УЭ́ЛС, Уэлес (Welles) Орсан (6.5.1915, г. Кеноша, ЗША — 10.10.1985), амерыканскі рэжысёр, акцёр, сцэнарыст, прадзюсер. З 1931 у т-ры, з 1934 на радыё. Рэж.-наватар пастановак «Макбет» (1936) і «Юлій Цэзар» У.​Шэкспіра (1937), «Вайна сусветаў» паводле Г.​Уэлса (1938, на радыё). Для творчасці характэрны смелыя пошукі ў драматургіі і кінамове, імкненне да абагульненых прытчавых форм маст. выказвання, увасаблення рэзкіх кантрастаў і маштабных характараў. Паставіў фільмы: «Грамадзянін Кейн» (1941, прэмія «Оскар», аўтар сцэнарыя з Дж.​Манкіевічам, выканаўца гал. ролі), «Цудоўныя Эмберсоны» (1942), «Макбет» (1948), «Атэла» (1952, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Пячатка зла» (1958), «Працэс» (1962), «Паўночныя званы» (1966) і інш. Зняўся ў фільмах «Падарожжа ў страх», «Трэці чалавек», «Мобі Дзік», «Ватэрлоо», «Матылёк» і інш. Спец. прэмія «Оскар» 1970. Залаты прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі (1982) за ўклад у сусв. кіно.

Літ.:

Орсон Уэллс: Статьи. Свидетельства. Интервью. М., 1975.

т. 16, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)