ДАГЕСТА́Н,

Рэспубліка Дагестан, у складзе Расійскай Федэрацыі. Размешчаны ва ўсх. ч. Паўн. Каўказа, на У абмываецца Каспійскім м. Пл. 50,9 тыс. км². Нас. 2067 тыс. чал. (1995), гарадскога 44%. Сярэдняя шчыльн. 38,3 чал. на 1 км². Жывуць аварцы (27,5%), даргінцы (15,6%), кумыкі, лезгіны, лакцы, рускія, азербайджанцы, чэчэнцы, і інш. Сталіца — г. Махачкала. Найб. гарады: Дэрбент, Хасавюрт, Буйнакск, Ізбербаш, Кізілюрт, Каспійск, Кізляр.

Прырода. Паводле рэльефу тэр. Дагестана падзяляецца на 4 часткі. Нізінная частка на ПдУ, ляжыць на выш. -28 м. ПдЗ Прыкаспійскай нізіны падзяляецца на Церска-Кумскую, Церска-Сулакскую і Прыморскую нізіны. Перадгор’і складаюцца з асобных хрыбтоў паўн.-зах. і паўд.-ўсх. распасцірання, падзелены шырокімі далінамі і катлавінамі. Унутраны горны Дагестан — сучляненне шырокіх плато (Арактау, Гунібскае, Хунзахскае і інш.) і вузкіх грабянёў выш. да 2500 м (хр. Салатау, Гімрынскі і інш.). Высакагорны Дагестан уключае Галоўны, ці Водападзельны, і Бакавы хрыбты Вял. Каўказа (выш. да 4466, г. Базардзюзю). Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, кварцавыя пяскі, буд. матэрыялы (вапнякі, мергелі, даламіты, гіпс, мармур і інш.), радовішчы вугалю, гаручых сланцаў, серы, фасфарытаў, салетры, жал. руды. Шматлікія мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны, сухі, на прыморскіх нізінах субтрапічны, сухі, у гарах — вобласці высакагорнага клімату. Сярэдняя т-ра студз. ад 1,4 да -11 °C (у гарах), ліп. да 24 °C; ападкаў 200 — 800 мм за год. Гал. рэкі Церак, Сулак і Самур. Больш за 100 азёр, ёсць гразевыя. Глебы на нізінах каштанавыя, участкі саланчакоў, у гарах — горнастэпавыя, горна-лясныя бурыя і горналугавыя. На раўнінах расліннасць паўпустынная і пустынная, у перадгор’ях стэпавая, у гарах на выш. 500—1600 м шыракалістыя (дуб, бук, граб) і мяшаныя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Жывёльны свет разнастайны: у высакагор’ях — дагестанскі тур, безааравы казёл, казуля, серна, буры мядзведзь, высакародны алень, рысь, воўк; у перадгор’ях — рысь, дзік, барсук, куніца; на нізінах — сайгакі, стэпавы тхор, суслік, тушканчык; з птушак — арол стрэпет, каршак, драфа і інш.; у зарасніках поймаў — чаротавы кот, каўказскі фазан, лебедзі, чаплі і інш. На тэр. Дагестана запаведнік Дагестанскі і 12 заказнікаў.

Гісторыя. Тэр. Дагестана заселена чалавекам з эпохі палеаліту. З канца 1-га тыс. да н.э. ўваходзіла ў склад Албаніі Каўказскай. У 3 ст. н.э. Пд Дагестана занялі Сасаніды, у 4 ст. паўн. ч. захапілі гуны. У 5 ст. на тэр. Дагестана пашырыўся алб. алфавіт. У 7 ст. раўнінная ч. Дагестана ўвайшла ў Хазарскі каганат. З 664 Дагестан неаднаразова спусташалі арабы, якія ў 1-й пал. 8 ст. заваявалі яго (гл. Арабскія заваяванні). У пач. 9 ст. тут узмацніліся антыараб. выступленні, у т. л. Бабека паўстанне. У 10—11 ст. высокага ўзроўню дасягнулі буд. тэхніка, прыкладное мастацтва, культура, у 1106 складзена «Гісторыя Дагестана, Шырвана і Арана». У канцы 12 ст. на тэр. Дагестана існавалі дзярж. ўтварэнні: Аварскае ханства, Казікумухскае шамхальства, Кайтагскае уцмійства і інш. У пач. 13 ст. заваяваны мангола-татарамі; войскі Узбека, Тахтамыша і Цімура неаднаразова спусташалі гарады, садзейнічалі пашырэнню ісламу. З пач. 16 ст. да 1-й пал. 17 ст. Дагестан падвяргаўся бесперапыннай агрэсіі Ірана і Турцыі, якія змагаліся за ўплыў на Каўказе. У 16 ст. наладжаны сувязі Дагестана з Расіяй, на Пн Дагестана ўзнік рус. горад Церкі. У 1-й пал. 17 ст. ў падданства Расіі перайшлі Таркоўскае шамхальства, Кайтагскае уцмійства, Аварскае і Казікумухскае ханствы, у 1772 — марское ўзбярэжжа Дагестана, аднак паводле Гянджынскага трактата 1735 яны адышлі да Ірана. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 Дагестан далучаны да Расіі. Калан. палітыка царызму не раз выклікала стыхійныя выступленні горцаў. У час Каўказскай вайны 1817—64 антыкалан. рух узмацніўся, але быў задушаны. У пач. 19 ст. створана дзяржава мюрыдаў імамат, куды ўвайшла значная ч. Дагестана, разгарнуўся нац.-вызв. рух, які з 1834 узначаліў Шаміль. У 1860 утворана Дагестанская вобласць. Уладзікаўказская чыгунка ў 1890-я г. злучыла Дагестан з цэнтрам Расіі, з Баку і Грозным. 14.12.1917 устаноўлена сав. ўлада. У 1918—20 захоплены ням. і тур. войскамі. 20.1.1921 утворана Даг. АССР у складзе РСФСР. У снеж. 1921 1-ы Устаноўчы з’езд Дагестана прыняў канстытуцыю Даг. АССР. У маі 1991 Вярх. Савет Даг. АССР абвясціў незалежнасць і прыняў новую назву — Рэспубліка Дагестан, у 1992 падпісаў федэратыўны дагавор з РСФСР.

Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці: здабыча нафты і газу, машынабудаванне і металаапрацоўка (сепаратары, тэрмічнае і электратэхн. абсталяванне, станкі, прыборы, экскаватары; суднарамонт і інш.), харч. (плодаагародніннакансервавая, вінаробная, рыбная і інш.), хім. (солі фосфару, шкловалакно, лакі, фарбы і інш.), лёгкая (шарсцяная, трыкат., абутковая); вытв-сць буд. матэрыялаў. Чыркейская, Чыр’юрцкая і Гергебільская ГЭС. Асн. прамысл. цэнтры: Махачкала, Дэрбент, Каспійск, Ізбербаш, Хасавюрт, Кізляр, Кізілюрт, Буйнакск. У горных раёнах — нар. промыслы (чаканка, дыванаткацтва, вытв-сць керамікі, разьба па дрэве і камені, інкрустацыя косцю і перламутрам, ювелірныя вырабы). Пасевы збожжавых (пшаніца, рыс) і кармавых культур, сланечніку. Развіта вінаградарства. Агародніцтва. Пладаводства. Гал. галіна жывёлагадоўлі — авечкагадоўля. Па тэр. Дагестана праходзяць чыгункі і аўтадарогі Масква—Махачкала—Баку, Махачкала—Грозны. Аэрапорт. Суднаходства па Каспійскім м. Нафтаправоды Дэрбент—Грозны, Ізбербаш—Махачкала, газаправоды Сельі—Дагестанскія Агні, Хошмензіл—Дэрбент. Буйны марскі порт — Махачкала. Курорты: Каякент, Манас, Талгі Дагестана — раён турызму.

Літаратура. Л-ра Дагестана развіваецца на аварскай, даргінскай, кумыкскай, лакскай, лезгінскай, нагайскай, табасаранскай, тацкай і інш. мовах. Багатая вусная нар. творчасць народаў Дагестана — эпічныя і лірычныя песні, казкі, паданні, легенды. У цыкле гераічных песень (лакская «Парту Паціма», кумыкская «Песня пра Айгазі», «Картгачак», аварская «Песня пра Хачбарэ» і інш.) адлюстраваны працяглы (да сярэдзіны 19 ст.) перыяд каўк. войнаў. У фалькл. творах (казках, гераічным эпасе, гіст. песнях) сустракаюцца матывы песень і казак народаў Паўн. Каўказа, Азербайджана і Грузіі, Сярэдняй Азіі, Б.Усходу. Першыя публікацыі фалькл. твораў народаў Дагестана з’явіліся ў 19 ст. Вытокі л-ры Дагестана ў л-ры хрысціянскай Каўказскай Албаніі, а таксама краін Блізкага і Сярэдняга Усходу. З 10—11 ст. на арабскай, фарсі і цюркскіх мовах ствараліся агіяграфічныя помнікі: «Гісторыя Абу-Мусліма», хронікі «Гісторыя Дэрбента і Шырвана», «Дэрбент-наме» і інш. У 17 — 18 ст. пачалі развівацца дэмакр. элементы мясц. нац. культуры. У пісьмовай л-ры пачаўся перыяд «двухмоўных» аўтараў, якія пісалі на араб. і роднай мовах; пачаў вывучацца нац. фальклор. Вял. значэнне мела стварэнне на аснове араб. графікі пісьменнасці «аджам» (18 ст.). З 19 ст. развіваецца шматмоўная л-ра Дагестана. Яе заснавальнікі — аварскі паэт Махмуд з Кахаб-Роса, лезгінскі Ецім Эмін, даргінскі Батырай, кумыкскі Ірчы Казак. Традыцыі шматжанравай пісьмовай л-ры народаў Дагестана развівалі Г.Цадаса, Сулейман Стальскі, М.-Э.Асманаў, З.Гаджыеў, Н.Батырмурзаеў, З.Батырмурзаеў, А.Гафураў, Э.Капіеў, Р.Нураў, А.Аткай, А.Магамедаў, А.Аджыеў і інш. Пашыраюцца тэматычныя і жанравыя межы паэзіі, прозы, драматургіі, публіцыстыкі. Новымі жанрамі ўзбагацілі л-ру Н.Батырмурзаеў (аповесць), Сулейман Стальскі (гімны, паліт. эпіграмы), А.Фатахаў (паэма, раман у вершах), А.Салаватаў (гераічная драма), М.Бахшыеў (раман), С.Абдулаеў (нарыс). У драматургіі ўзніклі жанры гераічнай і быт. драмы, лірычнай і сатыр. камедыі, вадэвіля (Нураў, Гаджыеў і інш.). У гады Вял. Айч. вайны шырокую вядомасць набылі творы лакскіх паэтаў Ю.Хапалаева, Гафурава, Б.Рамазанава, празаіка Капіева, з’явіліся першыя вершы аварскага паэта Р.Гамзатава. Для пасляваен. л-ры характэрны зварот да гіст. мінулага, сучасных сац. і маральна-этычных праблем, тэматычная маштабнасць, разнастайнасць маст. формаў, стыляў, жанраў, паглыблены псіхалагізм, філасафічнасць. Прыкметнай з’явай у л-ры 1950—70-х г. стала творчасць табасаранскага пісьменніка М.Шамхалава, тацкіх пісьменнікаў Бахшыева, Х.Аўшалумава і інш. Значны ўклад у сучасную л-ру Дагестана ўносяць Гамзатаў, Хапалаеў, Ф.Аліева, К.Абу-Бакар, Муса Магамедаў, Мірза Магамедаў, Р.Рашыдаў, М.Гаірбекава і інш. Плённа развіваюцца дзіцячая л-ра, літ.-знаўства, літ. крытыка. На мовы Дагестана перакладзены асобныя творы П.Броўкі, А.Куляшова, Э.Агняцвет, на бел. мову творы Сулеймана Стальскага, Гамзатава і інш. перакладалі Я.Колас, Я.Купала, А.Астрэйка, А.Бачыла, У.Караткевіч, Р.Няхай, А.Лойка і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. З эпохі бронзы і энеаліту захаваліся рэшткі паселішчаў (Верхні Гуніб, Гінчы) з тэрасападобным размяшчэннем дамоў, паглыбленых у схіл гары, блізкіх да сучасных аулаў. Каля г. Ізбербаш адкрыта раннесярэдневяковае гарадзішча Урцэкі з рэшткамі магутных крапасных сцен, дамоў з каналізацыяй, лазняў, храмаў агню і інш. Да 5 і 6 ст. адносяць сырцовыя і каменныя ўмацаванні абарончай сістэмы «Дагбары» («Горная сцяна»), у архітэктуры якой відавочны ўплыў дойлідства сасанідскага Ірана. З араб. заваяваннем (8 ст.) і пашырэннем ісламу ў паўд. Дагестане з’явіліся мусульм. культавыя будынкі: 3-нефавая Джума-мячэць у Дэрбенце (8 ст.), мячэці 11—13 ст. у паселішчах Калакарэйш, Рыча і інш. У сярэдневякоўі сфарміраваліся горныя паселішчы — аулы, якія станавіліся цэнтрамі развіцця рамёстваў, будаваліся каменныя арачныя масты, акведукі, маўзалеі. У Дэрбенце складваецца мясц. арх. школа (вароты Орта-Капы, 14—15 ст., Кырхляр-мячэць і ханскі палац, 17 — 18 ст.). Узводзіліся крэпасці для рус. гарнізонаў (умацаванне Пятроўскае, цяпер г. Махачкала). У пач. 20 ст. будаваліся новыя гарады (Каспійск, Ізбербаш, Хасавюрт) і рэканструяваліся старыя. У 1920-я г. ў Махачкале ствараліся будынкі ў духу канструктывізму (паштамт), у 1930-я г. — у класічных формах (гасцініца «Дагестан»), Для архітэктуры апошніх дзесяцігоддзяў характэрны зварот да традыц. арх. формаў, дэкар. дэталей і арнаменту.

Са стараж. часоў (неаліт, эпоха бронзы) пашыраны разьба па камені, размаляваная кераміка, бронзавае ліццё, чаканка па медзі, ювелірная справа. У лезгінскіх паселішчах Кала і Іспік выраблялі паліваную бірузовую кераміку з цёмна-карычневай размалёўкай (12—14 ст.). Шырока вядомы ювелірныя вырабы і багата аздобленая зброя (аул Кубачы), кераміка (аул Балхар), драўляныя вырабы з інкрустацыяй металам і бісерам (аул Унцукуль), чаканныя вырабы з медзі (аул Гацатль), дываны, цыноўкі і інш. Традыц. відамі дэкар.-прыкладнога мастацтва займаюцца і сучасныя майстры: І.А.Абдулаеў, А.Абдурахманаў, Р.Аліханаў, П.Амірханава, Г.Магамедаў, Х.Мамаева, З.Умалаева і інш. Пачынальнікі выяўл. мастацтва Дагестана — жывапісцы М.Джэмал, Ю.Малаеў, М.Юнусілаў, скульпт. Х.Аскар-Сарыджа. У апошнія дзесяцігоддзі ў Дагестане актыўна працуюць жывапісцы-станкавісты А.Аўгустовіч, В.Гаркоў, Х.М.Курбанаў, манументалісты Г.Камбулатаў, Ш.Шахмарданаў, графікі браты Гасан і Гусейн Сунгуравы, К.Мурзабекаў, С.Салаватаў, А.Шарыпаў, скульпт. Г.Гейбатаў, А.Ягудаеў і інш.

Літ.:

Марковин В.И. Дорогами и тропами Дагестана. [2 изд.], М., 1988;

Искусство Дагестана: Альбом. М., 1981.

Г.С.Смалякоў (прырода, гаспадарка), А.У.Сянькевіч (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

т. 5, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)