паказа́цца, ‑кажуся, ‑кажашся, ‑кажацца; зак.

1. З’явіцца, стаць бачным. З суседніх двароў паказаліся зацікаўленыя людзі. Бядуля. Пакуль.. [Язэп і Кастусь] збіраліся, на дарозе паказаліся першыя сялянскія фурманкі. Якімовіч. Хмары спаўзлі за гарызонт, і на халодным небе паказаўся сярпок месяца. Алешка. // Прасачыўшыся знутры, выступіць на паверхні чаго‑н. Паказаліся на вачах слёзы. // Абазначыцца. Паказаліся ўсходы жыта. // перан. Адбіцца, выявіцца (пра якія‑н. пачуцці). Мука тугі нязмернае паказалася на твары ў Агапы. Мурашка.

2. Прыйсці, з’явіцца дзе‑н., выйсці куды‑н., да каго‑н. Лазавенка паказаўся [на полі] толькі адзін раз, — у першы дзень дапамогі. Шамякін. Я ўвесь час прабыў за перагародкаю і не паказаўся на кухню. М. Стральцоў.

3. Даць каму‑н. паглядзець на сябе, агледзець сябе. У пісьме маці.. пісала, каб.. [Лёдзя], калі можна, падышла да акна — хоць бы паказалася. Карпаў. // Прыйсці для агляду. Паказацца неўрапатолагу.

4. Здацца, уявіцца. Не такое ўжо вялікае мястэчка Рудня, як яно паказалася мне тады, калі мы з бацькам ездзілі ў млын. Жычка. / у безас. ужыв. Некаторым можа паказацца, што Міколку заўсёды жылося весела і бесклапотна. Лынькоў. // Паўстаць у якім‑н. выглядзе, стварыць пэўнае ўражанне. Гофман паказаўся Фелістовічу дзелавым чалавекам. Паслядовіч. Хлопец паказаўся мне вельмі прыгожым, нават падумалася, што кожнаму ён можа кінуцца ў вочы. Кулакоўскі.

5. Аказацца на самай справе. А ён [Мамаеў курган] паказаўся на яве Такім, як усе курганы. Калачынскі.

•••

Паказацца на вочы — з’явіцца перад кім‑н., у каго‑н.

Паказацца (з’явіцца) на гарызонце — выявіцца ў якой‑н. сферы дзейнасці, аказацца ў коле якіх‑н. людзей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перспекты́ва, ‑ы, ж.

1. Від у далячынь з якога‑н. месца; даль. Я вяртаюся на месца, дзе канал злучаецца з Бярэзінай, і спыняюся на невялікім мыску, створаным берагам ракі і берагам канала. Адсюль адкрываецца далёкая перспектыва ўверх і ўніз па плыні. В. Вольскі. Юткевіч выйшаў за вайскоўцам у доўгі напаўцёмны калідор. У перспектыве свяціліся шкляныя дзверы. Мікуліч.

2. Спосаб адлюстравання аб’ёмных прадметаў на плоскасці з улікам уяўных змяненняў іх велічыні, абрысаў, выразнасці ў залежнасці ад ступені аддаленасці ад наглядальніка. Законы лінейнай перспектывы. // Аб’ёмнасць, суадносіны аб’ёмных прадметаў і іх частак. Адсутнасць перспектывы.

3. Раздзел начартальнай геаметрыі, які вывучае правілы і спосабы праекцыі прадметаў на плоскасць.

4. пераважна мн. (перспекты́вы, ‑тыў); перан. Планы, віды на будучае. Перспектывы далейшай работы. Перспектывы на ураджай. □ Ля вогнішча ідзе гутарка пра перспектывы развіцця рыбнай гаспадаркі на возеры. В. Вольскі. // Будучае, магчымасці, спрыяльныя ўмовы развіцця чаго‑н. у далейшым. Яно і добра, што ёсць з каго браць прыклад, — светлая перспектыва заўсёды заве наперад. Кулакоўскі. [Заранік:] — Зона.. [машынна-трактарнай станцыі] глухая, вельмі пацярпела ад акупацыі, але з перспектывамі... Хадкевіч. Рабочыя памяталі аб даваенных крызісных гадах, аб жахлівых нягодах беспрацоўнага жыцця, пазбаўленага ўсякіх перспектыў і надзей. Лынькоў. Бацька не бачыў у агранаміі тэхнікі, а таму і ніякіх перспектыў. Пестрак. // Тое, што, па меркаванню каго‑н., павінна наступіць. Адзіночка, а пасля перспектыва васьмігадовага вандравання з астрога ў астрог страшылі .. [Гурына]. Машара. Доктара ніколі не захапляла перспектыва цягаць аднаго за другім шчупакоў або акунёў. Васілевіч.

•••

У перспектыве — у будучым, у далейшым. [Паддубны] прадчуваў, што ў перспектыве будуць неймаверныя цяжкасці і небяспекі. Пестрак.

[Фр. perspective.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгажо́сць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць прыгожага. Андрэй Міхайлавіч загледзеўся, захоплены невыказнай прыгажосцю вечара, яго моцнымі і яркімі фарбамі. Самуйлёнак. Зіхатлівая прыгажосць гэтай дзяўчыны і незвычайная яе адвага ў гэтым іх болей чым складаным становішчы збівалі .. [Івана] з тропу. Быкаў. Люблю я ў футболе юнацкую сілу. Дакладнасць удараў, атак прыгажосць. Панчанка.

2. Што‑н. прыгожае, чароўнае; хараство. Ёсць асаблівая прыгажосць у полі, калі яно ўжо не шасціць калоссем, але яшчэ не зусім апусцела, бо бабкі стаяць у рады на кожнай паласе, нібы вартавыя. Чарнышэвіч. — Прыгажосць якая, толькі зірні! — Пятро паказаў на раку, што бруілася серабрыстымі пералівамі ўздоўж усёй Набярэжнай вуліцы, на зарэчны луг, застаўлены стагамі, на далёкуюсінюю сцяну лесу. Капусцін. // Прыгожае (агульнае паняцце). Логіка прыгажосці. Паняцце прыгажосці.

3. Прыгожы знешні выгляд. Кожны стараўся сказаць.. [Тамары Аляксееўне] самы прыемны панямонскі камплімент, а калі ў кага не знаходзілася такога, то хоць адказнаю і таксама прыемнаю ўсмешкаю выказаць сваё захапленне яе прыгажосцю. Колас. Я вырэзваў з дрэва пеналы, скрыначкі, накрываў іх лакам, пасля чаго наводзіў прыгажосць разьбой. Бядуля.

4. Прыгажуня. Дакраніся да мяне, прыгажосць, дакраніся, То ж нічога, што сівее галава. Чарнушэвіч.

5. толькі мн. (прыгажо́сці, ‑ей). Прыгожыя мясціны; тое, што робіць уражанне сваім прыгожым выглядам. І ўсе прыгажосці Радзімы На памяць у сэрцы збярог. Кірэенка.

6. у знач. выкл. Разм. Выказвае захапленне, адабрэнне і пад. — Эх, прыгажосць! — ускрыкнуў Максім. Брыль. Хто плошчаю ішоў, звяртаў на дом увагу: Чысцюткі, светлы — прыгажосць! Корбан.

•••

Ва ўсёй сваёй прыгажосці — а) ва ўсім сваім харастве, багацці; б) (іран.) у сапраўдным выглядзе, з усімі недахопамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сро́дак, ‑дку, м.

1. Прыём, спосаб дзеяння, захады для ажыццяўлення, дасягнення чаго‑н. І Вадап’ян усімі сродкамі стараецца .. прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы, што стыкаецца з пляцам пана Тарбецкага. Колас. Пратэст .. выказваўся адзіным для маленства сродкам — плачам. Брыль. Нават перад ворагам бараніцца не ўсякімі сродкамі можна рэвалюцыянеру. Машара.

2. Тое, што служыць якой‑н. мэце, неабходнае для дасягнення, ажыццяўлення чаго‑н. Вельмі важным сродкам палітычнай работы сярод насельніцтва ў тыле ворага быў падпольны бальшавіцкі друк. Залескі. Хто ж зрабіў з цябе сродак зла і знішчэння, О грымучы, бязлітасны кат — вадарод! Караткевіч. // Прадмет, прыстасаванне і пад. або сукупнасць іх, неабходныя для ажыццяўлення якой‑н. дзейнасці. Сродкі сувязі. Транспартныя сродкі. □ Сацыялізм назаўсёды палажыў канец панаванню прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, гэтай крыніцы расколу грамадства на варагуючыя класы. Праграма КПСС. // Лекі, медыцынскія прэпараты або медыкаменты, неабходныя для лячэння. Лячэбныя сродкі. □ [Вейс:] — Хвораму арганізму патрэбна ў першую чаргу кровапусканне.., Яно вылечвае ад усіх хвароб. Гэта выдатнейшы сродак,.. ён варты ўсёй вялікай медыцына. Лынькоў. // перан. Магчымасці, рэальныя ўмовы. Мастацкія пераклады .. — верны шлях узаемаўзбагачэння літаратур, моцны сродак умацавання ўзаемадавер’я паміж народамі. Палітыка.

3. толькі мн. (сро́дкі, ‑аў). Грошы, капітал, матэрыяльныя каштоўнасці. Сродкі існавання. Жыць не па сродках. □ Савецкая дзяржава адпускае на асвету вялікія сродкі. «Беларусь». Старшыня абяцаў: сродкаў, кажа, калгас не пашкадуе на бібліятэку. Васілевіч. Васіль надзвычай асцярожна выдаткаваў сродкі, лічачы кожную капейку. Шамякін.

•••

Агнявыя сродкі — агнястрэльная зброя, якая знаходзіцца ў распараджэнні пэўнага вайсковага падраздзялення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фа́рба, ‑ы, ж.

1. Рэчыва, што надае той ці іншы колер прадметам, якія яно пакрывае або пасылае. На моцных «пульманах» У фарбе свежай Мільгаюць самазвалы, Трактары. Астрэйка. З расчыненых дзвярэй пацягнула насустрач знаёмымі пахамі друкарскай фарбы і спрасаванай паперы. Хадкевіч. Удзень тут працавалі маляры, і ў клубе моцна пахла фарбай. Шамякін. [Данік] кладзе, як і трэба, спачатку светла-жоўтую фарбу, дадаўшы да яе крышку зялёнай... Брыль. // Слой такога рэчыва на якім‑н. прадмеце. Насупраць вялікага дома Крушынскіх, стаяла сіняя драўляная хатка. З-пад фарбы на сценах, якая вісела шматкамі, выступала шараватае дрэва. Бядуля. // Разм. Памада, туш і інш. касметычныя сродкі. Нават губы, асіметрычна скрыўленыя, густа намазаныя яркай фіялетавай фарбай, не парушалі прыемнага ўражання. Шыцік. [Дзяўчына] плакала і разам са слязамі абцірала з твару сляды фарбы. Мікуліч.

2. звычайна мн. (фа́рбы, ‑аў). Барва, колер, тон. Цьмянасцю пакрываліся ўсе яркія шматкаляровыя фарбы асенняй прыроды... Краўчанка. Фарбы неба і вады мяняліся кожную хвіліну, і было ад гэтай прыгажосці чамусьці сумна. Адамовіч. За акном набірала фарбы вераснёвая раніца. Карпаў.

3. звычайна мн. (фа́рбы, ‑аў); перан. Выразныя сродкі мовы, музыкі, сцэнічнага мастацтва і пад.; яркасць апісання ўяўленняў. Багдановіч.. узбагаціў беларускую паэзію новымі матывамі і фарбамі. Гіст. бел. сав. літ. Мікіта падрабязна расказаў пра ўсе затонскія падзеі, не пашкадаваў фарбаў, каб абмаляваць Чыкілевіча і ўсе яго махінацыі. Колас.

4. Румянец; прыліў крыві. На.. твары [Рыгора] грала чырвоная фарба здароўя. Гартны. Гарачая фарба заліла твар дзяўчыны. Бажко. Раптам твар .. [Лены] пачаў траціць сваю фарбу. Ваданосаў.

•••

Згусціць фарбы гл. згусціць.

[Ням. Farbe — фарба.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чалаве́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чалавека (у 1 знач.), належыць яму. Чалавечыя рукі. Чалавечая постаць. □ Пачуўся голас чалавечы. Аж узняліся ў дзядзькі плечы, Ды каб схаваць, што ён спужаўся, Спакойна дзядзька адазваўся. Колас. Доктар знайшоў бабчыну сухую руку, пагладзіў. Часта чалавечымі словамі нельга сказаць таго, што скажаш маўчаннем. Скрыган. // Які складаецца з людзей. Чалавечае грамадства. □ І тут толькі заўважыла чалавечая грамада, што няма пастуха. Мурашка. // Які робіцца, здзяйсняецца чалавекам. Матэрыялістычнае вучэнне гісторыі з’явілася адзінай тэорыяй, якая правільна, навукова тлумачыць чалавечую гісторыю як працэс. «Весці». Усё адыходзіць у нябыт, астаюцца толькі плёны чалавечай працы. Карпаў.

2. Уласцівы, характэрны для чалавека. Чалавечая годнасць. Чалавечае шчасце. Чалавечыя слабасці. □ Пісьменніку ўдалося раскрыць варожую сутнасць кулацтва, паказаць звярыную псіхалогію ўласніка, які ў пагоні за нажывай страчвае чалавечае аблічча, становіцца ворагам працоўнага народа. Гіст. бел. сав. літ. І адчувае Алежка: вось-вось здарыцца цуд, загавораць між сабой на чалавечай мове лясныя жыхары, — і тады ўсе вялікія і важныя тайны адкрыюцца яму. Вышынскі. // Такі, як трэба; належны, добры. Яно не кепска было б кіламетраў пяцьдзесят ад’ехацца, — раптам спыняецца Тарасюк. — Тады можна было б спакойна дзён колькі адлежацца, чалавечы выгляд набыць. С. Александровіч. Бавар Вейс знойдзе другую. І яна будзе працаваць у яго на чалавечых умовах. Ракітны.

3. Гуманны, чалавечны. Чалавечая, шчырая трывога пра невядомага чалавека балюча кранула Нічыпара. Асіпенка. Не ведаю, што робіцца са мной: Ад дабраты я плачу чалавечай, Заўсёды плачу ад спагады нечай — Не ведаю, што й робіцца са мной! Сіпакоў.

•••

Род чалавечы гл. род.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Газ1 ’газ’ (БРС). Рус. газ, укр. газ ’тс’ і г. д. Слова, якое штучна ўтворана брусельскім хімікам І. Б. ван Гельмантам (1577–1644 гг.) на аснове грэч. слова χάος ’хаос’. У рус. мове гэта слова, паводле Фасмера (1, 382), з ням. або гал. Gas ці франц. gaz. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Г, 7; Клюге, 233; MESz, 1, 1037. У бел. мову гэта слова папала праз пасрэдніцтва рус. або польск. мовы. Паколькі няма дакладных даных наконт гісторыі яго ў бел. мове, то прыходзіцца толькі меркаваць, улічваючы агульную сітуацыю і ролю, якую ігралі гэтыя абедзве мовы ў фарміраванні лексікі бел. мовы новага часу (асабліва навукова-тэхнічнай).

Газ2 ’тканіна газ’ (БРС). Рус. газ, укр. газ ’тс’. Запазычанне з франц. gaze ’газ, вуаль’. Звычайна першакрыніцай гэтага слова лічаць назву месца Газа ў Палесціне. Гл. Фасмер, 1, 382. Іншыя этымолагі ўказваюць, што ў гэтым месцы ніколі не выраблялі такую тканіну і не гандлявалі ёю. Таму першакрыніцай франц. gaze лепш лічыць іспан. gasa < араб. kazz < перс. käž. Гл. Клюге, 236; Локач, 91; Шанскі, 1, Г, 8 (апошні ў пэўным сэнсе вельмі заблытана перадае сутнасць этымалогій Локача і інш.).

Газ3 ’вельмі шырокі брод у рацэ ці возеры’ (Яшкін). Як відаць з крыніц, якія прыводзіць І. Я. Яшкін (лепел.), слова гэта вядома на вельмі абмежаванай тэрыторыі (параўн. яшчэ ў Яшкіна, там жа, Газ — урочышча на Красенскім возеры на Дзісеншчыне) і, здаецца, з’яўляецца рэліктавым словам. Як лічыць Трубачоў, Эт. сл., 6, 113–114, ёсць сувязь з паўд.-слав. мовамі; параўн. серб.-харв. га̑з ’брод’, славен. gȃz, балг. га́зя ’брадзіць і да т. п.’ БЕР (III, 224) неабгрунтавана разглядае яго як толькі паўд.-слав. лексему. Этымалогія ўсёй групы слоў няясная (некаторыя меркаванні БЕР, там жа: лічыцца цёмным па паходжанню словам; праблематычна звязваць яго з арм. лексемай або думаць, што яно запазычана з дака-мізійскай крыніцы). Трубачоў, там жа, бачыць тут і.-е. *g​ā‑ ’ісці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калма́ты ’пакрыты густымі скудлачанымі валасамі, поўсцю, касматы, кудлаты’, ’зроблены са скуры з доўгай густой поўсцю; з доўгім ворсам’, ’аброслы валаскамі, пушынкамі; нягладкі’ (БРС, ТСБМ). У гаворках: ’ускудлачаны, непрычасаны; касматы’ (Мал., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Шат.). Ёсць таксама форма камлаты ’тс’ (івац., Бір., Працы ІМ, 6; саліг., Нар. словатв.; Сл. паўн.-зах., ТС, Федар. I). Дакладных адпаведнікаў да гэтага слова як быццам няма. Сустракаецца яно толькі ў с.-бел. гаворках; сказаць цяжка, ці вядома шырэй; таксама з дзвюх форм цяжка выдзеліць першасную. Відавочная інавацыя або архаізм, нельга таксама выключыць запазычання слова. Калі зыходзіць з архетыпу калм‑, можна прывесці некаторыя паралелі з суседніх рус. гаворак (гл. калмач і камлак), аднак у лінгвагеаграфічным аспекце яны неістотныя. Для такой структуры можна меркаваць аб праформе kl̥m‑, магчыма, паралельную да kl̥t‑ і да т. п. (параўн. калдыга і інш., гл. вышэй). Аб імавернасці такога меркавання сведчыць зах.-бран. калманоги ’кульгавы’, у такім выпадку можна думаць аб даўняй семантыцы ’боўтаць’, ’боўтацца’ і ’кульгаць’ (’хадзіць, перавальваючыся’?). Не выключана, што сюды можна аднесці і ўкр. калмичити ’змочваць снапы ў вадкай гліне перад пакрыццём даху’. Калі зыходзіць з першаснай формы камл‑, неабходна мець на ўвазе магчымасць утварэння такой асновы і з больш ранняй *кабл‑. Такая магчымасць уяўляецца тым не менш малаверагоднай, хоць выключыць яе поўнасцю нельга (параўн. камлук, каблук). Можна меркаваць аб магчымай сувязі з лахматы. Калі метатэза халматы сапраўды мела месца, наступнае азванчэнне зычнага не здаецца неверагодным. Апрача ўсяго гэтага, тут мог рэалізавацца субстратны ўплыў (параўн. жанікжаніх і інш. у бел. зоне моцнага балтыйскага ўплыву). У такім выпадку лёгка можна вытлумачыць параўнальна вузкі арэал распаўсюджання бел. слова. Адносна запазычання нічога пэўнага сказаць нельга. Таксама няясна, ці ёсць падставы лічыць разглядаемае слова архаізмам, паколькі нельга падмацаваць такое меркаванне надзейнымі доказамі. Адносна формы калматы параўн. яшчэ полац. хамлак (гл. падрабязней пад калмык).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Аддзяліцца, адпасці. Каля берага [Макоўчык] нецярпліва пацягнуўся да галіны, але схапіў толькі кволы парастак з некалькімі клейкімі лісткамі. Парастак не вытрымаў і адарваўся. Мележ. Ноччу, калі ўціхамірылася і ўляглося ўсё на вуліцы, мы [палонныя] намацалі слабейшую ліштву, і яна лёгка адарвалася. Адамчык.

2. Аддзяліцца, адысці ад каго‑, чаго‑н. Постаць адарвалася ад крыжа і наблізілася да Колі. Пестрак. Таня кінулася насустрач. Прыпала да .. [Міколы], абхапіла рукамі за шыю і не магла адарвацца. Новікаў. // Аддзяліцца ад зямлі. Самалёт, падскокваючы, пабег па палянцы, а потым, нібы з вялікімі намаганнямі, адарваўся ад зямлі і павіс у паветры. Сабаленка.

3. Перастаць часова займацца чым‑н. па якой‑н. прычыне. Гуляючы з цацкамі на падлозе, .. [Міша] увесь час паглядаў на дарослых, — ці не адарвецца хто-небудзь з іх ад работы і ці не можна будзе з ім хоць трохі пагаварыць. Шахавец. Хлопцы разоў пяць прачыталі лістоўку і ўсё ніяк не маглі ад яе адарвацца. Якімовіч. [Міхал] адарваўся ад сваіх думак, падняўся, пайшоў.. [Мані] насустрач. Васілевіч.

4. перан. Страціць сувязь з кім‑, чым‑н., аддаліцца ад чаго‑н. [Гарнастай:] — Мне тут, хоць бы ты і хацеў, дык ніяк ад людзей не адарвешся. Навуменка. За гады вучобы.. [Лемяшэвіч] крыху адарваўся ад вёскі, не меў знаёмых старшынь калгасаў, а ў раманах, якіх ён перачытаў нямала, і ў кіно старшыні былі падобныя адзін на аднаго. Шамякін. Трымаліся.. [кветкі] пры самай зямлі, баючыся адарвацца ад яе цяпла. Вітка. Гэта была шчырая роспач маці, якая бачыць немінучую гібель свайго дзіцяці, калі яно адарвецца ад яе. Васілевіч. // Вызваліцца ад чаго‑н. Адарвацца ад уплыву старых традыцый.

•••

Сэрца адарвалася ў каго гл. сэрца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. Знішчыцца агнём. У шалёнай злосці афіцэр загадаў падпаліць гумно. Яно згарэла, як свечка, сярод белага дня. Сабаленка. — Пажар здарыўся, згарэла ўсё. Чорны. // Зрасходавацца для ацяплення, асвятлення. Дроў згарэла многа, а печ не нагрэлася. За вечар у лямпе ўся газа згарэла.

2. Разм. Страціць маёмасць у выніку пажару; аказацца ў становішчы пагарэльца. Ад маланкі згарэў не адзін гаспадар.

3. Сапсавацца, стаць непрыгодным у выніку моцнага перагрэву; падгарэць. Сала згарэла на скаварадзе. Хлеб згарэў у печы.

4. Разм. Засохнуць ад сонечнай спёкі (пра расліны). Пасевы згарэлі. □ — Такі туман. Днём зноў будзе пячы. Бульба ў гародзе згарыць. Зямля як попел. Пташнікаў.

5. Моцна загарэць, атрымаць сонечныя апёкі. Плечы згарэлі.

6. Згніць, сапрэць зляжаўшыся (пра сена, зерне і пад.). Сена згарэла ў стозе. Згарэла зерне ў кучы. □ — Бульба, яна грэецца. Ды асабліва, калі макраватую ссыпаюць. Вось і перагрэлася, згарэла ўся. Асіпенка.

7. перан. Страціць фізічныя і духоўныя сілы, расходуючы іх без меры. Прыходзяць госці, а гаспадыню ўжо нішто не цікавіць, яна ўжо згарэла. Шамякін. Душой і песняю я за жыццё згару! Трус. // Памерці (ад нягод, перанапружання або скарацечнай хваробы). Бацька, як лучына, У турме згарэў. Бядуля. За Радзіму ты ў бітвах змагаўся, За яе ты ў рабоце згарэў. Прыходзька.

8. перан. Зведаць якое‑н. пачуццё; загінуць ад якога‑н. моцнага пачуцця. — Кахала яна вельмі... Не паглядзела, што з сям’ёй, што хворы... Вось і згарэла ля яго. Мехаў.

•••

Згарэць ад сораму — моцна засаромецца.

Каб ты (ён, яна і пад.) згарэў; хай ён (яна і пад.) згарыць — ужываецца як праклён, выражэнне крайняй незадаволенасці кім‑, чым‑н. — Цьфу, каб ты згарэў, гэтакі чалавек. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)