ЗАМАНІ́ХА, эхінапанакс (Oplopanax),

род кветкавых раслін сям. араліевых. 2 віды: З. высокая (O. elatus), пашырана ва Усх. Азіі, і З. страшная (O. horridus) — на З. Паўн. Амерыкі. Растуць звычайна ў вільготных горных хваёвых лясах, зрэдку ўтвараюць зараснікі. Занесена ў Чырвоную кнігу СССР (1984).

Лістападныя слабагалінастыя кусты выш. да 4 м. Ствол, галінкі, кветаносы і лісце ўкрыты ігольчастымі калючкамі. Лісце шыр. 15—35 см, простае, 5—11-лопасцевае, сабранае каля верхавінак сцёблаў. Кветкі дробныя, зеленавата-белыя ці зеленавата-жоўтыя, двухполыя і тычынкавыя, у парасоніках, сабраных у мяцёлчатыя суквецці. Плод — ярка-чырвоная мясістая ягадападобная касцянка. Маюць эфірныя алеі, сапаніны, алкалоіды, гліказіды. Лек. і дэкар. расліны. Вырошчваюцца ў культуры.

Г.У.Вынаеў.

Заманіха высокая.

т. 6, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)