БАРАЗНА́ Лявон Цімафеевіч

(4.2.1929, в. Новае Сяло Талачынскага р-на Віцебскай вобласці — 15.8.1972),

бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Бел тэатр.-маст. ін-т (1968). У выніку падарожжаў па Беларусі ў 1950—60-я г. падрыхтаваў альбомы «Беларускае народнае адзенне», «Беларуская народная вопратка», «Арнамент паўднёвай Беларусі», «Тканіны Гродзеншчыны» і вял. серыю жывапісных і графічных пейзажаў Беларусі. Паводле яго эскізаў створаны касцюмы для ансамбляў песні і танца (Гродзенскага «Нёман», Смаргонскага імя Агінскага, Навагрудскага «Свіцязь» і інш.). У 1966—69 гал. мастак Маст. фонду Беларусі. Працаваў у тэхніках жывапісу («Зязюленька», «Народны спявак Моніч», аўтапартрэт, партрэт «Маці»), акварэлі («Стары Мінск», «Гаспадар»), пастэлі («Старая», «Мястэчка»), вітраж («Будаўніца»), графікі і інш. Складальнік альбома «Гравюры Францыска Скарыны» (1972, 2-е выд. 1990).

І.П.Хаўратовіч.

т. 2, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)