Інфарма́цыя. Запазычанне з лац. informatio ’ўяўленне аб чым-н.’ праз польскае пасрэдніцтва (SWO, 305). Тым жа шляхам рус. информация (з 1702 г.) (Фасмер, 2, 136; Шанскі, 2, I, 108; Біржакова, Очерки, 364, поруч з польскай называе беларускую і ўкраінскую як магчымыя крыніцы запазычання). Ст.-бел. информация, информацыя ’разуменне, высвятленне, паведамленне’ (1588 г.) са ст.-польск. informacyja; дзеяслоў информовати ’інфармаваць, асвядомліваць’ (1588 г.) < ст.-польск. informować < лац. informare (Булыка, Лекс. запазыч., 49). Недакладна Крукоўскі (Уплыў, 77), які лічыць слова новым запазычаннем з рускай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
біць, збіваць, удараць, сцёбаць, сцябаць, катаваць, лупцаваць, перыць; хвастаць, жарыць, латашыць, лупіць, таўчы, шпыляць, куксаць, калашмаціць, акладаць, батожыць, пісажыць, шлёгаць, шалёстаць, гасіць, гахаць, пярэсціць, дубасіць, джвагаць, гваздаць, бамберыць (разм.); частаваць, хрысціць, сячы, паласаваць, малаціць, мясіць, грэць (перан.) □ лічыць скабы, даваць кухталёў
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)
Андарак, паводле ДАБМ, існуюць формы: ондорак, андрак, андэрак, андзірак, андорак, андърак, аднарак, андарачак, андарачны, ст.-бел. индерак, индерочек (Мар. дыс.). Рус. зах. (смал., бранск.) андара́к, укр. палес. андарак (Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 121). Польск. (з XVI ст.) inderak; літ. andarõkas, inderõkas. Этымалогія не высветлена да канца. Рус. і ўкр. андарак можна лічыць запазычанымі з бел. Адносна беларускіх форм Міклашыч (Türk. El., 1, 248), Карскі (Белорусы, 175), Юргелевіч (Курс, 137) выказвалі думку пра цюркскае паходжанне; крыніцай тады было б тур. antars ’кароткае адзенне, якое носяць пад кафтанам’ (Радлаў, Опыт, 1, 237–238); да гэтага слова ўзыходзіць балг. антерия, мак. антерија, серб.-харв. антерија і інш. (БЕР, І, 12), адкуль бел. экзатызм антэрыя, укр. антерев. Але вывесці з цюркскага слова андарак нельга па фанетычных і семантычных матывах. Найбольш пашырана версія Даля аб нямецкай крыніцы слова: Unterrock. Яе трымаюць Фасмер, 1, 78; Брукнер, 192; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 22; Буга, 2, 222; Міклашыч, З; Рудніцкі 1, 24. Існуе таксама шмат варыянтаў тлумачэння канкрэтнага шляху нямецкага слова ў беларускую мову. Краўчук (Бел.-пол. ізал. 66) лічыць, што крыніцай была ніжненямецкая форма (напр., саксон. onderrock), што трапіла ў беларускую праз польск. ці балт. пасрэдніцтва. Пра рэалію гл. яшчэ Малчанава, Мат. культ., 136.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скяпа́ць, скепа́ць, скіпа́ць, с(ь)капа́ць ‘шчапаць’ (Нас., Касп., Шн. 1; віц., Нар. словатв.; бялын., Нар. сл.; Мат. Маг., Растарг.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ске́паць ‘сячы’ (ПСл). Укр. скіпа́ти, рус. скепа́ть ‘расшчапляць, калоць’, ст.-рус. поскѣпани ‘расколатыя’, оскѣпище, оскѣпъ ‘дрэўка кап’я’. Галоўная цяжкасць — наяўнасць к перад ѣ, якое тлумачылі па-рознаму. Шахматаў (Очерк, 176), Брандт (РФВ, 24, 174), Сабалеўскі (РФВ, 53, 8) і інш. лічылі ўсходнеславянскія формы наватворам ад рэгулярнага *сцѣпати > *стѣпати, скепати, паколькі існуюць балг. це́пя ‘калю (дровы)’, серб.-харв. цијѐпати, цѝјепа̑м ‘расколваць, разрываць’, поруч з *ščepati, гл. шчапаць. Адсюль Фасмер (3, 638) і Махэк₂ (626) мяркуюць аб існаванні прасл. *skьp‑ > ščьp‑ і *skoip‑ > sčep‑. Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 270) лічыць пачатковае ск‑ у +скѣпати заканамерным перад ѣ з ‑oi‑. Паводле апошніх даследаванняў, наяўнасць *s перад *k з’яўляецца фактарам, які можа стрымліваць палаталізацыю (Крысько, Слав. языкозн., XIII, 350). Меркаванні пра спалучэнне ске‑ ў беларускай мове гл. Карскі 1, 368 (адзначае яго старажытнасць), Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 72 (немагчыма даць фанетычнае тлумачэнне), Векслер, Гіст., 92 (лічыць рысай, характэрнай для т. зв. кіеўска-палескага прадыялекта), а таксама Коген, Запіскі 2, 9, 84 і наст.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сіні́ца 1 ‘пеўчая птушка атрада вераб’іных са стракатым апярэннем’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘птушка Parus maior L.’ (Меер Крыч., Арх. Федар., Пятк. 2, ЛП, Яшк. Мясц., Янк. 1, Сл. ПЗБ), ‘сініца’, ‘сіваграк’ (ТС), ст.-бел. синица: оӱпрѧм ꙗко синица (XVI ст., Карскі 2–3, 490). Укр. сини́ця, рус. сини́ца, чэш. дыял. sinice, серб.-харв. си́ница, дыял. сје́ница, балг. синѝца, макед. сеница ‘тс’. У сучаснай польскай мове слова невядома, але Брукнер (491) лічыць, што яно захавалася ў прус. sineco ‘сініца’. Большасць даследчыкаў (напр. Міклашыч, 295; Праабражэнскі, 2, 287; БЕР, 6, 661–663 і інш.) выводзяць ад сіні. Фасмер (3, 625) заўважае, што першапачаткова слова, відаць, абазначала разнавіднасць Parus caeruleus, гл. сінюк. Інакш Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 113), які лічыць, што птушка была названа па сваім крыку zifi; потым назва, паводле народнай этымалогіі, была пераасэнсавана і звязана з сіні; гл. таксама Скок, 3, 251; ЕСУМ, 5, 236. Параўн. сі́ньдзік ‘сініца’(гл.), а таксама рус. дыял. зи́нька ‘гайка, Parus minor’ (Даль), ярасл. си́нька ‘сініца-маскоўка’, што пацвярджае апошнюю версію.
Сініца 2 ‘ягада суніца’ (Тур.), ‘ягада’ (Янк. 2; вілен., Шн. 1). З суніца (гл.) пад уплывам сіні або з польск. sinica ‘тс’, якое таксама, паводле Варш. сл. (6, 115), з sunica.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тасава́ць 1 ’перамешваць (ігральныя карты)’ (ТСБМ, Янк. 1), та́соваць ’тасаваць (карты)’ (ТС), тасова́ті ’тс’ (Вруб.), тусува́ць ’мяшаць карты’ (Бяльк.), сюды ж тасо́ваны ’перамешаны, пераблытаны’ (ТС). Праз польск. tasować ’перамешваць карты’, ’расстаўляць, распінаць, ставіць’ з франц. tasser ’збіраць у кучу’, звязанае з tas ’куча’ (Фасмер, 4, 26; Брукнер, 566; ЕСУМ, 5, 526).
Тасава́ць 2 ’штурхаць, штыляць’ (Янк. 1), ’штурхаць, біць’ (Мат. Гом.), ’рыхліць, ускопваць’ (Сцяшк. Сл.; карэліц., Шатал.), сюды ж тасыну́ты ’штурхануць, піхануць’ (Клім., Сл. Брэс.). Відаць, роднаснае чэш. tasiti ’сячы; вымаць з похвы’, якое Махэк₂ (637) лічыць ітэратывам ад tesati (гл. цясаць) і параўноўвае з лат. test, якое акрамя ’абчосваць’ мае значэнне ’біць’. Сюды ж, магчыма, ст.-бел. тасоване ’?’: ковалю за тасоване прутов осми и два новых… заплатили (1686 г., КГС). Параўн. таскаць, ташчыць, гл.
Тасава́ць 3 ’зносіць, цягаць, кідаць’ (рагач., Сл. ПЗБ). Няясна. Нагадвае чэш. tasiti ’цягнуць, валачы’, якое Махэк₂ (637) параўноўвае з рус. таска́ть ’цягаць, валачы’ (параўн. таскаць, гл.), роднасным літ. tąsýti ’торгаць, цягаць, валачы’; паводле аўтараў Сл. ПЗБ (5, 92), апошняе магло быць крыніцай слова, што не мае падстаў. Махэк₂ (там жа) лічыць чэшскае слова ізаляваным у славянскіх мовах, паколькі адсутнічае зыходны дзеяслоў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бруд (Нас., Байк. і Некр.), бру́дны. Рус. бруд, укр. бруд, польск. brud, славац. brud і г. д. Слав. brudъ. Слова няяснага паходжання. Некаторыя параўноўваюць з славен. brjȗzga, brȗzga ’снег, змешаны з граззю’. Фасмер, 1, 219. Няпэўна. Параўн. яшчэ Бернекер, 88. Слаўскі (1, 44) думае, што ёсць сувязь з *bridъ (гл. бры́дкі). Bridъ і brudъ ад і.-е. *bher‑ ’рэзаць’ (> ’быць непрыемным’). Кюнэ (Poln., 46) лічыць, што ўсх.-слав. словы запазычаны з польскай мовы. Бернекер (88) адносіць па паходжанню да бруд (< слав. *brudъ) бел. бруды ’цёмна-русы’ (Нас.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
До́раб, даро́бка ’скрынка’ (Нас.). Трубачоў (Слав. языкозн., V, 178) лічыць гэта праславянскім дыялектызмам (*dorbъ), які, акрамя бел. мовы, засведчаны таксама (с. 172) у рус. (дыял. до́роб ’скрынка, сіта’) і ўкр. (дороба́йло ’сіта’). Слав. *dorbъ звязана з літ. darbas ’пляцёнка з лісцяў’, ст.-інд. darbhás ’пучок травы’, dr̥bháti ’звязвае, пляце’. Гл. Фасмер, 1, 530; Трубачоў, Эт. сл., 4, 74. Цікава, што прасл. лексема з вельмі надзейнымі і.-е. сувязямі рэканструюецца ў даным выпадку толькі на аснове ўсх.-слав. даных, што наогул трапляецца не вельмі часта.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кастамя́жына ’старая жывёліна’ (Шат.). Зыходнай можна лічыць форму (без суфіксальнай часткі) кастамяга ’тс’. Экспрэсіўнае па паходжанню слова. Можна меркаваць, што тут мы маем справу са складаным словам (зыходнае *kosto‑męga < *kosto‑męga, да *kostь ’косць’ і *męk‑ ’мяккі’; першапачаткова ’старая жывёліна са старымі, мяккімі ўжо касцямі’). З другога боку, ёсць такія Утварэнні, як, напрыклад, рус. костомьіга ’пакінуты ў полі касцяк’ (Даль), дзе першая частка слова тая ж, што ў кастамяжыне; некалькі розныя, але, відаць, роднасныя другія часткі⇉мяга і -мыга. Няясна. Няма ў Трубачова, Эт. сл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́тэр ’катэр’ (ТСБМ, БРС). Рус. ка́тер, укр. ка́тер. У рус. мове запазычанне з англ. cutter ’тс’ у Пятроўскую эпоху азначала ’вялікая вёславая лодка, аднамачтавае судна’. Англ. cutter вытворнае ад cut ’рэзаць’; першапачаткова катэр ’судна, якое рэжа хвалі’. Упершыню фіксуецца ў пісьме князя Далгарукава Пятру I у 1714 г. Неабгрунтаваным было меркаванне Міклашыча аб магчымым паходжанні слова ка́тэр ад назвы галеры ка́торга (< с.-грэч. κάτεργον). Таксама няпэўнымі трэба лічыць параўнанні з гал. kotter або ням. Kutter (з фанетычных прычын). Параўн. Фасмер, 2, 210; Шанскі, 2, К, 95–96.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)