французскі жывапісец; заснавальнік неаімпрэсіянізму. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1878—79). Працаваў пераважна ў Парыжы. Сюжэты ранніх твораў блізкія традыцыям барбізонскай школы: сельскія віды і сяляне за працай. Пазней пад уплывам імпрэсіяністаў запазычыў у іх тэхніку і тэмы. Першы значны твор — «Купанне ў Аньеры» (1884). У карціне «Нядзеля пасля паўдня на востраве Гранд-Жат» (1886) упершыню выкарыстаў тэхніку пуантылізму. У творах імкнуўся стварыць «лагічную навуковую і жывапісную» сістэму, з дапамогай якой імкнуўся надаць карціне гармонію і ўзгодненасць колеру: «Парад» (1888), «Канкан» (1890), «Цырк» (1891). Пераважную большасць яго работ складаюць пейзажы, марскія віды, у якіх дакладныя натурныя назіранні спалучаюцца з рытмічнай кампазіцыяй: пейзажы Порт-ан-Бесена (1888), Кратуа (1889), Граўліна (1890). Яго маст. канцэпцыі паўплывалі на фавістаў, кубістаў, ням. экспрэсіяністаў і італьян. футурыстаў і інш.
Літ.:
Ж.Сёра. П.Синьяк. Письма. Дневники..: Пер. с фр.М., 1976;
Перрюшо А. Жизнь Сёра: Пер. с фр.М., 1992.
Я.Ф.Шунейка.
Ж.Сёра. Нядзеля пасля паўдня на востраве Гранд-Жат. 1886.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛІВАНО́ВІЧ Нікадзім Юр’евіч (25.12.1834, в. Цынцавічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1919),
бел.жывапісец. Акад. Пецярбургскай АМ (1876). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1859—66), скончыў клас мазаікі (1870) і выкладаў у акадэміі. У 1863 атрымаў званне вольнага мастака і вярнуўся на Беларусь. У 1864 запрошаны Лідскім павятовым праўленнем для афармлення правасл. храмаў. У гэты перыяд пісаў абразы (у т. л. Аляксандра Неўскага, 1864) і партрэты царк. дзеячаў. У 1866 за новыя работы яму прысвоена званне класнага мастака III ступені. У летнія месяцы наведваў радзіму, напісаў карціны «Галава дзяўчынкі», «Партрэт бацькі», «Партрэт яўрэя», «Пастух са Свянцяншчыны», адметныя вастрынёй псіхал. і сац. характарыстык. У 1874 атрымаў званне класнага мастака I ступені. У 1876 разам з І.Лавярэцкім стварыў мазаічную кампазіцыю «Тайная вячэра» для гал. іканастаса Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. У творчасці С. раскрыўся пераход ад класіцызму да рэалізму. Сярод інш. твораў: «Дзеці ў двары», «У школу», «Мужчынскі партрэт», «Партрэт Русцекайтэ», «Павятовы стараста», «Салдат і хлопчык».
французскі жывапісец, тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Парыжы ў вольнай майстэрні Бінга. Адзін з заснавальнікаў Т-ва незалежных мастакоў (1884; з 1903 яго віцэ-прэзідэнт, з 1909 прэзідэнт). У ранні перыяд творчасці быў блізкі да імпрэсіяністаў, з 1886 пад уздзеяннем Ж.Сёра далучыўся да неаімпрэсіянізму. Пісаў пейзажныя віды Пд Францыі, спакойныя па кампазіцыі, у стрыманай збалансаванай гаме («Маяк у Порт-Рые», 1888; «Пясчаны бераг мора», 1890; «Гавань у Марселі», 1907; «Марсельскі порт», 1911; «Канал Сен-Мартэн», 1933), партрэты («Партрэт Фелікса Фенеона», 1890), лірычныя сцэны і дэкар. кампазіцыі, у якіх раскрываў сваю канцэпцыю ідэальнага анархісцкага грамадства («Нядзеля ў Парыжы», 1890; «Жанчына прычэсваецца», «Дзве жанчыны каля студні», абедзве 1892; «У часы гармоніі»,1894). Мадыфікаваў тэхніку пуантылізму, выкарыстоўваў невялікія, строга ўпарадкаваныя квадратныя мазкі чыстага, інтэнсіўнага колеру: «Дамба ў Партрыё» (1888), «Хвоя. Сен-Трапез» (1909) і інш. Аўтар кн. «Ад Эжэна Дэлакруа да неаімпрэсіянізму» (1899), «Іонгкінд» (1927).
Літ.:
Ж.Сёра. П.Синьяк. Письма. Дневники...: Пер. с фр.М., 1976;
французскі жывапісец, адзін з вядучых майстроў імпрэсіянізму. Па паходжанні англічанін. Вучыўся ў майстэрні Ш.Глейра ў Парыжы (1860—63). Зазнаў уплыў К.Каро, К.Манэ. Адлюстроўваў пераважна ваколіцы Парыжа, прыроду Іль-дэ-Франса. Адметныя рысы яго жывапісу — работа на пленэры, сціпласць матываў, вытанчаная гама светлых тонаў, кампазіцыйная завершанасць і манументальная раўнавага. Раннім пейзажам уласціва некаторая змрочнасць: «Вясковая вуліца ў Марлоце» (1866), «Від на Манмартр» (1869). Каля 1870 ён асвятляе палітру, пачынае супрацьпастаўляць мазкі, ва ўраўнаважаных і лёгкіх па фактуры творах значнае месца займае неба і выяўленне неабсяжнай прасторы: «Баржы на канале Сен-Мартэн» (1870), «Лувесьен.
Сеўрская дарога» (1873), «Кузня ў Марлі» (1875), «Паводка ў Пор-Марлі» (1876), «Снег у Лувесьене» (1878). Пасля 1880 фактура яго твораў стала больш пастознай: «Белы крыж у Сен-Маме» (1884), «Сен-Маме» (1885), «Мост у Марэ, эфект навальніцы» (1887), «Стагі сена ў Марэ, эфект раніцы» (1891), «Канал у Луэне» (1892), «Царква ў Марэ пасля дажджу» (1894).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНЮ́ТА Міхаіл Пятровіч (1.10.1881, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 2.1.1974),
бел.жывапісец, педагог. Бацька С.М.Станюты. Вучыўся ў школе малявання Я.Кругера (1908—11), Дзярж. вольных маст. майстэрнях у Маскве (1918—20). З 1920 заг. аддзела выяўл. мастацтва Галоўпалітасветы Беларусі, сакратар аб’яднання мастакоў Беларусі (з 1924), Усебел. аб’яднання мастакоў (1927—30). Выкладаў маляванне ў школах, маст. студыях і гуртках (1920—39). Адзін з ініцыятараў і арганізатараў Мінскай гар.маст. выстаўкі (1921). Працаваў у станковым жывапісе (тэматычная карціна, партрэт, пейзаж, нацюрморт), графіцы. Сюжэтна-тэматычныя карціны вызначаюцца актуальнасцю тэматыкі, выразнасцю кампазіцыі і малюнка, абагульненасцю формы, пастознасцю і колеравай насычанасцю: «Шклозавод» (1924), «Бетоншчыкі» (1927), «Будаўніцтва Універсітэцкага гарадка» (1928), «На будоўлі» (1929), «Ліцейны цэх» (1931). Значнае месца займаў партрэт: «Бежанец», «Аўтапартрэт» (абодва 1921), «Партрэт дачкі» (1923), «Партрэт мастака М.Філіповіча» (1925), «Студэнт» (1927), «Ударнік» (1928), «Беларус» (1944), «Хлопчык у кепцы» (1949), «Партрэт старога» (1952), «Калгасніца» (1961) і інш. Аўтар пейзажаў: «Прыцемкі», «Вечар» (абодва 1920), «Дарогі і хвоі» (1923), «Разбураны Мінск» (1944), «Цэнтральны сквер» (1951), «Зімой у парку» (1965).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАПІ́НІН Васіль Андрэевіч (30.3.1776, с. Карпава Наўгародскай вобл., Расія — 15.5.1857),
рускі жывапісец-партрэтыст. Акад. Пецярбургскай АМ (1824). Ганаровы чл. Маскоўскага маст.т-ва (1843). Да 1823 прыгонны. Скончыў Пецярбургскую АМ (1804). У 1804—12 і 1818—21 жыў на Украіне, з 1821 у Маскве. Стварыў больш за 3 тыс. партрэтаў жыхароў Масквы. Раннія творы вызначаюцца інтымнасцю вобразаў, пяшчотным каларытам, вытрыманым у лёгкай шараватай гаме: партрэты жонкі (1809), сына (1818), М.Карамзіна (1815). Дэтальная характарыстыка мадэлі, часам скульптурная дакладнасць аб’ёмаў, маляўнічасць колеравага ладу, унутр. дынаміка ўласцівы партрэтам П.Булахава (1823), К.Равіча (1825), А.Пушкіна (1827), якія вылучаюцца шырокай жывапіснай манерай, эфектным выкарыстаннем ценяў. Для твораў 1830—40-х г. характэрны складанасць кампазіцыі, узмацненне ролі дэталей, вострахарактарнасць: партрэт В.Зубавай (1834), аўтапартрэт (1846). Стварыў карціны з рамант. рысамі (партрэт К.Брулова, 1836), а таксама тып жанравай, крыху ідэалізаванай выявы чалавека з народа: «Каруначніца» (1823), «Гітарыст» (1832), «Старая з курыцай» (1856). Творчасць Т. паўплывала на развіццё рус. мастацтва 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ДЫЙ (Pheidias; пач. 5 ст. да н.э. — каля 432—431 да н.э.),
старажытнагрэчаскі архітэктар, скульптар і жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў мастацтва высокай класікі. Працаваў у Афінах, Алімпіі, Дэльфах, Платэях. Яго творы вядомы паводле апісанняў стараж. аўтараў і рым. копій. У эпоху Перыкла (444 429 да н.э.) кіраваў буд-вам Афінскага акропаля. Сярод скульпт. работ найб. славутыя бронз. статуя Афіны Прамахас (каля 460 да н.э.), грандыёзныя статуі ў тэхніцы хрысаэлефантынавай скульптуры — Зеўса ў храме Зеўса ў Алімпіі (каля 430 да н.э.; адно з сямі дзівосаў свету) і Афіны Парфенас у храме Парфенон у Афінах (432 да н.э.). Найб. ўяўленне пра творчасць Ф. дае скульпт. ўбранне Парфенона (438—432 да н.э.; фрагменты захоўваюцца ў Брыт. музеі ў Лондане, Луўры і Музеі Акропаля ў Афінах), выкананае пад яго кіраўніцтвам і, магчыма, пры яго ўдзеле. Скульптура Парфенона ў спалучэнні з архітэктурай храма з’яўляецца адным з самых высокіх узораў сінтэзу мастацтваў, адметная багаццем рытмаў і кампазіцыйных прыёмаў, мяккай мадэліроўкай.
Літ.:
Сидорова Н. Жизнь и творчество Фидия // Искусство. 1970. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШРЭ́ТЭР (Schroetter, Szretter, Schretter) Іаган (? — да 20.2.1685), жывапісецням. паходжання. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Польшчы і Літвы. Жыў у Гданьску, у 1640-я — пач. 1650-х г. у Гродне і Вільні, з 1655 у Кёнігсбергу, з 1660-х г. зноў у Вільні. Быў чл. брацтва св. Марціна. У 1646 стварыў для Гродзенскага касцёла брыгітак алтарныя карціны: «Дабравешчанне», «Святая Брыгіта», «Святая Ганна», «Нявіннае зачацце Дзевы Марыі» і інш. У 1646 у Вільні напісаў партрэт жонак Януша Радзівіла — Катажыны Патоцкай і Марыі Лупу. Яму прыпісваюць партрэт Хрысціны Яўхіміі Радзівіл (да 1657). Большасць яго работ не захавалася, у т. л. для брацтва св. Марціна, алтарная карціна «Казьма і Дзям’ян» для касцёла св. Іаана ў Вільні.
Літ.:
Jodkowski J. Nieznane prace J.Szrettera i F.Lekszyckiego // Biuletyn historii sztuki. 1948. №1;
Kamieniecka E. Portrety Jana Szrettera // Rocznik Muzeum Narodowego w Warszawie. Warszawa, 1973. T. 17;
Paknys M. Vilniaus tapytojų padètis XVII a. II puseje // Menotyra. 1999. № 4;
Kałamajska-Saeed M.Kościól brygitek w Grodnie // Sztuka ziem wschodnich Rzeczypospolitej XVI—XVIII w. Lublin, 2000.
А.Лугаваене.
І.Шрэтэр. Партрэт Катажыны і Марыі Радзівіл. 1646.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАНЕ́ЗЕ (Veronese; сапр.Кальяры; Caliari) Паала
(1528, г. Верона, Італія — 19.4.1588),
італьянскі жывапісец позняга Адраджэння. З 1553 працаваў пераважна ў Венецыі. Прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мікеланджэла, Рафаэля, Карэджа, Тыцыяна. Аўтар шматфігурных кампазіцый у час святочных баляў, шэсцяў і аўдыенцый, дзе чалавек выступае ва ўзаемасувязі з наваколлем («Шлюб у Кане Галілейскай», 1563, «Пакланенне вешчуноў», «Баль у доме Левія», абедзве 1573, і інш.). У сваім стылі спалучаў лёгкі вытанчаны малюнак і пластыку форм з каларыстычнай гамай, заснаванай на складаных сугуччах чыстых колераў, аб’яднаных серабрыстым тонам. Яго манум.-дэкар. жывапісу ўласцівыя святочнасць, выразнасць ракурсаў і руху, багацце колераў, сінтэз жывапісу і архітэктуры («Старасць і Юнацтва», 1553, «Трыумф Венецыі», 1578—85, «Знаходжанне Майсея», каля 1580, фрэскі для загарадных венецыянскіх віл). Стварыў мноства разнастайных па кампазіцыі алтароў («Мадонна з дзіцем і святымі», каля 1562). Нешматлікія партрэты вылучаюцца мяккай лірычнасцю, часам маюць адценне жанравасці («Граф да Порта з сынам Адрыяна», каля 1556). У 1570—80-я г. ў творчасці Веранезе прыкметны крызіс рэнесансавага светапогляду: у парадных палотнах назіраецца халодная афіцыйнасць, меланхолія, смутак («Мадонна з сям’ёй Кучына», 1571, «Аплакванне Хрыста», паміж 1576 і 1582, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РМЕР Дэлфцкі (Vermeer van Delft) Ян (31.10.1632, г. Дэлфт, Нідэрланды — 15.12.1675),
галандскі жывапісец, адзін з буйнейшых майстроў галандскага жанравага і пейзажнага жывапісу. Працаваў у Дэлфце. Як мастак сфарміраваўся пад уплывам К.Фабрыцыуса. Захавалася каля 30 яго карцін. Ужо ў ранніх творах імкнуўся аб’яднаць узнёсласць вобразаў з іх блізкасцю да натуры («У зводніцы», «Хрыстос у Марфы і Марыі»). З 2-й пал. 1650-х г. піша невялікія карціны з адной ці некалькімі постацямі ў гар. інтэр’еры, залітым сярэбраным святлом («Дзяўчына з пісьмом», «Служанка са збанам малака»), засяроджваючы ўвагу на агульным лірычным настроі сцэны. Стварыў шэдэўры пейзажнага жывапісу «Вулачка» і «Від Дэлфта». Яго творы 1660-х г. больш сузіральныя і вытанчаныя, а іх жывапіс больш халодны («Дзяўчына з жамчужынай»). У пазнейшых творах Вермера алегарызм, акад. прыёмы, сухасць і стракатасць лакальных колераў адлюстроўваюць агульны заняпад галандскага жывапісу; жыццёвы змест і чароўнасць вобразаў захаваліся толькі ў карцінах, дзе ўвасоблены людзі працы, мастацтва і навукі («Каруначніца», «Географ», «У майстэрні», «Урокі музыкі», «Дама за спінетам» і інш.).