ГЕ́РЦЭН (Аляксандр Іванавіч) (псеўд.Іскандэр; 6.4.1812, Масква — 21.1.1870),
рускі пісьменнік, публіцыст, філосаф. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1829—33). Духоўнае развіццё адбывалася пад уплывам дзекабрыстаў, рус. л-ры, франц. асветніцтва і утапічнага сацыялізму. У 1834 за ўдзел у студэнцкім паліт. гуртку, які заснаваў разам з М.П.Агаровым, Герцэн арыштаваны і высланы ў Перм, потым у Вятку. У 1842 вярнуўся ў Маскву. У філас. працах 1840-х г. (цыклы арт. «Дылетантызм у навуцы», 1842—43, і «Пісьмы пра вывучэнне прыроды», 1845—46) матэрыялістычна вытлумачыў асновы гегелеўскай дыялектыкі. У літ. творчасці Герцэн праходзіць эвалюцыю ад рамантызму ранніх аповесцей і драм да рэалізму ў рамане «Хто вінаваты?» (ч. 1—2, 1845—46), аповесцях «Доктар Крупаў» (1847) і «Сарока-зладзейка» (1848). З 1847 у эміграцыі; еўрап.нац.-вызв. рух і рэв. ўзрушэнні адлюстраваліся ў яго творах маст. публіцыстыкі — цыклах арт. «Пісьмы з Францыі і Італіі» (1847—52) і «З таго берага» (1847—50). Пасля паражэння еўрап. рэвалюцый 1848—49 распрацаваў тэорыю «рускага сацыялізму», стаў адным з пачынальнікаў народніцтва. У 1853 заснаваў у Лондане Вольную рус. друкарню, выдаваў альманах «Полярная звезда» (1855—68) і газ. «Колокол» (1857—67; разам з Агаровым). Літ. і грамадская дзейнасць Герцэна падрыхтавала з’яўленне «Былога і дум» (1852—68) — аднаго з лепшых твораў рус. мемуарнай л-ры, у якім раскрыта цэлая эпоха духоўнага развіцця рус. інтэлігенцыі, а асабісты лёс пісьменніка ўключаны ў шырокі гіст. кантэкст. У канцы жыцця Герцэн імкнуўся зразумець і прыняць навук. сацыялізм. Падтрымліваў нац.-вызв. рух у Польшчы, Беларусі і Літве, выступаў за нац. самавызначэнне беларусаў. Выданні Вольнай рус. друкарні распаўсюджваліся на Беларусі, а газ. «Колокол» пісала пра бяспраўнае становішча бел. сялянства, дэспатызм памешчыкаў, арміі і ўрадавай бюракратыі, вітала «Мужыцкую праўду» К.Каліноўскага. Народніцкія і рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна паўплывалі на станаўленне светапогляду Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча і інш.бел. пісьменнікаў. У перакладзе на бел. мову выдадзены «Былое і думы» (т. 1, ч. 1—2, 1940), раман «Хто вінаваты?», аповесці «Сарока-зладзейка», «Доктар Крупаў» і інш. (у кн. «Мастацкія творы», 1941).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—30. М., 1954—66.
Літ.:
Белинский В.Г. Взгляд на русскую литературу 1847 г. // Полн. собр. соч. Т. 10. М., 1956;
Герцен в воспоминаниях современников. М., 1956;
Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. М., 1966;
Птушкина И.Г. Александр Иванович Герцен. М., 1987;
Летопись жизни и творчества А.И.Герцена, 1812—1870. [Т. 1—4]. М., 1974—87.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫ́Н (Аляксандр Іванавіч) (7.9.1870, с. Нараўчат Пензенскай вобл., Расія — 25.8.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча (Масква, 1890). Быў на ваен. службе, з 1894 у адстаўцы, жыў у Кіеве, шмат ездзіў па Расіі. У 1903 зблізіўся з М.Горкім, супрацоўнічаў у яго выд-ве «Знание». У 1919 эмігрыраваў у Францыю, з 1937 на радзіме. Друкаваўся з 1889. Раннія апавяданні (зб. «Мініяцюры», 1897) — псіхал. эцюды, прысвечаныя даследаванню розных станаў чалавечай душы. У апавяданнях «Дазнанне», «У паходзе», аповесцях «Прапаршчык армейскі» (1897), «На пераломе (Кадэты)» (1900), «Паядынак» (1905) і інш.рэаліст. паказ жахлівага ваен. побыту, пратэст супраць жорсткасці і падаўлення асобы. Аповесць «Малох» (1896) — спроба з дапамогай іншасказання і сімвалаў паказаць бесчалавечнасць вытворчага прагрэсу. Пасля паездкі на Палессе (1897) напісаў цыкл апавяданняў («У лясной глушы», «На глушцоў» і інш.), аповесць «Алеся» (1898), у якіх упершыню моцна загучала тэма вял. кахання, характэрная для наступных яго твораў («Суламіф», 1908; «Гранатавы бранзалет», 1911; і інш.). Аўтар аповесцей навукова-фантаст. «Вадкае сонца» (1913), напаўфантаст. «Зорка Саламона» (1917), цыкла нарысаў «Кіеўскія тыпы» (1895—98), «Лістрыгоны» (1907—11) і інш. Аповесць «Яма» (ч. 1—2, 1909—15) пра амаральнасць грамадства, якое апраўдвае прастытуцыю. У эміграцыі стварыў нарысы аб Францыі, аповесці «Купал св. Ісакія Далмацкага» (1928), «Кола часу» (1929), «Жанета» (1932—33), казачныя («Кісмет») і гіст. («Аднарукі камедыянт», «Цень імператара») апавяданні, успаміны пра цыркавых артыстаў, рус. прыроду і інш.Асн. эмігранцкі твор — аўтабіягр.раман «Юнкеры» (1928—32). Многія творы К. экранізаваны («Паядынак», «Алеся» і інш.). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі І.Шамякін, Л.Салавей.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1970—73;
Собр. соч.Т. 1—3. Мн., 1994;
Река жизни: Рассказы, повести;
Из несобранного и забытого. Ростов н/Д, 1988;
Сильнее смерти: Повести и рассказы о любви. Л., 1993;
Рассказы и повести. Мн., 1997;
Бел.пер. — Выбранае Мн., 1985;
Выбр. проза. Мн., 1992. Собр. соч.Т. 1—9. М., 1970—73;
Собр. соч.Т. 1—3. Мн., 1994;
Река жизни: Рассказы, повести;
Из несобранного и забытого. Ростов н/Д, 1988;
Сильнее смерти: Повести и рассказы о любви. Л., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЛА́Н ((Rolland) Рамэн) (29.1.1866, г. Кламсі, Францыя — 30.12.1944),
французскі пісьменнік, музыказнавец. Ганаровы чл.АНСССР (з 1932). Вучыўся ў Вышэйшай нармальнай школе ў Парыжы (1886—89), з 1897 праф. гэтай школы. У 1895 абараніў доктарскія дысертацыі па музыцы і жывапісе. У 1903—12 праф. Сарбоны. Знаходзіўся пад уплывам Л.Талстога і перапісваўся з ім. У творчасці аддаваў перавагу маштабным гіст. падзеям і гіст. асобам. Першыя драмы «Святы Людовік» (1897), «Аэрт» (1898) разам з п’есай «Надыдзе час» (1903) склалі цыкл «Трагедыі веры». Стварыў драм. цыкл «Тэатр рэвалюцыі» пра франц. рэвалюцыю канца 18 ст.: «Ваўкі» (1898), «Трыумф розуму» (1899), «Дантон» (1900), «14 ліпеня» (1902), «Гульня кахання і смерці» (1925), «Вербная нядзеля» (1926), «Леаніды» (1927), «Рабесп’ер» (1939). Свае погляды на мастацтва і яго ролю ў грамадскім жыцці выклаў у тэарэт. даследаванні «Народны тэатр» (1903) і цыкле «Гераічныя жыцці» («Жыццё Бетховена», 1903; «Жыццё Мікеланджэла», 1906; «Жыццё Талстога», 1911). Ідэйна-эстэт. погляды Р.-рэаліста найб. ярка адлюстраваны ў рамане-эпапеі «Жан-Крыстоф» (т. 1—10, 1904—12), у якім шырокая панарама жыцця Францыі і Германіі ў канцы 19 — пач. 20 ст., лёс мастака ў тагачасным грамадстве. Узаемаадносіны мастака і народа ў цэнтры аповесці «Кала Бруньён» (1914, апубл. 1919). Антываен. матывы характэрны для драм. сатыры «Лілюлі» (1919), рамана «Клерамбо», лірычнай аповесці «П’ер і Люс» (абодва 1920). Раман «Зачараваная душа» (т. 1—4, 1922—33) пра лёс еўрап. інтэлігенцыі. Аўтар шматлікіх кніг пра л-ру і мастацтва, зб-каў публіцыстыкі, мемуараў. Яго творы адметныя вастрынёй маральна-этычных і сац.-паліт. канфліктаў, манументальнасцю вобразаў, дынамізмам сюжэтаў. Да традыцыі Р. звярталіся Р.Мартэн дзю Гар, Ж.Р.Блок, Л.Арагон і інш. На сюжэт аповесці «Кала Бруньён» Дз.Кабалеўскі напісаў оперу «Майстар з Кламсі» (1938). У Бел.дзярж. т-ры пастаўлены спектакль «Ваўкі» (1923). На бел. мове надрук. ўрыўкі з аповесці «Кала Бруньён» (1936, пер. Я.Скрыгана), з рамана «Жан-Крыстоф» (1938), арт. «Застольныя гутаркі з Бетховенам» (1937). Нобелеўская прэмія 1915.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—14. М., 1954—58;
Соч.Т. 1—9. М. 1974.
Літ.:
Балахонов В.Е. Ромен Роллан и его время: Ранние годы. Л., 1972;
Ромен Роллан, 1866—1966: По материалам юбилейной сессии. М., 1968;
Мотылева Т.Л. Ромен Роллан. М., 1969;
Урицкая Б.С. Ромен Роллан — музыкант. 2 изд. Л.;
М., 1974;
Анисимов И.И. Французская классика со времен Рабле до Ромена Роллана. М., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТКЕ́ВІЧ (Уладзімір Сямёнавіч) (26.11.1930, г. Орша Віцебскай вобл. — 25.7.1984),
бел. пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1954), Вышэйшыя літ. (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Настаўнічаў у в. Лесавічы Тарашчанскага р-на Кіеўскай вобл. (1954—56), у Оршы (1956—58). Дэбютаваў вершамі ў 1951. Найбольшую прыхільнасць выяўляў да гіст. тэматыкі, плённа развіваў адраджэнскія ідэі. Істотна ўзбагаціў бел. л-ру ў тэматычных і жанрава-стылявых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філас. зместам. Як паэт раскрыўся арыгінальна і непаўторна зб-камі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Паэзіі ўласцівы пранікнёны лірызм, эпічнасць, рытміка-інтанацыйная разнастайнасць, філасафічнасць, драматызм і жыццесцвярджальнае гучанне («Машэка», «Паўлюк Багрым», «Трызненне мужыцкага Брэйгеля», «Беларуская песня», «Быў. Ёсць. Буду» і інш.). У прозе ўзняў шырокія пласты нац. гісторыі, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам Бацькаўшчыны. Лірыка-рамант. талент К.-празаіка раскрыўся ўжо ў першым зборніку апавяданняў «Блакіт і золата дня» (1961). Для пісьменніка характэрна рамантычнае, фальклорна-легендарнае асэнсаванне мінуўшчыны, яе ўплыў на духоўнае жыццё народа і грамадскую свядомасць. Паэтызуючы гісторыю, уздымаў пытанні, актуальныя і для сённяшняга дня. У гіст.-дэтэктыўнай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964, аднайм. кінафільм 1979) праўдзіва адлюстроўваў тагачаснае грамадства з яго нац., культ. і гіст. адметнасцямі, сцвярджаў патрыят. ідэі, асуджаў рэнегацтва і зло. У сатыр.-гумарыстычнай аповесці «Цыганскі кароль» (1961) на прыкладзе цыганскага «каралеўства» 18 ст. закранаў важныя сац.-паліт. і нац. праблемы. У рамант. аповесці «Сівая легенда» (1961) праз карціны сял. паўстання на Магілёўшчыне асэнсоўваў лёс Бацькаўшчыны. У «Легендзе аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны» (нап. 1961, апубл. 1994) на грунце бел. рэчаіснасці 16 ст. ў гратэскавай форме паказаў барацьбу дабра са злом. З задуманай ім трылогіі пра паўстанне 1863—64 ажыццёўлены толькі раман «Каласы пад сярпом тваім» (1965) — шырокая панарама нар. жыцця бел. народа ў 19 ст. Па сутнасці гэты твор паклаў пачатак бел.гіст. раманістыцы. Адгалінаваннем рамана стала аповесць «Зброя» (нап. 1964, апубл. 1981) — сатыра на самадзяржаўна-прыгонніцкую Расію 1860-х г. У героіка-рамант. драме «Кастусь Каліноўскі» (нап. 1963, паст. 1978) паказаны складанасць і супярэчлівасць паўстання, створаны паўнакроўны вобраз Каліноўскага як непрымірымага ворага самадзяржаўя і патрыёта роднага краю. Раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966, аднайм. кінафільм 1967) — філас. роздум аб прызначэнні чалавека. Гіст. аспект прысутнічае і ў творах пра сучаснасць: аповесцях «У снягах драмае вясна» (нап. 1957, апубл. 1989), «Чазенія» (1967), «Лісце каштанаў» (1973), рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць», 1962; Літ. прэмія імя І.Мележа 1983), п’есах «Млын на Сініх Вірах» (паст. 1959), «Трошкі далей ад Месяца» (нап. 1959—60). У сац.-псіхал. і філас. рамане «Чорны замак Альшанскі» (1979—80; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1984; аднайм. кінафільм 1984) роздум пра непарыўную повязь часоў, а прыёмы дэтэктыўнага жанру выкарыстаны з мэтай глыбей зразумець сэнс людскога існавання. Думкай пра няскоранасць і неўміручасць народа прасякнуты п’еса «Званы Віцебска» (паст. 1974). Сац.-гіст. драма «Калыска чатырох чараўніц» (паст. 1982) пра дзіцячыя і юнацкія гады Я.Купалы. Рамантычная панарамная трагедыя «Маці ўрагану» (паст. 1988, аднайм. кінафільм 1990) прысвечана Крычаўскаму паўстанню 1743. Пачуццём любові да Беларусі, гіст. мысленнем напоўнены яго нарысы «Зямля пад белымі крыламі» (1977), нарысы, эсэ і артыкулы, напісаныя да 1000-годдзя Віцебска і Турава («Тысячу стагоддзяў табе», 1974; «Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён», 1980), прысвечаныя Бел. Палессю, Вільні, Кіеву, Ф.Скарыне, Я.Купалу, М.Багдановічу і інш. Пісаў творы для дзяцей («Казкі», 1975). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы Катула, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, І.Франка, М.Карыма, Р.Гамзатава, Махтумкулі і інш. (зб. «Галасы маіх сяброў», 1993). У творчай спадчыне К. захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў. Ён аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць» (1966), «Чырвоны агат» (1973) і інш. Па яго творах паст.маст. фільмы, тэле- і радыёспектаклі, оперы «Сівая легенда» (1978, кампазітар Дз.Смольскі) і «Дзікае паляванне караля Стаха (1989, кампазітар У.Солтан). Творы К. перакладзены на многія мовы свету. Ён выступаў у абарону бел. мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. У Оршы і Віцебску К. пастаўлены помнікі, яго імем названы вуліцы, школа ў Оршы (у ёй літ. музей К.). У Мінску на доме, дзе жыў апошнія гады, і ў Оршы на бацькоўскім доме — мемар. дошкі. У Оршы заснаваны музей К.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1987—91;
У дарозе і дома: З зап. кніжак // Полымя. 1989. № 1—3;
З вякоў мінулых. Мн., 1990;
Творы. Мн., 1996.
Літ.:
Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі. Мн., 1997;
Быкаў В. Зб.тв.Мн., 1994. Т. 6. С. 408—412;
Верабей А. Абуджаная памяць. Мн., 1997;
Калеснік У. Усё чалавечае. Мн., 1993;
Локун В. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг.Мн., 1995;
Мальдзіс А. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мн., 1990;
Прашковіч Л. Услаўляючы гераічнае мінулае // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;
Русецкі А. Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць. Мн., 1991;
Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982;
Шынкарэнка В. Пад ветразем дабра і прыгажосці. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЗА́К ((Balzac) Анарэ дэ) (20.5.1799, г. Тур, Францыя — 18.8.1850),
французскі пісьменнік, пачынальнік рэалізму 19 ст. Вучыўся ў Вандомскім каледжы; у 1819 скончыў парыжскую Школу права, адначасова праслухаў курс л-ры ў Сарбоне. Першы твор — класіцыстычная трагедыя ў вершах «Кромвель» (1820). Поспех і прызнанне прыйшлі з выхадам гіст. рамана «Шуаны» (1829). Прыярытэтам эстэт. сістэмы пісьменніка стаў матэрыяльны свет і будзённае жыццё. Гэта выходзіла па-за межы рамантызму, які панаваў у л-ры да 1830-х г. Аднак традыцыі рамант. мастацтва заўсёды прысутнічалі ў творчасці Бальзака, выяўляліся пры адлюстраванні ўсёпаглынальнай страсці герояў. Назіральнасць і празорлівасць пісьменніка дазволілі зразумець гал. тэндэнцыю эпохі — эканам. пераразмеркаванне багацця, уласнасці і выхад на авансцэну новых уладароў жыцця — фінансістаў, спекулянтаў, ліхвяроў, дзялкоў, якія вырашалі лёс грамадства, стваралі жывую гісторыю. Так нарадзіліся вобразы Габсэка, Грандэ, Гарыо, Нусінгена. Адчуванне свету ў яго цэласнасці і ўнутранай узаемазвязанасці прывяло Бальзака ў 1834 да задумы стварыць «грандыёзны раман пра грамадства», людзей і падзеі 19 ст., якая рэалізавана ў вялізным цыкле раманаў і навел (каля 100) пад назвай «Чалавечая камедыя» пра Францыю перыяду Рэстаўрацыі і Ліпеньскай манархіі. Вылучаюцца 3 яго часткі (эцюды). «Эцюды звычаяў» падзяляліся на сцэны прыватнага («Габсэк», 1830; «Трыццацігадовая жанчына», 1831—34, канчатковая рэд. 1842; «Бацька Гарыо», 1834—35, і інш.), правінцыяльнага («Яўгенія Грандэ», 1833; «Музей старажытнасцяў», 1836—38; «Страчаныя ілюзіі», 1837—43, і інш.), парыжскага («Бляск і ўбоства куртызанак», 1838—47; «Кузіна Бэта», 1846; «Кузэн Понс», 1847, і інш.), ваеннага («Шуаны» і інш.), паліт. («Цёмная справа», 1841, і інш.) і вясковага («Вясковы лекар», 1833, і інш.) жыцця. «Філасофскія эцюды» склалі «Шчыгрынавая скура» (1830—31), «Элексір даўгалецця» (1830), «Пошукі абсалюту» (1834) і інш. У «аналітычныя эцюды» ўвайшлі «Фізіялогія шлюбу» (1829), «Дробныя нягоды сямейнага жыцця» (1845—46) і інш. Творы аб’ядноўваліся агульнымі героямі, якія ўяўлялі сабой розныя тыпы: узроставыя, прафесійныя, сацыяльныя, маральныя, псіхалагічныя і гэтак далей. Бальзак абараняў манархію, каталіцызм і адначасова захапляўся бурж. прагрэсам. Аднак ніхто лепш за яго не паказаў заганы грамадства, у якім грошы і асабісты інтарэс вынішчаюць усё лепшае, натуральнае з чалавечых адносін і здольныя ператварыць чалавека ў монстра. Творчая манера Бальзака вызначаецца апісальнасцю, стыль — дэталёвасцю, жывапіснасцю. Яму належаць таксама збор навел «Свавольныя апавяданні» (1832—37), п’есы («Мачаха», 1848, і інш.), крытычныя артыкулы («Эцюд пра Бейля», прадмова да «Чалавечай камедыі» і інш.). На бел. сцэне ставіліся спектаклі па п’есах Бальзака «Мачаха», «Драпежніца», раманах «Яўгенія Грандэ», «Баламутка» («Жыццё халасцяка»).
Тв.:
Бел.пер. — Габсэк. Мн., 1993;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—24. М., 1960.
Літ.:
Реизов Б.Г. Бальзак: Сб. статей. Л., 1960;
Бальзак в воспоминаниях современников. М., 1986;
Моруа А. Прометей, или Жизнь Бальзака: Пер. с фр.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКІЯ ГО́РЫ,
на Пд Крымскага паўвострава. Працягваюцца з З на У на 145 км, з Пн на Пд на 40—50 км. Складаюцца з 3 паралельных град: асноўнай — Гал. хрыбет (Яйла) з макс. абсалютнай адзнакай 1545 м (г.Раман-Кош), сярэдзіннай — выш. да 500—750 м, паўн. — выш. да 350 м. Горы ўтвораны структурамі мезазойскага ўзросту, складзены пераважна з гліністых сланцаў, перакрытых вапнякамі. Канчаткова К.г. сфарміраваліся ў альпійскую складкавасць. Гал. града мае стромкія схілы, глыбока парэзаныя рэчкамі, ручаямі і часовымі вадацёкамі. Вяршыня грады — «яйла» (на крымска-тат. мове — летняя паша; пл. каля 320 км²), спадзістахвалістая з разнастайнымі формамі карставага рэльефу — варонкамі, сподкамі, далінамі, праваламі, пячорамі. Паўд. схіл стромкі, разбіты апоўзнямі на буйныя блокі. На ўзбярэжжы (гл.Паўднёвы бераг Крыма) выяўлены марскія тэрасы, ёсць стараж. вулканічныя ўтварэнні (Мядзведзь-гара, Карадаг). Сярэдзінная і паўн. грады з’яўляюцца куэстамі, маюць слабы нахіл на Пн і стромкія схілы на Пд. Ёсць радовішчы буд. матэрыялаў (вапнякі, жвір, туф, дыябаз), паўкаштоўных камянёў і інш.Мінер. крыніцы. Клімат К.г. умераны на б.ч. тэрыторыі, субтрапічны міжземнаморскі на паўд. схіле Гал. грады і ўзбярэжжы. Гал. града перашкаджае пранікненню ўмераных паветр. мас на Пд, а субтрапічных — на Пн. У раёнах з умераным кліматам сярэдняя т-растудз. каля -2, -4 °C, у ліп. каля 24 °C, у гарах каля 16 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 600 мм, выпадаюць пераважна летам. Устойлівае снегавое покрыва ўтвараецца зімой толькі ў гарах. У зоне субтрапічнага клімату ў студз. каля 4 °C, у ліп. каля 24 °C, ападкаў ад 600 мм на ўзбярэжжы да 1200 мм у гарах, выпадаюць пераважна зімой. Рэчкі невялікія, летам большасць перасыхае, маюць пераважна грунтавое жыўленне, паводкавы рэжым; бываюць селі. Расліннасць, глебы і жывёльны свет падпарадкаваны вышыннай пояснасці. На паўд. схілах Гал. грады да выш. 300 м — зона ксерафітных ядлоўцава-дубовых нізкіх лясоў з вечназялёных і лістападных хмызнякоў на чырвона-бурых і карычневых глебах. Вышэй дубовыя і букавыя лясы з эндэмічнымі відамі хвой. Пад шыракаліста-хваёвымі лясамі фарміруюцца горна-лясныя бурыя глебы. На паверхні вяршынь Гал. грады горныя лугі, лугавыя стэпы з ядлоўцавым сланікам, купы дрэў і хмызнякоў на горна-лугавых чарназёмападобных глебах. Паўн. схіл Гал. грады, сярэдзінная і паўн. грады маюць падобную вышынную пояснасць, аднак адсутнічаюць эндэмічныя субтрапічныя віды. Каля падножжа гор развіты лесастэпавыя ландшафты на горных чарназёмах. У фауне горна-лясной зоны — высакародны алень, казуля, каменная куніца, кажан, барсук, шматлікія віды птушак і інш. На схілах Гал. грады — Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Ялцінскі і Карадагскі запаведнікі, Нікіцкі бат. сад, унікальныя помнікі прыроды: Вял. каньён Крыма, цясніна Уч-Кош, вадаспады Учан-Су, Яўзлар, Джур-Джур і інш. К.г. — адзін з папулярных раёнаў турызму і альпінізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД ЛІТАРАТУ́РНЫ,
абагульнены тып літ. твораў, які выяўляецца праз асэнсаванасць маст. фактаў у выглядзе пэўнай заканамернасці. Упершыню пра Р.л. ўпамінае Платон у трактаце «Дзяржава». Больш поўна тэорыю Р.л. распрацаваў у сваёй «Паэтыцы» Арыстоцель. Асн. Р.л. тры — эпас, лірыка і драма. Эпасам называюцца творы аб’ектыўна-апавядальнага характару, у якіх паказваецца чалавек у шматлікіх сувязях з грамадствам і прыродай. У лірыцы раскрываюцца пачуцці асобы, яе ўнутр. свет. У драме супрацьстаяць характары, перадаюцца адносіны і канфлікты паміж персанажамі, яны паказваюцца ў дзеяннях, учынках, перажываннях. У залежнасці ад тэматыкі ці інш. прыкметы Р.л. падзяляюцца на віды літаратурныя (або формы) і жанры. Эпас апісвае падзеі, знешнія ў адносінах да аўтара. У залежнасці ад часу дзеяння, ахопу падзей, колькасці персанажаў адрозніваюць вял. (эпапея, раман), сярэднія (аповесць, нарыс), малыя (навела, апавяданне, казка, байка, легенда) формы эпасу. Эпас паказвае аб’ектыўную карціну свету. Акрамя ўчынкаў герояў, значнае месца адводзіцца апісанням: партрэтам, рэчам, пейзажу. Ад лірыкі і драмы эпас адрозніваецца шырынёй і багаццем адлюстравання жыцця, яго пераасэнсаваннем. Лірыка аб’ядноўвае творы, у аснове якіх думкі, пачуцці, настроі, перажыванні чалавека. Віды лірыкі пераважна невял. па памеры: ода, раманс, песня, балада, верш, элегія, гімн. Самая вял. форма лірыкі — паэма, якая можа быць эпічнаю («Курган» Я.Купалы) або сумяшчаць рысы эпасу і лірыкі («Тарасова доля» Я.Купалы, «Сцяг брыгады» А.Куляшова). Звычайна лірыку падзяляюць па тэматычных лініях або жанрава: лірыка грамадз., пейзажная, філас., інтымная. Драма, як і эпас, паказвае знешнюю рэальнасць — адносіны і канфлікты паміж людзьмі. Аднак паказ адбываецца праз размоўную форму. Як і ў лірыцы, тут выражаюцца думкі, пачуцці, перажыванні, але не адной асобы, а некалькіх. Падзел л-ры на роды не супадае з яе падзелам на паэзію і прозу. У побытавай мове лірычны твор звычайна суадносіцца з паэзіяй, а эпічны — з прозай. Але кожны Р.л. ўключае ў сябе і паэтычныя (вершаваныя), і празаічныя творы. Эпас на ранніх этапах мастацтва быў пераважна вершаваны. Вершаваны эпас характэрны і для бел. л-ры («Новая зямля» Я.Коласа).
Словы «эпічнае» («эпічнасць»), «драматычнае» («драматызм»), «лірычнае» («лірызм») абазначаюць не толькі родавыя асаблівасці твораў, але і інш. якасці. Напр., эпічнасцю называюць велічна-спакойнае, нетаропкае сузіранне жыцця ў яго складанасці і шматпланавасці, шырыню поглядаў аўтара на свет і яго прыняцце як нейкай цэласнасці. Эпічнасць як ідэйна-эмацыянальная настраёвасць можа мець месца ва ўсіх Р.л. Драматызмам прынята называць стан, звязаны з напружаным перажываннем нейкіх супярэчнасцей, з усхваляванасцю і трывогай. Лірызм — узвышаная эмацыянальнасць, выяўленая ў мове аўтара, апавядальніка, персанажаў. Драматызм і лірызм таксама могуць прысутнічаць ва ўсіх Р.л.
Літ.:
Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства. 2 выд.Мн., 1982;
Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. 2 выд.Мн., 1987;
Беларуская літаратура, XI—XX стст. 2 выд.Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
брат, ‑а; мн. браты, ‑оў; м.
1. Кожны з сыноў у адносінах да другіх дзяцей гэтых жа бацькоў. Бацька.. [Марынкі], Раман Дзянісавіч, маці і малодшы брат Міша .. вячэралі.Хадкевіч.На другой палове [вагона] месціцца дзіцячы тапчан, тут жа спіць Міколаў старэйшы брат.Лынькоў.
2. Усякі чалавек, якога яднае з тым, хто гаворыць, агульнасць радзімы, класавых інтарэсаў, становішча, умоў. Браты па класу. Браты-славяне. □ Дняпроўцы прынялі на сябе галоўны ўдар, уласнымі грудзьмі прыкрылі ўкраінскіх братоў.Шамякін.
3.Разм. Форма сяброўскага звароту да мужчыны. — Давай, брат, падкіну! — параўноўваючыся з салдатам, спыніў.. [шафёр] машыну.Васілевіч.[Карнейчык:] Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу патрапіць.Крапіва.
4. Член рэлігійнай секты; манах.
•••
Малочны брат (сястра) — сын (дачка) мамкі ў адносінах да выкармленых ёю чужых дзяцей, а таксама гэтыя дзеці ў адносінах да дзяцей мамкі.
Ваш брат — вы і на вас падобныя. [Маеўскі:] — Мы людзі навучаныя не горш за вашага брата, салдата. Бачылі і не такое.Шамякін.
На брата — на кожнага. — Наташачка, золатка, слухай мяне, — верхаводзіў Лукаш, — па дзвесце на брата.Лобан.
Наш брат — я і на мяне падобныя. Таварышы давалі наказ: «Працуй шчыра, любі людзей, не падвядзі нашага брата, журналіста».Сергіевіч.
Ні брат ні сват — зусім чужы, ніякі не родны.
Ні свата ні брата — без родных, без сваякоў, без радні, адзінокі.
Сам чорт не браткаму — пра таго, хто ні ад каго, ні ад чаго не залежыць, каму ўсё лёгка даецца.
Свой брат — пра чалавека аднолькавага стану і становішча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1.каго-што. Палажыць на другое або ў другое месца. Перакласці кнігі з паліцы ў шафу. □ [Тварыцкі] нагнуўся, .. пераклаў з аплеценага гаршка залатыя манеты ў некалькі хустачак, пазавязваў і параспіхваў па кішэнях.Чорны.Максімаў разгарнуў папку, пераклаў з месца на месца нейкія дакументы.Шахавец.
2.шточым. Укласці прадметы, рэчы і пад., запоўніўшы чым‑н. прамежкі паміж імі. Усё абыдзецца добра, толькі каб цесляры склалі хату як след, вокнамі на поўдзень, добра пераклалі бярвенне мохам.Краўчанка.[Салёнаў:] — Няхай дзеці ядуць на здароўе. Загадайце толькі, каб перабралі яблыкі ды саломкай пераклалі — да вясны хопіць...Даніленка.
3. Злажыць нанава, іначай. Перакласці комін. Перакласці дровы. □ [Барыс:] — А хто майстра прыслаў печ перакласці? Я аб вас клапачуся, як сын.Лупсякоў.
4.перан.; што. Ускласці чые‑н. абавязкі, адказнасць і пад. на другога. Паступова ён [Кіеня] пераклаў на Банжына ўсю падрыхтоўку па мантажу.Шыцік.Цяпер ужо стала так, што Вінцэсю можна было перакласці ўсю работу на братоў.Мікуліч.
5. Перадаць які‑н. тэкст, вусную мову сродкамі другой мовы. Перакласці раман з польскай мовы на беларускую. □ [Пауль] прачытаў гэтыя словы па-руску, пераклаў на нямецкую мову.Шамякін.
6. Выкласці, падаць што‑н. у іншай форме (звычайна пра літаратурны ці музычны твор). Малады драматург, які паклаў у аснову п’есы рэальныя падзеі, не ўсюды змог перакласці гэтыя падзеі на мову вобразаў, зрабіць мастацка закончаны твор.Сабалеўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЛО́ЙКА (Алег Антонавіч) (н. 1.5.1931, г. Слонім Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, крытык. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1989). Д-рфілал.н. (1969), праф. (1971). Скончыў БДУ (1953), працуе ў ім (з 1985 заг. кафедры бел. л-ры). З 1996 адначасова выкладае ва ун-це ў г. Седльцы (Польшча). Друкуецца з 1943. Паэзіі Л. ўласцівы рамантычна-ўзнёслае светабачанне, мяккі гумар, сувязь з фальклорам, сцвярджэнне маральных прынцыпаў народа, роздум над складанымі праблемамі часу (зб-кі «На юначым шляху», 1959; «Блакітнае азерца», 1965; «Дзівасіл», 1969; «Шчырасць», 1973; «Няроўныя даты», 1983; «Грайна», 1986; «Талая вясна», 1990; «Трэці золак», 1993, і інш.). Распрацоўвае гіст. тэматыку: паэмы «Белая вежа» (1969), «Лясун» (1971) і інш. Тэме Вял.Айч. вайны прысвечаны паэмы «Хлопец над вогненным плёсам» (1963), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1985), драматызаваная паэма «Вяселле — заўтра» (1993) і інш. Развівае жанр балады (зб. «Балады вайны і міру», 1988). У дакумент.-маст. рамане «Як агонь, як вада...» (1984, 2-я рэд. 1992; пад назваю «Янка Купала» выдаваўся ў серыі «Жыццё выдатных людзей» у 1982) стварыў рамантызаваны, псіхалагічна праўдзівы вобраз нар. песняра. Жыццю і дзейнасці бел. першадрукара прысвечаны інтэлектуальна-філас.раман-эсэ «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае» (1990; пад назваю «Скарына» выдаваўся ў серыі «Жыццё выдатных людзей» у 1989, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1990), аповесць «Скарына на Градчанах» (1990). Аўтар аповесці «Кельты не ўміраюць...» (1997). Даследуе сучасную паэзію («Сустрэчы з днём сённяшнім», 1968; «Паэзія і час», 1981), праблемы рэалізму і рамантызму, фалькларызму паэзіі, заканамернасці развіцця бел. лірыкі і эпасу, літ. сувязі. Выдаў дапаможнік для ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд» (ч. 1—2, 1977——80, 2-е выд. 1989), адзін са складальнікаў хрэстаматыі «Беларуская літаратура XIX ст.» (1971, 2-е выд. 1988). Піша для дзяцей (зб-кі «Як Тоня рэха шукала», 1962; «Каля млына», 1972; «Дзе хто начуе?», 1977; «Кніжка Надзейкі», 1987, і інш.). Пераклаў на бел. мову творы П.Верлена (зб. «У месяцавым ззянні», 1974), І.В.Гётэ (зб. «Спатканне і ростань», 1981), Ф.Шылера (зб. «Улада песняспеву», 1997), рус., укр., польск., літ. і інш. паэтаў.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1992;
Калі ў дарозе ты...: Выбранае. Мн., 1971;
Скрыжалі: Выбранае. Мн., 1981;
Пралескі ў акопах. Мн., 1987;
Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.Мн., 1963 (разам з Н.Перкіным);
«Новая зямля» Якуба Коласа. Мн., 1961;
Максім Багдановіч. Мн., 1966;
Беларуская паэзія пачатку XX ст.Мн., 1972;
Традыцыі літаратуры старажытнай Русі ў беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд.Мн., 1982 (разам з В.Чамярыцкім, А.Коршунавым).
Літ.:
Кароткая Л. Жывое, роднае... Мн., 1989. С. 61—84;
Сіненка Г. Насуперак канону. Мн., 1997;
Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974. С. 141—152;
Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982. С. 187—205;
Саламевіч Я. У славу Янкі Купалы // Маладосць. 1985. № 4.