СІЛІВАНО́ВІЧ (Нікадзім Юр’евіч) (25.12.1834, в. Цынцавічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1919),

бел. жывапісец. Акад. Пецярбургскай АМ (1876). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1859—66), скончыў клас мазаікі (1870) і выкладаў у акадэміі. У 1863 атрымаў званне вольнага мастака і вярнуўся на Беларусь. У 1864 запрошаны Лідскім павятовым праўленнем для афармлення правасл. храмаў. У гэты перыяд пісаў абразы (у т. л. Аляксандра Неўскага, 1864) і партрэты царк. дзеячаў. У 1866 за новыя работы яму прысвоена званне класнага мастака III ступені. У летнія месяцы наведваў радзіму, напісаў карціны «Галава дзяўчынкі», «Партрэт бацькі», «Партрэт яўрэя», «Пастух са Свянцяншчыны», адметныя вастрынёй псіхал. і сац. характарыстык. У 1874 атрымаў званне класнага мастака I ступені. У 1876 разам з І.​Лавярэцкім стварыў мазаічную кампазіцыю «Тайная вячэра» для гал. іканастаса Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. У творчасці С. раскрыўся пераход ад класіцызму да рэалізму. Сярод інш. твораў: «Дзеці ў двары», «У школу», «Мужчынскі партрэт», «Партрэт Русцекайтэ», «Павятовы стараста», «Салдат і хлопчык».

Літ.:

Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст. Мн., 1971.

В.​А.​Трыгубовіч.

Н.Сілівановіч. Дзеці ў двары. 1870-я г.

т. 14, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)