САКАЛО́Ў Юрый Мацвеевіч (20.4.1889, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.1.1941),

рускі і ўкр. фалькларыст і літ.-знавец. Акад. АН Украіны (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1911). У 1911—25 выкладаў у гімназіях і ВНУ Масквы. З 1939 дырэктар Ін-та фальклору АН Украіны. Складальнік фальклорных зб-каў: «Казкі і песні Белазерскага краю» (1915), «Паэзія вёскі» (1926; абодва з Б.​М.​Сакаловым), «Быліны» (1937), «Народная лірыка» (1939), «Анежскія быліны» (выд. 1948) і інш. Аўтар прац «Слова аб палку Ігаравым» і народная творчасць» (1936), «Рускі фальклор» (1941). У некат. працах выкарыстоўваў бел. фальклор.

т. 14, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАТЭ́РНІК Мікалай Васілевіч (11.9.1890, в. Старына Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 2.12.1934),

бел. мовазнавец і педагог. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1914), Бел. дзярж. вышэйшы пед. ін-т (1934). У 1914—29 настаўнічаў на Міншчыне, у 1933—34 выкладчык бел. мовы і л-ры ў Аршанскім пед. тэхнікуме. Складальнік «Краёвага слоўніка Чэрвеньшчыны» (1929), у якім растлумачыў і праілюстраваў прыкладамі звязнага тэксту значэнне каля 9 тыс. слоў і фразеалагізмаў, сабраных у 35 населеных пунктах б. Ігуменскага павета. Аўтар артыкулаў па пытаннях педагогікі і методыкі.

І.​К.​Германовіч.

т. 17, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЧЭ́ЎСКІ Артур Артуравіч (4.2.1863, с. Рылькава Смаленскай вобл., Расія — 12.2.1932),

расійскі вучоны ў галіне батанікі. Чл-кар. АН СССР (1923). З 1896 у Пецярб. бат. садзе. У 1907 арганізаваў і ўзначаліў Бюро па мікалогіі і фітапаталогіі Дэпартамента земляробства, адначасова (з 1904) праф. вышэйшых навук. устаноў у Пецярбургу. Навук. працы па сістэматыцы і філагеніі грыбоў, па грыбных, бактэрыяльных і вірусных хваробах раслін. Аўтар першага на рус. мове вызначальніка грыбоў (1897). Складальнік «Штогодніка звестак пра хваробы і пашкоджанні культ. і дзікарослых палявых раслін» (т. 1—7, 1904—17).

т. 18, кн. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСПА́ЛЫ Змітро (Дзмітрый Аляксандравіч; н. 28.8.1934, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). Працаваў у час. «Вожык», час. «Родная прырода», з 1994 у «Беларускай лясной газеце». Першая кніга — анімалістычныя абразкі «Лясныя хітруны» (1969, 2-е выд. 1986). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцяў, казак і замалёвак аб прыродзе Беларусі (зб-кі «У лясной каморы», 1972; «Дзіўны птах», 1981; «Казкі Сіняга лесу», 1983; серыя кніг «Звяры Белавежскай пушчы», 1987; «Птушкі Белавежскай пушчы», 1988). Складальнік зб-ка «Беларускія народныя жарты» (1970). Гумарыстычныя творы ў зб-ках «Сякера пад лаваю» (1970), «Ад варот паварот» (1977).

т. 3, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕВА Ларыса Нічыпараўна (н. 8.8.1933, Мінск),

бел. літ.-знавец і крытык. Канд. філал. н. (1966), дац. (1979). Скончыла БДУ (1955). У 1956—68 у Ін-це л-ры АН Беларусі, у 1973—82 у БДУ (1968—72 у Нью-Йорку, 1982—88 у Аўстрыі). Друкуецца з 1964. Даследуе творчасць М.​Багдановіча, Я.​Коласа, К.​Чорнага, Я.​Брыля, сучасную прозу, традыцыі стараж. рус. і бел. л-р, пытанні тэксталогіі. Аўтар манаграфіі «Янка Брыль — мастак» (1968). Складальнік хрэстаматыі «Старажытная руская літаратура ў даследаваннях» (1979, з Л.​Кароткай), метадычнага дапаможніка «Гісторыя старажытнай рускай літаратуры і літаратуры XVIII ст.» (1982, з Кароткай).

т. 5, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЛЕ́НЬЕЎ Іван Іванавіч (?—22.2.1784),

расійскі астраном, геадэзіст, падарожнік. Вучань Л.Эйлера. Атрымаў падрыхтоўку ў акад. абсерваторыі. З 1771 ад’юнкт у Геагр. дэпартаменце Пецярбургскай АН. Прапанаваў новы метад вызначэння геагр. даўгаты. У 1768 накіраваны ў Якуцк для назірання за праходжаннем Венеры праз дыск Сонца. Справаздача надрукавана асобна («Назіранні з выпадку праходжання Венеры па Сонцы, у Якуцку зробленае капітанам І.​І.​Ісленьевым», СПб., 1769) і ў «Каментарыях» АН (т. 14, 1770). Абследаваў Сібір, Паволжа, Прыдняпроўе і інш. раёны. Кіраўнік экспедыцыі 1773 у Беларусь (Рагачоў, Магілёў, Віцебск, Полацк і інш. гарады). Складальнік шэрагу геагр. карт.

Н.​Ю.​Бярозкіна.

т. 7, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЫ́РА Леанід Аляксеевіч (н. 12.9.1949, в. Негрымава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. перакладчык, літ.-знавец. Брат А.А.Казыры. Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1972). З 1978 супрацоўнік Ін-та л-ры Нац. АН Беларусі. Даследуе бел.заходнееўрап. літ. сувязі, пытанні маст. перакладу. Пераклаў на бел. мову раманы Ф.​Марыяка «Тэрэза Дэскейру» і «Клубок гадзюк» (1985), дэтэктыўны раман Д.​Пендлтана «Сіцылійскі набат» (1994) і інш. Складальнік і адзін з перакладчыкаў зб. «Французская навела XX ст.» (1992). Сааўтар. кн. «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (1988), «Англа-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай лексікі» (1993).

Л.​М.​Гарзлік.

т. 7, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЬКО́ЎСКІ Аляксандр Захаравіч (25.12.1900, с. Снежная Вінніцкай вобл., Украіна — 12.4.1979),

украінскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1960). Скончыў кіеўскі Муз.-драм. ін-т імя М.​Лысенкі (1930). У 1934—41 маст. кіраўнік і гал. дырыжор хар. капэлы Укр. радыё, з 1943 дырэктар і дырыжор Укр. дзярж. нар. хору, у 1946—73 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. капэлы бандурыстаў Украіны. З 1951 выкладаў у Кіеўскай кансерваторыі (з 1965 праф.). Складальнік зборнікаў для хар. калектываў, ансамбляў і капэл бандурыстаў, аўтар музыказнаўчых артыкулаў. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1969.

Літ.:

Лаба Б.М. О.​Міньківський. Київ, 1980.

т. 10, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАША́ЙЦЕНЕ (Stašaitienė) Валянціна Пранаўна (26.12.1911, г. Самара, Расія — 1.2.1990),

літоўскі мовазнавец. Д-р філал. н. (1976), праф. (1978). Скончыла вільнюскія ун-т (1942) і пед. ін-т (1955). З 1947 выкладчык Літоўскай с.-г. акадэміі, Вільнюскага ун-та, з 1976 Каўнаскага політэхн. ін-та. Даследавала пытанні лексікалогіі, лексікаграфіі, тэорыі перакладу, методыкі выкладання моў. Распрацоўвала праблемы гіст. лексікалогіі бел. мовы: «Лексіка Літоўскай метрыкі (кніг судовых спраў)» (1965), «Абстрактная лексіка на матэрыяле старабеларускіх пісьмовых помнікаў XV—XVII стст.» (1973). Аўтар «Руска-літоўскага размоўніка» (1961), складальнік «Руска-літоўскага фразеалагічнага слоўніка» (з І.​Паўлаўскасам, 1985).

Р.​С.​Гамзовіч.

т. 15, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РСКІ Дзмітрый Алегавіч (н. 8.10.1959, Мінск),

бел. дызайнер, мастак. Сын А.А.Сурскага. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). З 1982 мастак-канструктар Усесаюзнага НДІ тэхн. эстэтыкі, у 1988—89 заг. сектара ін-та «Белбыттэхпраект». Сярод асн. работ: праекты і мадэлі-ўзоры «Гарадскі аўтамабіль» (1982) і «Санітарна-гігіенічны комплекс» (1998), асартыменту нажніц (1986), фірменныя стылі спарт. цэнтра «Волат» (1990), Палаца Рэспублікі (1999), плакаты «Эканомія ў быце» (1985), «Хлеб усяму галава», «Кадры вырашаюць усё» (абодва 1989), рэкламныя плакаты. Аўтар-складальнік каталога «Знак: Лагатып» (2000), альманаха «PRO дизайн» (з 2001). З 1995 прэзідэнт Бел. саюза дызайнераў.

Дз.Сурскі. Санітарна-гігіенічны комплекс. 1998.

т. 15, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)