СТАНЮ́ТА Міхаіл Пятровіч (1.10.1881, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 2.1.1974),
бел. жывапісец, педагог. Бацька С.М.Станюты. Вучыўся ў школе малявання Я.Кругера (1908—11), Дзярж. вольных маст. майстэрнях у Маскве (1918—20). З 1920 заг. аддзела выяўл. мастацтва Галоўпалітасветы Беларусі, сакратар аб’яднання мастакоў Беларусі (з 1924), Усебел. аб’яднання мастакоў (1927—30). Выкладаў маляванне ў школах, маст. студыях і гуртках (1920—39). Адзін з ініцыятараў і арганізатараў Мінскай гар.маст. выстаўкі (1921). Працаваў у станковым жывапісе (тэматычная карціна, партрэт, пейзаж, нацюрморт), графіцы. Сюжэтна-тэматычныя карціны вызначаюцца актуальнасцю тэматыкі, выразнасцю кампазіцыі і малюнка, абагульненасцю формы, пастознасцю і колеравай насычанасцю: «Шклозавод» (1924), «Бетоншчыкі» (1927), «Будаўніцтва Універсітэцкага гарадка» (1928), «На будоўлі» (1929), «Ліцейны цэх» (1931). Значнае месца займаў партрэт: «Бежанец», «Аўтапартрэт» (абодва 1921), «Партрэт дачкі» (1923), «Партрэт мастака М.Філіповіча» (1925), «Студэнт» (1927), «Ударнік» (1928), «Беларус» (1944), «Хлопчык у кепцы» (1949), «Партрэт старога» (1952), «Калгасніца» (1961) і інш. Аўтар пейзажаў: «Прыцемкі», «Вечар» (абодва 1920), «Дарогі і хвоі» (1923), «Разбураны Мінск» (1944), «Цэнтральны сквер» (1951), «Зімой у парку» (1965).