытв-сць таварнай прадукцыі, прыпадае на 15—16 ст. Першая аграрная рэформа (валочная памера) 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. прывяла да дакладнага ўліку і рацыянальнага размеркавання зямель, уніфікацыі сял. правіннасцей. У зах. і цэнтр. Беларусі С.г. стала індывідуальнай праз падворнае землекарыстанне. Пасля далучэння да Рас. імперыі бел. губерні былі ўцягнуты ў яе гасп. сістэму, што дазволіла забяспечыць рынак збыту с.-г. прадукцыі і стымуляваць яе вытв-сць, пашырыць пасевы тэхн. культур (лёну, канапель, бульбы), вызначыць раёны з акрэсленай с.-г. спецыялізацыяй. Сусв. аграрны крызіс 1880—90-х г. зрабіў нявыгадным вытв-сць збожжа на Беларусі як таварнай прадукцыі. Сітуацыя тут ускладнілася ўтварэннем зоны таварнай вытв-сці збожжа ў чарназёмнай зоне Рас. імперыі. У выніку асн. галіной С.г. Беларусі стала малочная жывёлагадоўля, у важныя кірункі яе спецыялізацыі ператварыліся льнаводства і авечкагадоўля. Значна паўплывала на С.г. сталыпінская агр. рэформа. Напярэдадні 1-й сусв. вайны Беларусь заставалася агр. краінай: каля 75% яе жыхароў былі заняты ў С.г., доля якой у нац. прыбытку складала 67,5%. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 ішло аднаўленне разбуранай войнамі с.-г. вытв-сці, яно прыблізна завяршылася да 1925. У 1929 у БССР пачалася паўсюдная калектывізацыя, якая суправаджалася раскулачваннем. Да 1935 у калгасах апынулася 85,6% гаспадарак, абагульнена 92,3% пас. плошчаў. У гасп. жыцці ўсталяваліся метады пазаэканам. прымусу, склалася сістэма неэквівалентнага абмену паміж горадам і вёскай, узнікла адчужэнне селяніна ад асн. сродкаў вытв-сці і вынікаў працы. Вялізныя страты С.г. Беларусі прычынены ў гады 2-й сусв. вайны: разбурана 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 36 МТС, прыкладна на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, пагалоўе буйн. раг. жывёлы знізілася амаль на 49%, коней — на 61, свіней — на 89, авечак і коз — на 78%, поўнасцю разбурана энергетычная і тэхн. база С.г. У пасляваенны перыяд праведзена калектывізацыя і ў Зах. Беларусі, прыняты шэраг захадаў па матэрыяльным стымуляванні, удасканаленні планавання і арганізацыі с.-г. вытв-сці, перавод яе на інтэнсіўны шлях развіцця. У 1970—80-я г. ў выніку спецыялізацыі і канцэнтрацыі на аснове міжгасп. і аграпрамысл. інтэграцыі адбыўся пэўны рост с.-г. вытв-сці. Але звышцэнтралізаванае кіраванне, манапалізм у вытв-сці, бюракратызм не дазволілі зламаць механізм тармажэння, забяспечыць развіццё прадукцыйных сіл. Недаацэнка с.-г. працы стымулявала адток сельскага насельніцтва ў гарады, вяла да пастарэння і абязлюдзення вёскі: За 1960—80-я г. ўдз. вага сельскага насельніцтва знізілася да 35%. Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, распад СССР, агульны эканам. крызіс абвастрылі супярэчнасці агр. сектара краіны. Перавага адзяржаўленай калгасна-кааператыўнай уласнасці, слабая эканам. матывацыя працы сялянства пакуль яшчэ стрымліваюць развіццё С.г. Марудна пашыраюцца новыя формы прадпрыемстваў у С.г. (акц. т-вы, асацыяцыі, кааператывы і інш.), фермерства. Розніца ў цэнах на прамысл. прадукцыю і с.-г. сыравіну перашкаджае эканам. развіццю С.г. краіны. На Беларусі ўдз. вага занятага ў С.г. насельніцтва складае (2000) 14,1%, у інвестыцыях у асн. капітал 6,7% у асн. фондах 16,5% у валавым унутр. прадукце 12,7%. Налічваецца 1730 калгасаў, 617 саўгасаў, 2,5 тыс. сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. Сярод прадпрыемстваў 48,8% стратных. Асн. паказчыкі развіцця С.г. гл. ў табл. 1 і 2.
С.г. Беларусі спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вытв-сці бульбы і лёну. На тэр. краіны вылучаюць 5 зон спецыялізацыі, якія ўтварыліся пад уздзеяннем розных фактараў: кліматычных і глебавых умоў, аб’ёмаў і структуры попыту насельніцтва і прам-сці на прадукцыю С.г., размяшчэння гаспадарак адносна да прадпрыемстваў па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, трансп. умоў, узроўню цэн на с.-г. прадукцыю, ступені забяспечанасці прац. рэсурсамі. У гэтых зонах шмат агульнага і ў той жа час кожная з іх мае свае асаблівасці. Ва ўсіх зонах развіта збожжавая гаспадарка, вырошчваюцца тэхн. культуры і бульба, паўсюдна гал. галіна — жывёлагадоўля. Аднак структура пасяўных плошчаў і суадносіны відаў жывёлы істотна розняцца. Асн.харч. культурамі з’яўляюцца жыта і пшаніца. Некалькі больш пашыраны пасевы жыта на пясчаных і супясчаных глебах Палесся, пшаніцы — у Брэсцкай, Гродзенскай, на ПдЗ Мінскай і на У Гомельскай абласцей. Найб. плошчы ячменю і аўса ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Для палескіх раёнаў характэрны пасевы кармавога лубіну на зерне. Паўн. і паўн.-ўсх. часткі Беларусі найб. прыдатныя для пасеваў і лёну-даўгунцу. Пасевы цукр. буракоў сканцэнтраваны на ўрадлівых глебах вакол цукр. з-даў. У некаторых раёнах (Петрыкаўскім, Лідскім і інш.) вырошчваюць эфіраалейныя культуры. Большая ўдз. вага пасеваў бульбы характэрна для Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцей. Вакол Мінска сфарміравалася самая развітая зона агародніцтва. Па развіцці садоўніцтва вылучаецца Мінская і Гомельская вобл., асабліва ў прыгарадных зонах. Развядзенне буйн. раг. жывёлы характарызуецца раўнамерным размяшчэннем па тэр. краіны. У цэнтр., паўд. і зах. раёнах больш развіта свінагадоўля. Птушкагадоўля — самая індустрыяльная галіна жывёлагадоўлі. У асн. развіваецца на спецыялізаваных прадпрыемствах, найб. з якіх Мінскае ВА па птушкагадоўлі, Смалявіцкая бройлерная ф-ка, Аршанская, Баранавіцкая, Кобрынская птушкафабрыкі. З інш. галін жывёлагадоўлі пэўнае развіццё атрымалі рыбаводства, зверагадоўля і пчалярства. Гл. таксама Аграрнае пытанне, Аграрны крызіс, Аграрныя рэформы.
Літ.:
Алисов Н.В., Хорев Б.С. Экономическая и социальная география мира (общий обзор). М., 2000;
Социально-экономическая география зарубежного мира. М., 1998;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95.
Г.С.Смалякоў.
Табліца 1 Вытворчасць асноўных відаў с.-г. прадукцыі ў Беларусі
Віды прадукцыі
1913
1940
1960
1980
1990
1995
2000
Збожжа, млн.т
2,6
2,7
2,2
4,1
7,0
5,5
4,5
Ільновалакно, тыс.т
32,8
36,5
84,4
61,0
52,0
60,0
37,0
Цукровыя буракі, тыс.т
—
—
383
1122
1479
1472
1474
Бульба, млн.т
4,1
11,9
10,6
9,3
8,6
9,5
8,7
Агародніна, тыс.т
—
673
843
733
749
1031
1379
Садавіна, тыс.т
—
—
—
414
373
383
—
Мяса ў забойнай вазе, тыс.т
219,3
274,7
401,8
857,0
1181,0
657
598
Малако, млн.т
1,4
2,0
3,2
6,1
7,5
5,1
4,5
Яйцы, млн.шт.
413,0
611,8
867,8
3035,0
3657,0
3373,0
3288,0
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў Беларусі (тыс. галоў)
Віды прадукцыі
1916
1941
1961
1980
1990
1996
2000
Буйная рагатая жывёла
2293
2843
3666
6735
7166
5054
4221
у т. л. каровы
1610
1956
2021
2748
2439
2137
1845
Коні
1483
1170
519
234
219
229
217
Свінні
2444
2520
3164
4437
5204
3895
3566
Авечкі і козы
2050
2578
1213
564
510
262
174
Птушка, млн. галоў
—
14,7
18,6
37,3
49,8
40,1
30,1
Да арт.Сельская гаспадарка. Жывёлагадоўчы комплекс у Брэсцкім раёне.
1. Пачаць перамяшчацца па паверхні вады або ў вадзе ў пэўным напрамку. Ліда раней за ўсіх зайшла на глыбокае месца, акунулася і паплыла.Шамякін.
2.перан. Пачаць павольна, плаўна перамяшчацца, рухацца. Воблака шызага дыму паплыло па алешніку.Лынькоў.Птушкі выгнулі шыі і, ляніва махаючы крыламі, паплылі да цёмнай паласы высокага лесу.Федасеенка./ Пра месяц, сонца. З марской глыбіні вынырнула і паплыло ўгору сонца.Рамановіч./ Пра гукі, пахі. Сумная мелодыя паплыла над соннай вёскай.С. Александровіч.Неўзабаве ў талерках заблішчала бурштынавымі плямамі звараная з баранінай капуста, з печы паплыў прыемны пах смажанага.Хадкевіч.// Пачаць распаўсюджвацца, перадавацца (пра чуткі). Чуткі пра бандытаў паплылі па ўсіх ваколічных вёсках.Чарнышэвіч.// Пачаць прабягаць перад вачыма таго, хто едзе на чым‑н. Міма акна [вагона] паплылі закопчаныя будынкі таварнай станцыі, склады, пакгаузы.Навуменка.Зноў пад крылом самалёта паплылі руіны.Карпаў.// Аб чым‑н., што здаецца рухомым чалавеку ў паўпрытомным стане. Мне зрабілася млосна, крывавая пляма паплыла перад вачамі.Шамякін.// Праходзіць, узнікаць у памяці (пра думкі, вобразы і пад.). І вось ужо аднекуль, з глыбіні, з самага дна памяці паплыло, паплыло мінулае, перажытае.Сачанка.Паплылі, чапляючыся адзін за адзін, успаміны.Скрыган.Самі сабой лёгка паплылі думкі, чыстыя і ясныя.Мележ.// Пайсці няспынным патокам (аб паперах, пісьмах і пад.).
3.перан. Пачаць праходзіць, мінаць. Пацякла, паплылі за гадамі гады...Купала.І паплылі дні, быццам журавы Над свежымі пакосамі травы.Танк.Жыццё маладых Дубінскіх спачатку паплыло роўна, спакойна, ціха.Ядвігін Ш.
4. Пайсці плаўнай паходкай. Гаспадары сустрэлі Таццяну ветліва. Цяжарная Вера хутка кінула шыццё і паплыла насустрач сяброўцы.Шамякін.// Лёгка і плаўна пачаць танцаваць. На выклік Лазавога Люба.. адарвалася з месца і чайкай паплыла па хаце.Васілевіч.
5. Пачаць растоплівацца, расплывацца. Тры дні не па-сакавіцку, а па-майску пякло сонца — і адразу паплыў снег, разліліся ручаі, зрабілася стракатым поле.Шамякін.
6.Разм. Пацячы, паліцца. Па жолабе ў коўш спакойна паплыў агністы паток [чыгуну].Карпаў./ Пра сыпучыя рэчывы. Жыта паплыло з каша ў латочак вадзяным плавам.Баранавых.
7.перан.Разм. Пачаць знікаць, пераходзячы з адных рук у другія. Зброя са склада паліцэйскага ўчастка паплыла праз сувязных у лес.Новікаў.
паплы́ць,
гл. паплысці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Рай1 ’месца, куды накіроўваюцца і дзе знаходзяць шчаслівае існаванне душы праведнікаў пасля смерці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бел. міф.), ра́йства ’тс’ (Сл. ПЗБ), ра́йство ’збавенне, райскае жыццё’ (ТС), параўн. укр., рус.рай, польск., в.-луж., н.-луж.raj, чэш.ráj, славац.raj, славен.ràj, серб.-харв.pȃj, балг.рай, макед.paj, ст.-слав.рай. Слова выключна славянскага моўнага арэалу, не мае іншамоўных адпаведнікаў з такім самым значэннем; літ.rõjus ’тс’, хутчэй за ўсё, запазычанне са славянскіх моў. Перадусім азначаецца як ’месца, дзе жылі Адам і Ева’, ’прыгожая краіна’, у тым ліку ’сад, кветнік, жытло, прытулак прабацькоў’, ’чароўны край, дзе не бывае зімы’. Этымалогіі прасл.*rajь пераважна абапіраюцца на асноўныя хрысціянскія ўяўленні пра рай як пра сад, параўн.: кругом сад, бацца у раю (Сержп.). Прынята, што ў бел. міфалогіі захавалася “класічная, найстаражытная” канцэпцыя рай — ’сад, у якім заўжды шмат усяго, што душа прымае, і заўсёды цёпла, бо стаіць вечнае лета’ (Бел. міф., 421), тое ж адносіць Брукнер (452) да першаснага значэння рай, што не зусім правільна. Славянскія ўяўленні пра рай не абмяжоўваюцца значэннем ’сад’, і рай, відавочна, з’яўляюцца агульнаславянскім рэлігійным паняццем, якое перш за ўсё мела семантычную сувязь з дахрысціянскім светам памерлых, насуперак меркаванню Борыся (509), што сувязь рая з душамі памерлых усталёўваецца з прыняццем хрысціянства. Рай як агульнаславянскі хрысціянскі тэрмін мог замацавацца пазней. Пошукі роднасці слав.*rajь з ’сад’, відавочна, падмацоўваюць распаўсюджаныя ў іншых мовах утварэнні з грэч.παράδεισος, што звязана з паняццем ’сад, парк, агароджанае месца’ ці ’прыемнае прыгожае месца’. Фармаванне рэлігійнай семантыкі формы рай не мае адназначнага тлумачэння. Прызнаецца роднасць слав.*rajь з авест.rāy ’багацце, шчасце’, ст.-інд.rā‑, rās ’маёнтак, скарб, багацце’, rayís ’падарунак, уласнасць’ (Младэнаў, 556; Мацэнаўэр, Cizí sl., 16, 163; Фасмер, 3, 435; Глухак, 516; БЕР, 6, 163; ESJSt, 12, 746; Борысь, 509 і інш.). Адсюль выводзіцца першасная семантыка рай ’край багацця’ (Сной, 521), ’край, дзе пануе багацце і шчасце’ (Борысь, 509). Трубачоў (Этногенез₂, 189–190, 417, 421, 424) выказвае сумненні адносна сувязі слав.*rajь з інд.-іран.rāy‑ ’багацце’ паколькі названыя формы не з’яўляюцца сакральнымі. Менавіта вывядзенне рай з апафанічнага шэрагу *rei‑/*roi‑ з шырокай семантыкай дае новы накірунак этымалагічным даследаванням. Найбольш імавернае вывядзенне рай з дахрысціянскіх уяўленняў пра свет памерлых праз паняцці воднай прасторы, параўн. *raj < *roj, як свет памерлых, што знаходзіўся пад вадой, плынню (Голуб-Копечны, 309) *rajь < і.-е.roi̯‑ з першапачатковым значэннем ’зарэчны’ ў сувязі з *rěka (дыскусію гл. Этимология–1994–1996, 13–14; 23–24; Этногенез, 173–175; Этногенез₂, 190), гл. рака. Аднак у дахрысціянскіх славянскіх вераваннях не існуе адназначнай сувязі паміж раем і менавіта ракой, параўн. сведчанні даследчыка славенскай міфалогіі З. Шмітака, што ў славенскай абраднасці вандроўны на той свет павінен перайсці шмат водаў, паколькі воды аддзяляюць гэты свет ад таго, а ў старажытнай карынційскай малітве памерламу жадаюць, каб на моры яму дзьмуў добры вецер (Шмітак, Mit., 42). Бязлай (Onomastica Jugoslavica, 6, 57–70) лічыць, што слав.рай суадносіцца з паняццем не толькі воднай прасторы, але і паветранай, можа азначаць ’мора’ і ’неба’, ’край мора’ і ’край гарызонтаў што пацвярджаюць і іншыя вераванні (скандынаўскія, сірыйскія — Бязлай, там жа), параўн. таксама авест.źrayas‑ ’мора, сусветны акіян’, ст.-інд.jrayas ’мора, прастора’. Паводле Трубачова (Этногенез₂, 417, 421), рай у славян не з’яўляўся супрацьлеглым паняццем да пекла (гл.), як гэта прадстаўлена ў хрысціянскіх уяўленнях, а мог азначаць “потусторонний мир вообще”, куды “переселяются все умершие”, гэта проста “тот свет”, месца, “связанное c/или находящееся за водой”. Сной (521), як варыянтнае, разглядае першаснае значэнне рай як ’тое, што звязана з патокам, цячэннем, адносіцца да воднай ці падводнай сферы’. Вывядзенне рай з прасл.*iroi‑ (параўн. і.-е.*erei‑ ’цячы, рухацца’) дазваляе параўноўваць рай з вір (гл.; пра гатую сувязь згадвалася ў літ-ры, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920) і вырай (гл.), а таксама з іх славянскімі варыянтамі: вырай ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’ і ’старажытная назва раю’, укр.вир, вірій, ірій ’край, куды адлятаюць увосень птушкі і дзе жывуць памерлыя’, укр.обрій ’гарызонт’, рус.дыял.ирей, вырей, ирий ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’, ст.-рус.ірій ’далёкі казачны край, магчыма, рай’, польск.wyraj ’тс’, польск.iść na wyraj ’пачаць лепей жыць, адысці на пакой’. Істотна для параўнання рай, вырай з вір. Параўн. бел.вір ’вір, вадаварот’, рус.вир, выр ’тс’, славен.ir, virij, izvir ’вір’. Параўн. да гэтага славен.rajanje ’завіванне і адвіванне ўдзельнікаў абраднага танца на могілках’ (Шмітак, Mit., 45–46). Rajanje сімвалічна павязвала жыццё і смерць, як бы заключаючы ў лабірынт нячыстую сілу, у тым ліку душа памерлага праходзіла праз вадаварот, кола, лабірынт забыцця ў краіну мёртвых (там жа). Параўн. рус.дыял.вырей ’рачны вядзьмак, вадзянік’ і славенскую міфалагічную постаць вадзяніка, што праз вір уцягвае ахвяры ў свет памерлых. Роднасць рай, рус.дыял.райдуга ’вясёлка’, вір і вырай можа пацвярджаць імавернасць міфалагічнага ўяўлення, што райдуга ўцягвае ў сябе дождж, ваду, з’яўляецца нябесным вірам (Даль, 3; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 22–76), насуперак меркаванню Талстога, што райдуга (падае Даль, 4, 56) мае народна-этымалагічнае паходжанне (Талстой, тамжа, 29). Адсюль рай‑дуга можа азначаць ’мяжу свету памерлых’, ’акрай, браму рая’, ’нябеснае акно’ (Талстой, там жа, 56), а сам рай, роднасны да вір і вырай, магчыма, даўней азначаў не столькі ’свет памерлых’, сколькі ’праход у свет памерлых’, так званы “апошні шлях”, вадзяны ці паветраны вір, праз які душы трапляюць на той свет, параўн. да гэтага ўстойлівае рус.проводить в последний путь, рус.дыял.птичья дорога ’назва Млечнага шляху’, славен.večna pot, bogova cesta ’назва Млечнага шляху’, што звязвала душы з богам (Шмітак, Mit., 38), славенскае міфалагічнае ўяўленне пра тое, што па mavrici ’вясёлцы’ нябожчыкі, як па нябесным мосце, пераходзілі ў рай. Адносна сувязі рай і рака, адпаведна вырай і райдуга, параўн. с.-ірл.rīan ’рака, дарога’, ням.Rain ’мяжа’, швед.ren‑ ’мяжа’ і ’край канавы’. Да таго ж у беларусаў — змеі ідуць у вырай у норы (Чарвонцава, Куфэрак Віленшчыны, 3, 142), што адначасова пераносіць (вы)рай не толькі да нябеснай, але і да падземнай прасторы і можа азначаць, што (вы)рай мог звязваць неба і падземны свет як сферы незямныя. Сумніўна параўнанне рай з рад‑ і прасл.*radъ як ’край радасці’ (Бязлай, 3, 145; Сной, 521), а таксама з рости/расти (Страхаў, Palaeoslavica, 11, 2, 115). Агляд праблематыкі і літ-ры гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920–921.
Рай2 ’дажыначная песня’, ’пучок нязжатага жыта, прыбраны кветкамі’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ): нада рая́ убраць (ЛА, 3), ’міфічная істота, што дапамагае жнейкам жаць жыта, клапоціцца пра зжатае збожжа’, адсюль заклік Рай, Рай, хадзі да нас! (Пятк., 2), гл. раёк. Як назва абраду лексема вядомая на ўсходзе Украіны, параўн. харк.ходи́ти в рай ’звычай абмывання рук парадзіхі і інш. на другі дзень хрэсбінаў, пасля чаго ўдзельнікі (апрача парадзіхі) ідуць у шынок частавацца за кошт бабкі’, а таксама ў рэдукаваным выглядзе на паўднёва-рускай тэрыторыі, параўн. тыпалагічна блізкае стаўрап.рай ’абрад, які здзяйсняецца на другі дзень пасля хрэсбінаў, калі гасцей абвязваюць стужкай’. Не зусім ясна. Магчыма незалежнае развіццё ад формы і семантыкі рай1 (гл.). Відавочна, вынікае з язычніцкай абраднасці славян і ад міфалагічнай істоты ці назвы міфалагічнай прасторы, напрыклад, вялікага лесу, ад чаго пазней, магчыма, адбыўся перанос на песню, на сноп жыта ці каравай. Параўн. таксама рус.паўдн.раи́на ’пірамідальная таполя’, рай‑дерево ’бэз’, райник ’вялікі лес’, што звязанае з уяўленнямі пра рай як пра міфалагічнае рытуальнае дрэва ў славян (Іванаў-Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 247; Іванаў–Тапароў, Зб. Крапіве, 163–175). Таксама Глухак (Глухак, 516) апісвае святое дрэва *rajь як паганскі пантэон. Праз семантычную сувязь з багаццем, дастаткам, урадлівасцю не выключана блізкасць да інд.-іран.rāy‑ ’багацце, шчасце (гл. рай1). Меней верагодна сувязь з рад‑, што да ра́дасць (гл.), аднак параўн. пачатак дажыначнай песні: “Рада, рада баба, што лета даждала, што жыта пажала” (Сл. ПЗБ).
Рай3 у фразеалагізме з добрага раю ’дабравольна, з хацення’; ’нізавошта, без прычыны’ (Янк. БФ, Сержп. Прык.). У пэўнай ступені супрацьлеглыя ў адносінах адно да аднаго значэнні ўстойлівага выразу сведчаць на карысць існавання незафіксаванага *рай ’парада’ < ра́іць (гл.). Але ў адносінах семантыкі параўн. яшчэ рус.уладз., раз.рай у значэнні выказніка ’удача, шчасце’, ’аб чым-небудзь прыемным, лёгкім’, што, безумоўна, звязана са стрыжнёвай семантыкай рай1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
air
[er]1.
n.
1) паве́тра n.; атмасфэ́ра f.; не́ба n.
Birds fly in the air — Пту́шкі лётаюць у паве́тры
2) рух паве́тра, ве́трык -а m.
a hot day without a breath of air — гара́чы дзень без найме́ншага паве́ву ве́трыку
3) этэ́р -у m.
to be/go on the air — быць у этэ́ры
4) Figur. публі́чнае выка́званьне
He gave air to his opinions — Ён публі́чна вы́казаў сваю́ свае́ пагля́ды
5) вы́гляд -у m.; мі́на, по́за; мане́ра f.
to assume solemn air — прыня́ць урачы́сты вы́гляд
6) мэлёдыя f.
a traditional air — стара́я мэлёдыя
2.
v.t.
1) праве́трываць, прасу́шваць
to air a room — праве́трыць пако́й
2) выка́зваць, абвяшча́ць
Do not air your troubles — Не агало́швай сваі́х бе́даў
3) ве́сьці на прагуля́нку
4) informal перадава́ць у ра́дыё або́ тэлеві́зіі
3.
v.i.
праве́трыцца; прайсьці́ся, прае́хацца
4.
adj.
1) авіяцы́йны; з самалёту
air photography — аэрафотазды́мка f.
2) паве́траны, у паве́тры
air dominance — перава́га ў паве́тры
air alert — паве́траная трыво́га
•
- airs
- by air
- clear the air
- get the air
- give the air
- in the air
- off the air
- on the air
- take the air
- up in the air
- walk on air
Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)
БЕНІ́Н (Bènin),
Рэспубліка Бенін (Rèpublique Populaire du Bènin), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Тога, на Пн з Буркіна-Фасо і Нігерам, на У з Нігерыяй. На Пд абмываецца Гвінейскім зал. Пл. 112,6 тыс.км². Нас. 4,9 млн.чал. (1992). Афіц. мова — французская. Сталіца — г.Порта-Нова. Падзяляецца на 6 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (1 жн.).
Дзяржаўны лад. Бенін — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нац. савет, у склад якога ўваходзяць 64 дэпутаты, выканаўчы орган — Нац. выканаўчы савет (урад). Рашэнні пра адпаведнасць законаў канстытуцыі выносіць канстытуцыйны суд.
Прырода. Большую ч.тэр. займае плато, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод, перакрытых на Пд і Пн кайназойскімі пясчанікамі. На ПнЗ горы Атакора выш. да 635 м, на Пд прыморская нізіна шыр. 50—100 км.
На ўзбярэжжы шмат лагунаў. З карысных выкапняў ёсць невял. радовішчы нафты (на Пд), золата, алмазаў, буд. матэрыялы. Клімат на Пд экватарыяльны з 2 сезонамі дажджоў (сак.—ліп., вер.), на астатняй тэр. экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летнім і сухім зімовым сезонамі. Сярэдняя т-ра паветра 24—27 °C. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн да 1500 мм на Пд. Гал. рака — Веме, на паўн. граніцы — р. Нігер. Пераважаюць саванны з гаямі алейнай пальмы, на Пд — вільготныя трапічныя лясы (каля 1/5тэр.). Нац. паркі Пенджары і Дубль-Ве.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — бенінцы. Складаюцца з групы блізкіх па мовах народаў фон, аджэ, іоруба, насяляюць пераважна Пд і цэнтр краіны. Жывуць таксама народы сомба, барыба, тэм, фульбе і інш. 70% насельніцтва прытрымліваецца стараж. традыцыйных культаў (політэізм), каля 16% — хрысціяне (пераважна католікі, на Пд), каля 14% — мусульмане (на Пн). Сярэдняя шчыльн. 43 чал. на 1 км², на Пд да 200 чал. на 1 км², на Пн месцамі менш за 10 чал. на 1 км². У гарадах каля 20% насельніцтва. Найб. горад і порт Катану (каля 400 тыс.ж.), Порта-Нова (каля 170 тыс.ж.).
Гісторыя. Першыя паселішчы чалавека на тэр. Беніна вядомы з часоў неаліту. Археал. раскопкі сведчаць аб даволі высокім узроўні матэрыяльнай культуры стараж. насельніцтва. У 15 ст. на тэр. Беніна з’явіліся партугальцы, у 17 ст. — галандскія, франц. і англ. купцы і гандляры рабамі. У 2-й пал. 17 ст. цэнтр гандлю нявольнікамі (Нявольніцкі Бераг), у канцы 17 ст. пад кантролем Каралеўства Дагамея. У канцы 19 ст. захоплены французамі. З 1904 уваходзіў у федэрацыю Франц.Зах. Афрыка. З 1958 аўт. рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці.
1.8.1960 Бенін абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1975 наз. Дагамея). 1960-я г. адзначаны шэрагам дзярж. пераваротаў (1963, 1965, 1967, 1969). У 1972—91 краінай кіравалі ваенныя на чале з М.Керэку: быў абвешчаны курс на сацыяліст. арыентацыю. Партыя нар. рэвалюцыі Беніна (адзіная легальная партыя) утрымлівала ўсю паліт. ўладу. У 1990 узніклі новыя паліт. партыі, 3 з якіх утварылі «Саюз дзеля перамогі аднаўлення дэмакратыі». У 1991 адбыліся першыя свабодныя выбары. У 1993 афіцыйна зарэгістраваны 34 паліт. партыі. Прафсаюзы прадстаўлены Нац. аб’яднаннем прафсаюзаў і Каардынацыйным цэнтрам працоўных. У 1991—96 краіну ўзначальваў прэзідэнт Н.Сагло, з 1996 прэзідэнт — М.Керэку. Бенін — член ААН (з 1960), Эканам. супольніцтва дзяржаў Зах. Афрыкі, асацыіраваны член Еўрап. супольніцтва.
Гаспадарка. Бенін — слабаразвітая агр. краіна. У структуры валавога ўнутр. прадукту на долю сельскай гаспадаркі прыпадае 50%, прам-сці і транспарту — па 10%, гандлю і паслуг — каля 30%. Дзяржава кантралюе асн. галіны прам-сці, вытв-сць і размеркаванне электраэнергіі, асн. банкі і страхавыя кампаніі, водазабеспячэнне, сувязь, кінапракат, значную ч. экспартных і імпартных аперацый. У сельскай гаспадарцы занята 70% самадзейнага насельніцтва. Характэрны феад. адносіны, нізкая прадукцыйнасць працы. 80% тэр. прыдатныя для развіцця земляробства і жывёлагадоўлі, але пад ворывам толькі 2 млн.га (10,6% тэр.), пад лугамі і пашай каля 490 тыс.га (4%). На Пд развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Асн. культуры (1993): алейная (каля 30 млн. дрэў) і какосавая пальмы (вытв-сць алею каля 40 тыс.т, копры каля 9 тыс.т), арахіс (82 тыс.т), бавоўна (68 тыс.т), бананы, манга, кава і тытунь. Вырошчваюць на Пн кукурузу (550 тыс.т), сорга (124 тыс.т), ямс (1,2 млн.т), на Пд рыс (10 тыс.т), маніёк (каля 1 млн.т), у цэнтр. раёнах проса (30 тыс.т), бабовыя, батат. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, пераважна на ПнУ. Пагалоўе (тыс. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 1100, авечак 940, козаў 1180, свіней 530. Каля 5,5 млн. галоў свойскай птушкі. Рачное і марское рыбалоўства. Вядучая галіна прам-сці — вытв-сць алею. Працуюць 6 прадпрыемстваў па вытв-сці пальмавага алею, з-ды па вытв-сці алею з арахісу і баваўнянага насення. Ачыстка арахісу, рыбакансервавы, мылаварны, керамічны, лесапільны з-ды, тытунёвая ф-ка і інш. Прадпрыемствы па вытв-сці метал. канструкцый, посуду, метал. мэблі. Невял. прадпрыемствы па вырабе мэблі ў Катану. Параўнальна развіта тэкст.прам-сць: 6 бавоўнаачышчальных прадпрыемстваў, палатняная ф-ка, тэкст. комплекс. У харч. прам-сці шмат дробных прыватных прадпрыемстваў па выпечцы хлеба, з-дмінер. водаў, аграпрамысл. комплекс па вытв-сці рафінаванага цукру. Горназдабыўная прам-сць: распрацоўка буд. матэрыялаў, у т. л. мармуру і вапняку, здабыча нафты (295 тыс.т у 1991), старацельская здабыча золата і алмазаў. Працуюць цэментны з-д (200 тыс.т за год), 6 дызельных электрастанцый (21 тыс.кВт). Зборка веласіпедаў і матацыклаў, транзістарных радыёпрыёмнікаў. Ткацтва, разьбярства па дрэве і інш. саматужныя рамёствы. Даўж. чыгунак каля 600 км, шашэйных дарог 8,5 тыс.км, у т. л. 800 км асфальтаваных, 2,7 тыс.км брукаваных. Значны марскі порт Катану (грузаабарот каля 1,5 млн.т у год). Паблізу міжнар. аэрапорт. Важнае значэнне для эканомікі краіны мае транзіт грузаў з Буркіна-Фасо і Нігера да порта Катану. Экспарт — прадукцыя сельскай гаспадаркі (пальмавы і арахісавы алей, бавоўна, арахіс, садавіна, тытунь і інш.), цэмент, баваўняныя тканіны, крэветкі. Імпарт: спажывецкія і харч. тавары, паліва, абсталяванне, паўфабрыкаты. Знешнегандлёвы баланс дэфіцытны. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва каля 400 дол. ЗША на год. Асн. знешнегандл. партнёры: Францыя, Нідэрланды, Іспанія, ЗША. Грашовая адзінка — афр. франк.
З.М.Шуканава (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Беніна.Да арт.Бенін. Вёска народа сомба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРКІНА́-ФАСО́ (Bourkina Faso),
дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З і Пн з Малі, на У з Нігерам і Бенінам, на Пд з Кот-д’Івуарам, Ганай, Тога. Падзяляецца на 30 правінцый. Пл. 274,2 тыс.км². Нас. 10 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Уагадугу. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (4 жн.).
Дзяржаўны лад. Буркіна-Фасо — дэмакр. рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 7 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Асамблея нар. дэпутатаў), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.
Прырода. Большая ч. паверхні — невысокае хвалістае плато Мосі (выш. 200—500 м), над якім уздымаюцца асобныя горы выш. да 750 м. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, тытана-магнетытавыя, свінцовыя, нікелевыя руды, фасфарыты, баксіты, графіт, золата, алмазы. Клімат субэкватарыяльны, з рэзка выражаным сухім сезонам (з снеж. да сак.; дажджлівы сезон у жн.). Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24—26 °C да 30—35 °C. Ападкаў 500—1000 мм за год, на Пн 120—200 мм. Частыя моцныя засухі. Рэк мала, найб. значныя Чорная Вольта і Белая Вольта. На Пд пераважае тыповая і высакатраўная саванна, месцамі — участкі рэдкастойных саванных лясоў, хмызнякі; на Пн — паўпустыня. Пад лясамі каля 9% тэр. На мяжы з Бенінам і Нігерам міждзяржаўны нац. парк Дубль-В, ёсць рэзерваты.
Насельніцтва. Асн.ч. належыць да моўнай групы гур (цэнтр. бантоіднай), найб. народ мосі складае каля палавіны насельніцтва. Блізкія да яго народы лобі, мбуін, га, боба, грусі, гурма, сенуфа. Жывуць таксама народы групы мандэ (буса, сану, соніке, дыула), атлантычнай сям’і (фульбе). Паўн. раёны насяляюць сангаі і туарэгі. Еўрапейцаў (пераважна французаў) каля 5 тыс. Пераважаюць мясц.традыц. вераванні; мусульман (у асноўным на Пн) 25%, хрысціян-католікаў (на Пд і ў гарадах) 10%. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 36,5 чал. на 1 км². Шчыльна населены цэнтр. і паўд. раёны. На Пн рассяленне мае ачаговы характар (каля 3—4 чал. на 1 км²). У гарадах 15% насельніцтва. Найб. гарады Уагадугу, Боба-Дыўласа, Кудугу.
Гісторыя. Са старажытнасці ПнЗ і З сучаснай Буркіна-Фасо насялялі народы боба, сенуфа, гурунсі, лобі, дагары, марка і сама. На рубяжы 1—2-га тыс.н.э. ў бас. Вольты складалася этн. супольнасць мосі. У 11 ст. з’явіліся першыя племянныя дзяржавы мосі, у пач. 12 ст. — дзяржава роднаснага мосі народа гурма. Да 15 ст. царствы мосі (Уагадугу, Ятэнга) найб. магутныя ў Зах. Афрыцы. Дзяржавы мосі і інш. буркінійскіх народнасцей праіснавалі да канца 19 ст. У 1896—1904 тэр. Буркіна-Фасо заваявалі і далучылі (1904) да калоніі Верхні Сенегал—Нігер французы. У 1919 краіна пад назвай Верхняя Вольта атрымала статус калоніі ў складзе ген.-губернатарства Франц.Зах. Афрыка (ФЗА), у 1932 яе тэр. падзелена паміж суседнімі калоніямі Бераг Слановай Косці, Франц. Судан і Нігер. У 1947 калонія адноўлена ў старых межах як «заморская тэрыторыя» ў складзе Франц. саюза. У 1956 нададзена ўнутр. аўтаномія.
У кастр. 1958 абвешчана аўт. Рэспубліка Вольта (з 1959 наз. Верхняя Вольта). З 5.8.1960 — незалежная дзяржава. Пасля звяржэння ў 1966 аўтарытарнага ўрада першага прэзідэнта незалежнай краіны М.Ямеаго на чале ўлады змяніліся некалькі ваен. рэжымаў (перавароты 1980, 1982, 1983, 1987). Ваен. пераварот 1983 пад кіраўніцтвам капітана Т.Санкары (забіты ў 1987) вядомы як «Жнівеньская рэвалюцыя» — спроба рэв. метадамі спыніць карупцыю, пераадолець адсталасць краіны і інш. З 1984 краіна наз. Буркіна-Фасо («Зямля сумленных людзей»). Пераемнік Санкары капітан Б.Кампаарэ пасля выбараў 1991 зацверджаны прэзідэнтам дзяржавы. У 1992 адбыліся першыя ў Буркіна-Фасо свабодныя парламенцкія выбары. Дзейнічаюць Арг-цыя за нар. дэмакратыю — Рух працы, Рух прагрэс. дэмакратаў, Рух за сацыяліст. дэмакратыю, Афр.дэмакр. аб’яднанне, Альянс за дэмакратыю і федэрацыю, Буркінійскі рух за правы чалавека і народаў і інш. Буркіна-Фасо член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — прымітыўная сельская гаспадарка, дзе занята каля 85% самадз. насельніцтва. Ворныя землі складаюць каля 13% тэр. (пераважна на Пд і ў цэнтры). Важнейшыя с.-г. культуры — проса і сорга (штогадовы збор каля 1 млн.т), вырошчваюць кукурузу, рыс, ямс, маніёк, арахіс, бавоўну, цукр. трыснёг, алейныя культуры, сізаль. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, адгонна-пашавая, мяснога кірунку, моцна церпіць ад засух і хвароб. Пагалоўе (1990, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак 4,9, козаў 6,4, свіней 0,5, птушкі 16,7. У прам-сці занята каля 1% самадз. насельніцтва, 2/3 кошту яе прыпадае на харч. і лёгкую. Ёсць асобныя дробныя і сярэднія прадпрыемствы для перапрацоўкі с.-г. прадукцыі: вытв-сць арахісавага алею, рысаачышчальныя з-ды, бойні, цукр.ф-ка, бавоўнаачышчальныя з-ды, прадпрыемствы для апрацоўкі валакна сізалю, лесапільні, мылаварныя, цагельныя з-ды, абутковая ф-ка, з-д шпалаў. Асн.прамысл. цэнтры — Уагадугу і Боба-Дыўласа. У г. Кудугу тэкст. камбінат. Арганізавана вытв-сць веласіпедаў, цыгарэт, абутку, прасцейшага с.-г. абсталявання (плугі, лемяшы і інш.). Здабываюць марганец, золата (каля 2,5—3 т штогод), ртуць, мармур. Рамёствы і саматужныя промыслы забяспечваюць асн. патрэбы насельніцтва ў таварах нар. спажывання. Развіты пераважна аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог каля 20 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс.км. Адзіная чыгунка Уагадугу — Абіджан (Кот-д’Івуар), агульная даўж. 1175 км, на тэр. Буркіна-Фасо 517 км. Ва Уагадугу і Боба-Дыўласа — аэрапорты. Экспарт: бавоўна (63%), жывёла, арахіс, марганец, вырабы рамеснікаў. Імпарт (машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты) перавышае экспарт у 2 разы. Асн.гандл. партнёры Францыя і Кот-д’Івуар. Адной з крыніц даходаў краіны з’яўляюцца грашовыя пераводы грамадзян Буркіна-Фасо (каля 1—2 млн.чал.), якія працуюць за мяжой (пераважна на плантацыях у Кот-д’Івуар і Гане). Краіна штогод атрымлівае дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Како́ш, какош ’хвошч, Equisetum’ (мазмр., З нар. сл.). Адпаведнікаў у іншых мовах з такім значэннем не знаходзіцца. Можна суаднесці з даўняй слав. назвай курыцы kokošь. Матыў намінацыі не вельмі відавочны, паколькі асобныя віды расліны (E. arveuse, E. sylvaticum, E. palustre) у аспоўных дэталях адрозніваюцца паміж сабой. Апрача таго, сярод хвашчоў ёсць ядомыя і атрутныя віды. Не выключана, што тут перанос па знешняму падабенству або ў выніку пераносу заойіма як тэрміна. Параўн. серб.-харв.кокошка ’расліна Sedum telcphium’ (параўн. бел.зайцава капуста, зайчыкава капуста), ’Capsella’, чэш.kokoška (няяснае для Махэка, Jména rostl.63), рус.кокушка (у прамым значэнні ’зязюля’?), ’шышка, (’яйка’, ’шарык у каньку даху’, ’разнавіднасць верацяна’), серб.-харв.кокотка ’клубок, наматаны на спецыяльнае прыстасаванне’ і інш. Не выключана таксама, што назва — вынік трансфармацыі больш шырока вядомага какошнік ’Calla palustris’; перанос назвы — паводле функцыі расліны (калі абедзве ўжываліся як корм для жывёлы і раслі ў блізкіх умовах). Гэта, аднак, малаверагодна па той прычыне, што знешне расліны не падобныя (няма і агульных сінонімаў, якія б пацвердзілі такую думку). Адносна этымалогіі прасл.kokoš. Гл. какошка1.
Како́ш2, коко́ш ’бэлькі’, кошка ’тс’ (Маш.), kokoše ’вільчык’ (Тарн.), какашына ’дзве дошкі (або жэрдкі), якія прыбіваюцца да лат з абодвух бакоў франтона’ (мазыр., Нар. сл.), какошкі, какошыны. У рус. мове кокошина ’гак, які падтрымлівае латак для сцёку вады на даху сялянскага будынка’ (з пам. «зап.», не выключана, што гэта бел. лексема). Іншыя паралелі: бел.курыца, рус.курица ’доўгі гак, высечаны з нятоўстага дрэва з коранем, які падтрымлівае скаты і латакі даху’, наўг. і інш. ’кроквы’, куричина ’кроква на хаце з гачкападобным выгінам на ніжнім канцы для падтрымкі латака, ската даху’ (пск. і інш.), (цвяр., пск., наўг. і інш.) ’драўляны крук па канцы кроквы’, кура, куры (арханг.) ’доўгая тоўстая жэрдка, на якой трымаецца латак’. Да значэння ’вільчык даху’ параўн. рус.кочет, кочетина ’жэрдка або дрэва, загнутае з аднаго боку або з часткай кораня, якое ўтрымлівае салому на даху’ (шуйск., уладз., іван. і інш.), какора, кокша, петухи і інш., што сведчыць не толькі аб ужыванні заонімаў як тэрмінаў, але і аб складаных працэсах узаемаўплываў, калькавання, магчыма, збліжэння лексем і трансфармацыі структуры да поўнай амафаніі. Таму цяжка меркаваць аб часе ўтварэння гэтых слоў і аб архетыпах. Беларуская лексіка выглядае як старая — захаванне даўняй лексікі ў тэрміналогіі з’яўляецца звычайным. Аднак не вельмі ясна. Бел.кокаш з’яўляецца незалежным ужываннем заонімаў у якасці тэрміна (перанос назвы як вынік супастаўлення характэрных адзнак птушкі — лапы, кіпцюры) або тут калька з вандроўнага тэрміна. Аб магчымасці незалежнага ўтварэння параўн. польск.kokoszka ’бэлька, якая злучае кроквы’ і меркаванні Слаўскага, 2, 339 (аспрэчваецца магчымасць калькі з ням.Hahnenbalken, нягледзячы на тое што ёсць у гаворках яўна запазычанне hambalek, hembalak). Ням. паралель ва ўсякім разе пацвярджае складанасць праблемы, параўн. яшчэ рус.пск.куричина ’бэлька, якая падтрымлівае столь, рама’.