ФІ́ДЫЙ (Pheidias; пач. 5 ст. да н.э. — каля 432—431 да н.э.),
старажытнагрэчаскі архітэктар, скульптар і жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў мастацтва высокай класікі. Працаваў у Афінах, Алімпіі, Дэльфах, Платэях. Яго творы вядомы паводле апісанняў стараж. аўтараў і рым. копій. У эпоху Перыкла (444 429 да н.э.) кіраваў буд-вам Афінскага акропаля. Сярод скульпт. работ найб. славутыя бронз. статуя Афіны Прамахас (каля 460 да н.э.), грандыёзныя статуі ў тэхніцы хрысаэлефантынавай скульптуры — Зеўса ў храме Зеўса ў Алімпіі (каля 430 да н.э.; адно з сямі дзівосаў свету) і Афіны Парфенас у храме Парфенон у Афінах (432 да н.э.). Найб. ўяўленне пра творчасць Ф. дае скульпт. ўбранне Парфенона (438—432 да н.э.; фрагменты захоўваюцца ў Брыт. музеі ў Лондане, Луўры і Музеі Акропаля ў Афінах), выкананае пад яго кіраўніцтвам і, магчыма, пры яго ўдзеле. Скульптура Парфенона ў спалучэнні з архітэктурай храма з’яўляецца адным з самых высокіх узораў сінтэзу мастацтваў, адметная багаццем рытмаў і кампазіцыйных прыёмаў, мяккай мадэліроўкай.
Літ.:
Сидорова Н. Жизнь и творчество Фидия // Искусство. 1970. № 9.
т. 16, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)