АЎТАПАРТРЭ́Т (ад аўта... + партрэт),

выява (вобраз) мастака, выкананая ім самім; разнавіднасць партрэта. Выконваецца звычайна з дапамогай люстэрка, фотаздымка, па ўяўленні. Адлюстроўвае не толькі вонкавае падабенства, але і раскрывае ўнутраны свет мастака, яго схільнасці, погляды.

Вядомы з антычнасці (Фідый) і сярэднявечча. Пашыраны ў творчасці мастакоў Адраджэння (Рафаэль, А.​Дзюрэр). Аўтапартрэт маньерызму (16 ст.) характарызуецца ўскладненасцю вобразнай структуры. Аўтапартрэт 17 ст. мае спавядальны характар, у ім раскрываецца сац. аблічча мастака (Н.​Пусэн, П.​П.​Рубенс, Рэмбрант). У аўтапартрэце 18 ст. падкрэсліваліся і рысы прыватнага жыцця мастака (Ж.​Б.​Шардэн, Дж.​Рэйналдс). Істотнае месца займаў аўтапартрэт у мастацтве рамантызму, прадстаўнікі якога сцвярджалі каштоўнасць творчай асобы і яе багатага духоўнага жыцця. На мяжы 19—20 ст. жанр аўтапартрэта часта выбіраецца для адлюстравання ўласнага светаўспрымання і жывапіснай канцэпцыі мастака (П.​Сезан, В. ван Гог, М.​Урубель). У 20 ст. вобразна-кампазіцыйны кірунак аўтапартрэта значна ўскладніўся.

У бел. выяўл. мастацтве першыя спробы аўтапартрэта, верагодна, звязаны з Ф.​Скарынам і яго малюнкамі для гравюр у шэрагу выданняў. Жывапісныя аўтапартрэты з’явіліся ў 2-й пал. 18 ст. У 19 ст. выдатныя аўтапартрэты стварылі К.​Альхімовіч, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, Я.​Кругер, Ю.​Пешка, А.​Ромер, К. і Б.​Русецкія, Н.​Сілівановіч, Ф.​Смуглевіч, Я.​Сухадольскі; на пач. 20 ст. — Ю.​Пэн, Ф.​Рушчыц, М.​Шагал. Аўтапартрэты 1920—30-х г. адметныя імкненнем спасцігнуць самога сябе (П.​Гаўрыленка, П.​Сергіевіч, М.​Тарасікаў). У 1940—60-я г. ствараліся традыцыйныя аўтапартрэты, у якіх асн. ўвага аддавалася вонкаваму абліччу (І.​Ахрэмчык, В.​Грамыка, Н.​Воранаў, Р.​Кудрэвіч, Л.​Лейтман, М.​Манасзон, Ф.​Мадораў, П.​Раманоўскі, М.​Тарасікаў, У.​Кухараў). У 1970-я г. да аўтапартрэта звярталіся Г.​Вашчанка, В.​Варламаў, Н.​Варвановіч, В.​Грамыка, Л.​Дударанка, Г.​Лойка і інш. У 1980-я г. ў жанры аўтапартрэта з’яўляюцца творы са складаным прадметна-прасторавым асяроддзем, інтэлектуальныя, «маскарадныя», калі мастак выступае ў пэўным амплуа (Ф.​Янушкевіч, Г.​Ціхановіч). Часам тэматычнай асновай аўтапартрэтаў становяцца ўспаміны мастака, роздум над жыццём, уласныя думкі і ідэі (М.​Савіцкі «Вязень № 32815», Г.​Вашчанка «Роздум», В.​Сумараў «Мой свет», М.​Селяшчук «Датычнасць») або аўтапартрэт уводзіцца ў сюжэтныя кампазіцыі, тэматычныя ці групавыя партрэты (Л.​Шчамялёў «Нядзеля», Э.​Белагураў «Сямейны партрэт», І.​Бархаткоў «Бацька і сын»). Сучасны перыяд развіцця аўтапартрэта адметны імкненнем да шматмернасці вобраза, узмацнення псіхал. асновы, філас. падтэксту.

Літ.:

Зингер Л.С. Автопортрет в системе жанров // Зингер Л.С. Очерки теории и истории портрета. М., 1986;

Яго ж. Автопортрет в советской живописи. М., 1986.

М.​І.​Цыбульскі.

Да арт. Аўтапартрэт. А.​Дзюрэр. 1500.
Да арт. Аўтапартрэт. Г.​Серабракова. За туалетам. 1909.
Да арт. Аўтапартрэт. В.​Ваньковіч. 1880-я г.
Да арт. Аўтапартрэт. Л Дударанка. 1982.

т. 2, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)