агнястрэльная зброя 2-й пал. 19 ст. Інтэнсіўнасць стральбы (да 600 стрэлаў за мінуту) дасягалася за кошт павелічэння колькасці ствалоў (да 25) і паскарэння працэсу зараджання праз ужыванне унітарнага патрона. Прататып К. — арган выкарыстоўвалі ў 16—18 ст. у Еўропе, у т. л. на Беларусі. Розныя сістэмы К. ствараліся і меліся на ўзбраенні ў ЗША (у час грамадз. вайны 1861—65), у Францыі, Швецыі, Расіі і інш. Іх калібр ад 11—12 да 25,4 мм, маса 25-ствольнай К. дасягала 800 кг. Былі папярэдніцамі аўтаматычнай зброі, але іх механізмы зараджання і стральбы прыводзіліся ў дзеянне мускульнай сілай чалавека. Зняты з узбраення ў сувязі з вынаходніцтвам і распаўсюджаннем кулямёта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРШУКО́Ў (Яўген Іванавіч) (н. 1.1.1932, в. Давыдавічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1956). З 1959 працаваў у раённых газетах Гомельшчыны, на Гомельскай студыі тэлебачання. З 1971 у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Вожык», у 1980—89 гал. рэдактар выд-ва «Юнацтва», з 1989 у апараце СП Беларусі. Друкуецца з 1955. Аўтар зб-каў гумарэсак і апавяданняў «У дарогу» (1963), «Не без таго...» (1967), «Сустрэча» (1969), «Бывай, кампанія!» (1977), «Перад Новым годам» (1980), «Пісьмо жонцы», «І надыходзіць дзень» (абодва 1982), «Надвячоркам» (1992), кн. для дзяцей «Змоўшчыкі» (1975), «Пасланне нашчадкам» (1987) і інш. Перакладае з славацкай мовы (зб-кіапавяд. «Апошні вераснёвы дзень», 1982, «Соль зямлі», 1992; раман Р.Морыца «Выбух», 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКІ (Апалон Апалонавіч) (10.9.1868, г. Ульянаўск, Расія — 12.1.1937),
рускі паэт, перакладчык. Рэдагаваў час. «Север», супрацоўнічаў у «Правительственном вестнике» (1895—1904). Друкаваўся з 1886. Аўтар гіст. балад, лірычных і пейзажных вершаў. Апяваў прыроду, «чыстую прыгажосць»; «Гімн прыгажосці» (1899), «Народная Русь» (1901), «Славянскія бывальшчыны» (1914) і інш. Яго паэзія вызначаецца сузіральнасцю, рацыяналістычнасцю, асобныя вершы — яркай вобразнасцю і вял. эмацыянальнасцю. Пасля 1917 амаль не пісаў. Пераклаў асобныя творы П.Беранжэ, С.Т.Колрыджа, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага. Быў знаёмы з Я.Купалам, пераклаў на рус. мову 16 яго вершаў, напісаў біягр. даведку пра яго (час. «Педагогический листок», 1914, № 1). Беларусі прысвяціў верш «Літоўскімі палямі».
Літ.:
Малютина А. Янка Купала и Аполлон Коринфский // Неман. 1961. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКІ О́РДЭР,
адзін з трох асн. грэчаскіх арх.ордэраў. Склаўся ў 2-й пал. 5 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі (карынфская калона ў храме Апалона ў Басах на Пелапанесе, каля 430 да н.э.) як больш насычаны дэкорам варыянт іанічнага ордэра. Вызначаецца высокай капітэллю, упрыгожанай стылізаванымі лістамі аканта і завіткамі; мадульёны або больш развітыя кансолі пад увянчальнай плітой карніза замяняюцца дэнтыкуламі або выкарыстоўваюцца ў спалучэнні з імі. Ад інш. ордэраў адрозніваецца большай лёгкасцю прапорцый, насычанасцю дэкорам. Атрымаў пашырэнне ў архітэктуры элінізму і асабліва Стараж. Рыма. На Беларусі быў пашыраны ў архітэктуры класіцызму з характэрнай для бел. дойлідства гладкай паверхняй ствала калоны. Выкарыстоўваўся ў архітэктуры 1950-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТКО́Ў (Сяргей Пятровіч) (1.10.1911, в. Скрыпіцына Калышлейскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 17.2.1976),
бел. жывапісец і педагог. Засл. настаўнік Беларусі (1966). Скончыў Пензенскі маст.-пед. тэхнікум (1931). У 1937—71 мастак-педагог і кіраўнік маст. студыі пры Мінскім палацы піянераў і школьнікаў. Выкладчык Мінскага маст. вучылішча (1956—68), Рэсп.маст. школы-інтэрната (1963—65). Працаваў у жанрах пейзажа і нацюрморта. Творы вызначаюцца эмацыянальнасцю, дэкаратыўнасцю колеру: «Восеньскі пейзаж» (1947), «На рацэ» (1959), «Лепельскія азёры» (1961), «Гарадскі пейзаж» (1967), «Сказ аб Бярэзіне» (1970), «Лета. Нацюрморт» (1971), «Хутар Альбуць» (1972), «На Прыпяці» (1973), «Палескія волаты» і «На Бярэзіне» (абодва 1975). Асобнае месца займаюць графічныя малюнкі з франтавога жыцця (1943—44).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЛІ́НІЯ (Caulinia),
род кветкавых падводных раслін сям. наядавых. Каля 45 відаў. Пашыраны ў цёплых і ўмерана цёплых краінах. На Беларусі 2 віды К.: гнуткая (C. flexilis) і малая (C. minor), занесеныя ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў азёрах і старыцах Бел. Паазер’я, наваколлі Магілёва, Лоева, у воз. Свіцязь Навагрудскага р-на і інш. Аб’ект біял. даследаванняў. Паводле выкапнёвых рэшткаў К. вызначаюць узрост адкладаў міяцэну, пліяцэну і антрапагену.
Аднагадовыя травяністыя расліны з тонкім разгалінаваным гнуткім або ломкім сцяблом даўж. 8—40 см. Лісце лінейнае, па краях зубчастае, супраціўнае або ў кальчаках. Кветкі адзіночныя, непрыкметныя, у пазухах лісця. Тычынкавыя кветкі абкружаны двухлопасцевым калякветнікам. Цвітуць і апыляюцца пад вадой. Плод касцянкападобны. Кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎРУ́С (Алесь Аляксандравіч) (н. 18.5.1935, в. Брусы Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Канд.філал.н. (1965). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1959). З 1965 выкладаў у Мазырскім пед. ін-це. З 1968 у Ін-це мовазнаўства АНБеларусі, з 1974 у выд-ве «Народная асвета», з 1981 у Бел.пед. ун-це. Даследуе мову маст. л-ры і сродкаў масавай інфармацыі, бел. тэрміналогію, культуру мовы, стылістыку і інш. Аўтар кніг «З крыніц народнай мовы» (1968), «Стылістыка беларускай мовы» (1980, 3-е выд. 1992), «Культура слова» (1983), «Слова наша роднае» (1986), «Мова народа, мова пісьменніка» (1989), «Дакумент па-беларуску» (1994), дапаможніка «Уводзіны ў стараславянскую мову» (1998, з М.М.Круталевічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧАДЫ́ЖНІК (Athyrium),
род папарацей сям. аспленіевых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я. На Беларусі па ўсёй тэрыторыі трапляецца К. жаночы, або папараць жаночая (A. filix-femina, нар. назва папарацень). Расце ў сырых цяністых хваёвых, радзей мяшаных лясах, зарасніках хмызняку.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 40—120 см. Карэнішча тоўстае, кароткае, з рэшткамі старых лісцевых чаранкоў. Лісце шматлікае, каля асновы сабрана ў разыходны пучок. Лісцевая пласцінка ў верхняй ч. двойчы-, у ніжняй тройчыперыстарассечаная. Сорусы падоўжаныя, акруглыя ці выгнутыя з індузіямі, размешчаны ў 1, радзей 2 рады ўздоўж сярэдняй жылкі на ніжнім баку долек ліста. Зарастак наземны, зялёны, двухполы. Лек., дэкар., тэхн. і харч. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧАТКО́ВА (Ганна Васілеўна) (8.9.1911, в. Канаёўка Іванцееўскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 9.9.1993),
бел. актрыса. Засл. арт.Беларусі (1949). Скончыла Саратаўскае тэатр. вучылішча (1935). Працавала ў т-рах Расіі. З 1945 у Магілёўскім, у 1949—90 у Брэсцкім абл.драм. т-рах. Вострахарактарная, камед. актрыса. Сярод роляў: Паліна, Арына Радзівонаўна («Трыбунал» і «Верачка» А.Макаёнка), Калеснікава («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Паўла, Шурка, Насця («Зыкавы», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.Горкага), Кацярына і Купавіна («Навальніца» і «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Аркадзіна («Чайка» А.Чэхава), Вара і Валя («Хлопец з нашага горада» і «Рускія людзі» К.Сіманава), Яравая («Любоў Яравая» К.Транёва), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.Шылера) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШАНІ́ЛЬ (франц. cochenille ад ісп. cochinilla літар. макрыца),
некалькі відаў насякомых з розных сям.падатр.какцыд, самкі якіх выкарыстоўваюцца для атрымання чырв. фарбы — карміну. Найб. вядомыя мексіканская К. (Dactylopius cacti), якая жыве на надземных органах кашанільнага кактуса (Цэнтр. Амерыка, Зах. Еўропа, Паўн. Афрыка, Усх. Азія); армянская, ці арарацкая К. (Porphyrophora hamelii), якая жыве на каранях злакаў (Арменія) і польская К. (P. polonica) — на каранях дубровак, суніц, талакнянкі і інш. (Еўропа). На Беларусі сустракаецца К. польская, занесена ў Чырв. кнігу.
Дарослыя самкі К. польскай даўж. да 7 мм, вішнёва-чырв. колеру, бяскрылыя, нагадваюць макрыц. Самцы крылатыя, з доўгімі васковымі ніткамі на канцы брушка.