АЎТАПАРТРЭ́Т (ад аўта... + партрэт),

выява (вобраз) мастака, выкананая ім самім; разнавіднасць партрэта. Выконваецца звычайна з дапамогай люстэрка, фотаздымка, па ўяўленні. Адлюстроўвае не толькі вонкавае падабенства, але і раскрывае ўнутраны свет мастака, яго схільнасці, погляды.

Вядомы з антычнасці (Фідый) і сярэднявечча. Пашыраны ў творчасці мастакоў Адраджэння (Рафаэль, А.​Дзюрэр). Аўтапартрэт маньерызму (16 ст.) характарызуецца ўскладненасцю вобразнай структуры. Аўтапартрэт 17 ст. мае спавядальны характар, у ім раскрываецца сац. аблічча мастака (Н.​Пусэн, П.​П.​Рубенс, Рэмбрант). У аўтапартрэце 18 ст. падкрэсліваліся і рысы прыватнага жыцця мастака (Ж.​Б.​Шардэн, Дж.​Рэйналдс). Істотнае месца займаў аўтапартрэт у мастацтве рамантызму, прадстаўнікі якога сцвярджалі каштоўнасць творчай асобы і яе багатага духоўнага жыцця. На мяжы 19—20 ст. жанр аўтапартрэта часта выбіраецца для адлюстравання ўласнага светаўспрымання і жывапіснай канцэпцыі мастака (П.​Сезан, В. ван Гог, М.​Урубель). У 20 ст. вобразна-кампазіцыйны кірунак аўтапартрэта значна ўскладніўся.

У бел. выяўл. мастацтве першыя спробы аўтапартрэта, верагодна, звязаны з Ф.​Скарынам і яго малюнкамі для гравюр у шэрагу выданняў. Жывапісныя аўтапартрэты з’явіліся ў 2-й пал. 18 ст. У 19 ст. выдатныя аўтапартрэты стварылі К.​Альхімовіч, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, Я.​Кругер, Ю.​Пешка, А.​Ромер, К. і Б.​Русецкія, Н.​Сілівановіч, Ф.​Смуглевіч, Я.​Сухадольскі; на пач. 20 ст. — Ю.​Пэн, Ф.​Рушчыц, М.​Шагал. Аўтапартрэты 1920—30-х г. адметныя імкненнем спасцігнуць самога сябе (П.​Гаўрыленка, П.​Сергіевіч, М.​Тарасікаў). У 1940—60-я г. ствараліся традыцыйныя аўтапартрэты, у якіх асн. ўвага аддавалася вонкаваму абліччу (І.​Ахрэмчык, В.​Грамыка, Н.​Воранаў, Р.​Кудрэвіч, Л.​Лейтман, М.​Манасзон, Ф.​Мадораў, П.​Раманоўскі, М.​Тарасікаў, У.​Кухараў). У 1970-я г. да аўтапартрэта звярталіся Г.​Вашчанка, В.​Варламаў, Н.​Варвановіч, В.​Грамыка, Л.​Дударанка, Г.​Лойка і інш. У 1980-я г. ў жанры аўтапартрэта з’яўляюцца творы са складаным прадметна-прасторавым асяроддзем, інтэлектуальныя, «маскарадныя», калі мастак выступае ў пэўным амплуа (Ф.​Янушкевіч, Г.​Ціхановіч). Часам тэматычнай асновай аўтапартрэтаў становяцца ўспаміны мастака, роздум над жыццём, уласныя думкі і ідэі (М.​Савіцкі «Вязень № 32815», Г.​Вашчанка «Роздум», В.​Сумараў «Мой свет», М.​Селяшчук «Датычнасць») або аўтапартрэт уводзіцца ў сюжэтныя кампазіцыі, тэматычныя ці групавыя партрэты (Л.​Шчамялёў «Нядзеля», Э.​Белагураў «Сямейны партрэт», І.​Бархаткоў «Бацька і сын»). Сучасны перыяд развіцця аўтапартрэта адметны імкненнем да шматмернасці вобраза, узмацнення псіхал. асновы, філас. падтэксту.

Літ.:

Зингер Л.С. Автопортрет в системе жанров // Зингер Л.С. Очерки теории и истории портрета. М., 1986;

Яго ж. Автопортрет в советской живописи. М., 1986.

М.​І.​Цыбульскі.

Да арт. Аўтапартрэт. А.​Дзюрэр. 1500.
Да арт. Аўтапартрэт. Г.​Серабракова. За туалетам. 1909.
Да арт. Аўтапартрэт. В.​Ваньковіч. 1880-я г.
Да арт. Аўтапартрэт. Л Дударанка. 1982.

т. 2, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖНІ́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ, жнейскія, жытныя песні,

«жніво», частка летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Вядомы пераважна ў слав. і балцкіх народаў. На Беларусі — узор традыц. сялянскай нар.-песеннай класікі. Выконваліся жнеямі на полі. Падзяляюцца на зажынкавыя, уласна жніўныя (гал. жанрава-тэматычная група) і дажынкавыя. Пераважае прац., сацыяльна- і сямейна-бытавая тэматыка; асн. матыў — выказванне гора, крыўды, якія жняя давярала ніве, скарга яе на непасільную працу, нялёгкае жыццё ў сям’і мужа з проціпастаўленнем свайго і чужога дома, роднай і няроднай маці, нараканне на адзіноцтва ўдавы, сіраты, шкадаванне аб страчанай дзявочай прыгажосці. Вобразны лад вызначаюць псіхал. тонкасць, яркасць бытавых замалёвак. Разгорнутыя маналогі жняі (часам перарастаюць у дыялогі) уключаюць зварот да нівы, сонца, ветру, бору, хмар. У гумарыст. сюжэтах матыў скаргі амбівалентна пераасэнсоўваецца («Ох, і дайце ж мне раду, мой загонічак ззаду»). З часоў прыгону ў Ж.п. больш, чым у інш. каляндарна-земляробчых, выявілася антыпрыгонніцкая накіраванасць. У некат. песнях традыц. скарга жняі набывае характар пратэсту, перарастае ў праклён («Бадай пана громы ўбілі, як мы ручкі патамілі»).

Напевы Ж.п. яскрава выяўляюць характэрны для алігатонных ладава-меладычных сістэм драматургічны прынцып адначасовага кантрасту — рознанакіраванасць выразных сродкаў пры іх раўнапраўнасці, што надае падобным напевам асаблівую выразнасць. Нягледзячы на невял. гукавы дыяпазон, напевы Ж.п. уражваюць шырынёй меладычнага дыхання, дзякуючы свабоднай імправізацыйнай рытміцы з доўга працягнутымі апорнымі гукамі ладу. У паўд. (Палессе) і ўсх. раёнах Беларусі Ж.п. гучаць напружана (накшталт плачу-галашэння), у паўн. (Паазер’е) пераважна лірычна, у зах. і некат. цэнтр. раёнах часта набываюць эпічныя рысы (з эпічнымі зачынамі паэт. тэкстаў: «А заспорыў Дунай з морам за бедную сіраціну», «Да цераз лесы, цераз боры брат сястрыцы пакланяецца»). У асобных мясцовасцях Ж.п. збліжаюцца і нават зліваюцца з сенакоснымі (напевы, якія іх аб’ядноўваюць, наз. «лета»). Гучанне песень «лета», як і веснавых песень, яскрава прадстаўляе нар. школу галаснога спеву. Параўнальна невял. колькасць зажынкавых песень мае рытуальна заклікальны характар («Радзі, ніва, жыта, жыта і пшаніцу, усякую пашніцу»), дажынкавыя — велічальны, святочны, нярэдка афарбаваны ў гумарыст. тоны. Ад уласна жніўных яны адрозніваюцца меншай распеўнасцю, большай рытмічнай акрэсленасцю. Суправаджаюцца абрадамі «першага снапа» (зажынкавыя), «апошняга снапа» і «завівання барады» (дажынкавыя). І песні і абрады пранізвае адзін матыў — стаўленне да хлеба як да святыні.

Публ.:

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Жніўныя песні / Скл. А.​С.​Ліс, В.​І.​Ялтаў В.​І.​Ялатаў. Мн., 1974;

Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.​Цітовіч. 2 выд. Мн., 1975;

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977;

Эвальд З.В. Социальное переосмысление жнивных песен Белорусского Полесья // Эвальд З. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 6, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВАЯ ПЕ́СНЯ,

сольная ці харавая песня, створаная прафес. кампазітарам або аматарам для масавага распаўсюджання; адна з вядучых жанравых разнавіднасцей сав. прафес. і аматарскай (самадзейнай) песеннай творчасці. Характэрныя рысы: куплетная (страфічная) будова (пераважае чаргаванне сольнага запеву з хар. прыпевам), апора на быт. жанры (у прыватнасці, марш), муз. вобраз сканцэнтраваны ў мелодыі, якая абагульнена адлюстроўвае сэнс слоў і не патрабуе абавязковага муз. суправаджэння. Агульназначнасць зместу ў спалучэнні з прастатой паэт. і муз. мовы, выкарыстанне пеўчых галасоў у найб. зручных рэгістрах абумоўліваюць яе максімальную даступнасць для ўсеагульнага выканання і ўспрыняцця.

Папярэднікамі М.п. можна лічыць харалы, гусіцкія гімны, канты і інш. Да М.п. адносяцца баявыя гімны франц. рэвалюцыі 1789—94 («Марсельеза» і інш.), міжнар. і рус. песні 19 — пач. 20 ст. («Інтэрнацыянал», «Варшавянка»), песні перыяду грамадз. вайны («Па далінах і па ўзгор’ях), камсамольскія песні 1920-х г. («Маладая гвардыя», «Наш паравоз»), усенародна вядомыя песні І.​Дунаеўскага («Песня аб Радзіме», «Кахоўка», «Марш вясёлых рабят»), М.​Блантара («Кацюша»), А.​Аляксандрава («Свяшчэнная вайна»), У.​Захарава («Ой, туманы мае...»), А.​Новікава (.«Гімн дэмакратычнай моладзі свету»), В.​Салаўёва-Сядога («Падмаскоўныя вечары»), А.​Астроўскага («Хай заўжды будзе сонца»), А.​Пахмутавай («Песня аб трывожнай маладосці»), Д.​Тухманава («Дзень Перамогі») і інш. Да канца 1950-х г. паняцце «М.п.» вызначала ўсю песенную творчасць сав. кампазітараў. З 1960-х г. пашыраюцца жанравыя арыенціры песеннай творчасці, вял. ролю набываюць аўтарская песня і эстрадная. Паняцце «М.п.» паступова трансфармуецца ў агульнавядомы «шлягер», які не патрабуе масавага выканання. На мяжы 1980—90-х г. масавыя жанры, у т. л. і М.п., пачынаюць падпарадкоўвацца законам шоу-бізнесу, дзе папулярнасць залежыць не ад маст. якасцей ці ступені запамінальнасці песні, а ад рэкламы.

На Беларусі апора на традыц. рысы М.п. спалучаецца з пераўтварэннем у ёй нац. фалькл. элементаў. Сярод найб. папулярных М.п.: «Бывайце здаровы» І.​Любана, «Песня пра Нёман» Н.​Сакалоўскага, «Зорка Венера» С.​Рак-Міхайлоўскага, «Радзіма мая дарагая», «Лясная песня» У.​Алоўнікава, «Мы ідзем па зямлі» І.​Лучанка і інш. У 1970—90-я г. рэпертуар М.п. фарміравалі пераважна вак.-інстр. ансамблі «Песняры» (бел. нар. песня «Касіў Ясь канюшыну», «Мой родны кут» Лучанка), «Верасы» («Завіруха» Э.​Ханка, «Карнавал» В.​Раінчыка), «Сябры» («Вы шуміце, бярозы» Ханка, «Гуляць дык гуляць» В.​Іванова). На адбор М.п. ўплываюць хіт-парады Бел. радыё, тэлефестываль «Песню бярыце з сабой». У апошні час паняцце «М.п.» ўсё больш звужаецца да папулярнасці сярод слухачоў пэўных узроставых катэгорый і маст. прыхільнасцей.

Літ.:

Нестьев И.В. Массовая песня // Очерки советского музыкального творчества. М.; Л., 1947. Т. 1;

Сохор А.Н. Русская советская песня. Л., 1959;

Дедюля Т.И. Белорусская советская песня. Мн., 1982.

Р.​М.​Аладава, Н.​Я.​Бунцэвіч.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Та́та ’бацька’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп., Бяльк.), ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), ’бацька (дзіцячае слова)’ (Шымк. Собр.), та́туль ’бацька’ (Сцяшк.), та́тка ’бацька; ласкавы зварот не толькі да мужчын, але і жанчын’ (Ян.), та́то, та ’бацька’ (ТС), та́то ’тата, бацька’ (маст., пруж., кам., Сл. ПЗБ; Федар. 4; Горбач, Зах.-пол. гов.), тату́ля ’бацька’ (Ласт., Мат. Маг.), ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), тату́лё ’хросны бацька’ (Сцяц. Сл., Сцяц.), тату́ля, тату́ня ’ласкавы зварот да бацькі, святара і дзіцяці’ (Нас.), тату́лька ’тата’ (Касп.), ’хросны бацька’ (віл., Сл. ПЗБ), ’пачцівы зварот да святара’ (Нас.), тату́ленька ’бацюшка, святы айцец — зварот да святара; зварот да чужой асобы пры здзіўленні’ (Нас.), тату́лечка ’тс’ (Нас.), та́тусь ’бацька’ (Скарбы, Сцяц. Сл., Сцяшк.), ’тата (ласкальнае)’ (воран., шчуч., Сл. ПЗБ), ’хросны бацька’ (Мат. Маг.), ’тата (зневажальнае)’ (Сцяц.), та́тусь ’бацька’ (Ласт.), ’хросны бацька’ (Сл. Брэс., ТС, Касп.), ’бацюшка, святы айцец — пра святара’ (Нас.), та́туська ’хросны бацька’ (Мат. Маг.), та́тушко ’татка’ (Сцяц., Сцяц. Сл.), тату́лечка, тату́лька, тату́сечка, тату́ся, тату́хна ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), ’татуля (ужываецца ў песнях)’ (Бяльк.), та́ты ’тата’ (Сцяшк.), та́тычка ’памяншальнае да тата’ (Бяльк.), ст.-бел. тато ’тата’ (XVII ст., КГС). Укр. та́то ’тата’, дыял. та́та ’тс’, рус. дыял. та́та ’тс’, польск., н.-луж. tata, tato, в.-луж. tata, чэш. táta, славац. tata, tato, славен. táta, tátek, серб.-харв. та̏та, та́та, та́то, дыял. та̏тe, балг. та́те, тато, дыял. та́тамой бацька’, макед. тате ’татка, бацька (пры звароце)’, ст.-слав. тата. Прасл. *tata ’бацька, тата’ з першаснага дзіцячага падваення складоў, як і паралельныя ст.-інд. tatáḥ ’тата’, tātaḥ ’тата, сын, мілы’, хец.-лув. tati‑ ’бацька’, грэч. τέττα, τάτᾶ — клічная форма (пры звароце да бацькі), лац. tata ’тата’, карнуэлск. tat ’тс’, літ. tė̃tis, tė̃tė ’тс’, лат. tētis, tēte ’тс’, прус. thetis ’дзядуля’ (ЕСУМ, 5, 527; Фасмер, 4, 26; Брукнер, 567; Махэк₂, 637; Борысь, 629). Частка слоў адлюстроўвае клічныя ці ўсечаныя формы або ўскладнена памяншальна-ласкальнымі суфіксамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прапа́сці сов.

1. (без пользы) пропа́сть;

зада́так мой ~па́ў — зада́ток мой пропа́л;

час ~па́ў дарэ́мна — вре́мя прошло́ да́ром;

2. (затеряться) пропа́сть, исче́знуть; запропасти́ться;

дакуме́нты ~па́лі — докуме́нты пропа́ли (исче́зли, запропасти́лись);

куды́ ты ~па́ў? — куда́ ты пропа́л (исче́з, запропасти́лся)?;

3. (утратиться) пропа́сть;

го́лас ~па́ў — го́лос пропа́л;

апеты́т ~па́ў — аппети́т пропа́л;

4. (перестать быть видимым, слышимым) пропа́сть, исче́знуть;

по́стаць яго́ ~па́ла ў цемнаце́ — фигу́ра его́ пропа́ла (исче́зла) в темноте́;

5. поги́бнуть, пропа́сть;

кве́ткі ад маро́зу ~па́лі — цветы́ от моро́за поги́бли (пропа́ли);

з ім не ~падзе́ш — с ним не пропадёшь;

6. (о скоте) пасть, подо́хнуть, издо́хнуть; околе́ть;

~падзі́ ты про́падам! — пропади́ ты про́падом;

каб ты ~па́ў! — чтоб ты пропа́л!;

пішы́ ~па́ла! — пиши́ пропа́ло!;

(і) след ~па́ў — (и) след пропа́л;

каб не твой ро́зум ды не на́ша хі́трасць, ~па́лі б усе́ на све́цепогов. е́сли бы не твой ум да не на́ша хи́трость, пропа́ли бы все на све́те;

ці пан, ці ~па́ўпогов. ли́бо пан, ли́бо пропа́л

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

лепш, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. добра. Здала .. [Аленка] экзамен не толькі лепш за вучняў свае школы, — з усіх школ .. выдзелілася яна сваімі здольнасцямі. Колас. Лепш позна, чым ніколі. Прыказка.

2. безас. у знач. вык., каму. Аб паляпшэнні стану хворага. Часам гаспадыні бывае лепш. Тады яна злазіць з печы, адкрывае каваныя скрыні, выцягвае адтуль свае уборы, пасцілкі, коўдры, ручнікі, абрусы. Асіпенка.

3. у знач. часціцы. Ужываецца для падкрэслівання важнасці значэння якога‑н. дзеяння; служыць для ўзмацнення просьбы, парады і пад. [Міколка:] — Лепш скажы мне вось, дзед, дзе цяпер мой бацька. Лынькоў. [Андрэй:] — Не падпірай ты, чалавеча, таго, што згніло, бо яно ўсё роўна ўпадзе. Зрабі лепш новы плот. Якімовіч.

•••

Лепш (і) не трэба — ужываецца для абазначэння высокай, найвышэйшай ступені чаго‑н. Зажыў цяпер бедны брат лепш не трэба. Якімовіч.

Лепш сказаць (у знач. пабочн.) гл. сказаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мі́лы, ‑ая, ‑ае; міл, міла.

1. Які выклікае прыемнае ўражанне, прыхільнасць да сябе; чароўны, абаяльны. Ходзіць гоман між збажынкі, Мілы і шчаслівы. Колас. І вось няма яго, Васі Чычына, мілага, слаўнага хлопца. Лынькоў. У мяне.. не выходзіла з галавы прыгожая дзяўчына з мілымі вачыма. Нікановіч.

2. Дарагі, любімы; блізкі сэрцу. Месца было роднае і такое мілае, што Віця аж заплакаў крадком. Чарнышэвіч. Радзіма! Адчуў я ў разлуцы з табою, Як люб мне і дораг кут мілы бацькоў. Прыходзька. Кожнаму свой куток мілы. Прыказка.

3. Ужываецца пры сяброўскім звароце. Даніла, мілы мой Даніла! Ах, натварыў сабе ты бед! Колас. [Шульга:] — Давай спярша, міл чалавек, дамовімся аб плаце. Васілёнак.

4. у знач. наз. мі́лы, ‑ага, м.; мі́лая, ‑ай, ж. Каханы, каханая. — Мілая, ну, глянь, хоць разік глянь! Колас.

•••

За мілую душу гл. душа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пратрубі́ць, ‑трублю, ‑трубіш, ‑трубіць; зак.

1. Утварыць гукі, дзьмучы ў трубу ці ў іншы падобны духавы інструмент. Пратрубіць у ражок. // Утварыць моцныя гукі, падобныя на гукі трубы. Лось пратрубіў перамогу над гаем, Аж па вадзе захадзілі кругі. Лось.

2. што. Гукам трубы (ці іншага падобнага духавога інструмента) даць сігнал аб чым‑н. Пратрубіць збор. Пратрубіць трывогу. □ Гарніст пратрубіў адбой, дзетдомаўскі двор апусцеў. Нядзведскі. Пратрубілі дружна ў лад Звонкі марш гарністы. Гілевіч.

3. Разм. Правесці час за якім‑н. нецікавым, бескарысным заняткам. [Дзед:] — Сядай, ды толькі барзджэй, і без гэтага палову дня задарма пратрубіў. Пянкрат.

4. што і без дап. Трубіць некаторы час. Пратрубіць увесь дзень на трубе.

•••

Пратрубіць (пракрычаць) вушы каму — надакучыць размовамі пра што‑н. — А то вось і мой большы [сын] вушы мне пратрубіў: паеду, памагае, паеду на завод, дый годзе... Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прытрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Злёгку падтрымліваючы, не даць рухацца, упасці і пад. Леанід прытрымаў хворую руку, узлез на сена і пачаў вобмацкам выбіраць, дзе зручней прымасціцца. Пташнікаў. — Прытрымай [бервяно], я змянюся, — сказаў Рыгор і выняў кол, каб залажыць яго трошкі вышэй за наступны кавалак. Крапіва. // Затрымаць, прыпыніць (рух каго‑, чаго‑н.). Марцін прытрымаў каня, пакуль Насця.. садзілася на сена. Мележ. Параўняўшыся з агароджай школы, .. [жанчына] прытрымала крок, пайшла павальней. Колас. // Затрымаць на некаторы час, патрымаць некаторы час дзе‑н., для якой‑н. мэты. Нейкі незнаёмы вахцёр прытрымаў мой пропуск. Савіцкі. Білі не дробязь — не сподачкі .., а возьме каторы вялізную вазу.., падыме над галавой, прытрымае, смакуючы небяспеку, і гвазне. Брыль. // Затрымаць наступленне, выкананне чаго‑н. Дажджы прытрымалі сяўбу.

2. Патрымаць да некаторага часу; прыберагчы. Прытрымаць сена к вясне. Прытрымаць тавар.

•••

Прытрымаць язык — не выказацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рахма́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не баіцца чалавека; спакойны, нязлосны (пра жывёлін, звяроў). [Сястра] паведамляла, што скаціна вельмі рахманая — дзіця можа падаіць, што малако ў яе густое, як масла. Сабаленка. Самыя наравістыя, самыя няўрымслівыя коні ў .. [каваля] станавіліся рахманыя, .. пакорлівыя. Дубоўка. Мядзведзі былі рахманыя і мірныя, — да пераезду свайго ў пушчу яны доўга жылі ў заапарках. «Беларусь». / у перан. ужыв. Ціхая, рахманая Свіслач калі-нікалі бурна разлівалася вясной. Новікаў. Вецярок такі рахманы, Нібы рунь палёў І травы Прыляцеў ён калыхаць. Жычка.

2. Памяркоўны ў адносінах да іншых; згаворлівы; дабрадушны, лагодны. Сусед мой ціхі быў, рахманы. Лойка. [Мачаха] была вельмі добрая і рахманая, да мяне адносілася як да свайго дзіцяці. В. Вольскі. // Які выяўляе памяркоўнасць, дабрадушнасць; ласкавы. Раптам Загорскі ўбачыў, што добрае, трохі разгубленае ад ціхага замілавання аблічча нібы падсохла і стала жорсткае. Рахманыя вочы востра звузіліся. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)