КІН-КАМІ́НСКІ Уладзімір Тадэвушавіч (14.11.1950, Мінск — 10.1.1995),

бел. акцёр. Сын Т.К.Кін-Камінскага. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). Працаваў у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Творчасці ўласцівы майстэрства пераўвасаблення, пошук выразных сцэн. фарбаў, імправізацыя, часам іранічнае стаўленне да персанажа: Драгун («Парог» А.​Дударава), Сяржант («Цынкавыя хлопчыкі» С.​Алексіевіч), Мужык («Страсці па Аўдзею» У.​Буграмеева), Польскі афіцэр, Начальнік патруля і Нямецкі афіцэр («Тутэйшыя» Я.​Купалы, Дзярж. прэмія Беларусі 1993), Жорж («Дзверы стукаюць» М.​Фермо), сяржант Допель («Гаральд і Мод» К.​Хігінса і Ж.​К.​Кар’ера), Я («Дом на мяжы» С.​Мрожака). У тэатры-лабараторыі нац. драматургіі «Вольная сцэна» выконваў ролі Падушкападобнага («Ку-Ку» М.​Арахоўскага), Сяржанта («Сабака з залатым зубам» У.​Савуліча). У 1992—93 у Беластоцкім драм. т-ры: Х.Х., Ян («Эмігранты» і «У адкрытым моры» Мрожака), Майстар («Тэрмінатар» П.​Хандке), Восіп («Рэвізор» М.​Гогаля).

М.​А.​Бартніцкая.

т. 8, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРА́ЎЦАЎ Барыс Канстанцінавіч (28.7.1913, г. Разань, Расія — 20.10.1983),

бел. і расійскі акцёр. Засл. арт. Беларусі (1944). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1936). Працаваў у Бел. т-ры рабочай моладзі, з 1937 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. З 1960 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай. Мастацтву К. былі ўласцівы натуральнасць і псіхалагізм. Лепшыя ролі ў т-ры імя Я.​Купалы: Левановіч, Паланевіч («Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы), Піліп («Палешукі» Я.​Рамановіча), Корань («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Калеснікаў, Лагута («Цытадэль славы», «На крутым павароце» К.​Губарэвіча), Луконін («Хлопец з нашага горада» К.​Сіманава), Аляксандр, Анціпа («Апошнія», «Зыкавы» М.​Горкага), Тэадора («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.​Шылера); у т-ры на Малой Броннай: Сцяпан («Брацкая ГЭС» Я.​Еўтушэнкі), Бераст («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Бірук («Алёнушка» Л.​Лявонава). Здымаўся ў кіно.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 8, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЦІ́НСКІ Ігар Васілевіч (н. 11.1. 1930, г. Магілёў),

бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1951). З 1951 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. У 1963—94 рэжысёр (1975—80 гал. рэжысёр), з 1994 на студыі літ.-драм. праграм Нац. дзярж. тэлерадыёкампаніі Беларусі. Сярод роляў: Гільём («Салавей» З.​Бядулі), Брыгадзір Янка («Крылы» А.​Карнейчука), Змітрок («Простая дзяўчына» К.​Губарэвіча), Пракурор (1000 франкаў узнагароды» В.​Гюго), Пэра («Пані міністэрша» Б.​Нушыча). Яго пастаноўкі радыёспектакляў вылучаюцца глыбокім зместам, жыццёвай пераканаўчасцю, эмацыянальнай насычанасцю: «Спартак» паводле Р.​Джаваньёлі (1987), «Палескія рабінзоны» паводле Я.​Маўра (1989), «Дарога на дваіх» (1996), «Вяртанне да сябе», «Не праміні свой лёс» (усе паводле М.​Калошкі), «Сцяжынкі-сцяжыначкі» паводле А.​Сыскаўца, «Лівень» паводле А.​Жука (усе 1997), «Час дыназаўра» паводле Л.​Шчэрбача (1998). Паставіў лірычна-дакумент. радыёаповесць Г.​Пашкова «Палескія вандроўнікі» (1998; Дзярж. прэмія Беларусі 1998).

т. 9, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́САРАЎ Мадэст Іванавіч (14.2.1844, г. Кашыра Маскоўскай вобл. — 13.10.1905),

рускі акцёр, педагог, крытык. Муж П.А.Стрэпетавай. Скончыў Маскоўскі ун-т (1865). На сцэне з 1859, на прафесійнай — з 1867 у гарадах Расіі. З 1872 у Маскве, у т. л. ў Т-ры Корша, з 1885 у Александрынскім т-ры ў Пецярбургу. Выканаўца драм. роляў бытавога рэпертуару. Валодаў высокай тэатр. культурай, моцным тэмпераментам. Вял. ўплыў на яго творчасць зрабіў А.​Астроўскі, найб. вызначыўся ў яго п’есах: Русакоў, Красноў, Нешчасліўцаў, Любім Тарцоў, Бальшоў («Не ў свае сані не садзіся», «Грэх ды бяда на каго не жыве», «Лес», «Беднасць не загана», «Свае людзі — паладзім»), Сярод інш. роляў: Ананій Якаўлеў («Горкі лёс» А.​Пісемскага), Іван Грозны («Смерць Іаана Грознага» А.​К.​Талстога), Равякін («Журба» І.​Шпажынскага) і інш. Вёў пед. работу, пісаў крыт. артыкулы, у якіх падтрымліваў Астроўскага. Падрыхтаваў да выдання першы поўны збор твораў Астроўскага (т. 1—12,1904—09).

т. 12, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУ́ЧАК Валянцін Мікалаевіч (н. 4.9.1909, Масква),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1974). Скончыў акцёрскі (1929) і рэжысёрскі (1932) факультэты Дзярж. тэатр. эксперым. майстэрні пад кіраўніцтвам У.​Меерхольда. З 1929 акцёр у Т-ры імя Меерхольда. Адзін з заснавальнікаў Дзярж. тэатр. маскоўскай студыі (1940; з 1941 франтавы т-р).

З 1942 узначальваў Т-р Паўн. флоту, з 1945 Маскоўскі гастрольны т-р. З 1950 рэжысёр, у 1957—2000 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра Сатыры. Пастаноўкам характэрны публіцыстычная вастрыня, дынамічныя мажорныя вырашэнні, схільнасць да гіпербалы, сатыры і гратэску: «А ці быў Іван Іванавіч?» Назыма Хікмета, «Містэрыя-Буф» У.​Маякоўскага (абедзве 1957), «Цёркін на тым свеце» А.​Твардоўскага (1966), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (1969), «Рэвізор» М.​Гогаля (1972), «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка (1973), «Самазабойца» М.​Эрдмана (1981), «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1983) і інш. Аўтар кн. «На сцэне — Маякоўскі» (1962).

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ГАЎКІН Міхаіл Іванавіч (н. 13.7.1923, в. Рамешкі Яраслаўскай вобл., Расія),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1977). Нар. арт. СССР (1988). Вучыўся ў Школе-студыі Маскоўскага маст. акад. т-ра. З 1948 у т-ры Паўн. флоту, у 1950—58 у Маскоўскім т-ры імя Ленінскага камсамола, у 1962—77 у Т-ры-студыі кінаакцёра. З 1941 у кіно (фільм «Справа Артамонавых»). Майстэрства П. вызначаецца вострай характарнасцю, духоўнасцю аблічча персанажаў, своеасаблівай камедыйнай абаяльнасцю. Зняўся ў фільмах: «Кутузаў» (1944), «Максімка», «Адмірал Ушакоў», «Караблі штурмуюць бастыёны» (усе 1953), «Салдат Іван Броўкін» (1955), «Іван Броўкін на цаліне» (1959), «Дзяўчаты» (1962), «Аперацыя “Ы” і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Вяселле ў Малінаўцы» (1967), «Дванаццаць крэслаў», «Шальменка-дзяншчык» (абодва 1971), «Новыя прыгоды капітана Урунгеля» (1979), «Спортлато» (1982), «Візіт да Мінатаўра» (1987), «Артыстка з Грыбава» (1988), «Балотная street, ці Сродак супраць сексу» (1991), «Стрэл у труне» (1992) і інш.

Г.​В.​Ратнікаў.

М.І.Пугаўкін.

т. 13, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМО́ЙЛАЎ Уладзімір Якаўлевіч (15.3.1924, г. Адэса, Украіна — 8.9.1999),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Адэскае тэатр. вучылішча (1948). На сцэне з 1949. З 1969 у Маскоўскім т-ры імя У.​Маякоўскага, з 1994 — у т-ры імя М.​Гогаля. Ролі драм. плана: Ермалаеў («Ляцяць пералётныя птушкі» А.​Галіна, 1986) і інш. З 1959 здымаўся ў кіно: «Сакратар абкома» (1964), «Дваццаць шэсць бакінскіх камісараў» (1966), «Вяселле ў Малінаўцы» (1968), «Зімародак» (1972), «Прэмія» (1974, Дзярж. прэмія СССР 1976), «Любоў зямная» (1975), «Лёс» (1978), «Сібірыяда» (1979), «Бацькі і дзеці» (1983, Дзярж. прэмія СССР 1986), «Серафім Палубес і іншыя жыхары зямлі» (1984), «Візіт да Мінатаўра» (1987), «Працэс» (1989), «...Па мянушцы «Звер» (1990), «Клан» (1991), «Правінцыяльны бенефіс» (1993), «Бульварны раман» (1994) і інш. Адна з цэнтр. тэм творчасці С. — тэма пазнання героем ісціны праз напружаную барацьбу з самім сабой. Дзярж. прэмія Расіі 1972.

У.Я.Самойлаў.

т. 14, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛІЧ Мікалай Васілевіч (24.6.1888, С.-Пецярбург — 31.7.1968),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў курсы пры Пецярбургскім тэатр. вучылішчы (1911). У 1911—17 акцёр Александрынскага т-ра ў Петраградзе. З 1916 драм. рэжысёр, з 1922 рэжысёр (у 1924—30 гал. рэжысёр і дырэктар) Ленінградскага Малога опернага т-ра, з 1930 гал. рэжысёр, у 1947—48 рэжысёр Вял. т-ра ў Маскве, у 1938—47 гал. рэжысёр, маст. кіраўнік і дырэктар Т-ра оперы і балета ў Кіеве. У 1961—63 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі. Яго пастаноўкам уласцівы наватарская накіраванасць рэжысуры. Упершыню паст. оперы «Нос» і «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» («Кацярына Ізмайлава») Дз.​Шастаковіча, «Імяніны» В.​Жалабінскага, «Вяселле Крачынскага» А.​Пашчанкі. На сцэне Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі паставіў оперу «Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага (1938).

Літ.:

Киселев В. Н.​В.​Смолич // Мастера Большого театра: Нар. артисты СССР М., 1976.

М.В.Смоліч.

т. 15, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУПАКО́Ў Юрый Фёдаравіч (24.3.1934, с. Рубцава Мыцішчынскага р-на Маскоўскай вобл. —24.10.1999),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1980). З 1957 працаваў у т-рах Ліпецка, Севастопаля, з 1968 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Выканаўца драм. і характарных роляў. Мастацтва С. вызначаецца глыбінёй пранікнення ў сутнасць вобраза, спалучэннем драм. і камед. пачатку, прастаты знешняга малюнка і псіхал. пераканальнасцю. Сярод роляў у рус. т-ры: Немец («Вяртанне ў Хатынь» паводле А.​Адамовіча), Навіцкі, Хазяінаў («Трывога», «Соль» А.​Петрашкевіча), Карніла («Знак бяды» паводле В.​Быкава), Іван Ільіч («Ноч анёла» А.​Разанава), Іван Каламійцаў, Сацін («Апошнія», «На дне» М.​Горкага), Пабеданосікаў («Лазня» У.​Маякоўскага), маркіз дэ Шарон («Мальер» М.​Булгакава), Васкоў («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева), Макдуф («Макбет» У.​Шэкспіра), Шрусберы («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Рычард («Усё ў садзе» Э.​Олбі) і інш. Здымаўся ў кіно.

Г.​Г.​Бордусава.

Ю.Ф.Ступакоў.

т. 15, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЭ́ЛС, Уэлес (Welles) Орсан (6.5.1915, г. Кеноша, ЗША — 10.10.1985), амерыканскі рэжысёр, акцёр, сцэнарыст, прадзюсер. З 1931 у т-ры, з 1934 на радыё. Рэж.-наватар пастановак «Макбет» (1936) і «Юлій Цэзар» У.​Шэкспіра (1937), «Вайна сусветаў» паводле Г.​Уэлса (1938, на радыё). Для творчасці характэрны смелыя пошукі ў драматургіі і кінамове, імкненне да абагульненых прытчавых форм маст. выказвання, увасаблення рэзкіх кантрастаў і маштабных характараў. Паставіў фільмы: «Грамадзянін Кейн» (1941, прэмія «Оскар», аўтар сцэнарыя з Дж.​Манкіевічам, выканаўца гал. ролі), «Цудоўныя Эмберсоны» (1942), «Макбет» (1948), «Атэла» (1952, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Пячатка зла» (1958), «Працэс» (1962), «Паўночныя званы» (1966) і інш. Зняўся ў фільмах «Падарожжа ў страх», «Трэці чалавек», «Мобі Дзік», «Ватэрлоо», «Матылёк» і інш. Спец. прэмія «Оскар» 1970. Залаты прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі (1982) за ўклад у сусв. кіно.

Літ.:

Орсон Уэллс: Статьи. Свидетельства. Интервью. М., 1975.

т. 16, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)