ПАДБЕ́Л (Tussilago),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. 1 від — П. звычайны, або камчужная трава, ці маташнік (T. farfara). Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы (заноснае). На Беларусі трапляецца па берагах канаў, рэк, ручаёў, на пустках.

Шматгадовая травяністая расліна выш. да 20 см з паўзучым карэнішчам, якое паглыбляецца ў глебу больш як на 1 м. Адзіночныя кветаносныя сцёблы шчыльна ўсаджаны чырванавата-бураватым лускападобным лісцем. Прыкаранёвае лісце доўгачаранковае, з верхняга боку — гладкае, з ніжняга — лямцавае, бялявае [адсюль назва — под(ніз)белы]; адрастае пасля цвіцення. Жоўтыя кветкі ў кошыках дыям. 2—3 см, цвітуць ранняй вясной. Плод — сямянка. Піянерная расліна — хутка асвойвае свабодныя плошчы, але потым выцясняецца інш. раслінамі. Лек. расліна, ранні меданос.

Падбел звычайны.

т. 11, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)