Ле́скавіца ’незабудка’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). Можна дапусціць, што пачатковае б- адпала (*блескавіца ад блішчэць). Тады будзе больш зразумелай матывацыя іншых назваў незабудкі ў бел. і іншых слав. мовах: бел. жабіные вочкі, пацерачка, польск. ptasie oczko, pacierzyszka, укр. світцян, жабіни очки, гадячі очі, павині вічки, чэш. rybi očko, vrani očko, славац. hadie, stracie ocko, а таксама літ. ašariukė (< ašaroti ’ліць слёзы’), г. зн. нешта бліскучае, якое вылучаецца на фоне іншых прадметаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лю́ха 1, люха́ ’адтуліна для выхаду дыму ў курнай хаце’ (віл., Сл. ПЗБ) находзіць з веха (параўн. ве́ха 3, вяха́ 1 ’вехаць’, польск. wiecha ’пучок саломы’, чэш. věch, vích ’саламяны жмут’ і інш., якія пад уплывам запазычаных люхт, лю́хта змянілі пачатковае ве‑ на лю‑ (кантамінацыя). У выніку далейшай кантамінацыі вешка ’пучок саломы’ (якой затыкалі адтуліну) і люшка атрымалася, напр., рус. вьюшка.

Лю́ха 2 ’падвал, сутарэнне’ (Шпіл.). Да лёха, лёх (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скудзе́льніца ‘пралля, якая са сваёй работай прыходзіць да сябровак’ (стаўб., карэліц., Жыв. сл.), ‘папрадуха’ (навагр., дзярж., Нар. сл.). Да кудзе́льны < кудзеля (гл.) з суф. ‑іц(а); укр. куде́льна хижа ‘памяшканне, дзе бываюць вячоркі, дзе прадуць кудзелю’. Скудзе́льство ‘вячоркі’ (Сл. рэг. лекс.), мяркуючы па суфіксацыі (‑ств‑), можа быць паланізмам. Параўн. кудзельніцы ‘тс’, гл. Пачатковае с‑, відаць, ад першаснага с кудзеляй (ісці) або ў выніку збліжэння са старым скудзе́ль ‘гаршчок’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лухта́ ’бязглуздзіца, недарэчнасць, глупства’ (Нас., Гарэц., Дразд., Бяльк., Нар. Гом.), лухта непадсяваная ’бяссэнсіца’, ’манюка, балбатун’ (Юрч. Фраз. 2), лухту малоць, лухту пароць ’гаварыць недарэчнасць’ (Яруш.), лухці́ць ’маніць’, ’гаварыць бязглуздзіцу’ (Нас.). Рус. смал., цвяр., краснаяр. лу́хта, лухта́ ’бязглуздзіца, глупства’. Бел.-рус. ізалекса, магчыма, прасл. вузкі рэгіяналізм, утвораны ад xlusiti, у якім пачатковае x‑ адпала, а карэннае ‑s‑ нерэгулярна перайшло ў ‑x‑. Xlusiti роднаснае са sluxъ (дыстантная метатэза). (Слаўскі, SP, 2, 41–42; ён жа, SP, 1, 70–71). Аб xlusiti гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 40.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Найстры́ць ’навастрыць’, найстрыны ’навостраны’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). Паводле Карскага (1, 159), вытворнае ад істрыць (гл.): у гаворках, якія ведаюць на месцы о ненаціскнога ў пэўных складах ы, пачатковае о ненаціскное ў некаторых словах змяняецца ў і, паколькі ы ў пачатку слоў не сустракаецца: спяць, ігарод, ігурец, імбарь — усе прыклады з паўночнага Усходу Беларусу дзе і фактычна не на месцы o, а замяніла рэдукаваны галосны, які з’явіўся на яго месцы. Аднак фіксацыя найстрыць на захадзе ставіць пад сумненне такое тлумачэнне. Магчыма, тут уплыў форм тыпу войстры, гойстры.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пачопка, почапка, по́чыпка ’дужка, вяроўка, якая звязвае два вухі ў вядры’ (Нас., Мядзв., Грыг., Яруш., Касп., Чач., Гарэц., Некр., Янк., Мат. Гом.; маг., Шн. 2; круп., докш., Сл. ПЗБ; шкл., Мат. Маг.), ’ручка ў карзіне’ (Касп.; паўн.-усх., КЭС), ’вяроўкі ў зыбцы’ (Нас., Мат. Маг., Мат. Гом.), ’лямка’ (Ян.), ’прывязка, якой прымацоўваецца біч ды цапільна’ (в.-дзв., лаг., ДАБМ, 829). Да па‑ (< прасл. po‑) і -чапіць < прасл. tapati (аднароднае з capati і харай), у якім пачатковае ta‑ ўзыходзіць да ka- (Трубачоў, Эт. сл., 4, 17–18). Гл. таксама чапляць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяргі́ня ’кветка, Dahlia Cav., Dahlia variabilis Desf.’ (БРС, Кіс., Шат., Касп.; глус., Янк. Мат.), укр. жоржина, рус. георги́н(а), польск. georgina, в.-луж. jurina, чэш. jiřina, славац. georgína, славен. georgina, серб.-харв. георги́на, макед. георгина, балг. георгина. Кветка Dahlia ў ням. мове была названа ў гонар рускага батаніка І. Г. Георгі ў 1801 г. Georgine (Клюге, 119; Фасмер, 1, 402) і ў першай палавіне XIX ст. запазычана ў рус. мову (Гараеў, 1896; Шанскі, 1, Г, 55–56). У бел. гаворкі — з польск. або з рус. мовы. Пачатковае г‑ (g‑) вымаўлялася як [й] або [г], якія замяніліся прыстаўным в‑. Глус. вяргі́ня ’табака з прыемным пахам’ (Янк. Мат.) з’яўляецца пераносам паводле падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Золь 1 ’сырое, пранізлівае надвор’е’, дыял. зала́ (Касп.), заліна́ (Сл. паўн.-зах.). Укр. зола́ ’сыры халодны вецер’. Прасл. дыялектызмы zolь, zola, роднасныя ням. kühl ’прахалодны’, лац. gelū ’холад, мароз’. І.‑е. *gel(ǝ)‑ ’холад(на), замярзаць’. Трубачоў, Слав. языкозн., V, 179; Покарны, 1, 365–366. Аднак zolь можа тлумачыцца з *gʼ‑ а не з *g‑, таму трэба, відаць, рэканструяваць і.-е. корань, прыклады для якога даюцца ў Покарнага толькі з моў kentum, як *gʼel(ǝ)‑.

Золь 2 ’калоідная сістэма з дробных часціц у нейкім іншым асяроддзі’ (БРС, БелСЭ). Інтэрнацыяналізм на базе скарочанага лац. solutio ’раствор’. Пачатковае з‑ указвае на верагоднасць ням. пасрэдніцтва для рус. (як і польск.), адкуль у бел.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Немярэ́ча (німяреча) ’непраходнае балота’ (Яруш.), не́мярэч (немеречь) ’непраходнае месца ў лесе; балоцістае месца сярод лесу, заваленае ламаччам’ (Нас.), не́мерача, не́міріч, німярэ́ч, німярэ́чча ’непралазныя зараслі ў лесе’ (Бяльк.), німярэ́ч ’нетры’ (Яруш.), немарэ́ча ’гушчар лесу’ (Сцяшк. Сл.). Этымалагічна звязана з мярэ́ча ’непраходнае балота, багна; нетры’ (гл.), з якім можа выступаць як сінонім, параўн. нимяреча, мяреча ’балота’ (Максимов, Смол.); для этымалогіі слова паказальна смал. немере́чча ’непраходнае месца ў лесе’ і ’дрэннае надвор’е’ (Дабр.), што дазваляе звязаць яго з мо́рак ’змрок’ з іншай ступенню вакалізму (Талстой, Геогр., 187–188), параўн. немарач (гл.). Пачатковае не- тлумачыцца як паказчык адмоўнай прыкметы (Талстой, там жа) або як словаўтваральны элемент ці «пусты» прэфікс, параўн. рус. не́клен ’чарнаклён’ і пад. (Фасмер, 3, 60; 2, 447).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Байда́н ’зямля, пакінутая для пашы’ (Нас.), ’адкрытае месца’ (Касп.), ’месца на сенажаці, дзе расце толькі маленькі густы сівец, а іншая трава не расце’ (докш., Янк. Мат.), ’будан, выган’. Рус. дыял. байда́н ’пустэча, незабудаванае месца; узвышша; карагод, вясёлая гульня на паветры’. Ужо Даль лічыў, што гэта, магчыма, змена слова майдан. Гэта версія пераконвае. Гук б‑ на месцы м‑ можа быць вытлумачаны фанетыкай цюркскіх моў (у некаторых мовах пачатковае м‑ пераходзіць у б‑). Адносна значэння параўн. шырокую семантыку слова майда́н, якая амаль поўнасцю супадае ў гэтых словах. Параўн. і рус. дыял. буйда́н (тульск.), буя́н ’адкрытае з усіх бакоў, узвышанае месца, базарная плошча; амбар’, якое Трубачоў, Дополн., 1, 257 (пад буя́н), таксама лічыць цюрк. варыянтам слова майда́н. Параўн. буда́н.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)