1. Сукупнасць прыкмет, якія характарызуюць мастацтва поўнага часу і напрамку з боку ідэйнага зместу і мастацкай формы. Гатычны стыль. Рамантычны стыль. Стылі ў жывапісе. □ Змрочны, масіўны будынак сельмага ў манументальным стылі мінулых часоў, а цераз вуліцу, у садку, — вясёлы, зграбны ружовы домік з керамічна[й] цэглы — само ўвасабленне лёгкасці, прыгажосць яко[й] адкрыў чалавецтву наш касмічны век.Палтаран./ Пра мэблю, творы прыкладнога мастацтва. Чый гэта голас Кволенькі, Без мужнасці і без веры .. Чуецца з-за шыфаньераў, Са спальняў імпартных, з крэслаў Самага моднага стылю.Кірэенка.
2. Моўныя сродкі, характэрныя для якога‑н. пісьменніка або літаратурнага твора, жанру, напрамку; сукупнасць прыёмаў выкарыстання такіх сродкаў. Стыль Коласа. Газетны стыль. Кніжны стыль. Фальклорны стыль. □ Уладзімір Караткевіч вылучаецца не толькі адметнасцю тэматыкі, не толькі асацыятыўным, метафарычным вершам, дасканалыя, амаль іканаграфічным стылем сваіх аповесц[ей], якія хутчэй нагадваюць раманы.«Маладосць».// Сукупнасць асаблівасцей у пабудове сказаў і словаўжыванні, манера выказвання. Чым выклікаліся гэтыя слёзы: ці то стылем пісьма, перасыпаным такімі звонкімі і мудрымі словамі, ці то Мікітаваю здольнасцю пісаць так хораша і складка.Колас.// Пабудова выказвання ў адпаведнасці з нормамі сінтаксісу і словаўжывання. Працаваць над стылем. Памылкі ў стылі.
3. Метад, характар якой‑н. работы, дзейнасці. Ленінскі стыль кіраўніцтва. □ Возьмем, для прыкладу, такое важнае пытанне, як савецкі стыль работы. Яго галоўнымі рысамі з’яўляюцца канкрэтнасць, дзелавітасць, наватарства, пастаянная апора на сучасную навуку і перадавую практыку.Машэраў.// Спосаб выканання, ажыццяўлення чаго‑н., які характарызуецца сукупнасцю пэўных тэхнічных прыёмаў. Плаваць стылем «брас». □ Вось ужо чутна, як лыжы стукаюць аб дарогу. Ідуць двое рознымі стылямі; адзін бяжыць, другі едзе, моцна рыўкамі адштурхоўваючыся палкамі. Размаўляюць.Шамякін.
4.Разм. Манера паводзіць сябе, гаварыць, адзявацца і пад. Маякоўскі нас уразіў .. незабыўнай манерай чытання сваіх вершаў, усім стылем сваіх паводзін на сцэне.Рамановіч.Ліда часамі спрабавала кальнуць яе за такі модны стыль у адзенні, але Кулінка рабіла выгляд, нібы яна не чуе.Ермаловіч.
•••
Вольны стыль — у спартыўных спаборніцтвах — спосаб плавання, які выбіраецца самім плыўцом.
Высокі стыльгл. высокі.
У стылікаго-чаго або уякімстылі — такі або так, як у каго‑н. (пра знешні выгляд, манеры, паводзіны).
[Фр. style ад грэч. stylos — палачка для пісьма.]
стыль2, ‑ю, м.
Спосаб летазлічэння.
•••
Новы стыль — сістэма летазлічэння, уведзеная ў 1582 г.; грыгарыянскі каляндар.
Стары стыль — сістэма летазлічэння, уведзеная ў 46 г. да н. э. і прынятая ў Расіі да 1917 г.; юліянскі каляндар.
[Фр. style ад грэч. stylos — палачка для пісьма.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тапта́ць, тапчу, топчаш, топча; незак.
1.што. Прымінаць нагамі, ходзячы, бегаючы па чым‑н. Толя крадком, міжвольна зірнуў ёй [Людзе] услед, — на светлы плашчык, што разлятаўся над загарам быстрых ног у басаножках, якія тапталі густую, нізкую траву.Брыль.А колькі травінак і кветак тапталі .. [хлопцы] за лета, не ведаючы, як яны называюцца.Чарнышэвіч.// Псаваць, глуміць; знішчаць, дратаваць. Таптаць пасевы. Таптаць грады. □ Жывёла кідаецца ў бакі, топча спелае жыта.Паўлаў.[Мужчына:] — Ты што гэта, Андрэй, траву топчаш, а не ідзеш касіць!Чарот.// Заціраць, раўнаваць, рабіць непрыкметным. Андрэй пераступаў з нагі на нагу — таптаў па пяску сляды ад веласіпеда.Пташнікаў.//каго. Катаваць, біць нагамі. Нявіднага тапталі нагамі і білі, але з такім разлікам, каб пакінуць жывым.Колас.//Разм. Ступаючы, пэцкаць нагамі. Таптаць падлогу.
2.перан.; што. Наўмысна знішчаць, разбураць, часова заняўшы, акупіраваўшы тэрыторыю. Люты вораг топча нашы палі, паліць гарады і сёлы, забівае савецкіх людзей, знішчае наша дабро, здабытае ў працы.Сяргейчык.[Алешын:] А сёння вораг топча край шчаслівы, Зямля ў пажарах нішчыцца мая.Бачыла.// Топчучы, тушыць, затоптваць. Мядзведзь наступіў нагамі на агонь, атросся і пачаў таптаць вогнішча.Бядуля.
3.што. Збіваць, зношваць абутак. [Полька Корзун:] — Я хадзіў бы дадому па суботах, але тата сварыцца, нашто, кажа, боты таптаць.Чарнышэвіч.
4.што. Пракладваць хадзьбою, пратоптваць; хадзіць. Таптаць сцежку. □ Тапчу я на ўсходзе дарогі Уздоўж, нацянькі, папярок.Астрэйка.Зарастаюць дарожкі імхом, што тапталі калісь партызаны.Машара.
5.перан.; што. Пагарджаючы, груба зневажаць, уніжаць. Мабыць, і .. [жанчына] звязана, як і Зіна, з тым снапом жыта, з жнівом, якое не дае спакою, калі вораг дратуе зямлю, топча чалавечую годнасць...Скрыган.
6.што. Шчыльна ўтоптваць нагамі. — Трэба добра пад сцяну ды пад страху запіхаць, — кажа бацька і, учапіўшыся аберуч за лаціну, топча сена, глыбока лезучы нагамі пад застрэшша.Брыль.Прыйшоў [Маеўскі] туды [у адрыну] і ўбачыў там дзевак, што якраз тапталі сена. Дзеўкі заўважылі хлопца і ўзрадаваліся магчымасці падурэць.Караткевіч.// Топчучы, складаць сена, салому (у стог, сцірту). — Цябе, Халімон, не паставяць. Гаворыць чалавек... — Дык яго, — ківае на мяне тата. — А ты, калі ўпраўны, стог пойдзеш таптаць.Мыслівец.
7.што. Разм. Неакуратна, наспех упіхваць, складваць што‑н. Таптаць рэчы ў чамадан.
8.каго. Разм. Апладняць самку (пра птушак).
•••
Таптаць у гразькаго — уніжаць чыю‑н. годнасць; узводзіць паклёп на каго‑н., знеслаўляць каго‑н.
Таптацьчыесцежкі — ісці па чыіх‑н. слядах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́кінуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Кінуць вон, пазбавіцца ад чаго‑н. непатрэбнага, лішняга. Выкінуць недакуркі з попельніцы. □ [Крушынскі] непрыкметна для Івана Мацвеевіча выкінуў з каляскі мяккі пакунак.Бядуля.//перан. Выключыць, апусціць. Выкінуць раздзел з кнігі.//Разм. Звольніць з работы, пасады. Выкінуць прагульшчыка з завода.
2. Выдаліць сілаю, выштурхнуць; выгнаць. У маі захопнікаў выкінулі з Крыма.Мележ.І зноў, як і першы раз, выбух выкінуў на паверхню процьму рыбы.Асіпенка./убезас.ужыв.[Дзед Тарас:] — Ну, Грышка, залазь у машыну. І, глядзі, трымайся добра, каб не выкінула на выбоінах!Паслядовіч.Відаць, хваля выкінула .. [рыбку] у час прыбою.Якімовіч.
4. Выпусціць, вылучыць што‑н., вывергнуць. З-за небасхілу сонца выкінула першыя праменні, разагнаўшы цьмянасць неба.Дуброўскі.Сухое ламачча, палітае бензінам, выкінула высока ў неба вогненныя языкі.Новікаў.// Пусціць парасткі, лісты і пад. Здаецца, кінь у раллю зярняты, і яны тут жа на вачах, выкінуць з сябе імклівыя стрэлы лістоў.Шахавец.Быў май. Дрэвы апрануліся ўжо ў маладую клейкую лістоту, і стогадовы каштан ля тэрасы выкінуў да неба тысячы белых конусаў-свечак.Караткевіч.
5. Выслаць наперад ці ў які‑н. бок. [Генерал-маёр:] — Цяпер прыйдзецца вам [начальніку штаба] самому ўзначаліць абарону. Выкіньце наперад каменданцкі ўзвод.Гурскі.
6.Разм. Пусціць у продаж. [Кукарэка:] — Мы ўжо на рынак спрабуем выкінуць гэту сыравіну.Грамовіч.
7.перан.Разм. Зрасходаваць, дарэмна патраціць. Трэба ж выкінуць столькі грошай!
Выкінуць дурасць з галавы — абразуміцца, адумацца, паразумнець.
Выкінуць з галавы (сэрца, памяці) — забыць, перастаць думаць пра што‑н., спадзявацца на каго‑, што‑н. Так яно, мусіць, і было, але нельга ж выкінуць з памяці мінулае.Арабей.
Выкінуць за борт — адкінуць што‑н. або вырачыся каго‑н. як непатрэбнага.
Выкінуць каленца (калена) — а) зрабіць нечаканую фігуру ў танцы; б) учыніць што‑н. неспадзяванае, нечаканае. [Мароз:] — Чалавек — гэта, брат, пацёмкі: ты яму верыш, а ён табе такое каленца выкіне, што і галавы не дабярэш.Лобан.
Выкінуць коніка — сказаць або зрабіць што‑н. нечаканае, недарэчнае. — Натурай, натурай, дык яна [Вольга] выкіне табе коніка, схопішся пасля за галаву, — пакрыўдзілася на мужа Вольга Усцінаўна.Шамякін.
Выкінуць лозунг — заклікаць да чаго‑н., абвясціць што‑н.
Выкінуць (грошы) на вецер — марна зрасходаваць, патраціць што‑н.
Выкінуць на вока — напомніць, сказаць што‑н. непрыемнае. Ну, й надаедная ж кабета: Вось так і выкіне на вока.Колас.
Выкінуць на вуліцукаго — а) выселіць з жылога памяшкання; б) звольніць з работы, пазбавіць сродкаў існавання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дух, ‑у і ‑а, м.
1.‑у. Псіхічныя здольнасці; свядомасць. У здаровым целе здаровы дух. □ На спатканне песням волі Дух мой рвецца і ляціць.Колас.// У матэрыялістычнай філасофіі — свядомасць як асобая ўласцівасць высокаарганізаванай матэрыі. Маркс і Энгельс, утрымаўшы думку Гегеля аб вечным працэсе развіцця, адкінулі прадузяты ідэалістычны погляд; звярнуўшыся да жыцця, яны ўбачылі, што не развіццё духу тлумачыць развіццё прыроды, а наадварот — дух трэба растлумачыць з прыроды, матэрыі...Ленін.// У ідэалістычнай філасофіі — нематэрыяльная першааснова ўсіх рэчаў і з’яў. // Па рэлігійных поглядах — бессмяротная нематэрыяльная, боская першааснова ў чалавеку; тое, што і душа. Дух у забойцы — чорная сажа...Колас.
2.‑у. Унутраны стан, настрой, маральная сіла чалавека ці калектыву. Дух войска. Упадак духу. Пад’ём духу. □ Як ні шкадаваў дзед стрэльбу, але каб падтрымаць бадзёры дух у свайго таварыша, ён кінуўся ў рогат.Лынькоў.
3.‑у. Характэрныя ўласцівасці, сутнасць, унутраны сэнс чаго‑н. Дух закону. Дух новага жыцця.//чаго або які. Настрой, тое, што вызначае склад думак, паводзіны. Ваяўнічы дух. Дух супярэчнасцей.
4.‑а. У міфалагічных і рэлігійных уяўленнях — бесцялесная, звышнатуральная істота, якая прымае ўдзел у жыцці прыроды і чалавека. Добры дух. □ Я верую ў духа, З якога дапамогай Намераў гэтак многа.Крапіва.Вольны я, бы дух палёў.Колас.
5.‑у, Разм. Дыханне. Перавесці дух. □ «Валодзя-а-а!».. — крыкнуў я з вярбы, але вецер забіў мне дух.Бажко.
6.‑у. Разм. Паветра. Праколаная камера спускала дух.Ермаловіч.// Гарачае паветра або пара (у печы, у лазні). Паставіць гаршчок у дух. Даць больш духу.
7.‑у. Разм. Пах. [Капусту] засыплюць соллю з чорным кмінам І зоркамі чырвонай смачнай морквы, Там-сям антонаўку для духу кінуць.Караткевіч.[Клопікаў] старанна выпрасаваў свае лепшыя уборы і, каб перабіць моцны нафталінавы дух ад іх, спляжыў на с[урдут] цэлую бутэлечку адэкалону.Лынькоў.
8.узнач.прысл.ду́хам. Разм. Хутка, мігам. Марцін на двор імчыцца духам І зараз зноў сюды ідзе.Колас.
•••
Адным духам — тое, што і адным дыхам (гл. дых).
Выматаць духігл. выматаць.
Дух вонзкаго — раптоўна памёр.
Дух заняло (захапіла)гл. заняць.
Дух заняўся — стала цяжка дыхаць.
Духу баяццагл. баяцца.
Заняпасці духамгл. заняпасці.
Затаіць духгл. затаіць.
Злы (нячысты) дух — чорт, нячысцік, д’ябал.
Каб і духу (твайго, яго, яе) не былодзегл. быць.
Набрацца духугл. набрацца.
Падаць духамгл. падаць.
Перавесці духгл. перавесці.
Святы дух — паводле хрысціянскага веравучэння, адна з асоб святой тройцы.
Што (колькі) ёсць духу — а) вельмі хутка (бегчы, ехаць і пад.); б) вельмі моцна (крычаць і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пацягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.
1. Выпрастаць стомленыя ў аднастайнай паставе канечнасці, стан. Галас падняўся, пацягнуўся і пазяхнуў.Колас.У паясніцы нібы завесы заржавелі — не разагнуцца. Але пацягнешся моцна да хрусту касцей, лінеш на твар халоднай вады, пройдзеш разы два па хаце і сціхне патроху нудны боль у плячах.Крапіва.[Казік] выцягнуў з-пад посцілкі рукі і з асалодай пацягнуўся.Чарнышэвіч.
2. Падацца корпусам у якім‑н. напрамку, працягнуць руку, галаву да каго‑, чаго‑н. [Гаварушка] пацягнуўся яшчэ, каб злавіць яе [Ніны] руку, але яна адбеглася.Лобан.Васіль узняў галаву, і рука яго міжвольна пацягнулася да пісталета.Шашкоў.Перабіраючы адвіслымі губамі, да .. [Міколы] пацягнулася конская морда.Новікаў.// Пачаць цягнуцца ўгору, расці (пра расліны). І зямля наверх пагнала сокі З тых глыбінь, дзе дбайна берагла, І адразу ясакар высокі Пацягнуўся лісцем да святла.Кірэенка.
3. Пачаць рухацца, накіравацца ў адным напрамку цугам, чарадой. У калгасны склад паплылі цэмент, цвікі, жалеза, пацягнуліся фурманкі з лесам.Сергіевіч.Кароўкі ў парадку, адна за другою, пацягнуліся ў лес.Колас.Пераклікаючыся ў небе, роўнымі шнурамі пацягнуліся на поўдзень гусі.Скрыпка.// Павольна пайсці следам за кім‑, чым‑н., разам з кім‑н. Саўка з начальнікам пайшлі па вёсцы. Паліцэйскія пацягнуліся ўслед.Федасеенка.Табун павольна пацягнуўся за .. [Алесем].Караткевіч./ Пра думкі, успаміны. Ну, скажы ты, якія чэпкія гэтыя ўспаміны! Успыхне ў памяці адно, за ім пацягнецца другое...Палтаран.
4. Павольна, з цяжкасцю пайсці; паплесціся. Міхал сабраўся, апрануўся і ў лес павольна пацягнуўся.Колас.// Пачаць павольна распаўсюджвацца, рухацца ў якім‑н. напрамку (пра дым, пыл і пад.). Чорныя шлейфы .. дыму [ад месераў] перакрыжаваліся і пацягнуліся да зямлі.Алешка.Гануля і не заўважыла, што не прыкруціла кноту, языкі агню пацягнуліся ўверх, пацямнела шкло.Гурскі.
5. Пачаць павольна, аднастайна праходзіць (пра дні, гадзіны, гады). Дні пацягнуліся аднастайныя, страшэнна падобныя адзін на другі.Навуменка.
6. Працягнуцца, размясціцца на вялікай адлегласці, прасторы, уздоўж чаго‑н. Абапал дарогі пацягнуліся шэрыя, апусцелыя палі.Гамолка.На многія кіламетры пацягнулася камяністая пустыня.Шыцік.// Быць працягнутым у якім‑н. напрамку. Вакол гарнізонаў .. пацягнулася павуцінне калючых дратоў.Брыль.// Пралегчы, выдзяляючыся на чым‑н. Па лужынах пацягнуліся бліскучыя сінія пісягі — ад масла і дыму.Пташнікаў.Гусіныя лапкі маршчакоў пацягнуліся на скроні.Алешка.
7.перан. Адчуць цягу, схільнасць да каго‑, чаго‑н. Ён першы загаварыў у Руднічах пра калгас і першы ўступіў у яго. За бацькам пацягнулася ўся бедната.Курто.Калі прыйшла канчатковая перамога, дзеці былых беднякоў пацягнуліся да навукі.Сергіевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Утвараць свіст (у 1 знач.). Клён стаіць яшчэ, той самы клён, на які мы лазілі ў свой час, каб давесці, хто мацней свішча ў пальцы.Брыль.Праз хвіліну за лазняй пачуўся свіст. Федзя ўмеў свістаць на розныя лады.Нядзведскі.//каго і без дап. Свістам клікаць, падзываць, гукаць каго‑н. Слаўны выдаўся дзянёк: Свежая пароша. Я свішчу: — Цю-цю, Жучок, Пойдзем, мой харошы.Бялевіч.//што і без дап. Высвістваць мелодыю, матыў; пераймаць голас птушак. Алесь хадзіў каля крынічкі, Што з лесу тут жа выцякала І дужкай хату агібала, Хадзіў, свістаў пад голас птушак, Збіраў ён ягадкі ў гарнушак.Колас.// Сапці, храпці са свістам. Злева ад мяне, у сёмым радзе, чацвёрка слухачоў сапраўдны квартэт наладзіла: адзін свішча праз нос, другі са смакам падхр[о]пвае, а двое сапуць.Кавалёў.//безас. Пра хрыплыя, свісцячыя гукі (пры дыханні, кашлі і пад.). Крэст завярнуў за рог, і вакол Алеся зноў завіравала. Ён раскідваў тых, што чапляліся за яго, як мог, атрымліваючы за кожны ўдар — чатыры. У грудзях свістала.Караткевіч.
2. Утвараць свіст (у 2 знач.). На дварэ вясна. Свішчуць шпакі ў садзе, над палямі не сціхаюць жаўранкі, ля калгаснага двара бегаюць, падбрыкваючы, жарабяты.Лупсякоў.Свішчуць, цёхкаюць салаўі так, што гаі і дубровы звіняць.Бялевіч.
3. Утвараць свіст (у 3 знач.). Паравоз свішча. □ З адкрытага ніпеля свістала паветра.Гамолка.// Гусці, выць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Гуляла завіруха. Была. Свістала.Шамякін.Гудзе, свішча, вые лютая паўночная пурга.Бяганская.
4. Біць, ліцца з сілаю (пра вадкасць). — Пазаўчора ўранку прыбягае на кватэру цётка Магдалена, наша прыбіральшчыца. «Аркадзька, а даражэнькі, дзеці скруцілі кран. Вада свішча, ратуй».Пальчэўскі.А хлопчык ужо ляжыць на зямлі. Кроў свішча з невялікай дзюрачкі.Прокша.
5. Утвараць свіст (у 4 знач.). І гудуць касілкі, Свішчуць тонка косы, І наўсцяж кладуцца Роўныя пракосы.Астрэйка.Кінулася.. [жонка] да стала і пачала свістаць дубцом над галовамі.Броўка.Стары цыган з чорнаю барадою спрытна свістаў пугаю, і конік круціўся вакол яго, як уюн.Якімовіч./убезас.ужыв.Навокал выла, свістала, грымела.Васілеўская.Унізе было ціха, .. а ў верхавінах стромкага сасняку часам пачынала шумець і свістаць, нібы зімою ў завіруху.Кулакоўскі.
6.перан. Гультайнічаць, не працаваць. — Як будзеш свістаць, то трасцу і мець будзеш, — панура адзываецца Пракоп: — машына сама рабіць не будзе.Колас.
•••
Вецер (свішча) у галаве — тое, што і вецер (гуляе) у галаве (гл. вецер).
Свістаць усіх наверх — каманда на флоце для выкліку экіпажа карабля на палубу для работы ці бою.
Чортам свістаць — вельмі злавацца, варожа ставячыся да каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сярэ́дні, ‑яя, ‑яе.
1. Які знаходзіцца ў сярэдзіне, паміж двума пунктамі, прадметамі, дзвюма лініямі і пад.; аднолькава аддалены ад краёў, канцоў чаго‑н. Яны [Міхал і Антось] лагчынку праязджаюць, Гару сярэднюю мінаюць, Клады з паніклымі крыжамі.Колас.[Гарлахвацкі:] Апіралася гэтая жывёліна пры хадзе не на два пальцы, а на ўсе чатыры, з якіх два крайнія былі крыху меншыя за два сярэднія.Крапіва.// Другі (другая) па ўзросту з трох (дзяцей, братоў, сясцёр). Наташа была сярэдняй у сям’і калгаснага каваля Івана Янкевіча.Шамякін.[Бацька:] — Сыны мае родныя,.. прашу ўважыць адну маю просьбу: прыходзьце да мяне на магілу начаваць тры ночы. Першую ноч — старэйшы, другую — сярэдні, а трэцюю — малодшы.Якімовіч.
2. Прамежкавы па сваіх уласцівасцях, прыкметах паміж дзвюма крайнімі (процілеглымі) уласцівасцямі, прыкметамі (паміж вялікім і малым, цяжкім і лёгкім, высокім і нізкім і пад.). Баксёр сярэдняй вагі. Абутак на нізкім, сярэднім і высокім абцасе. □ [Юстын:] Ну, росту быў [аграном] такога вось, як і ты, сярэдняга.Краўчанка.У Буханцава, хоць узрост яго толькі набліжаецца да сярэдняга, за плячыма немалы вопыт афіцэра-пагранічніка.Хадкевіч.Усім жывым — дзядам і дзіцянятам, І хто ў сярэдні ўвабраўся век, Бабулям рупным, модніцам-дзяўчатам — Адзін заўсёды служыць чалавек.Лось.// Які аб’ядноўвае ў сабе прыкметы, уласцівасці двух розных прадметаў, дзвюх з’яў. Гаварыць тонам, сярэднім паміж просьбай і загадам. □ Хлопец гаварыў, як гавораць беларусы з некаторых мясцін Гродзеншчыны. Не націскаючы на «а», вымаўляючы яго як нешта сярэдняе між «а» і «о».Караткевіч.// Які займае прамежкавае становішча паміж старшымі і малодшымі па званню, пасадзе і пад. Сярэдні медыцынскі персанал.// Які займае прамежкавае становішча паміж двума класамі, дзвюма грамадскімі групоўкамі і пад. Дробная і сярэдняя буржуазія. Сярэдняе сялянства.
3. Ні добры, ні дрэнны; пасрэдны. Сярэднія здольнасці.// Які нічым не вылучаецца; звычайны, радавы. Сярэдні вучань. □ [Клава:] — Скажу я табе [Язэп] шчыра, што і камандзір ён [Гаравы] быў сярэдні. А вось як камандаваў спачатку падрыўнікамі — сваю справу рабіў.Асіпенка.Іхняя брыгада [маляроў] у рамонтна-будаўнічай канторы лічылася сярэдняй: не было яшчэ выпадку, каб яна вырвалася наперад.Даніленка.
4. Не вышэй звычайнага ўзроўню, нормы. Сярэднія патрабаванні.
5. Атрыманы дзяленнем сумы некалькіх велічынь на іх колькасць; тыповы для дадзенай групы з’яў. Сярэдняя гадавая тэмпература. Сярэдняя заработная плата. Сярэдняя велічыня.
6.узнач.наз.сярэ́дняе, ‑яга, н. У матэматыцы — велічыня, якая атрымліваецца ад дзялення сумы некалькіх лікаў на іх колькасць. Сярэдняе арыфметычнае.
•••
Сярэдняе вухагл. вуха.
Сярэдняя школагл. школа.
Вышэй (ніжэй) сярэдняга — вышэй (ніжэй) якой‑н. нормы.
Сярэдняй рукігл. рука.
У сярэднім — выходзячы з сярэдніх велічынь, паказчыкаў, норм; прыблізна. Жывуць зубры ў сярэднім да трыццаці — пяцідзесяці год.В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ту́заць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1.каго-што, зашто. Торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі. — Добра б, каб вы [Цімка] пра гэта Лёдзі расказалі... — сказаў Шарупіч, не зважаючы на тое, што жонка тузае яго за крысо.Карпаў.[Мартыневіч] падганяў сваю Чорную, дужую, але ляную кабылу, тузаў лейцамі, цмокаў, крычаў, але яна не слухалася.Чарнышэвіч.У швачнай гудзелі машыны. Заўважыўшы Ваську, .. [дзяўчаты] кінуліся да яго гаманлівай стайкай, церабілі за пінжак, тузалі за рукі.Лынькоў.// Цягаць за валасы, вушы і пад. Раман крыху пастаяў, потым рашуча падышоў да ложка, узяў Сафрона за кучаравую чупрыну і пачаў тузаць.Чарнышэвіч.Машынка [майстра], як і нажніцы, раз-пораз так тузалі мае валасы, што аж іскры мітусіліся ў вачах.Паслядовіч.// Тармасіць, трэсці. Я абшчапіла .. [бацьку] за плечы, тузала, смяялася.Савіцкі.Разбудзілі [Ігната] пасля таго, як доўга тузалі за плечы.Галавач.//Разм. Біць, калаціць, трэсці каго‑н. Тады жонка Змітрака, хітрая жанчына, пачынала тузаць мужчын, даваць то аднаму, то другому ў каршэнь ды выпіхваць з хаты.Кавалёў.// Рэзкім рухам кранаць з месца. [Шафёр:] — Чапляй [трос] там!.. Ды не тузай рыўкамі...Аношкін.[Андрэй] азірнуўся — ззаду падскоквалі ўгару снапы; трактар тузаў воз.Пташнікаў./убезас.ужыв.Вагон калыхала і тузала на кожным стыку.Грахоўскі.Вагон хадзіў ходарам. Эшалон тузала, бразгалі буферы.Ставер.// Торгаць сюды-туды, імкнучыся адчыніць што‑н. [Маці] тузала дзверы, бразгала жалезам, пакуль адчыніла.Чорны.// Шавяліць, развяваць, рваць што‑н. (пра вецер). Ветрык весні, ветрык-гарэза Ўсё трасе і тузае сад.Караткевіч.
2.каго-што. Рытмічна торгаць, пранізваць (пра боль). Пасля ўсёй гэтай валтузні Кандрат Назарэўскі пачуў яшчэ больш, як боль востра тузаў нагу.Чорны.Часам Ганна вярэдзіла .. [пазногаць], і руку ламаў, тузаў моцны боль.Мележ.//безас.Разм. Нудзіць, рваць. Выжлятніка тузала ў качарэжніку ля грубкі.Пташнікаў.На ўсю царкву не пах ужо — смурод, І чхае, й кашляе народ, Таго ўжо тузае і рве.Крапіва.//безас. Выклікаць рэзкі штуршок. Забыўшы пра гэта, жанчына дакранаецца рукой да металічнага прадмета, і яе тузае электрычным разрадам.Новікаў.//чым. Рабіць рэзкія сутаргавыя рухі якой‑н. часткай цела. [Ігнат] напінаў рукі, тузаў плячыма, ірваўся.Мележ.
3.перан.; каго. Разм. Не даваць спакою каму‑н., дакучаць якімі‑н. патрабаваннямі. Крытык, родненькі! Даруй Мне з маёю музай! Кіраваць — то ты кіруй, Ды не вельмі тузай.Крапіва.[Ермаліцкі:] — Да таго ж у нас пачынаецца справаздача, і замест работы мы будзем толькі тузаць людзей, а яны і так перагружаны.Скрыган.А жыццё тузае людзей, як захоча.Асіпенка.// Надаядаць каму‑н. шматлікімі пытаннямі, просьбамі. Ганьку тузаюць малыя: — Што ты прынесла?Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Пакласці спаць. Пакуль Каця супакоіла дачку, накарміла яе і ўклала спаць, дык ужо добра і сцямнела.Гаўрылкін./упаэт.ужыв.Спаць дзяцей уклаў Цёплы летні вечар.Гілевіч.// Уладкаваць на начлег, адпачынак. — А як жа ты [Рыгор] нас спаць укладзеш? — запытаў гаспадар. — Куды каго?Галавач.// Прымусіць або памагчы легчы. Утрох, з дапамогай Яругіна, .. [маёра] ледзьве ўклалі, і ён, знямогшыся, тут жа заснуў.Карамазаў.Старэйшая сястра Поля кінулася да .. [Сашы], абняла, памагаючы ўкласці на ложак.Шамякін.
2. Пакрыць, услаць чым‑н. паверхню чаго‑н. Укласці стол кнігамі. Укласці дарожку каменнем. Укласці прызбу саломай. □ [Купчын:] — Што мы да гэтага рабілі? Бетон укладзём пад цэх — пайшлі далей. А цяпер і сцены будзем самі выводзіць, і аконныя пераплёты ставіць.Мыслівец.
3. Палажыць у пэўным парадку, размясціць, скласці якім‑н. чынам. Дастаў [бацька] .. смольны аскалёпак, пашчапаў яго на лучыны, якія потым акуратна склаў на спод грубкі, а наўкруг уклаў. «зрубам» абярэмак дроў.Масарэнка.// Змясціць куды‑н., размясціць дзе‑н. Усё гэта [прадукты] разам з шуфлямі і іншым начыннем ледзь уклалі ў вазок.Чарнышэвіч.// Прычасаць пэўным чынам валасы. Укласці косы вакол галавы.
4. Укладваючы, складваючы, пабудаваць, зрабіць што‑н. Укласці шпалы, Укласці трубы. □ Сонца ўжо садзілася за сасновы бор, калі ўклалі апошні кубаметр.Лукша.
5. Палажыць, змясціць унутр. Следчы ўзяў .. астрожнае накіраванне, яшчэ нейкія паперы, усё гэта ўклаў у канверт і аддаў паліцыянту.Машара.//перан. Пранізаць, напоўніць што‑н. якім‑н. сэнсам, зместам, думкамі і пад. Столькі шчырасці хлопец уклаў у песню, што, здавалася, яна сама лілася з сэрца.«Маладосць».Пад такім доўгім .. празаічным загалоўкам нельга ўявіць таго зместу, які хочацца яму ўкласці ў свой твор.Якімовіч.//перан. Аддаць, прысвяціць каму‑, чаму‑н. (сілу, здароўе, жыццё і пад.). Ну хто, скажыце, адважыцца не даць кватэры начальніку аддзела капітальнага будаўніцтва, чалавеку, які, можна сказаць, кавалак жыцця ўклаў у гэты дом!Арабей.Мо таму ты [мама] так дрыжыш за сваіх дзяцей, што многа здароўя, сіл і ўсю душу ўклала ты ў іх.Дамашэвіч.Ён [Шайпак] у станцыю ўсё Сваё ўмельства ўкладзе, Каб стаяла, як лялька, Яна пры вадзе.Куляшоў.
6. Аддаць на захаванне, выкарыстанне (грашовыя сродкі, капітал). Укласці капітал у цяжкую прамысловасць.
7.Разм. Забіць. [Макар Аўдзеевіч:] — Са сваёй стрэльбы я ўжо, хлопча, не аднаго звера ўклаў.М. Ткачоў.
8.Разм.груб. З’есці. [Раўбіч:] — А потым зубр пайшоў за санкамі, і еў сена, пакуль не ўклаў усё.Караткевіч.
Стварыць, напісаць што‑н., падабраўшы і аб’яднаўшы якія‑н. матэрыялы. Укласці слоўнік. Укласці зборнік практыкаванняў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДАГЕСТА́Н, Рэспубліка Дагестан,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Размешчаны ва ўсх.ч.Паўн. Каўказа, на У абмываецца Каспійскім м.Пл. 50,9 тыс.км². Нас. 2067 тыс.чал. (1995), гарадскога 44%. Сярэдняя шчыльн. 38,3 чал. на 1 км². Жывуць аварцы (27,5%), даргінцы (15,6%), кумыкі, лезгіны, лакцы, рускія, азербайджанцы, чэчэнцы, і інш. Сталіца — г.Махачкала. Найб. гарады: Дэрбент, Хасавюрт, Буйнакск, Ізбербаш, Кізілюрт, Каспійск, Кізляр.
Прырода. Паводле рэльефу тэр. Дагестана падзяляецца на 4 часткі. Нізінная частка на ПдУ, ляжыць на выш. -28 м. ПдЗ Прыкаспійскай нізіны падзяляецца на Церска-Кумскую, Церска-Сулакскую і Прыморскую нізіны. Перадгор’і складаюцца з асобных хрыбтоў паўн.-зах. і паўд.-ўсх. распасцірання, падзелены шырокімі далінамі і катлавінамі. Унутраны горны Дагестан — сучляненне шырокіх плато (Арактау, Гунібскае, Хунзахскае і інш.) і вузкіх грабянёў выш. да 2500 м (хр. Салатау, Гімрынскі і інш.). Высакагорны Дагестан уключае Галоўны, ці Водападзельны, і Бакавы хрыбты Вял. Каўказа (выш. да 4466, г. Базардзюзю). Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, кварцавыя пяскі, буд. матэрыялы (вапнякі, мергелі, даламіты, гіпс, мармур і інш.), радовішчы вугалю, гаручых сланцаў, серы, фасфарытаў, салетры, жал. руды. Шматлікія мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны, сухі, на прыморскіх нізінах субтрапічны, сухі, у гарах — вобласці высакагорнага клімату. Сярэдняя т-растудз. ад 1,4 да -11 °C (у гарах), ліп. да 24 °C; ападкаў 200 — 800 мм за год. Гал. рэкі Церак, Сулак і Самур. Больш за 100 азёр, ёсць гразевыя. Глебы на нізінах каштанавыя, участкі саланчакоў, у гарах — горнастэпавыя, горна-лясныя бурыя і горналугавыя. На раўнінах расліннасць паўпустынная і пустынная, у перадгор’ях стэпавая, у гарах на выш. 500—1600 м шыракалістыя (дуб, бук, граб) і мяшаныя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Жывёльны свет разнастайны: у высакагор’ях — дагестанскі тур, безааравы казёл, казуля, серна, буры мядзведзь, высакародны алень, рысь, воўк; у перадгор’ях — рысь, дзік, барсук, куніца; на нізінах — сайгакі, стэпавы тхор, суслік, тушканчык; з птушак — арол стрэпет, каршак, драфа і інш.; у зарасніках поймаў — чаротавы кот, каўказскі фазан, лебедзі, чаплі і інш. На тэр. Дагестана запаведнік Дагестанскі і 12 заказнікаў.
Гісторыя. Тэр. Дагестана заселена чалавекам з эпохі палеаліту. З канца 1-га тыс. да н.э. ўваходзіла ў склад Албаніі Каўказскай. У 3 ст.н.э.Пд Дагестана занялі Сасаніды, у 4 ст.паўн.ч. захапілі гуны. У 5 ст. на тэр. Дагестана пашырыўся алб. алфавіт. У 7 ст. раўнінная ч. Дагестана ўвайшла ў Хазарскі каганат. З 664 Дагестан неаднаразова спусташалі арабы, якія ў 1-й пал. 8 ст. заваявалі яго (гл.Арабскія заваяванні). У пач. 9 ст. тут узмацніліся антыараб. выступленні, у т. л.Бабека паўстанне. У 10—11 ст. высокага ўзроўню дасягнулі буд. тэхніка, прыкладное мастацтва, культура, у 1106 складзена «Гісторыя Дагестана, Шырвана і Арана». У канцы 12 ст. на тэр. Дагестана існавалі дзярж. ўтварэнні: Аварскае ханства, Казікумухскае шамхальства, Кайтагскае уцмійства і інш. У пач. 13 ст. заваяваны мангола-татарамі; войскі Узбека, Тахтамыша і Цімура неаднаразова спусташалі гарады, садзейнічалі пашырэнню ісламу. З пач. 16 ст. да 1-й пал. 17 ст. Дагестан падвяргаўся бесперапыннай агрэсіі Ірана і Турцыі, якія змагаліся за ўплыў на Каўказе. У 16 ст. наладжаны сувязі Дагестана з Расіяй, на Пн Дагестана ўзнік рус. горад Церкі. У 1-й пал. 17 ст. ў падданства Расіі перайшлі Таркоўскае шамхальства, Кайтагскае уцмійства, Аварскае і Казікумухскае ханствы, у 1772 — марское ўзбярэжжа Дагестана, аднак паводле Гянджынскага трактата 1735 яны адышлі да Ірана. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 Дагестан далучаны да Расіі. Калан. палітыка царызму не раз выклікала стыхійныя выступленні горцаў. У час Каўказскай вайны 1817—64 антыкалан. рух узмацніўся, але быў задушаны. У пач. 19 ст. створана дзяржава мюрыдаў імамат, куды ўвайшла значная ч. Дагестана, разгарнуўся нац.-вызв. рух, які з 1834 узначаліў Шаміль. У 1860 утворана Дагестанская вобласць. Уладзікаўказская чыгунка ў 1890-я г. злучыла Дагестан з цэнтрам Расіі, з Баку і Грозным. 14.12.1917 устаноўлена сав. ўлада. У 1918—20 захоплены ням. і тур. войскамі. 20.1.1921 утворана Даг. АССР у складзе РСФСР. У снеж. 1921 1-ы Устаноўчы з’езд Дагестана прыняў канстытуцыю Даг. АССР. У маі 1991 Вярх. СаветДаг. АССР абвясціў незалежнасць і прыняў новую назву — Рэспубліка Дагестан, у 1992 падпісаў федэратыўны дагавор з РСФСР.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці: здабыча нафты і газу, машынабудаванне і металаапрацоўка (сепаратары, тэрмічнае і электратэхн. абсталяванне, станкі, прыборы, экскаватары; суднарамонт і інш.), харч. (плодаагародніннакансервавая, вінаробная, рыбная і інш.), хім. (солі фосфару, шкловалакно, лакі, фарбы і інш.), лёгкая (шарсцяная, трыкат., абутковая); вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Чыркейская, Чыр’юрцкая і Гергебільская ГЭС. Асн.прамысл. цэнтры: Махачкала, Дэрбент, Каспійск, Ізбербаш, Хасавюрт, Кізляр, Кізілюрт, Буйнакск. У горных раёнах — нар. промыслы (чаканка, дыванаткацтва, вытв-сць керамікі, разьба па дрэве і камені, інкрустацыя косцю і перламутрам, ювелірныя вырабы). Пасевы збожжавых (пшаніца, рыс) і кармавых культур, сланечніку. Развіта вінаградарства. Агародніцтва. Пладаводства. Гал. галіна жывёлагадоўлі — авечкагадоўля. Па тэр. Дагестана праходзяць чыгункі і аўтадарогі Масква—Махачкала—Баку, Махачкала—Грозны. Аэрапорт. Суднаходства па Каспійскім м. Нафтаправоды Дэрбент—Грозны, Ізбербаш—Махачкала, газаправоды Сельі—Дагестанскія Агні, Хошмензіл—Дэрбент. Буйны марскі порт — Махачкала. Курорты: Каякент, Манас, Талгі Дагестана — раён турызму.
Літаратура. Л-ра Дагестана развіваецца на аварскай, даргінскай, кумыкскай, лакскай, лезгінскай, нагайскай, табасаранскай, тацкай і інш. мовах. Багатая вусная нар. творчасць народаў Дагестана — эпічныя і лірычныя песні, казкі, паданні, легенды. У цыкле гераічных песень (лакская «Парту Паціма», кумыкская «Песня пра Айгазі», «Картгачак», аварская «Песня пра Хачбарэ» і інш.) адлюстраваны працяглы (да сярэдзіны 19 ст.) перыяд каўк. войнаў. У фалькл. творах (казках, гераічным эпасе, гіст. песнях) сустракаюцца матывы песень і казак народаў Паўн. Каўказа, Азербайджана і Грузіі, Сярэдняй Азіі, Б.Усходу. Першыя публікацыі фалькл. твораў народаў Дагестана з’явіліся ў 19 ст. Вытокі л-ры Дагестана ў л-ры хрысціянскай Каўказскай Албаніі, а таксама краін Блізкага і Сярэдняга Усходу. З 10—11 ст. на арабскай, фарсі і цюркскіх мовах ствараліся агіяграфічныя помнікі: «Гісторыя Абу-Мусліма», хронікі «Гісторыя Дэрбента і Шырвана», «Дэрбент-наме» і інш. У 17 — 18 ст. пачалі развівацца дэмакр. элементы мясц.нац. культуры. У пісьмовай л-ры пачаўся перыяд «двухмоўных» аўтараў, якія пісалі на араб. і роднай мовах; пачаў вывучацца нац. фальклор. Вял. значэнне мела стварэнне на аснове араб. графікі пісьменнасці «аджам» (18 ст.). З 19 ст. развіваецца шматмоўная л-ра Дагестана. Яе заснавальнікі — аварскі паэт Махмуд з Кахаб-Роса, лезгінскі Ецім Эмін, даргінскі Батырай, кумыкскі Ірчы Казак. Традыцыі шматжанравай пісьмовай л-ры народаў Дагестана развівалі Г.Цадаса, Сулейман Стальскі, М.-Э.Асманаў, З.Гаджыеў, Н.Батырмурзаеў, З.Батырмурзаеў, А.Гафураў, Э.Капіеў, Р.Нураў, А.Аткай, А.Магамедаў, А.Аджыеў і інш. Пашыраюцца тэматычныя і жанравыя межы паэзіі, прозы, драматургіі, публіцыстыкі. Новымі жанрамі ўзбагацілі л-ру Н.Батырмурзаеў (аповесць), Сулейман Стальскі (гімны, паліт. эпіграмы), А.Фатахаў (паэма, раман у вершах), А.Салаватаў (гераічная драма), М.Бахшыеў (раман), С.Абдулаеў (нарыс). У драматургіі ўзніклі жанры гераічнай і быт. драмы, лірычнай і сатыр. камедыі, вадэвіля (Нураў, Гаджыеў і інш.). У гады Вял.Айч. вайны шырокую вядомасць набылі творы лакскіх паэтаў Ю.Хапалаева, Гафурава, Б.Рамазанава, празаіка Капіева, з’явіліся першыя вершы аварскага паэта Р.Гамзатава. Для пасляваен. л-ры характэрны зварот да гіст. мінулага, сучасных сац. і маральна-этычных праблем, тэматычная маштабнасць, разнастайнасць маст. формаў, стыляў, жанраў, паглыблены псіхалагізм, філасафічнасць. Прыкметнай з’явай у л-ры 1950—70-х г. стала творчасць табасаранскага пісьменніка М.Шамхалава, тацкіх пісьменнікаў Бахшыева, Х.Аўшалумава і інш. Значны ўклад у сучасную л-ру Дагестана ўносяць Гамзатаў, Хапалаеў, Ф.Аліева, К.Абу-Бакар, Муса Магамедаў, Мірза Магамедаў, Р.Рашыдаў, М.Гаірбекава і інш. Плённа развіваюцца дзіцячая л-ра, літ.-знаўства, літ. крытыка. На мовы Дагестана перакладзены асобныя творы П.Броўкі, А.Куляшова, Э.Агняцвет, на бел. мову творы Сулеймана Стальскага, Гамзатава і інш. перакладалі Я.Колас, Я.Купала, А.Астрэйка, А.Бачыла, У.Караткевіч, Р.Няхай, А.Лойка і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. З эпохі бронзы і энеаліту захаваліся рэшткі паселішчаў (Верхні Гуніб, Гінчы) з тэрасападобным размяшчэннем дамоў, паглыбленых у схіл гары, блізкіх да сучасных аулаў. Каля г. Ізбербаш адкрыта раннесярэдневяковае гарадзішча Урцэкі з рэшткамі магутных крапасных сцен, дамоў з каналізацыяй, лазняў, храмаў агню і інш. Да 5 і 6 ст. адносяць сырцовыя і каменныя ўмацаванні абарончай сістэмы «Дагбары» («Горная сцяна»), у архітэктуры якой відавочны ўплыў дойлідства сасанідскага Ірана. З араб. заваяваннем (8 ст.) і пашырэннем ісламу ў паўд. Дагестане з’явіліся мусульм. культавыя будынкі: 3-нефавая Джума-мячэць у Дэрбенце (8 ст.), мячэці 11—13 ст. у паселішчах Калакарэйш, Рыча і інш. У сярэдневякоўі сфарміраваліся горныя паселішчы — аулы, якія станавіліся цэнтрамі развіцця рамёстваў, будаваліся каменныя арачныя масты, акведукі, маўзалеі. У Дэрбенце складваецца мясц.арх. школа (вароты Орта-Капы, 14—15 ст., Кырхляр-мячэць і ханскі палац, 17 — 18 ст.). Узводзіліся крэпасці для рус. гарнізонаў (умацаванне Пятроўскае, цяпер г. Махачкала). У пач. 20 ст. будаваліся новыя гарады (Каспійск, Ізбербаш, Хасавюрт) і рэканструяваліся старыя. У 1920-я г. ў Махачкале ствараліся будынкі ў духу канструктывізму (паштамт), у 1930-я г. — у класічных формах (гасцініца «Дагестан»), Для архітэктуры апошніх дзесяцігоддзяў характэрны зварот да традыц.арх. формаў, дэкар. дэталей і арнаменту.
Са стараж. часоў (неаліт, эпоха бронзы) пашыраны разьба па камені, размаляваная кераміка, бронзавае ліццё, чаканка па медзі, ювелірная справа. У лезгінскіх паселішчах Кала і Іспік выраблялі паліваную бірузовую кераміку з цёмна-карычневай размалёўкай (12—14 ст.). Шырока вядомы ювелірныя вырабы і багата аздобленая зброя (аул Кубачы), кераміка (аул Балхар), драўляныя вырабы з інкрустацыяй металам і бісерам (аул Унцукуль), чаканныя вырабы з медзі (аул Гацатль), дываны, цыноўкі і інш.Традыц. відамі дэкар.-прыкладнога мастацтва займаюцца і сучасныя майстры: І.А.Абдулаеў, А.Абдурахманаў, Р.Аліханаў, П.Амірханава, Г.Магамедаў, Х.Мамаева, З.Умалаева і інш. Пачынальнікі выяўл. мастацтва Дагестана — жывапісцы М.Джэмал, Ю.Малаеў, М.Юнусілаў, скульпт. Х.Аскар-Сарыджа. У апошнія дзесяцігоддзі ў Дагестане актыўна працуюць жывапісцы-станкавісты А.Аўгустовіч, В.Гаркоў, Х.М.Курбанаў, манументалісты Г.Камбулатаў, Ш.Шахмарданаў, графікі браты Гасан і Гусейн Сунгуравы, К.Мурзабекаў, С.Салаватаў, А.Шарыпаў, скульпт. Г.Гейбатаў, А.Ягудаеў і інш.
Літ.:
Марковин В.И. Дорогами и тропами Дагестана. [2 изд.], М., 1988;
Искусство Дагестана: Альбом. М., 1981.
Г.С.Смалякоў (прырода, гаспадарка), А.У.Сянькевіч (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Да арт.Дагестан. Фрагмент вясельнага жаночага ўбрання. 1-я пал. 19 ст.Да арт.Дагестан. Хунзахскае плато.