ДРЭ́ЕРЭ (Dreiere) Зіта (дзявочае Эрс; н. 6.8.1952, Рыга),

латышская артыстка балета. Нар. арт. Латвіі (1976). Нар. арт. СССР (1989). Скончыла Рыжскае харэаграфічнае вучылішча (1969). З 1969 салістка Дзярж. акад. т-ра оперы і балета Латвіі (цяпер Нац. опера Латвіі). Сярод партый: Аўрора («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жызэль, Медора («Жызэль», «Карсар» А.​Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Ліенітэ («Спрыдытыс» А.​Жылінскіса). Творчасць Д. адметная тэхн. майстэрствам, драм. выразнасцю, пластычнасцю, эмацыянальнасцю.

т. 6, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЕ́НІЧ Ганна Трафімаўна (4.8.1902, г. Магілёў — 12.4.1990),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Скончыла Бел. муз. тэхнікум (1930), Бел. кансерваторыю (1937, клас П.​Ціханава). У 1933—61 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага тэмбру, акцёрскімі здольнасцямі. Сярод партый: Вольга і Ларына, Паліна і Гувернантка, Салоха («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Флора («Травіята» Дж.​Вердзі), Берта («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Кэт («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні).

Б.​С.​Смольскі.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛКУНО́ВА Валянціна Васілеўна (н. 12.7.1946, г. Армавір Краснадарскага краю. Расія),

расійская эстрадная спявачка. Нар. арт. Расіі (1987). З 1966 на сцэне. З 1973 салістка Масканцэрта. З 1987 маст. кіраўнік створанага ёю Маскоўскага т-ра муз. драмы і песні. Першая выканаўца прысвечаных ёй песень і вак. цыклаў, манаоперы «Рускія жанчыны» І.​Катаева на вершы М.​Някрасава. У рэпертуары таксама рус. нар. песні. 1-я прэмія на Усесаюзным тэлеконкурсе «З песняй па жыцці» (1973).

Л.​А.​Шымановіч.

т. 15, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́НІ (Henie) Соня (8.4.1912, Осла — 12.10.1969),

нарвежская спартсменка (фігурнае катанне на лёдзе). Чэмпіёнка II, III i IV зімовых Алімп. гульняў (1928, г. Санкт-Морыц, Швейцарыя; 1932, г. Лейк-Плэсід, ЗША; 1936, г. Гарміш-Партэнкірхен, Германія); чэмпіёнка свету (1927—36), Еўропы (1931—36). З 1936 салістка Галівудскага балета на лёдзе (ЗША). У 1936—45 знялася ў 10 кінафільмах у Галівудзе. Заснавальніца (разам з мужам) музея сучаснага мастацтва (1968, паблізу Осла).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 17, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАКЛІ́НСКАЯ Марыяна (каля 1766, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),

бел. і польская артыстка балета. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.​Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У 1778 дэбютавала на сцэне Гродзенскага тэатра Тызенгаўза ў школьным спектаклі «Вясковы балет» Г.​Петынеці. У 1785—97 салістка балетнай трупы «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, выступала на каралеўскіх сцэнах, у «Тэатры нарадовым». Танцавала ў балеце «Лукас і Калінета» (1785) і інш. Верагодна, атрымала вольную.

т. 17, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́ХАВА Надзея Андрэеўна (6.3.1886, Масква — 14.8.1961),

рус. спявачка (мецца-сапрана), выдатная прадстаўніца рус. вакальнай школы. Нар. артыстка СССР (1937). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1912). У 1916—48 салістка Вял. т-ра СССР. Валодала голасам багатага тэмбру, шырокага дыяпазону. Выконвала кантральтавыя і высокія мецца-сапранавыя партыі. Лепшыя з іх: Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Марфа («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Літ.:

Поляновский Г. Н.​А.​Обухова. 2 изд. М., 1986.

т. 1, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЬЗА́ЦКАЯ Марына Мікалаеўна (н. 4.12.1913, Масква),

бел. артыстка балета, балетмайстар. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Нар. арт. Беларусі (1977). Скончыла балетны тэхнікум пры Вял. т-ры (1931), працавала ў муз. т-рах Масквы. З 1944 салістка балета Дзярж. джаз-аркестра БССР, з 1947 т-ра муз. камедыі БССР, з 1949 ансамбля аперэты пры Белдзяржэстрадзе. Стваральнік (1958), маст. кіраўнік і харэограф (да 1996) мінскага ўзорнага ансамбля танца «Равеснік» рэсп. міжсаюзнага Палаца культуры прафсаюзаў (больш за 100 пастановак).

М.М.Бяльзацкая.

т. 3, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РСАВА (сапр. Уладзімірава) Валерыя Уладзіміраўна

(13.6.1892, г. Астрахань, Расія — 13.12.1967),

руская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1937). Праф. (1952). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1919). З 1917 спявала ў Оперным т-ры Зіміна (выступала з Ф.​Шаляпіным). У 1920—48 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Шамаханская царыца («Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 2, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХНЕ́ВІЧ Кася (1746?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),

танцоўшчыца. З 1756 вучылася ў Слуцкай балетнай школе Г.​Ф.​Радзівіла (у А.Пуціні і Л.Дзюпрэ), з 1758 танцавала ў яго прыдворным т-ры (дэбютавала ў «Балеце на тры пары» ў паст. Пуціні), выступала таксама на гастролях у г. Нясвіж і Белае (цяпер Бяла-Падляска, Польшча). Была найб. таленавітай у трупе, удасканаленню яе майстэрства аддаваў асаблівую ўвагу Пуціні. З 1760 салістка (першая танцоўшчыца) Нясвіжскага т-ра М.​К.​Радзівіла Рыбанькі.

Г.​І.​Барышаў.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛА́ГСТАД (Flagstad) Кірстэн (12.7.1895, Осла — 7.12.1962),

нарвежская спявачка (сапрана). З 1913 салістка оперных т-раў: Нац. ў Осла, «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку, «Ковент-Гардэн» у Лондане, «Ла Скала» ў Мілане. У 1958—60 дырэктар т-ра «Нарвежская опера» ў Осла. Валодала голасам шырокага дыяпазону, выключнай прыгажосці і моцы. Выкананне вылучалася дасканаласцю вак. тэхнікі, драматызмам. Сярод партый: Брунгільда, Ізольда, Сента («Валькірыя», «Трыстан і Ізольда», «Лятучы галандзец» Р.​Вагнера), Дыдона («Дыдона і Эней» Г.​Пёрсела), Фідэліо («Фідэліо» Л.​Бетховена).

т. 16, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)