пілака́рпус

(н.-лац. pilocarpus, ад pilos = шапка, шлем + karpos = плод)

вечназялёная кустовая расліна сям. рутавых з перыстым лісцем і дробнымі зеленаватымі кветкамі ў суквеццях, пашыраная ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

алі́ва, ‑ы, ж.

1. Вечназялёнае паўднёвае дрэва сямейства маслінавых; масліна. Дык няхай гучыць над светам слова, Слова гневу ходзіць па зямлі, Каб пад сонцам цвіў мой край сасновы І алівы вашыя цвілі!.. Рудкоўскі.

2. Ядомы плод гэтага дрэва.

3. Алей, атрыманы з яго пладоў.

4. Змазачнае масла. [Пракоп:] Трактар каштуе вялікіх грошай: і сам ён дарагі, і бензін аплаціць трэба, аліву. Колас. У ваччу яшчэ стаялі высокія сцены, чорныя з жаўтаватым водлівам, машынная аліва на жалезных прэнтах і калёсах. Чорны.

[Лац. oliva.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́ва, ‑ы, ж.

1. Фруктовае дрэва сямейства ружакветных з пладамі жоўтага або ліловага колеру з костачкай у сярэдзіне. Як толькі згоніць снег, .. [Самабыль] зараз жа выходзіць у свой гародчык, дзе стаіць сліва, ігруша і дзве яблыні, і тут распачынае работу. Колас. Розныя раслі ў .. садзе [пана Кудзілоўскага] дрэвы: яблыні, вішні, слівы, цэлыя зараснікі маліны, агрэсту, парэчак. Хомчанка. / у знач. зб. Сліва ў садзе пасохла.

2. Плод гэтага дрэва. Варыць слівы. З’есці сліву. □ Для каго паспелі слівы? — Для Паўлушы, што за дзіва! Муравейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лімо́н

(фр. limon, іт. limone, ад перс. limun)

1) паўднёвае вечназялёнае цытрусавае дрэва сям. рутавых; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўнае;

2) плод гэтага дрэва з пахучай жоўтай скуркай, кіслы на смак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

айва́

(цюрк. ajva)

пладовае дрэва сям. ружавых, пашыранае пераважна на Каўказе, у Іране, Сярэд. Азіі, а таксама падобны на яблык плод гэтага дрэва, цвёрды, даўкі на смак; на Беларусі вырошчваецца аматарамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цы́трус

(лац. citrus = лімоннае дрэва)

вечназялёная дрэвавая або кустовая расліна сям. рутавых, пашыраная ў тропіках і субтропіках (у ліку відаў — апельсін, грэйпфрут, лімон, мандарын і інш.), а таксама плод гэтай расліны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АРО́ННІК, аройнік,

арум (Arum),

род кветкавых раслін сям. ароідных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Малой і Пярэдняй Азіі. 6 відаў трапляюцца ў лясах на Пд Еўрап. ч. б. СССР, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. На Беларусі асобныя віды ў калекцыі Цэнтр. бат. сада АН.

Шматгадовыя аднадомныя травяністыя расліны выш. 25—30 см з шара- або яйцападобным клубнем. Лісце суцэльнае, сэрца- або коп’епадобнае, бліскучае, на доўгіх чаранках. Аднаполыя кветкі ў катахах, укрытых пакрывалам белага, зеленаватага або цёмна-фіялетавага колеру. Плод — ярка-чырвоная ягада. Дэкар. і лекавыя расліны. Свежыя расліны атрутныя (ёсць рэчывы сапаніна-глюказіднага характару). Высушаныя клубні аронніку плямістага (A. maculatum) і інш. відаў маюць да 25% крухмалу, прыдатныя ў ежу.

Ароннік альпійскі.

т. 1, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАКО́ВЫЯ (Cyperaceae),

сямейства аднадольных раслін з парадку асакакветных. Каля 90 родаў, больш за 3,5 тыс. відаў. Касмапаліты, пашыраны пераважна ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 15 родаў (найб. вядомыя асака, балотніца, чарот), 92 віды.

Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны, вельмі рэдкія (у тропіках) дрэвападобныя формы. Сцябло трохграннае або круглаватае. Лісце лінейнае, плоскае ці згорнутае, утварае замкнёную вакол сцябла похву. Кветкі дробныя, двух- або аднаполыя, адзінкавыя ці ў каласках, сабраных у рознага тыпу суквецці. Плод — арэшкападобны, трохгранны ці пляскаты. Асаковыя — асноўныя ўтваральнікі торфу, кармавыя, харч., лек., тэхн. і дэкар. расліны.

Літ.:

Тахтаджян А.Л. Система и филогения цветковых растений. М.; Л., 1966;

Яго ж. Система магнолиофитов. Л., 1987.

А.​М.​Скуратовіч.

т. 2, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДА́Н (Bergenia),

род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Азіі. На Беларусі 1 інтрадукаваны від — бадан таўсталісты (Bergenia crassifolia). Радзіма Сібір, Алтай, Д.​Усход. Выкарыстоўваецца як дэкар. расліна — для рабатак, камяністых участкаў і групавых пасадак.

Шматгадовая травяністая расліна з пакарочаным сцяблом выш. да 50 см і тоўстым наземным паўзучым карэнішчам. Лісце буйное, скурыстае, прыкаранёвае, на доўгіх чаранках, захоўваецца зімой. Кветкі чырвоныя або белыя, сабраныя па 20—40 у мяцёлчата-шчыткападобныя суквецці. Плод — сухая шматнасенная каробачка. Лек., харч. і тэхн. расліна. Мае дубільныя (6—30%) і фарбавальныя рэчывы; адна з крыніц атрымання таніну, гідрахінону, галавай к-ты, арбуціну. Лісце выкарыстоўваюць як сурагат чаю — т.зв. «мангольскі чай».

Бадан таўсталісты.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРУЧЫ́НА (Ligustrum),

род кветкавых раслін сям. маслінавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках М. і Усх. Азіі, на Д.​Усходзе, у Паўд. Еўропе і Паўн. Афрыцы. На Беларусі для азелянення інтрадукавана беручына звычайная (L. vulgare).

Шматгадовазялёныя або лістападныя кусты, радзей невял. дрэвы. Лісце супраціўнае, простае. Кветкі двухполыя, у канцавых мяцёлчатых або гронкападобных суквеццях. Плод — ягадападобная касцянка. Беручына звычайная — лістападны куст выш. 2—5 м з густаразгалінаванай кронай, бліскучым скурыстым ланцэтным лісцем і дробнымі белымі духмянымі кветкамі ў канцавой мяцёлцы. Плады чорныя, сакаўныя, бліскучыя. Засухаўстойлівая, адносна ценевынослівая дэкар., тэхн., меданосная і фарбавальная (з пладоў атрымліваюць чорную фарбу) расліна. Выкарыстоўваецца для жывых агароджаў, бардзюраў, групавых і адзіночных пасадак.

Біручына звычайная.

т. 3, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)