ПСІ́ХІКА (ад грэч. psychikos душэўны),

вышэйшая форма ўзаемасувязі жывых істот с прадметным светам, якая праяўляецца ў іх здольнасці дзейнічаць на аснове інфармацыі аб ім і рэалізоўваць свае намеры. Узнікла на пэўнай ступені біял. эвалюцыі, выступіла ў якасці аднаго з яе фактараў і забяспечвае ўсё большую складанасць прыстасавання арганізмаў да ўмоў існавання. Дзякуючы актыўнаму і аператыўнаму адлюстраванню органамі пачуццяў і галаўным мозгам аб’ектаў становіцца магчымым ажыццяўленне дзеянняў, адэкватных уласцівасцям гэтых аб’ектаў, а тым самым — выжыванню арганізма. Забяспечвае пошук і надсітуатыўную актыўнасць арганізмаў. П. чалавека і жывёл уключае комплекс працэсаў і станаў: успрыманне, памяць, мысленне, намеры, сны і інш., а таксама элементы псіхічнага вопыту: адчуванні, вобразы, уяўленні, эмоцыі. У чалавека П. набывае якасна новы характар, абумоўлены наяўнасцю мовы, свядомасці і самасвядомасці. П. чалавека развіваецца пад уплывам сацыякульт. фактараў і ўключае псіхічныя ўласцівасці (накіраванасць, тэмперамент, характар, здольнасці), працэсы (пазнавальныя, эмацыянальныя і валявыя), станы (уздым, прыгнечанасць і інш.), вопыт (веды, навыкі, уменні, звычкі). У П. прадстаўлены і ўпарадкаваны падзеі мінулага, сучаснага і магчымай будучыні. Падзеі мінулага выступаюць у даных вопыту, уяўленнях памяці; сучаснага — у сукупнасці вобразаў, перажыванняў, разумовых актаў; магчымай будучыні — у імкненнях, намерах, мэтах, а таксама ў фантазіі і інш. Залежнасць псіхічных працэсаў ад аб’ектыўнай рэчаіснасці адлюстравана ў тэорыі І.М.Сечанава, які вызначыў рэфлекторную прыроду П. ў процілегласць уяўленням аб П. як асобнай бесцялеснай субстанцыі — душы і механістычна-матэрыялістычным тэорыям, якія зводзілі П. да нервовых працэсаў. Ідэя Сечанава лягла ў аснову тэорыі грамадска-гіст. паходжання П. чалавека (рас. вучоныя Л.​С.​Выгоцкі, А.​Р.​Лурыя, А.​М.​Лявонцьеў). Рас. вучоны С.​Л.​Рубінштэйн разглядаў П. як працэс, які фарміруецца і выяўляецца ў дзейнасці і павінен даследавацца праз праяўленні ў асн. відах дзейнасці. Асаблівы падыход у вывучэнні П. чалавека прапанавалі заснавальнік псіхааналізу З.Фрэйд і заснавальнік аналітычнай псіхалогіі К.Г.Юнг.

Літ.:

Лурия А.Р. Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;

Веккер Л.М. Психические процессы. Т. 1—3. Л., 1974—76;

Выготский Л.С. История развития высших психических функций // Собр. соч. М., 1983. Т. 3;

Гримак Л.П. Резервы человеческой психики: Введение в психологию активности. 2 изд. М., 1989;

Юнг К.Г. Структура психики и процесс индивидуации: Пер. с нем. М., 1996;

Леонтьев А.Н. Эволюция психики: Избр. психол. тр. М.;

Воронеж, 1999.

Л.​А.​Кандыбовіч.

т. 13, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́ВА ў мовазнаўстве,

асноўная структурна-семантычная адзінка мовы. С. называе прадметы, з’явы, дзеянні, прыкметы і выражае розныя адносіны паміж імі. Выступае сродкам выражэння паняццяў пра цэлыя класы аднародных прадметаў і з’яў, адлюстроўвае ступені абстрагаванага пазнання рэчаіснасці, уступае ў сэнсавыя і грамат. сувязі з інш. С., служыць сродкам фарміравання і выражэння думак, выражае пэўныя адчуванні. пачуцці, эмоцыі ўдзельніка моўных зносін да выказанай ці ўспрынятай інфармацыі. Разнастайнасцю функцый С. тлумачыцца дыялектычнае спалучэнне ў ім канкрэтнага і агульнага, прамога і пераноснага значэнняў, наяўнасць іх розных эмацыянальна-экспрэсіўна-ацэначных і стылістычных адценняў, якія набывае С. ў працэсе функцыянавання ў літ. і гутарковай мове. Спалучэнне прамога (устойлівага) і пераноснага (зменлівага) у семантыцы С. дае магчымасць дасягаць узаемаразумення паміж усімі носьбітамі пэўнай мовы, выкарыстоўваць С. як адзінку наймення новых прадметаў і з’яў, як фактар стварэння яркіх вобразна-выяўл. сродкаў у мове маст. л-ры. На ўжыванні С. ў пераносным значэнні засн. метафара, метанімія, перыфраза, сінекдаха, сінестэзія; зменлівы элемент значэння ляжыць у аснове маст. прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці (аксімаран, алегорыя, іронія, увасабленне). У якасці структурнай адзінкі мовы С. характарызуецца як гук ці спалучэнне гукаў. Яму ўласціва семантычная ідыяматычнасць (умоўнасць сувязі гукавога комплексу з пэўным значэннем). У творах маст. л-ры, асабліва ў паэзіі, маст.-выяўл. і экспрэсіўная выразнасць С. падкрэсліваецца і ўзмацняецца гукавой арганізацыяй мовы На гукавой сугучнасці С. і іх частак засн. рыфма і асобныя віды эўфаніі (алітэрацыя, анафара, асананс, гукаперайманне, эпіфара). У С. вылучаюць два бакі: план выражэння (знешняя форма) і план зместу (значэнне). Сувязь паміж гэтымі бакамі ў пэўны перыяд існавання мовы можа быць матываванай (напр., «снягір», «лістапад») і нематываванай («рука», «маці»). С. мае грамат. і лексічнае значэнне. Грамат. значэнне ўласціва адначасова цэламу класу ці вял. групе С. (напр., род, лік, склон характэрны для назоўнікаў, трыванне, лад, час, спражэнне — для дзеясловаў). Лексічнае значэнне з’яўляецца індывідуальным, яно непасрэдна суадносіцца з адпаведным паняццем, адрознівае змест кожнага слова ад інш. слоў. Сукупнасць усіх С. пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад і ўзровень наз. лексікай. Лексіку вывучаюць лексікалогія, граматыка, фразеалогія, стылістыка і інш. лінгвістычныя дысцыпліны Фіксацыяй і сістэматызацыяй лексікі займаецца лексікаграфія.

Літ.:

Уфимцева А.А. Слово в лексикосемантпческой системе языка. М., 1968;

Виноградов В.В. Избр. труды: Лексикология и лексикография. М., 1977;

Тимофеев Л.И. Слово в стихе. М., 1982;

Плотников Б.А., Трайковская В.Ф. Дихотомическая лексикология. Мн., 1989;

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;

Красней В.П. Грані слова. 3 выд. Мн., 1996.

В.​П.​Красней.

т. 15, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

падступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. Падысці, наблізіцца. Грушка падступіў бліжэй да Веры Ігнатаўны, доўга глядзеў ёй у вочы. Пестрак. — Дык ты яшчэ крычыш? — бацька.. ушчыльную падступіў да сына. Навуменка.

2. Апынуцца ў непасрэднай блізкасці, падысці да чаго‑н. (пра лес, мора і пад.). Агні прыстанцыйных будынкаў падступілі да самай чыгункі. Савіцкі. Наша маленькая рачулачка, якую і завуць Раўчуком, разлілася аж да лесу, падступіла пад самыя агароды. Жычка.

3. перан. Нечакана з’явіцца, раптам ахапіць (пра адчуванні, пачуцці). Салёны клубок падступіў да горла, прыпыніў дыханне, вочы заслаліся туманам. Васілевіч. І ўсё ж раптам туга падступіла. Стала сэрцу балюча і горка. Танк.

•••

Ком падступіў да горла гл. ком.

Слёзы падступілі да горла гл. сляза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скры́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скрыць.

2. у знач. прым. Схаваны ад чыіх‑н. вачэй; нябачны. Сяргееў хацеў ісці скрытымі мясцінамі, па лазняку. □ Валодзя ведаў карацейшую дарогу. Федасеенка. // Замаскіраваны, тайны. Скрытая барацьба. Скрытыя падкопы ворагаў.

3. у знач. прым. Без характэрных знешніх прыкмет; унутраны. Скрытая форма хваробы. // Які не выяўляецца яскрава, скрываецца (пра пачуцці, адчуванні і пад.). Тонкія, таксама падфарбаваныя вусны нервова ўздрыгвалі, вялікія сінія вочы глядзелі журботна, з вялікім скрытым болем. Шашкоў.

4. у знач. прым. Які ўласцівы каму‑, чаму‑н., але яшчэ не выявіўся або знешне незаўважальны. Скрытыя сілы. □ Адам Міцкевіч, чытаючы лекцыі ў парыжскім Калеж дэ Франс, гаварыў .. аб скрытых, патэнцыяльных магчымасцях беларускай мовы. Мальдзіс.

•••

Скрытая камера гл. камера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

СВЯДО́МАСЦЬ,

вышэйшы ўзровень адлюстравання рэчаіснасці, уласцівы толькі чалавеку. Выяўляецца ў пачуццёвых вобразах (адлюстроўваюць знешні бок прадметаў і з’яў), паняццях (абагульняюць уласцівасці і ўзаемасувязі прадметаў і з’яў), ацэначных меркаваннях (выяўляюць адносіны чалавека да з’яў рэчаіснасці). Выкарыстанне славесных моўных знакаў з’яўляецца спосабам кадзіравання інфармацыі, уласцівае толькі чалавеку. Выяўленая ў паняццях і замацаваная ў мове інфармацыя з’яўляецца вынікам пазнавальнай дзейнасці чалавецтва ў працэсе грамадска-гіст. развіцця і складае яго веды. С. характарызуецца здольнасцю адлюстроўваць рэчаіснасць у форме ведаў і падпарадкоўваць свае паводзіны агульначалавечым законам. На аснове ведаў чалавек арыентуецца ў навакольным асяроддзі і творча ператварае яго ў сваіх інтарэсах. С. уключае пазнавальныя працэсы, звязаныя з атрыманнем ведаў: адчуванні, памяць, успрыманне, уяўленне, канкрэтна-дзейнае і наглядна-вобразнае мысленне, але дамінантай С. з’яўляецца паняційнае, абстрактна-лагічнае мысленне. Важнае месца ў структуры С. займае эмацыянальна-валявая сфера, звязаная з эмацыянальна-пачуццёвым перажываннем рэчаіснасці, каштоўнаснымі адносінамі да аб’екта і мабілізацыяй актыўнасці для дасягнення мэт шляхам валявых намаганняў. С. з’яўляецца цэласным, інтэграваным адлюстраваннем знешняга свету, дзе ўсе кампаненты ўзгоднена ўзаемадзейнічаюць. Змест С. ідэальны: ён не можа быць апісаны прасторавымі характарыстыкамі, але залежыць ад свайго матэрыяльнага носьбіта — чалавечага мозга. Органам вышэйшых псіхічных функцый з’яўляецца кара вял. паўшар’яў галаўнога мозга. С. чалавека сацыяльна абумоўлена і ўзнікае ў працэсе зносін з інш. людзьмі; яна не з’яўляецца прыроджанай уласцівасцю. У гіст. аспекце С. фарміравалася ў працэсе антрапагенезу. У пазнавальнай і практычнай дзейнасці спачатку пераважалі канкрэтна-дзейны і наглядна-вобразны віды мыслення, у далейшым узнікла і стала прэваліраваць абстрактна-лагічнае мысленне. Развіццё інтэлекту чалавека цесна звязана з культ.-гіст. развіццём грамадства У мове, наглядна-вобразных формах культуры выяўляюцца агульныя для чалавецтва ідэі, якія складаюць грамадскую свядомасць — аснову фарміравання чалавечай С. Значную ролю ў С. адыгрываюць самасвядомасць і рэфлексія асобы, якія садзейнічаюць здольнасці чалавека да самааналізу і прывядзення яго ўнутр. свету ў адпаведнасць са знешнімі абставінамі; светапогляд, які з’яўляецца асновай каштоўнасных арыентацый асобы і яго паводзін. Псіхічная дзейнасць чалавека не вычэрпваецца С. Адначасова са свядомым узроўнем псіхікі функцыянуюць бессвядомае (інстынктыўна-рэфлексіўная дзейнасць) і падсвядомае (аўтаматызаваныя стэрэатыпы паводзін: уменні, навыкі, звычкі, інтуіцыя). Неўсвядомленая сфера псіхікі знаходзіцца ва ўзаемадзеянні са С.: працэсы, якія ўзнікаюць у бессвядомым могуць стаць свядомымі, і, наадварот, свядомае можа выцясняцца ў бессвядомае. Тэорыя падсвядомасці (псіхааналіз) створана З.​Фрэйдам і развіта К.​Г.​Юнгам. Акрамя падсвядомасці Фрэйд вылучаў звышсвядомасць — здольнасць чалавека да маральнага самакантролю. Да звышсвядомасці адносяцца духоўная сфера чалавека, супрацьлеглая эгаістычнай абмежаванасці, маральная дасканаласць, самарэгуляцыя дзейнасці асобы.

Літ.:

Протасеня П.Ф. Происхождение сознания и его особенности. Мн., 1959;

Дубровский Д.И. Проблема идеального. М., 1983;

Жуков Н.И. Проблема сознания. Мн., 1987;

Социальная сила знания. Мн., 1991;

Елсуков А.Н. Познание и миф. Мн., 1984;

Еникеев М.И. Общая и социальная психология. М., 2000.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паяві́цца, паяўлюся, паявішся, паявіцца; зак.

1. З’явіцца, паказацца. Акурат у гэты час бразнулі дзверы, і на парозе паявілася Феня. Сабаленка. // Аказацца ў наяўнасці. Пад вечар прайшла чутка, што ў ваколіцах вёскі паявіліся конныя польскія легіянеры. Колас. Хутка на стале паявіліся талеркі, шклянкі, патэльня з падсмажанай каўбасой, кафейнік са зваранай кавай. Хадкевіч. // Быць апублікаваным, выйсці ў свет. Раман паявіўся ў нашай літаратуры ў пачатку 20‑х гадоў як эпас рэвалюцыі. Дзюбайла.

2. Узнікнуць, зарадзіцца. У вачах у Веры Антонаўны паявіўся нездаровы бляск. Карпаў. / Пра апетыт, адчуванні, пачуцці, думкі і пад. Паявілася надзея. □ Было ні было, Доўбік глынуў гарэлкі — адкуль паявіўся апетыт. Гроднеў.

•••

Паявіцца на свет — тое, што і з’явіцца на свет (гл. з’явіцца). Макрэна перабралася да мужа. А неўзабаве паявіўся на свет і я. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЮМ (Hume) Дэйвід (26.4.1711, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 25.8.1776),

англійскі філосаф, гісторык, эканаміст і публіцыст. Сфармуляваў асн. прынцыпы агнастыцызму, адзін з папярэднікаў пазітывізму. Вучыўся ў Эдынбургскім ун-це. У 1734—37 працягваў вывучаць філасофію ў Францыі, дзе напісаў свой гал. твор «Трактат аб чалавечай прыродзе» (выд. ў 1739). З 1741 публікаваў 49 эсэ на грамадска-паліт., маральныя і эстэт. тэмы. У 1753—62 працаваў над 8-томнай «Гісторыяй Англіі», напісаў антыклерыкальны трактат «Натуральная гісторыя рэлігіі» (1757). У 1763—66 сакратар брыт. пасольства ў Парыжы, дзе зблізіўся з Ж.Л.Д’Аламберам, П.А.Гольбахам, Д.Дзідро і інш. франц. асветнікамі. У сваёй апошняй працы «Дыялогі аб натуральнай рэлігіі» (выд. ў 1779) разглядаў пытанне пра існаванне Бога. На яго думку, верыць у Бога няма падстаў, але ёсць падстава апраўдваць веру як нейкую вярхоўную прычыну парадку ў Сусвеце («прычыну наогул»), якая, відаць, мае «некаторую аддаленую аналогію з чалавечым розумам». У тэорыі пазнання зыходзіў з таго, што першаснымі ўспрыманнямі з’яўляюцца непасрэдныя ўражанні знешняга вопыту (адчуванні), а другаснымі — пачуццёвыя вобразы памяці (ідэі) і ўражанні ўнутр. вопыту (афекты, жаданні, страсці). Адмаўляў аб’ектыўны характар прычыннасці і паняцце субстанцыі. Лічыў, што вера засн. на сіле прывычкі, яна не можа быць абгрунтавана розумам, бо розум другасны ў адносінах да пачуццёвага вопыту, які не выходзіць за межы нашых адчуванняў. У больш позніх працах агнастыцызм Ю. перастаў насіць радыкальны характар, а ўяўляў сабой «умераны скептыцызм»; ён не адмаўляў наяўнасці рэчаў і з’яў, якія выклікаюць успрыманні, а толькі падвяргаў сумненню, лічыў гэта справаю «анатамаў і прыродазнаўцаў». З пазіцый псіхічнага дэтэрмінізму Ю. абвяргаў прынцып свабоды волі і выступаў з крытыкай духоўнай субстанцыі, якая перарастала ў яго ў крытыку рэліг. веры. У працах па гісторыі, л-ры і мастацтве апісваў матывы паводзін, настроі і пачуцці людзей. Чалавек, паводле Ю., — істота слабая, схільная да памылак і капрызаў асацыяцый. У этыцы развіў канцэпцыю утылітарызму, у палітэканоміі падзяляў працоўную тэорыю вартасці А.Сміта. Ю. адмаўляў тэорыю грамадскага дагавору і лічыў, што гістарычна грамадства ўзнікла ў выніку разрастання сем’яў і павелічэння іх колькасці. Паводле Ю., умовай сац. справядлівасці з’яўляецца ўмацаванне інстытута прыватнай уласнасці як крыніцы стварэння законаў дзяржавы і сістэмы выхавання. У пытаннях маралі схіляўся да пазіцый эматывізму, а асновай маральных паводзін, побач з пачуццём сімпатыі і задавальненнем ад ажыццяўлення добрых учынкаў, лічыў прывычку, засн. на выхаванні. Ідэі фенаменалізму, асновы якога закладзены Ю., развіты ў вучэннях І.​Канта, Дж.​Міля, Г.​Спенсера і інш.; яны ўласцівы амаль усім пазітывісцкім канцэпцыям, эмпірыякрытыцызму, неапазітывізму, лінгвістычнай філасофіі.

Тв.:

Рус. пер. — Исследование о человеческом разуме. М., 1995;

Малые произведения: Эссе. Естественная история религии. Диалоги о естественной истории религии. М., 1996;

Соч. Т. 1—2. М., 1996;

Трактат о человеческой природе: О познании. Об аффектах. О морали. Мн., 1998;

Англия под властью дома Стюартов. Т. 1. СПб., 2001.

Літ.:

Нарский И.С. Философия Давида Юма. М., 1967;

Яго ж. Давид Юм. М., 1973;

Дэвид Юм. Кант. Гегель. Шопенгауэр. Огюст Кон: (Биогр. очерки). СПб., 1998.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 18, кн. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адвалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аддзяліўшыся, адарваўшыся, адпасці. Са сцяны, пад акном, адваліўся карычневы абломак тынку, упаў на стол. Мележ. // перан. Знікнуць, прайсці (пра адчуванні, пачуцці). Патапчык крочыў на Алеся, потым стаў і крута павярнуў убок. Калі ён знік у гушчарніку, Алесь падняўся. Уся нуда, здаецца, раптам адвалілася ад яго. Чарнышэвіч.

2. Адхіліцца тулавам назад, адкінуцца. Лаўніцкі сеў, адваліўся на спінку крэсла, падрыхтаваўшыся да размовы. Шахавец.

3. Разм. Пад’еўшы, здаволіўшыся, пакінуць есці. [Пракоп:] — От толькі што адваліўся ад сваёй бульбы, дык ваша, мабыць, не ўлезе. Сабаленка.

4. перан. Стаць меншым, паменшаць (пра мароз, спёку і пад.). Мароз адваліўся, і з неба, нізка павісшага над вёскай, церушыў драбнюткі сняжок. Дуброўскі. Пад вечар, калі трохі адвалілася гарачыня, на вялікі брукаваны двор казармы другога бабруйскага батальёна ўвайшоў невысокі дзядок з берасцянай вярэнькаю за плячыма. Грахоўскі.

•••

Рукі адваліліся гл. рука.

Рукі не адваляцца гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адлюстрава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. адлюстроўваць — адлюстраваць і адлюстроўвацца — адлюстравацца.

2. Адбітак прадмета на гладкай люстранай паверхні. Адлюстраванне лодкі ў возеры нічым не адрознівалася ад рэальнай лодкі на паверхні. В. Вольскі. Пазаўчора я аглядаў у вадзе нейкай пушчанскай сажалкі сваё даволі журботнае адлюстраванне. Брыль. // Адбітак у нашай свядомасці з’яў аб’ектыўнай рэальнасці. Ленінская тэорыя адлюстравання. □ Матэрыялізм — прызнанне «аб’ектаў у сабе» або па-за розумам; ідэі і адчуванні — копіі або адлюстраванні гэтых аб’ектаў. Процілеглае вучэнне (ідэалізм): аб’екты не існуюць «па-за розумам»; аб’екты ёсць «камбінацыі адчуванняў». Ленін.

3. Тое, што ўвасабляецца, выяўляецца ў мастацкіх вобразах, малюнках і пад. У вершах, апавяданнях і байках, з якімі К. Крапіва выступіў у друку, шырокія масы працоўных убачылі адлюстраванне сваіх поглядаў, думак і пачуццяў. Казека.

4. Тое, што з’яўляецца вонкавым выяўленнем чаго‑н.; адбітак. Хоць Дзядзюля і не разбіраўся лішне ў тонкасцях тых адлюстраванняў, якія кладзе душа на твар, усё ж ён.. падумаў, што гэтая жанчына ўжо, мусіць, глыбока ведае цану з’явам свету. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праніза́ць, ‑ніжу, ‑ніжаш, ‑ніжа; зак.

1. каго-што. Пракалоць, праткнуць наскрозь чым‑н. вострым. Немец не паспеў крыкнуць, як вострае джала нямецкага штыка наскрозь пранізала яго. Кавалёў. Іголка так і пранізала наскрозь палец. Васілевіч.

2. перан.; каго-што. Праткнуць, прайсці праз што‑н. Сонечнае святло пранізала тоўшчу вады аж да самага дна. Хомчанка. Сонца толькі што ўзышло і пранізала праменямі голыя кроны дрэў. Дуброўскі. Агонь выцягнуўся доўгім языком, лізнуў ім высокую купу ельніку, пранізаў яе навылёт. Васілевіч.

3. перан.; каго-што. Пранікнуўшы ўнутр каго‑, чаго‑н., выклікаць якія‑н. фізічныя адчуванні (пра холад, вецер, боль і пад.). Сцюжа пранізала .. [Рахмільку] да самых касцей. Бядуля. [Хлопец] падняўся і паспрабаваў узняць руку, але востры боль пранізаў усё яго цела. Шчарбатаў. // Рэзка, моцна падзейнічаць. Усю .. [Любу] пранізала нейкая здранцвеласць, ногі не слухаліся яе. Краўчанка. Ганна раптам засмяялася. Смех гэты пранізаў сэрца. Мележ.

4. што. Нізаць некаторы час (гл. нізаць у 1 знач.). Пранізаць каралі ўвесь дзень.

•••

Пранізаць вачамі — пільна, уважліва паглядзець на каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)