і́ншы, ‑ая, ‑ае, займ. азначальны.
1. Другі, не такі; які адрозніваецца ад гэтага або ад ранейшага. Трымацца іншай думкі. □ У нас прымаўка пайшла ў народзе: шавец заўсёды без ботаў.. Можа дзе шаўцы іншыя. А наш гэтакі. Чорны. Сёння ўсё зыначылася, усё пайшло іншым парадкам. Васілёнак. [Майка] плакала. Толькі слёзы былі іншыя. Караткевіч. / у знач. наз. і́ншае, ‑ага, н. [Дзед] паўздыхаў, паўздыхаў сам сабе, а потым перавёў размову на іншае. Шуцько.
2. Не гэты, не той, другі. — Дзень быў звычайны. Як і ўсе іншыя дні... Мележ. Злучэнні беларускіх партызан дзейнічалі поруч з народнымі мсціўцамі іншых братніх рэспублік. Брыль. Даўжэй за іншых сваіх суседзяў араў сваю палосу Верамейчык. Крапіва. / у знач. наз. і́ншы, ‑ага, м.; і́ншая, ‑ай, ж. Кажуць, Хто ашчаслівіў іншага — Не сквапнасцю сэрца жыло. І. Калеснік. // у знач. наз. і́ншыя, ‑ых, мн. Астатнія, другія. Стары, сухенькі, мітуслівы, хапаўся сам і падганяў іншых — усё баяўся ўпусціць час. Мележ. Тодар Кірык гаварыў пра тое, што ведаў, ахвотна. Ён ганарыўся тым, што ведае больш за іншых, і ўсе яго з такою цікавасцю слухаюць. Крапіва.
3. Які-небудзь, некаторы. [Рыгорка] не любіць, як іншыя гарэзнікі яго ўзросту, крыўдзіць слабейшых. Колас. Вада ў іншыя гады даходзіла не толькі да хат, але пападала і ў хаты, залівала скляпы. Чарнышэвіч.
•••
Глядзець іншымі вачамі гл. глядзець.
І іншыя (іншае) (на пісьме звычайна скарочанае «і інш.») — ужываецца ў канцы пералічэння для ўказання на тое, што пералічэнне можа быць прадоўжана.
Іншая рэч гл. рэч.
Іншая справа гл. справа.
Іншы каленкор гл. каленкор.
Іншы раз гл. раз.
Між іншым — а) мімаходам; не звяртаючы асаблівай увагі. Зрэшты, праца над родным загонам праходзіла неяк між іншым, прыхваткам. Брыль; б) дарэчы, к слову кажучы. — Маёр Герман Сцяпанавіч Цітоў, во як яго зваць. Між іншым, ён мой зямляк. Алтайцы мы. Васілёнак.
Той ці іншы гл. той.