пае́сці, паем, паясі, паесць; паядзім, паясце, паядуць; пр. паеў, ‑ела; заг. паеш; зак.

1. чаго і без дап. З’есці чаго‑н. у якой‑н. колькасці, прыняць ежу. — Паешце гарачага, — запрашала гаспадыня. Лобан. Валодзя крышку паеў і сказаў маці, што вельмі хоча спаць, бо ўсю ноч быў у дарозе. Федасеенка. Як усе вясёлыя людзі,.. [Ярохін] быў здаровы чалавек і, як усе здаровыя, любіў добра паесці. Шамякін.

2. каго-што. З’есці, знішчыць усё, усіх або ў вялікай колькасці. Вусень паеў усё лісце. □ У гэтыя хвіліны .. [Адам] адчуў голад. Нічога ў яго не было. Кілбасы і сыры ён даўно, паеў. Чорны.

3. што. Грызучы, раз’ядаючы, сапсаваць што‑н. — Але глядзі ты, як струхлела [сцяна]. — Шашаль паеў. Чорны. Калі б не працавалі косы, Даўно б паела іх іржа. Тармола.

•••

Жданкі (чаканні) паесці — не дачакаўшыся, страціць надзею на чый‑н. прыход, прыезд і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́сці, ем, ясі́, есць; ядзі́м, ясце́, яду́ць; еў, е́ла; еш; незак.

1. каго-што і без дап. Ужываць ежу.

Е. яблыкі.

Чаго не ясі, таго ў рот не нясі (прыказка).

2. толькі ў інф. (у спалучэнні з дзеясловам). Ежа, харч.

Наварыць е.

Хацець е.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Разбураць хімічна, раз’ядаць.

Іржа есць жалеза.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Выклікаць пякучы боль, раздражняць (пра дым і пад.).

Густы дым еў вочы.

5. перан., каго-што. Не даваць спакою, мучыць (пра сумленне, тугу, боль).

Сэрца маё есць туга.

6. перан., каго (што). Папракаць, назаляць, не даваць спакою (разм.).

Кожны дзень грызуцца, ядуць адзін аднаго.

Дарэмна хлеб есці (разм.) — не прыносіць ніякай карысці, гультаяваць.

Есці вачамі (разм.) — пільна ўглядацца, не адрываючы позірку.

Есці, як не ў сябе (разм.) — прагна есці.

Пасаліўшы, есці можна (разм.) — пра што-н. пасрэднае, цярпімае.

Поедам есці (разм., неадабр.) — бесперапынку папракаць.

|| зак. пае́сці, паем́, паясі́, пае́сць; паядзі́м, паясце́, паяду́ць; пае́ш (да 1 знач.: ужыць для ежы) і з’е́сці, з’ем, з’ясі́; з’есць; з’ядзі́м, з’ясце́, з’яду́ць; з’еш; з’е́дзены (да 1, 3, 5 і 6 знач.).

|| наз. яда́, -ы́, ДМ ядзе́, ж. (да 1 знач.).

У час яды.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Пры́мха, часцей мн. л. пры́мхі ’забабоны, забабонныя прыкметы’ (ТСБМ, Шн. 1, Растарг.; лях., Сл. ПЗБ, ТС), пры́мухі ’прымхі; жарты’ (Ян.). Няясна. Верагодна, з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем ад прымсці́ць/прымсці́цца (гл.) з экспрэсіўным ‑х‑ на месцы ‑с‑ у фіналі асновы (чакалася б *пры́мс(х)а) і развіццём першаснай семантычнай базы (гл. Краўчук, Бел. лекс., 86). Іншыя версіі выказвалі Мікуцкі (сувязь з муха, параўн. польск. muchi w nosie ’пра ганарлівага, непрадказальнага’, гл. падрабязней Неўская, История слав. этим., 21; параўн. яшчэ макед. мушичка ’мошка; капрыз’), Свобада (Studies in Slavic Ling. and Poetics, N.Y. — London, 1968, 247). Ткачэнка (ЕСУМ, 4, 574) параўноўвае з рус. па́мха ’перашкода, ліха, пошасць’, помха ’неўраджай’, што да мох (гл.), *мъха ’хвароба коласа; іржа’; Трубачоў (ЭССЯ, 22, 194) адносіць да *mъxъ (гл. мох) у сувязі з павер’ямі, але не выключаецца і сувязь з *mъšъka ’мошка, мушка’. Параўн. укр. при́мхи ’тс’, при́мха ’капрыз, недарэчнае жаданне, выдумка’, при́мхати ’капрызіць’, при́мхливий, примхува́тий ’капрызны, пераборлівы’. Спецыяльна гл. Мяркулава, Этим. иссл., 6, 23.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Асу́га, осу́га ’пот’ (тураў., Выг.), ’іней, шэрань’. Укр. дыял. осуга, суга́ ’налёт, іржа на вадзе ў балоце, высыпка на губах’, слой вадкасці на іншай вадкасці, від плесні’, восу́га ’пара на шыбцы’, осу́жка ’вяршкі’, славац. osuheľ, osuhlina ’шэрань’, дыял. osuha ’шэрань; сыры туман’, чэш. (мар.) osuhel ’імгла зімой, шэрань, іней’, osuhlý ’шурпаты, маркотны, непрыемны’. Верагодна, утварэнне з суфіксальным ‑га ад дзеяслова *osuti ’абсыпаць’: параўн. ст.-слав. і ст.-рус. соути ’сыпаць’, польск. і ст.-польск. osuć, серб.-харв. о̀сути, славен. osúti ’абсыпаць’ (прасл. *osupti); параўн. таксама чэш. osutina ’высыпка на целе’. Мацэнауэр (LF, 12, 175) хацеў вывесці ад нейкага кораня соуг‑, аднак не давёў свайго намеру да канца; Зубаты (Studie, I, 1, 167–170) намагаўся звязаць чэшскія словы з праслав. *o‑sǫg‑lъ, што мела суадносіцца з *osęgti ’дасягнуць’; Махэк₂ (421) прапануе сувязь з польск. у Карловіча osęgly ’дажджлівы’, якое ён выводзіць з *osędły < oszędły ад кораня szedy ’сівы’. Гэтыя этымалагічныя прапановы малапераканаўчыя; украінскія і беларускія факты ў іх не ўлічаны. Ці сюды пакінутае Скокам без тлумачэння: серб.-харв. осуга ’стужка’, няясна. Параўн. н.-луж. wósuch ’струп, парша’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руда́1 ’прыродная мінеральная сыравіна з металамі або іх злучэннямі’ (ТСБМ). У тым жа значэнні ўкр., рус. руда́, польск., в.-луж. ruda, чэш., славац. ruda, славен. rúda, серб.-харв. ру́да, балг. ру́да́. Прасл. *ruda ад і.-е. кораня *reudh‑ (*roudh‑/*rudh‑) ’чырвоны, руды, рыжы’. Суадносіцца з прасл. *rudъjь ’руды, чырвоны, рыжы’, гл. руды (Трубачоў, Этимология–1988–1990; ESJSt, 13, 781). Адносна сувязі з і.-е. *r(e)udh‑ ’медзь’ гл. Глухак, 533; Нов. в рус. этим., 1, 199.

Руда́2 ’красільнае рэчыва, што змяшчаецца ў ільняным палатне, выводзіцца з палатна вымочваннем і адбельваннем’ (Сл. Брэс.). Ад руды (гл.) як чэрня ’чорная фарба, чорнае адзенне’ < чорны, голя ’голае месца’ і пад.

Руда́3 ’рудая вада на балоце’ (навагр., Нар. сл.; Сл. ПЗБ), ’іржа, іржавы налёт’ (ТС), ’гразь’ (Нас., Мат. Маг., Касп.). Гл. руда2, руды.

Руда́4 ’кроў’ (Нас., Гарэц.). Укр., рус. руда́ ’тс’. Выводзяць з руда3, магчыма, у выніку табуізацыі слова кроў (Фасмер, 3, 513 з літ-рай), або з першаснага значэння ’штосьці чырвонае’ (Борысь, SEK, 4, 188), параўн. ст.-інд. rudhirám ’кроў’ (< і.-е. *roudh‑ ’чырвоны, руды’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ірдзе́ст, рдзест ’вадзяная кветкавая расліна з доўгім сцяблом і невялікім, звычайна падводным лісцем; урэчнік’ (ТСБМ), дрост, драсён ’расліна Polygonum L.’ (Байк. і Некр.). Рус. рдест, укр. рдест, рде́сник ’тс’, де́рес ’расліна драсён, Polygonum’, польск. rdest, drest ’расліна Nectris’, в.-луж. drěst, drósi ’расліна Bidens tripartita’, н.-луж. drest ’ірдзест, Potamogeton natans L., Polygonum persicaria L.’, чэш. rdesno, rdest ’расліна Polygonum’, славац. уст. rdest, rdesno ’ірдзест Potamogeton’, славен. rdésen ’расліна драсён, Polygonum’, серб.-харв. дресан ’расліна Polygonum persicaria’. Бел. ірдзест з прыстаўным і‑ з рус. рдест, якое з польск. rdest. Праславянская форма рэканструюецца неадназначна. Фасмер (3, 452) прапануе як магчымую праформу *rъdъstъ, адкуль звычайна збліжэнне з *rъděti, *rъdja (гл. ірдзець, іржа1), Міклашыч, 284; Брукнер, 455. Найбольш верагодна рэканструкцыя *drěstъ, *drěstьnъ (першапачаткова прыметнік), звязаных з дзеясловам *dristati, паколькі корань раслін сямейства ірдзеставых выкарыстоўваецца як страўнікавы сродак; параўн. рус. завязный корень, животный корень, серб.-харв. желудњак і да т. п. (Мяркулава, Очерки, 41–42; Трубачоў, Эт. сл., 5, 110–111). Махэк₂ (510), Jména rostl. (86), Голуб-Копечны (310) зыходзяць з першапачатковага *nerstъ і звязваюць з нерастам. Іншыя версіі (збліжэнне з грэч. ῥοδον ’роза’ і г. д.) гл. Фасмер, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

смуга́

1. Тое, што і смуг 1, 2 (Слон. пав. 1576 АВАК, XVIII, 29, Стаўбц. Прышч.).

2. Невялікае цячэнне на балоце (Палессе Талст.); багністая пратока (Стол.); вузкая забалочаная нізіна, рэчышча (Жытк.). Тое ж сму́га (Палессе Талст., Стол.), смужаві́нка (Жытк.).

3. Тонкая пялёнка гразі, пылу, павуціння на зямлі пасля зімы (Мін., Слаўг.). Тое ж іржа́ (Мін.).

4. Непраходнае балота, багна; гразкае месца (Гарадз. ДАБМ, 413 п.). Тое ж сму́га (Кар. Араш., 91, Стол.), сму́гліна (Нов. ДАБМ, 424 п. на к.), смуга́рына (Нов. ДАБМ, 416 п.).

ур. Смуга́ (паша) Стаўбц. (Прышч.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Мароз1, моро́з, муроз ’моцны холад, сцюжа’, ’іней’, ’наледзь на шыбах, раслінах, на зямлі’, маразы́ ’халоднае надвор’е з вельмі нізкай тэмпературай’, марозіць, марозіць ’моцна ахалоджваць, замарожваць’ (ТСБМ, Бес., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ, Яруш., Др.-Падб.), марошчык ’марозік’ (рэч., Нар. сл.), марозны, маразлі́вы, маразя́ны, маразя́нны, марозены, марозіву ’вельмі халодны, з марозам’ (ТСБМ, Кліх, ТС, Сл. ПЗБ), ’яркі, бліскучы (пра зоркі)’ (мін., шальч., валож., Яруш., Сл. ПЗБ), кір. марозавы, ’мёрзлы’ (Нар. сл.), маразя́ка, маразя́га, мыразюга́н, маразю́ка, маразя́нка ’моцны мароз’ (Мат. Гом., Нар. Гом., ТС, Сцяшк. Сл.; глыб., Сл. ПЗБ), марозовіна ’наледзь, ледзяны’ (ТС), морозна ’холадна’ (Касп.). Укр., рус. мороз, польск. mróz ’мароз’, н.-луж. mroź ’іней’, в.-луж. mróz, чэш., славац. mróz ’мароз’, славен. mràz ’сцюжа, іней’, серб.-харв. мра̏з ’мароз, холад, іней, лёд’, макед. мраз ’лёд’, ’мароз’, балг. ’мароз’, ст.-слав. мразъ ’лёд’, ’сцюжа’. Прасл. morzъ. Роднаснымі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца: алб. marth ’мароз’, mardhem ’мёрзну’, mardhë ’гусіная скура’ (Бернекер, 2, 80; Фасмер, 2, 656), ст.-в.-ням. murc ’трухлявы, гнілы’, murgfari ’крохкі, ломкі’, ст.-ірл. meircіржа’, кімр. merydd ’вільготны’, якія да і.-е. *mergʼh‑ ’трухнець, гніць, мокнуць’ (Покарны, 739; Бязлай, 2, 199).

Мароз2 ’кветкі «бабіна лета»’ (нараўл., Мат. Гом.). Да мароз1 (гл.). Матывацыя: кветкі цвітуць у верасні, калі ўжо пачынаюцца замаразкі. Гэтаксама рус. зах.-каўк. мороз ’Mesembrianthemum cristallinum L.’, цвяр. морозка ’марошка прысадзістая, Rubus chamaemorus L.’, дан. мороз‑трава ’цмен, Helichrysum Mill. arenarium (L.) D. C.’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

Разм.

1. Узяць, забраць з сабою. Варывончыка ведаюць на курсе як чалавека практычнага. Аб гэтым сведчаць і старыя чаравікі, якія ён не забыў прыхапіць [на ўборку бульбы]. Навуменка. Максіму прыйшло на думку, што Астапчык, відаць, не быў упэўнены ў яго згодзе, таму прыхапіў з сабой Дварчаніна на дапамогу. Машара. // Набыць, узяць дзе‑н. або ў каго‑н. Васіліна забрала ў Люды аловак, прыхапіла з суседняга стала аркуш паперы і схілілася над картай. Хадкевіч. // і чаго. Захапіць у дадатак да чаго‑н. Прыхапіць лішку пры кройцы. □ І паехаў. На Першамай. Думаў, там яшчэ дзянёк-два прыхаплю... Ракітны.

2. Зверху, злёгку замарозіць; падмарозіць. Калі адшумела жаўталісце і марозікі прыхапілі палі і дарогі, эскадрон уланаў ноччу заняў Зацішша. Грахоўскі. // Пашкодзіць, папсаваць што‑н. (пра мароз, агонь і пад.). Першыя замаразкі прыхапілі пад акном вяргіні: яны пабляклі, пачарнелі. Кірэйчык. / у безас. ужыв. — Пабеглі [махорачніцы] расаду накрываць, баяцца, каб уночы марозікам не прыхапіла. Кулакоўскі. Агнём прыхапіла і сліву і грушу... А вішні, што кусціліся ля плота, і зусім пагарэлі, пагарэлі разам з платамі... Сачанка.

3. Застаць, заспець, захапіць каго‑, што‑н. дзе‑н. Бліскавіца! Што, як з хмаркі дожджык хлыне? Дзе спыніцца? Ой, застудзіць ды замочыць, як прыхопіць. Дзяргай.

4. Прымацаваць, замацаваць чым‑н. Прыхапіць валасы грэбенем. □ — І люкі цяпер не адкрыеш. Іржа, яна лепш за электразварку метал прыхапіла. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́сці, ем, ясі, есць; ядзім, ясце, ядуць; пр. еў, ела; заг. еш; незак., каго-што.

1. і без дап. Прымаць ежу, перажоўваючы яе і глытаючы. Есці булку з маслам. Хацець есці. □ Не сказаць, каб вялікія ласункі былі з чэрствага хлеба, але еў яго Міколка з вялікай ахвотай. Лынькоў. // Ужываць у якасці ежы, для ежы. Не есці мяснога. □ Горкая рэдзька, ды ядуць, дрэнна замужам, ды ідуць. Прыказка. // Харчавацца. Прывезлі мяса дамоў. Дома пасалілі, — аж дванаццаць кадушак насалілі! Цэлы год тое мяса з гаспадаром елі. Якімовіч.

2. толькі ў інф. (у спалучэнні з дзеясл.). Ежа, харч. Варыць есці. □ Нясе жонка [аратаму] есці Цэлы спарышок. Купала.

3. Кусаць, грызці (пра насякомых, грызуноў). Моль есць футра. □ Ядуць вас мухі з камарамі. З нар.

4. Раз’ядаць, разбураць хімічна. Іржа на вышках есць парог. Купала. // Раздражняць, раз’ядаць (пра дым). Бела-сіні, надта горкі Лезе ў вочы, есць да слёз, Душыць горла дым махоркі, Самагон зрывае нос. Крапіва. Пыл есць вочы і горла забівае. Ермаловіч.

5. перан. Разм. Не даваць спакою, мучыць; грызці (пра сумленне, боль і пад.). Магло здавацца, што .. [Стафанковіча] есць з сярэдзіны нейкі боль. Чорны. Згрызае, есць яго нуда. Адзін ён тут у волкім змроку. Колас.

6. перан. Разм. Даймаць каго‑н. сваркамі, папрокамі, назаляць, не даваць спакою. Адразу пачаў гаварыць Апанас Сегень пра адвечную вясковую песню: за кавалак гнілой вяроўкі ўвесь век ядуць адно аднаго. Чорны.

•••

Дарэмна хлеб есці — гультаяваць, не прыносіць ніякай карысці.

Есці вачамі — пільна ўглядацца, не адводзячы позірку; упівацца вачамі.

Есці не просіць гл. прасіць.

Есці просяць гл. прасіць.

Есці чужы хлеб — жыць за чый‑н. кошт, знаходзіцца на чыім‑н. утрыманні.

Есць чарвяк каго гл. чарвяк.

Еш не хачу — усякай яды ўволю, з лішкам.

Мала кашы еў (з’еў) — яшчэ малады, нявопытны, каб брацца за сур’ёзную справу.

Пасаліўшы, есці можна — пра што‑н. пасрэднае, цярпімае.

Поедам есці — бесперастанку мучыць папрокамі.

Хлеб есці з чаго — мець карысць, даход з якога‑н. занятку.

Хоць воўк траву еш гл. воўк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)